26.03.2012 | Захапленні

Крамбамбуля — гэта выпіўка, закуска, дэсерт і жанчына! (+ фота, відэа)

Нарэшце нам удалося рассакрэціць фірмовы рэцэпт «Крамбамбулі» Лявона Вольскага. Трэба прызнаць, што варыць ён яе выдатна. Адмыслова для праекту «Захапленні» музыка не толькі прызнаўся, што рэцэпт яму расказаў адзін стары партызан, але і паказаў, як менавіта спрадвеку варылі ў Беларусі крамбамбулю. Рэцэпт напою — у нашым вострасюжэтным відэа пра жыццё беларускіх партызанаў.

Да заканчэння здымак Лявон і ўдзельнікі гурта настолькі ўвайшлі ў ролі партызан, што нават адмовіліся згортваць лагер. Яны адстрэльваліся да апошняй кулі, але ўсё ж былі вымушаныя здацца. Пазней на допыце камандзір партызанскага атраду Лявон паводзіўся больш разумна і нават пагадзіўся паразважаць пра тое, чым жа ёсць культура піцця.

— Складана сказаць, што такое культура піцця, — задумаўся Лявон. — Піць з крышталя, адставіўшы мезенец, — не значыць культурна. Бо ёсць жа свая эстэтыка ў тым, каб «прыдушыць» партвейн у дзіцячым садку. Але абавязкова з плаўленым сырком. Не з воблай ці ікрой, а менавіта з сырком. Напэўна, культура — у захаванні традыцый. Ну не п’юць жа каньяк з куфляў для шампанскага!

Ці паспрабуем ад адваротнага: што такое бескультур’е піцця. Напэўна, гэта калі выпіў тое, на што хапіла. Хаця не: камусьці дробязі ў кішэнях хопіць на бутэльку Martell. Калі няма пачуцця меры? Магчыма. А вось калі чалавек п’е не праз радасць, альбо п’е на самоце — гэта бескультур’е? Таксама не. Мне згадаўся раптам самотны каўбой з амерыканскіх фільмаў 50-х гадоў (такі характэрны герой): у дажджлівы дзень ён сядзіць у бары, курыць цыгару, папівае двайны віскі, а яго капялюш абавязкова насунуты на вочы. Ён адзін, але ж гэта таксама свая культура.

Усе гэтыя партвейны з сыркамі, зіхоткая ад рыбнай лускі піўная пена на асфальце — гэта таксама пэўная культура піцця. Але чаму піва на марозе або гарэлка на пляжы пад пякучым сонцам — гэта бескультур’е? Гарачае піва зімой — нармальна, а халоднае з бутэлькі на марозе — некультурна: хоць ты трэсні, не разумею, чаму!

Стаю нядаўна на святлафоры, назіраю, як з шынка вывальваюцца трое і давай біцца. Мутузіліся двое, трэці адышоў памачыцца на сцяну. Язык не паварочваецца назваць гэта вынікам культурнага выпівання. Хоць пілі ў рэстаране, а не ў падваротні.

Вядома, лепш, калі людзі п’юць ад радасці, а не ад гора. Лепш, калі алкаголь весяліць іх, а не ўсяляе ў іх дэмана. Бескультур’е — гэта ведаць, што твой арганізм “не сябруе” са спіртным, што алкаголь не робіць цябе прыгажэйшым, ведаць усё гэта і ўсё роўна сядаць выпіваць, замест таго каб сумленна прызнацца (сабе ў першую чаргу): «Хлопцы, я гарэлку не буду, мне ад яе кепска». Хіба выпіўка — гэта такая неабходнасць, каб ахвяраваць сваім здароўем і адносінамі з сябрамі?

Культура — гэта веды. У дадзеным выпадку веданне пра тое, як алкаголь дзейнічае канкрэтна на цябе. Калі ты купляеш напой «Вячэрні», загадзя ведаючы, што гэта «чарніла» найніжэйшай якасці, барматуха з «паленага» спірту і экстракту дюшэсу — калі ты ведаеш, наколькі разбуральны гэты напой, але ўсё роўна купляеш і п’еш яго, тады гэта бескультур’е . А я ўпэўнены, што нават тыя, каго мы называем апошнімі алкаголікамі, ведаюць пра «якасць» такіх «вінаў».

Стаю я неяк у чарзе ў віна-гарэлачны аддзел местачковай івянецкай крамы: там нечакана з’явілася іспанскае чырвонае сухое, ну, думаю, куплю бутэлечку. А за мной стаяць двое. Адзін, змрочны, кажа другому: «Вася, чаму мы так бухаем?» А другі ўжо паддаты, у яго няма такіх пытанняў: «Ой, ну чо ты?! Ну бухаем і бухаем. Зараз віна возьмем!». А першы стаіць, раздзіраецца, пакутуе на згрызоты сумлення: «Вася, мы ж нармальныя здаровыя мужыкі, працоўныя, і так бухаем. Вася, вось ты калі апошні раз не піў?» Кульмінацыя дыялогу, надыходзіць мая чарга, і я адчуваю, што калі набуду цяпер іспанскае чырвонае, абавязкова будзе рэакцыя. Купляю. Мужыкі праводзяць мяне цяжкім позіркам. Вася кажа касірцы: «Дзяўчына, нам два вялікія віна!» А той, што ў сумневах, усё яшчэ гледзячы на ​​мяне, кажа раптам: «Ды якое гэта віно? Вася, тое, што мы купляем, — гэта ж «чарніла»! Забіваем мы сябе гэтай гадасцю! Вось і дайце нам, дзяўчына, два вялікіх «чарніла»!

Мне здаецца, я зразумеў, што такое культура піцця. Культурна — гэта піць з пазітыўнымі эмоцыямі, ведаючы, што выпітым алкаголем ты не нашкодзіш ні сабе, ні навакольным. Халоднае піва на марозе — гэта і не ў радасць, і рызыкуеш захварэць. Тое ж і з гарэлкай на гарачым пляжы. І з «чарнілам»: ты ведаеш, што гэта няякасны прадукт, але п’еш. Гэта вызначэнне, як мне здаецца, можна ўжыць і да культуры прыёму ежы: я куплю пачак пельменяў, танна і да таго ж якая розніца, чым страўнік набіць, — тая ж сітуацыя.

Алкагольная рэформа? Складанае пытанне. Самае няправільнае — гэта забараніць. Я памятаю часы гарбачоўскага сухога закону — гэта было страшна: калі да яго ў СССР была нейкая культура піцця, дык пасля народ пачаў проста бухаць усё, на што ні трапіць. Культура не да нуля наблізілася, а пайшла ў мінус: ты заходзіў у пад’езд, а ў ім пахла брагай (алкаголь гналі на кожнай кухні), у краіну трапіў нейкі спірт Royal, які атруціў шмат народу — жах што рабілася!

Вырашаць пытанне з алкагалізмам нацыі трэба інакш: проста забараніць, лёгка на рэвалюцыю нарвацца. Для пачатку, мне здаецца, павінная быць добрая праграма па выхадзе з масавага запою. Напрыклад, у Нарвегіі гэтую праблему вырашылі наступным чынам: у краіну завезлі таннае французскае сухое віно, пасля чаго вялікі адсотак насельніцтва «злез» з моцнага алкаголю. Я памятаю, нават іх прэзідэнт казаў, што лічыць гэта ледзь не найважнейшым дасягненнем свайго кіраўніцтва: аддаючы перавагу віну, людзі пачалі піць менш моцных напояў.

Патрэбная праграма выхаду, а не раптоўны «Дзень цвярозасці» ў дзень Святога Валянціна. Ці выпіў за рулём — усё: забралі пасведчанне на тры гады. Патрэбная добрая агітацыйная праграма: павесіць паўсюль плакаты, паказваць перадачы, у якіх незалежныя эксперты расказвалі б пра складнікі «чарніла» і таннай гарэлкі. Казалі б пра тое, наколькі разбуральна гэтыя прадукты дзейнічаюць на чалавечае здароўе. Не проста алкаголь шкодны, а вось ён, напой «Вячэрні», у ім тое і тое, гарантуе вось такія захворванні. Патрэбныя глабальныя апытанні насельніцтва. Незалежныя экспертызы кантролю якасці. Каму-небудзь цікава, чаму ў нас такая гарэлка танная? З чаго яна робіцца? Які яе сабекошт?

«Чарка ды шкварка» — вось што нам прапагандуюць, такая на сёння афіцыйная культура піцця ў Беларусі. І пакуль я не бачу ніякіх спробаў з боку кіраўніцтва краіны выправіць сітуацыю з алкагольнай залежнасцю насельніцтва. Мне нават здаецца, што ніхто нічога не хоча мяняць: калі з продажу алкаголю дзяржаве ідуць такія велізарныя грошы, наўрад ці хто-небудзь стане дбаць пра здароўе нацыі.

 

Аўтары і стваральнікі ўдзячныя гурту «Крамбамбуля» і асабіста Ганне Вольскай за дапамогу ў арганізацыі здымак!

Ганна Трубачова, фота Tarantino

 

Даведка «Будзьма беларусамі!»

Лявон Вольскі (камандзір партызанскага атрада). Нарадзіўся 14 верасня 1965. Беларускі дзеяч культуры, гітарыст, вакаліст, клавішнік, аўтар музыкі і тэкстаў, аранжыроўшчык, паэт, мастак, празаік, радыёвядучы, лідар гуртоў NRM і «Крамбамбуля».
У 1984 г. скончыў Мінскую мастацкую вучэльню, падчас навучання ў якой у 1982 г. стаў адным з заснавальнікаў гурта «Мроя».
У 1994 г., пасля некаторых змен у складзе, ініцыяваў пераўвасабленне «Мроі» ў гурт «NRM» (“Незалежная Рэспубліка Мроя”), у якой да нядаўняга часу выступаў як асноўны аўтар музыкі і тэкстаў песень. Паралельна (1990—1998) выступаў як выканаўца на клавішных у гурце «Новае Неба». У 1997 г. напісаў музыку і аранжыроўкі большасці кампазіцый для сумеснага музычнага праекту «Народны альбом», удзельнічаў у падрыхтоўцы, запісе і паказе сумесных музычных праектаў «Святы вечар 2000» і «Я нарадзіўся тут» (2001). У 2001 г. стаў ініцыятарам стварэння групы «ZET», цягам 2002—2007 гг. распрацаваў і напісаў вялікую частку песень для праграмаў «Крамбамбуля», «Крамбамбуля 1 ½: Каралі раёну», «Радыё Крамбамбуля 0,33 FM», “Крамбамбуля» святочная”. Выступае ў прэсе як паэт, празаік, журналіст, працаваў вядучым аўтарскай праграмы «Квадракола» на радыёстанцыях «Беларуская маладзёжная» і «101,2».

Лявон Вольскі

 

Даведка «Будзьма беларусамі!»

Алег Гарус — гітара (партызан Азізаў). Самы малады ўдзельнік «Крамбамбулі». Нарадзіўся ў Мінску, у радзільні на Валадарцы. Першую электрагітару (Барысаўдрэў) знайшоў у школьнай каморцы. Купіў яе ў трудавіка за 20 даляраў. Граў поп-панк у гурце Anyway! Разам з імі аб’ездзіў Украіну, еўрапейскую частку Расіі і трошачкі Еўропы. Праз некалькі месяцаў лёс склаўся так, што далучыўся да «Крамбамбулі» і стаў яе неад’емнай часткай.

Алег Гарус

 

Даведка «Будзьма беларусамі!»

Алесь-Францішак Мышкевіч — бас-гітара (партызан Казак). Нарадзіўся ў Мінску, але па крыві і светапоглядзе — заўзяты беларускі заходнік. Яшчэ ў дзяцінстве імітаваў ігру на гітары на звычайным палене. Скончыў ПТВ № 55 як сталяр-цясляр, потым — Інстытут сучасных ведаў як артыст эстраднага аркестра і там жа потым выкладаў. Стварыў гурт “Chiefsband”. Граў у гурце “Без білета”. Трапіў у “Крамбамбулю” праз праект “Белая яблыня грому” і адразу адчуў сябе, як дома.

Алесь-Францішак Мышкевіч


5 Каментаў у “Крамбамбуля — гэта выпіўка, закуска, дэсерт і жанчына! (+ фота, відэа)”

  1. Cheese says:

    Вельмі цікава! Але ж як варыць крамбамбулю не адказалі =)

  2. Той самы says:

    Чоткая серыя…

  3. журфак says:

    Ну, будзьмічы, па-першае не 4 каментара, а 4 каментарЫ. Скланяйце правільна. А па- другое: чаму ў лес прывезьлі дровы ад хаты? Дзе гэта ў лесе партызаны маюць кузьню, каб каваць розную хе…ню для падвескі казаноў? І пьюць яны не крамбамбулю, а звычайную гарэлку, разліву пасьля серады, бо фільтры мяняюць па-панядзелках.

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика