
26 верасня 2019 г. а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы Мікалая Мішчанкі “Шляхам творчасці”, прымеркаванай да 70-годдзя мастака.
За шматгадовую творчую дзейнасць Мікалай Яўгенавіч Мішчанка не толькі звяртаўся да розных жанраў і тэхнік выяўленчага мастацтва, але і стварыў свой непаўторны стыль. Жывапісныя і акварэльныя працы мастака добра вядомыя не толькі ў роднай Беларусі, але і далёка за яе межамі.
Акрамя таго, значнае месца ў дзейнасці Мікалая Мішчанкі займае пленэрная работа. За апошнія 15 гадоў ён быў арганізатарам і ўдзельнікам міжнародных пленэраў, прысвечаных памяці класікаў пейзажнага мастацтва В. Бялыніцкага-Бірулі, В. Цвіркі, В. Сідарава.
Працуючы ў непасрэдным кантакце з прыродай, жывапісец па-майстэрску ўлоўлівае і перадае на палатне ледзьве заўважныя адценні і паўтоны, якія ў штодзённым жыцці мы і не заўважаем. З-пад пэндзля мастака на палатне нараджаюцца пяшчотная зеляніна вясны, пах летняга луга, вогненна-рыжая афарбоўка восені, серабрыстасць зімы. Свае суб’ектыўныя ўяўленні майстар апранае ў “эмацыянальную” актыўнасць прыроды і стварае рэалістычныя, простыя, выразна пабудаваныя кампазіцыі.
У экспазіцыі будзе прадстаўлена каля 40 жываісных палотнаў, створаных мастаком за апошнія 15 гадоў. Прадстаўленая ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь выстава твораў Мікалая Мішчанкі – яго творчы шлях, які сведчыць пра бязмежную захопленасць і адданасць майстра свайму рамяству.
Выстава будзе працаваць з 26 верасня па 27 кастрычніка 2019 года.
Куратар выставы: Запека Кацярына, малодшы навуковы супрацоўнік выставачнага аддзела
Тэлефон: +375 17 328-68-27