This movie requires Flash Player 9
27.07.2012 | Захапленні

Лявон Вольскі: «Дзяржаве зручна трымаць кішэнных поп-зорак, а не падтрымліваць альтэрнатыву»

Мы працягваем праект «Захапленні» серыяй інтэрв’ю на вострыя тэмы стану беларускай культуры. У размове з журналістам “Будзьма беларусамі!» вядомы музыка Лявон Вольскі расказвае, чаму ў нас у краіне няма знакамітасцяў, ці лічыць сам сябе «зоркай» і што гэта ўвогуле значыць.

— Я толькі цяпер задумаўся — сапраўды вельмі дзіўная сітуацыя: у нас у краіне ёсць класныя музыкі, мастакі, акторы, а «зорак» няма, — разважае Лявон Вольскі. — Няма знакамітасцяў з усімі атрыбутамі: грошы, слава, эпатажныя паводзіны, артыкулы ў часопісах і перадачы па ТБ. Калі «Крамбамбуля» пісала альбом з Міхалком і Кулінковічам, гэта быў сапраўдны музычны ўзлёт для нас: мы збіралі поўныя залы, карпаратывы, бясконцыя званкі ад журналістаў, інтэрв’ю для дзяржаўных газет, радыё і ТБ-каналаў (тады не было яшчэ спісаў забароненых і падазроных). Цяпер я разумею, што музычны алімп Беларусі дастаткова невысокі: у той час мы дарваліся да яго, але гэта па сутнасці нічога не значыла, нічога не змяняла ў нашым жыцці. Мы не былі «зоркамі» для большасці, мільянерамі таксама не сталі.

— Можа, рэч у тым, што культура ніколі асабліва не займала цэнтральных пазіцый у жыцці беларуса?

— А няма ніякіх «зорак». Нават у спорце, які для нас «найважнейшае з мастацтваў»: Вы ведаеце спартоўца, які мог бы дазволіць сабе пракаціцца на чырвоным Ferrari? А «зоркі» хай нават у сельскагаспадарчай справе ў нас ёсць? Такія, каб уся краіна ведала сваіх герояў? Таксама няма. Мне здаецца, што павінныя адбыцца пэўныя змены ў палітычнай сістэме. У нас ні дэмакратыі, ні капіталізму: шмат грошай не заробіш. Або калі зарабіў, то вымушаны шыфравацца: я ведаю выпадкі, калі «я на альбом грошай дам вам, вы мне падабаецеся, толькі, калі ласка, не пішыце нідзе майго імені». Гэта да пытання пра знакамітасцяў у бізнэсе.

— Ад масквічоў, кіеўцаў, еўрапейцаў можна пачуць, што ў нас, аказваецца, ёсць «зоркі». Замежнікі, якія хоць раз бачылі выступ «Серебряной свадьбы», «Троіцы», «Гурзуфа», «Крамбамбулі» і іншых, казалі, што гэта сапраўды «зоркі», першакласныя музыкі з унікальным прадуктам. І яны моцна дзівяцца, калі расказваеш ім, што ў Беларусі яны зусім не «зоркі», што жывуць небагата і не купаюцца ў славе. Чаму так? Беларусы не вераць, што ў нас можа вырабляцца нешта якаснае?

— Рэч у тым, што нашых людзей складана пераканаць у адваротным. Гэта нейкая асаблівая ментальнасць, нацыянальная рыса — нелюбоў беларусаў да сябе. Да таго ж, няма праграм пераканання ў гэтым, стварэння ўласных мясцовых «зорак», як, напрыклад, у любой, нават невялікай, краіне Еўропы, дзе ёсць свае знакамітасці.

— У Еўропе ўжо прайшлі стадыю «паесці і пабудаваць дом», правы і свабоды — можна і пра культуру падумаць. Можа, Беларусь усё яшчэ на «каўбаснай» стадыі?

— Неабходнасць і зацікаўленасць у музыцы тут была заўсёды: людзі ж слухаюць што папала ў машыне, расійскую музыку, шансон нейкі, эстраду нашу трэцягатункавую… А дзяржава быццам і не зацікаўленая ў тым, каб з дынамікаў даносілася свая музыка, якасна зробленая і пажадана на роднай мове. Але пра што гэта я? У нас жа 75% беларускага прадукту па радыё гучыць, толькі нешта ніхто гэтым асабліва не ганарыцца, не заслухваецца. А ўвогуле там наверсе ўсім пляваць: працэнты ўсталявалі, праграма выконваецца, ура! Але паўтаруся, што нават у маленькіх краінах Еўропы ёсць свае мясцовыя «зоркі», якіх слухаюць 10, 20 гадоў, і яны як мясцовы гонар без праблем збіраюць вялікія залы.

А у нас 75% беларускага толькі…

— Безумоўна, у беларусаў пакуль яшчэ, як вы сказалі, «каўбасны» перыяд. І гэта было асабліва прыкметна ў месяцы крызісу, што быў штучна заглушаны ў нашай краіне. Памятаеце той «каўбасна-халадзільнікава-аўтамабільны» перыяд, калі ўсе кінуліся скупляць тэхніку і машыны з-за мяжы? Вельмі паказальна. І гэты перыяд рэчызму зноў у сіле і будзе доўжыцца яшчэ. Успомніце Польшчу пачатку 90-х, калі ўкаранілі праграму Бальцэровіча з шокавай тэрапіяй эканомікі. На старце ў Польшчы была горшая сітуацыя, чым у нас цяпер: у крамах былі адны гумовыя боты і воцат. Але выкараскаліся, і цяпер, перажыўшы свой «каўбасны» перыяд, яны актыўна займаюцца культурай і навукамі. А мы ўсё топчамся на месцы у сваёй цёпленькай багне, якая, дарэчы, у любы дзень можа скончыцца, і тады сітуацыя будзе значна горшая, чым у Польшчы ў канцы 80-х. Дарэчы, Польшча класна перажыла сусветны крызіс, і паглядзіце, дзе цяпер адносна нас. Перажыўшы голад, падняўшы эканоміку, сёння палякі сапраўды займаюцца адраджэннем і прасоўваннем сваёй культуры. Іх Міністэрства культуры падтрымлівае мясцовую альтэрнатыўную культуру, адлічвае грошы на яе развіццё. А гурты, якія ў цяжкія часы не давалі канцэртаў і зараблялі грошы чымсьці іншым, сёння зноў у пашане, імі ганарацца, іх слухаюць, на іх канцэрты збіраюцца тысячы патрыятычна настроеных палякаў. Я праглядаю сайты такіх гуртоў часам: нармальная рэч — узяць і паехаць у двухмесячны тур па краіне. «Крамбамбулі», гурту з такой жа гісторыяй, такое і не снілася: даць у Мінску канцэрт на 5 тысяч гледачоў, а назаўтра з’ехаць, напрыклад, у Валожын, дзе граць для 500 чалавек, далей Івянец, Маладзечна і гэтак далей з поўнымі клубамі — нерэальна.

— Ну, так! Здаецца, не галадаем, у крамах ёсць крыху больш, чым гумовыя боты, а тур правесці немагчыма — не збяруцца залы. Чаму так?

— Няма інфраструктуры. Плюс варожае стаўленне мясцовых адміністрацый да прыезджых беларускамоўных гуртоў. Ну і які кошт квітка выставіць? 10-30 тысяч? А як акупіць арэнду і ўвесь эшалон апаратуры (у мясцовых дамах культуры, натуральна, нічога не будзе: ні святла, ні гуку). Прытым, што мы самі ўсё аплачваем і дзяржава нас ніяк не падтрымлівае, я, каб пакрыць выдаткі, павінен ставіць білет па 100-150 тысяч як мінімум. Пры такіх умовах мы наўрад ці збярэм залу.

— Поп-прадусар Кубышкін у адным з інтэрв’ю сказаў, што беларусы маюць тую музыку, якую маюць, проста таму, што не гатовыя да сучасных сусветных музычных тэндэнцый. Згодныя?

— Мы сто разоў пацвярджалі, што беларусы да ўсяго гэтага гатовыя. І «зоркі» ў нас ёсць: «Серебряная свадьба», «Троіца»… Пытанне ў тым, што спробы перадаць гэтыя сусветныя тэндэнцыі ў нас або забараняюцца, або вельмі не вітаюцца. Прыязджаеш граць канцэрт у Рэчыцы, напрыклад, а адміністрацыя будынка ставіцца да цябе так, быццам ты прыехаў падрываць асновы і парушаць грамадскі парадак.

— Лагічна, што нашыя афіцыйныя «зоркі», лаяльныя, выклікаюць больш даверу.

— Я б не сказаў, што сярод выканаўцаў афіцыйнай музыкі ёсць сапраўдныя “зоркі”. Іх не лічаць «зоркамі» ўжо таму, што хтосьці іх прызначыў: зрабілі гэтыя прымусовыя 75%, загубілі эфір «фарматам-нефарматам» і ў выніку атрымалі адных і тых жа спевакоў і спявачак, якія спяваюць патрэбную камусьці музыку. Тое, што эстраду без канца круцяць па радыё, — не ад хітовасці гэтых песняў, а ад адсутнасці ў слухачоў выбару. Мы з Ганнай неяк праводзілі ў Літве лекцыю па пытаннях поп-культуры ў Беларусі (яе асаблівасці, адрозненні ад сусветнай поп-культуры), і нас слухалі беларусы розных сацузроўняў, банкіры, дызайнеры. Пытаемся, каго з беларускіх поп-артыстаў яны ведаюць. Маўчаць. Назвалі пару імёнаў. А якія іх песні вы ведаеце? Зусім разгубіліся: нешта пра «кашулю вышывала». На гэтым веды заканчваліся. І тое гэтыя імёны чулі ў асноўным наёмныя рабочыя ніжэй за сярэдні клас, таму што «гэтая спявачка ў нас у банку на карпаратыве выступала». Бізнэсоўцы сярэдняй рукі так і не змаглі назваць ніводнага імені. І гэта, дарэчы, паказальны момант: вельмі добра відаць, як людзі прыходзяць да беларускай музыкі. Песні — гэта на карпаратыве, музыку на свяце можна паслухаць: «А ну, спявайце мне дзяўчаты! Ага, а цяпер хай вось гэтыя мужчыны праспяваюць! А цяпер аркестр прыгожа грай мне — добра, падабаецца, хай граюць і спяваюць. А мы вып’ем і перакусім”. Вось гэта музыка, вось гэта зразумела.

— А нашыя «поп-зоркі» разумеюць сваю сапраўдную вагу?

— Аднойчы я паўдзельнічаў на сваю галаву ў акцыі «Камсамольскай праўды», якая вырашыла сабраць дзяржаўных і альтэрнатыўных музыкаў і распытаць іх, як ім жывецца, якія складанасці, як яны бачаць праблемы беларускай культуры. І я ўсё хваляваўся, як гэта будзе выглядаць: не памятаю, што за агітацыйная гонка ішла ў той час, але СМІ стракацелі дакладамі пра тое, як у нас усё выдатна, і тут мы са сваімі гісторыямі. Я баяўся, што на фоне жыццярадасных папсавікоў і крыкаў «ура!» буду выглядаць, такім, ведаеце, вупыром, які на ўсё скардзіцца. Непрыемная сітуацыя, думаю. Як я быў здзіўлены, калі пачуў, што яны першыя пачалі крытыкаваць тое і гэта. Якія гісторыі расказвалі — проста жах! Да прыкладу: ёсць «рэкамендацыя», скажам, мазырскаму заводу арганізаваць канцэрт «палітычна граматнай артысткі». Завод «душаць», каб той забяспечыў хоць бы 40% яўкі. І пачынае кіраўніцтва завода чухацца: а як жа прадаць квіткі, як напоўніць залу. А не «прывязеш артыстку» — гамон! Выконваюць указ зверху, і за свае грошы завод выкупляе частку квіткоў, а потым распаўсюджвае іх у такім жа «добраахвотным» парадку сярод працоўных завода. Так слесар Васіль з жонкай ідзе на канцэрт поп-дзівы. А хто такая, ён і не чуў. Ён не хоча ісці і купляць гэтыя квіткі не хоча, але даводзіцца, што рабіць. Артысты адчуваюць усё гэта, выступаючы перад такой «удзячнай» публікай. У іх жыцці ідыятызму таксама хапае.

— Магчыма, ім таксама хацелася б пажыць у нармальных рынкавых умовах. Дарэчы, ці «выжывуць» яны, калі заўтра раптам з’явяцца аднолькавыя для ўсіх музыкаў умовы працы?

— Я не думаю, што папса памрэ: у іх усё ж ёсць нейкія там прадусары. Калі б здарылася тое, пра што вы кажаце, прадусар сказаў бы свайму падапечнаму: «З заўтрашняга дня спяваем круты шансон з мацюкамі, цэлы альбом запішам пра чорны пісталет, пра ўсё гэта — трэба ж неяк бабло секчы». Магчыма, што і ім аднойчы давядзецца пазмагацца за свайго слухача. Але вяртаючыся да тэмы «сапраўдных зорак», хачу сказаць, што гэта ў першую чаргу людзі харызматычныя, свабодныя і незалежныя.

— Таму «зоркі» часцей з’яўляюцца ў альтэрнатыўнай культуры? Выходзяць з яе?

— «Зорка» вольная, і ёй абсалютна ўсё роўна, у якой сацыяльнай сістэме яна жыве — такога чалавека будуць слухаць пры любых абставінах. Цалкам відавочна, чаму ў нас у краіне няма знакамітасцяў: яны не зручныя рэжыму. Бо ясна, што нашая альтэрнатыўная музыка ярчэйшая, цікавейшая і разнастайнейшая, чым беларуская эстрада. Але дзяржаве зручней вырабляць і трымаць, так скажам, кішэнных «зорак», для якіх ствараюцца ўсе ўмовы: студыі, зялёнае святло на радыё і ТБ, бясплатныя канцэртныя залы, аклады — калі ласка! Ад іх жа патрабуецца быць зручнымі і казаць тое, што трэба.

— А Вы — «зорка» ці не, як Вам здаецца?

— Складана сказаць. Гледзячы што прымаць за атрыбуты «зорнасці»: дом у Бэвэрлі-Хілз, лімузін і пералёты ў бізнэс-класе? Не, я не «зорка». Не ведаю, ці галоўнае гэта, але большасць сусветных знакамітасцяў незалежныя, свабодныя і заможныя людзі. Але, напэўна, гэта не галоўнае: паглядзіце, колькі вядомых музыкаў і актораў не надавалі значэння свайму даходу, а сёння і зусім модна жыць сціпла. «Зорка» — гэта нешта большае. Гэта ўплывовасць: калі акторы, музыкі могуць на ўсю краіну крытыкаваць дзеянні ўрада. Я ўжо казаў, што гэта людзі ў першую чаргу свабодныя, якія не залежаць ад палітыкі ўраду іх краіны, у іх заўсёды ёсць уласнае меркаванне. Але зноў жа, усё адносна: у Беларусі асаблівая сітуацыя магчымасці ўзнікнення «зорак». Немагчымасці, я б нават сказаў.

— Але мы ж высветлілі, што аб’ектыўна «зоркі» ёсць, проста пра іх мала хто ведае. Дык «зоркі» яны ці не?

— Відаць, «зорка» — гэта ўсё ж той, хто «свеціць». Гэта чалавек, вакол якога збіраюцца людзі, прыцягваюцца да яго. Прычым гэта можа быць чалавек любой прафесіі: неабавязкова музыка або актор. Я кажу пра сапраўдных «зорак». І ў выпадку з імі праца СМІ вакол іх ужо не такая важная: такія людзі ўсё роўна будуць прыцягваць гледачоў і слухачоў. З нейкага хлопца зрабілі «зорку», але людзей прыцягваць ад гэтага ён не стаў — няма чым прыцягваць. А ўспомніце «Нірвану», да якой доўга скакалі хлопцы ў ласінах і з начосамі: Кабэйн перавярнуў паўсвету сваёй простай па сутнасці музыкай. І раптам усе пачалі граць 4 акорды, а хлопец у паласатым швэдры стаў суперзоркай, праўда, не справіўся з размахам уласнай папулярнасці. «Зоркі» — гэта людзі, якія быццам свецяцца. Ім казаць нават не трэба, яны садзяцца за піяніна, за шахматны стол, становяцца за трыбуну — і ўсё: вакол іх ствараецца атмасфера. Атмасфера любові: яна там, дзе робяць любімую справу, дзе любяць людзей, для якіх робяць любімую справу, там, дзе адказваюць любоўю на тваю любоў.

— Вельмі дакладна! Толькі, Лявон, я так і не пачула адказу: Вы — «зорка»?

— Ой, шчыра кажучы, я нават ніколі не думаў пра гэта.

— А вось падумайце!

— Не хачу. Я ўжо прайшоў перыяд, калі імкнуўся да папулярнасці, калі спачатку дзічыўся людзей, што бяруць у мяне аўтограф, а потым палюбіў і гэтых людзей, і стан уласнай вядомасці. Ці «зорка» я? Вось гісторыю успомніў: еду неяк з падрамнікам для карціны, а ён такі вялікі, што ў машыну не ўлазіць. Ну, думаю, на тралейбусе паеду — тут нядоўга. У раёне Нямігі ў тралейбус заходзяць панкі. А я стаю сабе на задняй пляцоўцы, у акно гляджу. Яны як ідэнтыфікавалі мяне, так і кінуліся ў мой бок. А народу ў тралейбусе — жах: бабулькі, рабацягі, бабкі, цёткі… А яны крычаць на ўвесь салон: «Гэта ж сам Вольскі! Дайце аўтограф!» І прадзіраюцца, рухаюцца усё бліжэй да мяне. Узялі аўтографы, кажуць: “Ты круты чувак, Лявон! Пойдзем з намі піва вып’ем!» Я з гэтым падрамнікам, потым за руль трэба — ну куды мне піва? “Зразумела, зорка, заганарыўся…» — працягнулі ў адказ. Значыць, «зорка». А ўвогуле, не мне пра гэта меркаваць: нясціпла і неаб’ектыўна неяк.

 

Лявон Вольскі. Музыка, мастак і літаратар. Мінчук. Жывы дух беларускага рока: “Мроя”, N.R.M., “Народны альбом”, “Крамбамбуля” — гэта ўсё яго. Пад Лявонавы “Простыя словы”, “Партызанскую” і “Паветраны шар” выгадаваліся ўжо два пакаленні маладых беларусаў. Нечакана аддаў даніну павагі традыцыі — запісаў альбом “Белая яблыня грому”, зборнік песняў на вершы даўнейшых паэтаў. Цяпер класікі загучалі рокава, з драйвам.

 

Ганна Трубачова, фота: Аляксандр Tarantino Ждановіч, John Kunstadter


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика