Захоплена ўздыхаючы і акругляючы вочы, страляючы ў паветра ўказальнымі пальцамі, «багіні» аддаваліся шопінгу. Латэксныя боты і гарсэты, ланцужкі і пёры, калготкі «сетачка», майкі, абсыпаныя стразамі, футравыя накідкі вар’яцкіх колераў і іншая бліскуча-карункавая недарэчнасць – усё гэта, як высветлілася, лёгка адшукаць у самым папулярным гандлёвым цэнтры горада. Сцэнічны сцёб дуэта «ЭВМ» актыўна купляецца і прадаецца ў якасці паўсядзённага адзення і нароўні з ім. Жахнуўшыся, але хутка прыйшоўшы ў сябе, дзяўчаты раптам завялі зусім сур’ёзную гутарку: куды, як не на сцэну, можна надзець гэты кашмар і ў чым прычыны татальнай безгустоўнасці беларусаў.
“Магчыма, справа ў беднасці, – разважае Марына Юрэвіч. – Калі чалавек не можа дазволіць сабе купіць сапраўды прыгожую і якасную адзежу, ён падмяняе добрае чымсьці квяцістым і бліскучым – яму здаецца, чым ярчэй, тым багацей. Бо ў разуменні беднага менавіта так выглядае заможны чалавек: яркі, заўважны, эпатажны, па-вычварэнску апрануты, увесь у знакамітых лэйбах. Напэўна, таму нашыя дзяўчаты любяць блёстачкі і штучныя «стразікі»: на кофтачках, шапачках, боціках, сумачках, майточках – на любой вопратцы. І самае забойнае – на паўсядзённым адзенні”.
“Ну, вядома: чым больш блёстачак на кофце, тым бліжэй яна да выгляду дыяментавай дыядэмы, – кажа Юля Шаўчук. – Але справа не толькі ў беднасці. Я не ведаю, чаму вакол суцэльная безгустоўнасць. У Беларусі пакутуюць на «калгас» нават крамы з дарагім асартыментам: вітрыны буцікаў аформленыя так, быццам іх супрацоўнікі праходзілі спецыяльныя курсы па спачварванні рэчаў. Адзенне прывазное, якаснае, а на манекенах вісіць у такім спалучэнні, што плакаць хочацца, і думаеш: ніколі ў жыцці ў такую краму не пайду. Hugo Boss на праспекце, напрыклад – сапраўдны ГЦ «Імпульс» для тых, хто хоч выдаткаваць больш”.
Марына: Мне здаецца, што гэтую татальную безгустоўнасць, безаблічнасць і пошласць спарадзіла не толькі беднасць, але і абмежаванасць выбару, вузкасць далягляду. Калі б усе беларусы змаглі з’ездзіць у Еўропу, пабывалі ў Амерыцы, паглядзелі, як там выглядаюць людзі, што носяць, як паводзяць сябе, шмат што змянілася б і тут. Вандруючы больш, беларусы перасталі б баяцца быць сабой, мець сваё ўласнае меркаванне, выказваць яго, у тым ліку і ў адзенні.
Юля: У нас як? Толькі б не вылучацца. Каб не чапалі, каб не засмяялі. Я не ведаю, ці то таму, што нарадзілася на мяжы з Польшчай, ці то таму, што бацькі ў мяне тыя яшчэ альтэрнатыўшчыкі, але я ніколі не куплю сабе тое, што носяць усе вакол.
Марына: Бацькі і апека – гэта асобная тэма. Памятаю размовы з мамай: “Паглядзі на сябе! Ну хто так ходзіць? Ніхто! Ну чаму ты не як усе дзяўчаты?!» І калі ты чуеш гэта з дзяцінства, у нейкі момант пачынаеш дзейнічаць “усім вятрам назло”: ты робіш усё, каб не быць, як «усе дзяўчаты».
Юля: Мне пашанцавала, мае бацькі не казалі мне, што і як насіць.
Марына: Празмерная бацькоўская апека, вядома, выдатна ў чалавечым плане, але праз гэтую «пажыццёвую блізкасць» нашы людзі нейкія несамастойныя і безыніцыятыўныя. Так прывыкаюць падпарадкоўвацца бацькоўскай волі, што і ў дарослым узросце не могуць прыняць рашэнне, скласці ўласнае меркаванне, выказаць сваё стаўленне.
Юля: 14-16 гадоў – гэта той самы ўзрост, калі табе хочацца быць непадобным ні да кога: быць панкам, супергламурнай лэдзі, вінтажніцай, готам, кім там яшчэ… Гэта самы пік крэатыўнасці і дурасці ў галаве. Потым, убачыўшы сябе ў розных вобразах, чалавек усё роўна прыйдзе да нейкага свайго стылю. А ў нас дзецюку ўжо пад 30, а ён усё ходзіць, як мама ў школу апранала.
Марына: Празмерны ўплыў бацькоў на нашае жыццё – таксама прычына ўсеагульнай безгустоўшчыны. Выдатна ж у Еўропе: споўнілася табе 18 гадоў – усё, ідзі сам зарабляй і вырашай, як апранацца і як жыць.
Юля: У мяне, дарэчы, так і атрымалася. Здавалася б, і ў нас гэтак жа: 18 спаўняецца, хлопчыкі і дзяўчаткі пакідаюць бацькоўскі дом і едуць паступаць у сталіцу. Але не маючы звычкі прымаць рашэнні самастойна, у Мінску яны робяць тое, што дыктуе ім грамадства. У прыватнасці, носяць тое, што прынята большасцю: асартымент рынкаў і гандлёвых цэнтраў. Што ні дзяўчына, то адны і тыя ж «леапарды», блёстачкі і боцікі а-ля «будні стрыптызёркі». Гэта не толькі ад беднасці, гэта «каб не вылучацца». Але як можна не вылучацца ў ботах стрыптызёркі? Нічога не разумею!
Марына: А гэты выдатны стэрэатып пра тое, што дзяўчына абавязаная выйсці замуж да 25 гадоў, інакш на ёй можна ставіць крыж? Паглядзіце, як імкнуцца! Толькі «бясшлюбнае цік-так» можа змусіць убірацца на працу, як на сцэну стрып-клуба. Ну сур’ёзна: усё, што мы сёння мералі, можна надзець, выпраўляючыся на тэматычную вечарынку. А хтось купляе на поўным сур’ёзе.
Юля: Ты бачыла толькі што дзяўчынка прайшла з такім жа макіяжам, як у нас на сцэне? Можа, гэта таксама барацьба супраць шэрасці і безаблічнасці? Яшчэ з тых часоў, калі ў крамах нічога не было, і ўсе хадзілі ў аднолькавых шэра-чорных касцюмах. А потым паваліў гэты турэцкі шлак! Памятаеш, першыя рынкі, натоўпы людзей (і да гэтага часу працуе легенда пра тое, што на рынках усё таннейшае), курткі з мехам, швэдры вар’яцкіх колераў… І насілі – абы не ў айчынным шэрым. Гэта заклала аснову сённяшняй безгустоўнасці.
Марына: У тэлевізары – тое ж самае: размаляваныя дзяўчаткі ў блёстачках, якія падаюцца нам у выглядзе гатовай мадэлі для пераймання, як эталон прыгажосці і стылю. Мы з Юляй, убіраючыся і выдурняючыся на канцэртах, спрабуем хоць неяк супрацьстаяць гэтаму жаху, а многія сапраўды лічаць «дзяўчат з экрана» багінямі.
Юля: Каб беларусы пачалі выглядаць па-еўрапейску, павінныя з’явіцца звычайныя еўрапейскія крамы адзення, напрыклад, хаця б H&M (прычым па еўрапейскіх цэнах і з сезоннымі распродажамі). Павінен прайсці час, каб людзі прывыклі – якасныя і недарагія рэчы ў крамах будуць заўсёды. Павіннае прыйсці разуменне, што бірка на шмотцы – не паказнік узроўню жыцця.
Марына: І вось калі людзі «наядуцца» звычайных матэрыяльных выгод (даступныя прадукты ў крамах, адзенне, машыны), калі перастануць рабіць культ з яркіх і бліскучых кофтачак, тады ў горадзе не застанецца падобных гандлёвых цэнтраў, а з ГУМа знікне безнадзейна састарэлая “новая калекцыя” з катышкамі.
Даведка «Будзьма беларусамі!»:
Марына Юрэвіч. 27 гадоў. Акторка. Нарадзілася ў Мінску. Скончыла Беларускі Дзяржаўны Універсітэт Культуры і Мастацтваў. Падчас навучання працавала ў Тэатры Беларускай Драматургіі. З 2007 па 2008 гады – актрыса Драматычнага Тэатра Беларускага Войска. З 2006 года – актрыса Беларускага Свабоднага тэатра. Была арыштаваная ў Беларусі за прафесійную дзейнасць і ўдзел у мірных акцыях. Адна з двух “багіняў” дуэта «ЭВМ» («ЭротическиВозбуждающиеМалышки»), які выступае на падтанцоўцы папулярнай групы «Разбітае сэрца пацана».
Юля Шаўчук. 27 гадоў. Акторка. Другая “багіня” дуэта «ЭВМ» групы «РСП». Нарадзілася ў Кобрыне. Гэтак жа (на адным курсе з Марынай) вучылася ў БДУКіМ. Да ліпеня 2011 працавала ў Рэспубліканскім Тэатры Беларускай Драматургіі, адкуль Юлю папрасілі сысці пасля інтэрв’ю для “Вольных Навін”. Сёння – акторка Свабоднага тэатра.
Вялікі дзякуй кіраўніцтву ГЦ «Імпульс» за магчымасць правядзення здымак. Дзякуй усім гандлярам цэнтра за максімальна лаяльнае стаўленне да карнавалу, зладжанага Марынай і Юляй.
Ганна Трубачова, фота Аляксандр Tarantino Ждановіч