
28 лістапада 2019 года а 17 гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё арт-праекту “Мінітэкстыль”, падрыхтаванага секцыяй мастацкага тэкстылю ГА “Беларускі саюз мастакоў”.
Мастацкі тэкстыль заўсёды быў уважлівы да малых формаў, узаемадзейнічаючы з чалавекам непасрэдна і блізка, дазваляючы адчуць пульс жыцця праз паглыбленне ў дэталі, фактуру і матэрыял.
Творы камерных памераў даюць магчымасць мастаку праявіць сябе праз новыя формы і тэхнікі. Эксперыменты з матэрыялам, выкарыстанне нетрадыцыйных і нехарактэрных для класічнага тэкстылю матэрыялаў і элементаў дазваляюць знайсці нечаканыя творчыя інтэрпрэтацыі тэм. Спектр мастацкіх рашэнняў у міні-тэкстылі надзвычай разнастайны: гэта і класічнае гладкае габеленавае ткацтва, вышыўка, мастацкі лямец і тэкстыльная мазаіка, розныя спалучэння тэхнік і прыёмаў. Можна ўбачыць, што сучасная тэкстыльная пластыка ўсё больш напаўняецца аб’ёмам, часта ўбіраючы ў сябе рысы скульптурнага твора.
Сёння міні-тэкстыль выліўся ў асобны тэкстыльны рух і стаў неад’емнай часткай усяго спектру напрамкаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Біенале міні-габелена праходзяць у краінах СНД, Усходняй, Заходняй Еўропы і Амерыкі. І беларускія мастакі актыўна ўдзельнічаюць у гэтым міжнародным мастацкім дыялогу.
На выставе прадстаўлены творы прафесійных беларускіх мастакоў, членаў секцыі мастацкага тэкстылю Беларускага саюза мастакоў і абласных арганізацый, а таксама студэнтаў творчых ВНУ Беларусі. Акрамя гэтага ў праекце ўдзельнічаюць запрошаныя мастакі-тэкстыльшчыкі з Украіны, прадстаўнікі творчага аб’яднання “Колоарт” г. Роўна.
Куратарам праекта выступае вядомая мастачка, кіраўнік секцыі мастацкага тэкстылю ГА “Беларускі саюз мастакоў”, Вольга Рэднікіна.
Выстава працягнецца па 8 снежня 2019 г.
Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3, “Палац мастацтва”.
Час працы: аўторак-пятніца з 11:00 да 19:00; субота-нядзеля з 11:00 да 19:00.
Панядзелак – выхадны дзень.
Тэлефоны для даведак: +375 (17) 288-15-49; +375 (29) 844-99-68 (МТС);
+375 (29) 264-68-48 (МТС).