06.08.2012 | Захапленні

Марына Дашук: У афіцыйным тэатры, як і ў музыцы, цяпер «чарка-шкварачны» перыяд

У рамках праекту «Захапленні» мы працягваем спецыяльную серыю інтэрв’ю аб праблемах беларускай альтэрнатыўнай культуры. У гутарцы з Марынай Дашук тэатральным прадусарам, дырэктарам “KorniagTHEATRE” і агенцтва BoPromo, робіцца зразумела, чаму ёй сорамна за беларускія дзяржаўныя тэатры.

— Такіх актыўных «спісаў забароненых», якія ёсць у беларускай музыцы, у альтэрнатыўным тэатры пакуль няма. За выключэннем Свабоднага тэатра, вядома ж: яны на асаблівым рахунку, — кажа Марына Дашук. — А ў астатнім сітуацыя абсалютна ідэнтычная з той, у якой знаходзіцца незалежная беларуская музыка. Альтэрнатыўныя прыватныя тэатры ніяк не падтрымліваюцца дзяржавай. Больш за тое, прыватная ініцыятыва ў нас, як вядома, калі не застаецца без пакарання, то жыве ў самых складаных умовах.

— Ну, вось ёсць KorniagTHEATRE”, D.O.Z.SK.I., ИнЖест ды іншыя тэатры, якія шмат і актыўна гастралююць па замежжы. Якія ў іх узаемаадносіны з дзяржавай?

— Для дзяржавы, па-мойму, нас наогул не існуе. І гэта вельмі дзіўна і крыўдна, таму што звычайна на міжнародных фестывалях Беларусь прадстаўляюць менавіта незалежныя тэатры. Мне наогул не зусім зразумела, наколькі культура важная для кіраўніцтва Беларусі. Не, вядома, яны клапоцяцца пра «Славянскі базар», пра нейкія незразумелыя конкурсы беларускай эстрады, пра беларускі ўдзел на «Еўрабачанні». Але ж гэта ўсё мастацтва сумнеўнай якасці. Тэатр ім зусім абыякавы: галоўнае, каб ён быў ідэйна вытрыманы. А культура?.. Культура для іх — гэта эстрада па тэлевізары, і з ёй у нас усё выдатна!

— Эстрада — гэта тое, што людзі хочуць бачыць? Чаму менавіта гэты жанр музыкі, чаму менавіта эстрада сёння прадстаўляе культуру Беларусі?

— Напэўна, гэта самае галоўнае ў нас — забаўляць народ, каб моцна не думаў. І мяркуючы па ўсім, народ гэта задавальняе. Але ёсць усё ж нейкая частка людзей, якія слухаюць альтэрнатыўную музыку і ходзяць на спектаклі незалежных тэатраў. Як правіла, гэта людзі, якія часта выязджаюць за мяжу і цікавяцца культурай.

— А колькі ў нас у горадзе дзяржаўных і альтэрнатыўных тэатраў? У чым прынцыповая розніца паміж імі?

— Каля дзясятка дзяржаўных і прыблізна столькі ж прыватных. Але ты зразумей, што сітуацыя з тэатрам крыху іншая, чым з беларускай музыкай, дзе ёсць папса і альтэрнатыва ёй. Калі ў дзяржаўнай эстрадзе і альтэрнатыве занятыя розныя людзі, то ў тэатры ўсё па-іншаму: у незалежных тэатрах працуюць акторы з дзяржаўных. Справа ў тым, што ў афіцыйных тэатрах сёння няма ніякага развіцця, ніякага эксперыменту. Дзяржтэатры проста затрымаліся ў мінулым часе, у савецкім мінулым. Акторы на такіх службах страчваюць прафесію, навыкі, і для многіх з іх служба ў тэатры — гэта месца, дзе ляжыць іх працоўная кніжка. Па-сапраўднаму яны працуюць і развіваюцца, што называецца, на баку: у кіно, у альтэрнатыўных, прыватных тэатрах. Я бачу, з якім задавальненнем яны прыходзяць на рэпетыцыі, якія ім часта не аплачваюцца! Таму што тут яны займаюцца прафесіяй, а не забаўляюць гледача прымітыўнымі дзеяннямі.

— Ці можна казаць, што ў афіцыйным тэатры, як і ў музыцы, цяпер «чарка-шкварачны» перыяд?

— Так, вядома.

 

— Хто ў тэатральнай сферы вырашае, што ставіць і што паказваць?

— Міністэрства культуры, напэўна. Мастацкія кіраўнікі тэатраў: яны маглі б мець нейкі ўплыў на рэпертуарную палітыку ў сваіх тэатрах, але, здаецца, яны атрымліваюць павучанні ад Мінкульта або ім проста падабаецца ставіць такі рынкава-забаўляльны лубок.

— Ты сказала, што Мінкульт вас зусім не заўважае. А якой бы ты хацела ўвагі?

— Ой, лепш, каб менш увагі з іх боку! (Смяецца). Я хутчэй казала пра падтрымку. На сённяшні дзень альтэрнатыўныя тэатры — гэта не столькі поза супраць чагосьці, а хутчэй магчымасць займацца творчасцю. І галоўная праблема — гэта адсутнасць свайго месца для рэпетыцый і паказу спектакляў. Арэнда дарагая, асабліва калі ўлічваць, што амаль усе тэатры — гэта прыватная ініцыятыва і робіцца за невялікія грошы.

— З якіх выдаткаў звычайна складаецца праца тэатра?

— Я магу расказаць, як працуе “KorniagTHEATRE”. Гэта агульная для ўсіх прыватных беларускіх тэатраў схема. Апошні спектакль, які мы зрабілі («СПЕКТАКЛЬ №7»), запатрабаваў мінімум выдаткаў. Усе акторы працавалі бясплатна, проста за ідэю, таму што праца вельмі цікавая. Нам удалося знайсці месца для рэпетыцый, за якое мы таксама не плацілі. Мастак, рэжысёр працавалі без ганарару. Дэкарацыі, касцюмы рабілі сваімі рукамі. Грошы выдаткавалі толькі на рэкламу і на матэрыялы для касцюмаў і дэкарацыі (у асноўным касцюмы былі зробленыя з нейкіх старых рэчаў). Нам дапамагалі сябры: шылі бясплатна, рабілі дызайн афіш. Мы плацілі за выраб афіш, флаераў і за размяшчэнне рэкламы. Гэта вельмі малабюджэтны варыянт.

— Ну, а калі не па праграме «з міру па нітцы»? Як мае быць насамрэч?

— Натуральна, усе павінныя працаваць за ганарары. Гэта нармальная сітуацыя, каб акторы атрымлівалі хоць бы за рэпетыцыі, каб рэжысёр і мастак атрымлівалі за пастаноўку. Нармальная стаўка рэжысёра за пастаноўку спектакля, мне здаецца, — гэта мінімум тры тысячы еўра. Так у Еўропе, прынамсі. Грошы звычайна патрабуюцца на выраб дэкарацый, рэквізіту, на арэнду памяшкання для рэпетыцый, на камунальныя паслугі, за рэкламу перад прэм’ерай…

 

— Ты неаднаразова казала пра тое, што ў Еўропе прыватныя тэатры падтрымліваюцца дзяржаўнымі датацыямі.

— Мы знаёмыя з некалькімі тэатрамі, сябруем, і я ведаю, што ў іх там усё па-іншаму: прыватныя тэатры атрымліваюць ад дзяржавы фінансаванне. У іх Міністэрства культуры ёсць бюджэт нейкі, які дзеліцца паміж дзяржтэатрамі і прыватнымі ініцыятывамі. Гэта, зразумела, не любая самадзейнасць, а прафесійныя тэатры, зацікаўленыя ў вырабе добрага прадукту, у тым, каб да іх хадзіў глядач і каб на падставе гэтага дзяржава іх падтрымлівала або вылучала грошы на нейкія пастаноўкі.                                                                                      

— Ім трэба неяк даваць справаздачу за засваенне бюджэту?

— Так, але ў іх іншая сістэма. У іх няма ніякага плану, які яны абавязаны выканаць. Ніхто ім не кажа, што і як ставіць, на якія тэмы і да якога свята.

 

— Мяркуючы па пераліку выдаткаў, тэатр — гэта вельмі дарагая справа.

— Ой, ты што! Ні адзін тэатр не акупляе сябе, гэта немагчыма! Асабліва ў нас пры такім кошце квіткоў!

— Са сваім тэатрам і па прыватнай ініцыятыве ты шмат ездзіш па фестывалях, глядзіш спектаклі па ўсім свеце. Ці можаш аб’ектыўна ацаніць узровень беларускага тэатра: дзяржаўнага і незалежнага?

— Што далёка хадзіць? Можна проста параўнаць рэпертуары польскага і беларускага дзяржтэатраў: у нас я ўжо не памятаю калі ставілі замежную або беларускую класіку — складана сказаць, што тут наогул адбываецца. У Еўропе ўжо даўно іншыя тэхнічныя ўмовы: няма такога, што «я сяджу ў глядзельнай зале, забаўляйце мяне!» Там наогул рэдка бывае падзел «сцэна-зала»: у рэжысёраў поўная свабода ладзіць які заўгодна інтэрактыў. Гледачы могуць сядзець па коле, класічна ў крэслах, але так, як захочацца рэжысёру. Вельмі шмат нетрадыцыйных пастановак класікі. Калі яны граюць «Гамлета», то акторы не выходзяць у касцюмах таго часу, не разыгрываюць таго Шэкспіра: яны будуць у звычайным адзенні, з мабільнымі тэлефонамі, з сучаснай мовай…

— А чаму ў нас такое немагчыма? У нас жа шмат крэатыўных і таленавітых людзей, маладых рэжысёраў, класных актораў.

— У нас іншая культурная палітыка. Тут пануе мастацтва для масавага гледача. Каб не трэба было моцна думаць.

 

— А беларуская публіка наогул гатовая да Шэкспіра з мабільнымі тэлефонамі?

— Не гатовая. Добрым прыкладам можа стаць сумесная беларуска-расійская пастаноўка, спектакль «Вяселле», які ідзе ў Купалаўскім тэатры. Калі яго ставілі, гэта быў трошачкі іншы Купалаўскі, чым цяпер, больш эксперыментальны. Дык вось, «Вяселле» сёння вельмі рэдка паказваюць у Мінску, бо яно не падабаецца масам. Я была на апошнім спектаклі, гэта было жудасна: такое пачуццё, што квіткі прадалі рабацягам з заводу! Яны сыходзілі натоўпамі, «пляваліся» і каментавалі ўслых, накшталт «Што за пошласць!», «Што за трызненне!» Упэўненая, што сярод працоўных ёсць нармальныя людзі, але на тым паказе сядзела адно, прабачце, быдла. Я была ў шоку.

— Але ж гэта нармальная рэакцыя на выхаваўчы працэс: калі не даваць гледачу больш складаныя спектаклі, ён так і будуць прасіць Пятрушку.

— Маеш рацыю, публіка не гатовая да складаных і нетрадыцыйных пастановак яшчэ і таму, што яе не рыхтуюць. Тэатр перастаў несці, так бы мовіць, густафармавальную функцыю, ён перастаў быць чымсьці больш вытанчаным. Сёння ў беларускіх дзяржаўных тэатрах добра, што хоць папкорн не прадаюць! А так рэпертуар цалкам сабе балаганны. Яшчэ пяць гадоў таму тэатралы былі гатовая да інавацый, сёння ўжо не. Тыя людзі перасталі хадзіць на дурныя, сумныя і ідэйна вытрыманыя пастаноўкі.

— Значыць, такі ланцужок: перасталі даваць нейкія пастаноўкі для розуму, перасталі хадзіць людзі, якія думаюць, пачалі хадзіць, груба кажучы, калгаснікі — і ўсё, кола замкнулася, так?

— Так.

— Рэжысёры альтэрнатыўных пастановак часта аглядаюцца на гледача: зразумее — не зразумее?

— Добрае пытанне. Мне здаецца, не трэба вельмі часта азірацца на гледача. Галоўнае для рэжысёра — максімальна праўдзіва і цікава перадаць тое, што ён адчувае, што бачыць. Тады будзе добры спектакль.

 

— Тэатралы ходзяць да вас і глядзяць незалежныя пастаноўкі. Атрымліваецца, само існаванне альтэрнатыўных тэатраў — гэта шанец адрадзіць або хаця б не пахаваць беларускае тэатральнае жыццё?

— Сённяшняя сітуацыя добрая толькі тым, што разумны глядач ідзе да нас, а не ў дзяржаўныя тэатры. Яму цікавей у нас, і білет ён лепш купіць на альтэрнатыўную пастаноўку. Многія ведаюць і ганарацца тым, што, напрыклад, D.O.Z.SK.I. вельмі актыўна гастралююць па іншых краінах, што іх, як і іншыя альтэрнатыўныя тэатры, запрашаюць на міжнародныя фестывалі. Жэню Карняга пасля некалькіх фестываляў пачалі запрашаць працаваць у разнастайныя замежныя праекты, і апошнія паўгода ён вядзе 3 паралельныя пастаноўкі ў Германіі, Эстоніі і Польшчы. Яго бачаць, ён дае майстар-класы, і я ўпэўненая, што менавіта дзякуючы яму еўрапейцы ведаюць нешта пра беларускі тэатр. У яго велізарны патэнцыял, і ён яшчэ выдасць!

— Якія рэформы, па-твойму, проста неабходныя беларускаму тэатру?

— Ой, усё так складана, што незразумела, з чаго пачаць. Перш за ўсё трэба даць незалежным тэатрам нейкую пляцоўку для рэпетыцый і правядзення спектакляў. Перакроіць рэпертуар афіцыйных тэатраў: тэатр не павінен быць «паркам атракцыёнаў», сэнсавае напаўненне якіх даступнае ўсім і кожнаму. Забаўляльныя прымітыўныя спектаклі не павінныя ісці ў галоўных тэатральных установах краіны. Хай будзе масавае мастацтва, але калі яно робіцца даміноўным, пачынаецца культурная дэградацыя. Я хоць бы за раўнапраўе: вылучаюцца грошы на дзяржаўныя тэатры — не забывайце пра альтэрнатыўныя. А ў Еўропе іх фінансуе дзяржава! Прычым гэтыя незалежныя еўрапейскія тэатры не заўсёды прафесійныя: часам яны паўаматарскія, але калі яны робяць годныя рэчы, то дзяржава падтрымлівае іх датацыямі або прадстаўленнем ім бясплатных памяшканняў для рэпетыцый. Павінная свабодна працаваць сістэма грантаў. І, вядома, у нас занадта разгалінаваная бюракратычная сістэма — гэта таксама істотная перашкода для нармальнага развіцця культуры. Каб узгадніць звычайнае вулічнае прадстаўленне, трэба абабіць парогі ста сарака інстанцый, і яшчэ не факт, што дазволяць. А ў Еўропе праводзяцца фестывалі вулічных тэатраў. З гэтай жа прычыны ў нас у цэнтры няма аніматараў, якія здзіўляюць турыстаў у любой сталіцы свету. Я памятаю, неяк знаёмыя хлопцы-акторы паехалі на «Славянскі базар» папрацаваць аніматарамі. Дык іх мясцовыя гопнікі закідалі смеццем, аблілі півам і заплявалі. І вось пад гэтую публіку сёння падладжваецца дзяржаўны тэатр. Мне здаецца, гэта і ёсць «пошласць», бессэнсоўная да таго ж. Але я радая, што магу спрычыніцца да стварэння альтэрнатыўнай тэатральнай культуры, якая, спадзяюся, калі-небудзь зменіць гэтую сітуацыю.

Ганна Трубачова
Фота: Юля Каляда, Ганна Яфрэменка


2 Каментаў у “Марына Дашук: У афіцыйным тэатры, як і ў музыцы, цяпер «чарка-шкварачны» перыяд”

  1. люся says:

    дзякуй, вельмі цікавае інтервью, але як па мне дык павінны быць таксама і забаўляльныя спектаклі для мас. наконт альтэрнатыўных тэатраў: прабацьце, але патрымліваць іх у беларусі (!) гэта ўжо занадта. хоць сама вельмі люблю і альтэрнатыўныя беларускія тэатры

  2. Сталы says:

    Забаўляльны тэатр – тэатральны маскульт – мусіць зарабляць самастойна. Тэтральны эксперымент і пошук – будучае тэатральнай культуры – мусіць інвеставацца адусюль, і ў першую чаргу – ад дзяржавы, якой неабыякавае культурнае будучае краіны, дзе яна дзяржавіць. Такштэ, Люся, падумаце шчэ раза. ))))

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика