Мы схадзілі на тэатралізаванае чытанне па кнізе Гунілы Бэргстрэм “Суперкніга пра Біла з Болаю (Біл разумны, а Бола вясёлая)” і ўпэўніліся: беларускамоўная вершаваная кніга пра асаблівае дзіця мае поспех і патрэбная як дзецям, так і дарослым.
Усім аматарам шведскай літаратуры ў Беларусі вядомы тэатр “Лямцавая батлейка” з яго пастаноўкамі пра прыгоды Мамы Му па матывах перакладаў Надзі Кандрусевіч твораў Юі Вісландэр, чытаннямі кнігі “Піпі Доўгаяпанчоха” Астрыд Ліндгрэн у перакладзе Дзмітрыя Плакса.
Восенню мінулага года пабачыла свет кніга яшчэ адной шведскай дзіцячай пісьменніцы – Гунілы Бэргрстрэм: “Суперкніга пра Біла з Болаю (Біл разумны, а Бола вясёлая)”, у якой распавядаецца пра нараджэнне дзяўчынкі з асаблівасцямі развіцця ў звычайнай шведскай сям’і. Пераклад кнігі са шведскай на беларускую мову здзейснілі Андрэй Хадановіч, Алеся Башарымава, Надзя Кандрусевіч, якая з’яўляецца і ініцыятаркай выдання кнігі. Менавіта Надзя і натхніла акторак “Лямцавай батлейкі” Вераніку Фаміну і Бэлу Кавалькову на стварэнне адмысловага тэатралізаванага чытання. Цяпер тэатр разам з камандай перакладчыкаў распачаў серыю сустрэчаў з чытачамі ў школах і бібліятэках.
“Беларуская мова ў добрых кніжках дапамагае данесці ідэі”
“Я пераймалася: як гаварыць на тэму, якую нашае грамадства не проста дрэнна ўспрымае, але і робіць выгляд, нібыта яе ці няма, ці гэта нешта непрыгожае, пра што прыстойныя людзі не размаўляюць”, – эмацыйна кажа пра пачатак працы Вераніка Фаміна, акторка, аўтарка пастановак і лялек “Лямцавай батлейкі”. Але кніга аказалася лёгкай, не павучальнай і, што вельмі важна, не цяжкай і вельмі патрэбнай.
“У школах ідзе праца па стварэнні інклюзіўных класаў, але праблемы дзяцей – не толькі цяжкія парушэнні. Ёсць дзеці з гіперактыўнасцю, тыя, у каго па фізічным стане норма, але цяжкасці з характарам. Дзеці, чые паводзіны адрозніваюцца ад іншых, – яны адчуваюць гэтую гісторыю і спачуваюць галоўным героям кнігі”, – адзначае Вераніка.
Таму ў тэатралізаваным чытанні Вераніка з Бэлай пастараліся расказаць пра пачатак гісторыі так, каб падвесці слухачоў да высновы: не трэба шукаць вінаватых у тым, што чалавек нарадзіўся з асаблівасцямі развіцця, варта проста жыць. “Мы для таго разумныя людзі, каб зрабіць нармальную якасць жыцця і гэтаму чалавеку, і сабе”, – падсумоўвае адну з галоўных думак выступлення Вераніка.
Форма тэатралізаванага чытання была выбраная для таго, каб паказаць дзецям: чытаць – гэта супер, а кніга таксама можа быць супергеройкай.
“Беларуская мова ў добрых кніжках нават дапамагае данесці ідэі. Гэта мы, дарослыя, ведаем нашыя моўныя праблемы, – з захапленнем кажа Вераніка. – Але калі кніга цікавая – неістотна ўжо, якой яна мовай расказваецца. Беларуская мова – для дзяцей незвычайная, яна не сустракаецца ў іх штодзённым жыцці, яны ўспрымаюць яе як сакрэтную мову – і гэта дадае добрым кніжкам прывабнасці. Лічу, гэта працуе на плюс”.
Да ўсяго, улічваючы вялікую колькасць інтэрактыўных момантаў, дзеці не толькі слухачы, але і паўнавартасныя ўдзельнікі чытанняў.
Менавіта таму і лялькі Біла і Болы Вераніка зрабіла даволі вялікімі: “Каб для іх не была патрэбная спецыяльная сцэна, каб яны жылі вось тут, паміж намі: ці то лялькі, ці то дзеці. Было важна зрабіць іх падобнымі да ілюстрацый у кнізе, але не “сюсі-пусі”, не зусім мілотнымі, наадварот, крыху дзіўнымі, – таксама адзначае Вераніка. – У Лагойску падчас чытанняў адна дзяўчынак сядзела ўвесь час сур’ёзная, але напрыканцы захацела сфатаграфавацца з лялькамі, пяшчотна абдымала іх. Але людзі ўсё ж важнейшыя. Лялькі – гэта героі кніг. Самае галоўнае – паказаць дзецям, што вось сёння побач з імі людзі, яны не аднолькавыя, але добра ўсім яднацца разам”.
Недзіцячая разумнасць маленькіх гледачоў
Тэатральныя чытанні ўжо праходзілі ў навучальных установах і бібліятэках Маладзечна, Лагойска, Ждановічаў, Мінска. Сённяшняя сустрэча адбываецца ў мінскай дзіцячай бібліятэцы № 7 у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Гледачы і глядачкі – вучні 3 “Д” класа пачатковай школы № 29 г. Мінска, усяго каля 25 чалавек. У прэзентацыі акрамя акторак “Лямцавай батлейкі” таксама бяруць удзел перакладчыкі Андрэй Хадановіч і Надзя Кандрусевіч. Яны крыху размаўляюць з дзецьмі перад пачаткам чытання, а таксама ўводзяць іх у тэму кнігі. Дзеці жывыя, з цікаўнасцю рэагуюць на ўсё, што адбываецца на сцэне, нечакана добра разумеюць беларускую мову.
“Мы каля пяці разоў у розных месцах давалі такое прадстаўленне, – пасля чытання распавёў Андрэй Хадановіч. – Здзіўляе недзіцячая разумнасць маленькіх гледачоў. Гэта звычайныя дзеці, якія любяць пашумець, пахуліганіць, але разам з тым у нейкіх галоўных праблемах яны даюць правільныя адказы на складаныя пытанні, разумеюць, што людзі бываюць розныя, што трэба прыняць і падтрымаць непадобнае. Некаторыя беларускія словы для іх выглядаюць галаваломкай, але яны радасна ідуць на кантакт”.
Увогуле, у бібліятэцы светла і ўтульна, тут прыемна знаходзіцца. Калі пачынаецца само чытанне, дзеці канцэнтруюцца на дзеі, бачна, як змяняюцца іх эмоцыі – ад радасных да сумных. Адна дзяўчынка здымае відэа на смартфон ці стрыміць. Праз пэўны час самыя няўседлівыя на задніх шэрагах устаюць са сваіх крэслаў і глядзяць стоячы.
Перавагу маленькай аўдыторыі адзначыла і Надзя Кандрусевіч. “Падчас вялікіх прэзентацый, прыкладам, на фестывалі “Букидс”, на чытанні прысутнічае шмат дзяцей рознага ўзросту, таму эфект больш забаўляльны. Калі ж уся дзея адбываецца ў маленькай зале бібліятэкі, калі прыводзяць школьны клас, больш якаснай атрымліваецца зваротная сувязь, бачная рэакцыя дзяцей, яны сочаць за ходам чытання”, – заўважыла перакладчыца.
“Абдымацца ўсе любяць”
У канцы дзецям прапаноўваюць адказаць на пытанне, якая ўсё ж гэтая гісторыя – сумная ці смешная. Спачатку ўсе хорам цягнуць “смешная”, але крыху падумаўшы, сыходзяцца на тым, што і сумная таксама. Жыццёвая.
“Кніга мне спадабалася, хаця, канечне, яна цяжкаватая на дарослы погляд, – дзеліцца пасля ў размове ўражаннямі Лілія Дзмітрыеўна Кавалёва, загадчыца Дзіцячай бібліятэкі №7. – Але і дзецям кніга цікавая – яны ж умеюць і думаць, і спачуваць. Пасля гэтага чытання яны, можа не будуць кпіць з хворых, старых”. Таксама загадчыца распавяла, што ў бібліятэцы праводзіцца шмат беларускамоўных мерапрыемстваў. “Дзеці разумеюць беларускую мову, хаця і з цяжкасцямі. Але вельмі радуе, што цяпер маладыя бацькі для дзяцей 3-4 гадоў бяруць кніжкі на беларускай мове. І ў беларускамоўныя школы дзяцей запісваюць. Кажуць: жыць у сваёй краіне і не ведаць мовы – гэта дрэнна”.
Тым часам дзяцей чакае прыемны сюрпрыз – час абдымкаў, бо вядомы навуковы факт: чалавек адчувае сябе шчаслівым, калі ў дзень мае 7 хвілін абдымкаў.
“Мне падаецца, кожнае дзіця адчувае сябе асаблівым, і калі размова ідзе пра асаблівых дзяцей – яны адразу робяцца ўважлівымі да тэксту, – заўважае пасля ў размове акторка Бэла Кавалькова. – А абдымацца ўсе любяць”
Сапраўды, дзеці пішчаць, абдымаюцца паміж сабой, з удзельнікамі прэзентацыі. Разыходзяцца радасныя і запыханыя, з фірмовымі налепкамі з выявамі Біла і Болы і хатнім заданнем даабдымацца да 7 хвілін.
“Дзеці разумнейшыя за дарослых, яны лягчэй прымуць любую праблему”
Як высветлілася пасля, маленькія гледачы, хаця і толькі цяпер даведаліся пра кнігу пра Біла і Болу, яшчэ ў першым класе прапусцілі праблему праз сябе: разам з імі ў першым класе вучыўся асаблівы хлопчык Міраслаў, яны адзіныя з усёй паралелі прынялі яго і нават узялі пад сваю апеку.
Алесю Валянцінаўну Коханаву, класную 3 “Д”, ледзь атрымалася злавіць каля гардэроба – клас хуценька збягаў на наступныя заняткі. Настаўніца адзначыла, што дзеці вельмі харошыя, і растлумачыла, чаму яны так добра разумеюць беларускую мову: “Я вучылася ў БДУ на факультэце беларускай мовы і літаратуры, мова падабаецца мне, таму яна не можа не падабацца дзецям. Увогуле, у разумных добразычлівых людзей кніга будзе мець поспех. А ў чэрствых ніякая кніга ніякага поспеху мець не будзе. Дзеці разумнейшыя за дарослых , яны лягчэй прымуць любую праблему. Можа, яны нават нечаму навучаць дарослых калісьці, бо не пралічваюць на сто крокаў наперад, а жывуць эмоцыямі і пачуццямі. Некаторыя ж дарослыя, на жаль, жывуць на сённяшні дзень толькі выгадай”.
3 “Д” на маё пытанне, ці спадабалася ім чытанне, цягне хорам: “даааа”, такі ж адказ і на пытанне пра разуменне беларускай мовы. “Разумеюць добра, размаўляюць пакуль не вельмі, але мы патрэніруемся”, – кажа настаўніца, і клас змейкай выбягае ў сакавіцкую пургу.
Тэкст: Аляксандра Дварэцкая
Фота: Аляксандр Кісялеў