Дваццаць тры краіны з Еўропы, Азіі і Амерыкі, больш за 600 экспанентаў узялі ўдзел у ХVIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, якая адкрылася 9 лютага ў Нацыянальным выставачным цэнтры “Белэкспа”.
Рэдкую магчымасць прадставіць наведнікам сучасную беларускамоўную літаратуру скарысталі і незалежныя беларускія выдаўцы: “Логвінаў”, “Галіяфы”, “Лімарыус”, выдавецтва Змітра Коласа і выдавецкія серыі Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, часопісаў “ARCHE”, “Дзеяслоў”, “pARTisan”.
Іх аб’яднаны стэнд займае усяго два квадратныя метры (мінімальна магчымая выставачная плошча). Але, як лічыць літаратарка Марыя Мартысевіч, гэтага хопіць, каб арганізаваць цікавыя сустрэчы.
Альгерд Бахарэвіч
У першы дзень выставы гасцямі стэнда сталі пісьменнікі Уладзімір Арлоў і Адам Глобус, якія прэзентавалі свае новыя кнігі – “Ля дзікага поля” і “Крутагорскія казкі” адпаведна. Сваё меркаванне пра падзеі ў беларускім грамадстве вельмі акрэслена выказаў Альгерд Бахарэвіч, які прыляцеў з Гамбургу, каб прэзентаваць свой пераклад рамана нямецкай пісьменніцы (лаўрэаткі Нямецкай кніжнай прэміі за 2009 год) Катрын Шміт “Ты не памрэш”. Прэзентацыя адбудзецца ў Інстытуце імя Гётэ 10 лютага.
Аксана Спрынчан
Наступнымі днямі на стэндзе чакаюцца: прэзентацыя новага рамана Артура Клінава “Шалом”, размова з філосафам Валянцінам Акудовічам, прэзентацыя серыі гістарычных кніг часопіса “ARCHE” з Валерам Булгакавым, чытанні з Алесем Разанавым, Андрэем Хадановічам, Арцёмам Кавалеўскім і шмат іншых цікавасцяў.
Ганаровы госць сёлетняга кніжнага кірмаша – Германія, якая падрыхтавала на сваім стэндзе вельмі насычаную і разнастайную праграму: чытанні, дыскусіі, даклады, майстар-класы.
Па словах дарадцы па супрацоўніцтве і культуры пасольства Францыі ў Беларусі Людавіка Руае, на стэндзе Францыі запланаваныя сустрэчы з пісьменнікамі Поль Канстан (Ганкураўская прэмія 1998), Франкам Павлофам і Ан-Мары Поль.
Як заўсёды, у Мінскім кніжным кірмашы ўдзельнічае шмат расійскіх выдавецтваў. Сёлета гэта больш за 60 выдавецтваў і тысячы кніг самай разнастайнай тэматыкі. У межах кірмашу адбудзецца прэм’ера фільма “Тихая застава”, знятага па кнізе Валерыя Паваляева, якая таксама будзе прадстаўленая публіцы.
Украінскі нацыянальны стэнд у першы дзень выставы прэзентаваў ілюстраванае даследаванне “Грюнвальдська битва – битва народів”, якое выйшла на ўкраінскай мове ў кіеўскім выдавецтве “Балтыя-друк”. Аўтары кнігі – навукоўцы з Украіны, Беларусі і Літвы – паспрабавалі “максімальна аб’ектыўна перадаць карціну Грунвальдскай бітвы, зыходзячы з нацыянальных канцэпцый”.
На жаль, незалежныя выдавецтвы Украіны адмовіліся ад удзелу ў кірмашы. Таксама адмовіўся ад удзелу ў выставе Ізраіль. Так што пісьменніка і перакладчыка Этгара Керэта, чый зборнік апавяданняў “Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць Богам” выходзіў па-беларуску, наведнікам пабачыць не давядзецца.
Анекдатычным персанажам дня стаў Мікалай Чаргінец, які, заўважыўшы сярод прысутных арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, ці то ад хвалявання, ці то ад чаго яшчэ назваў арцыбіскупа Філарэтам.
Мінскі кніжны кірмаш будзе працаваць да 13 лютага.