
Культура як геапалітыка: вектары спадчыны Ежы Гедройца
Пачатак: 25.09 (16:00)Галерэя ''Арт-Беларусь'' ZAL#2
Напярэдадні цырымоніі ўручэння Літаратурнай прэміі Ежы Гедройца, Беларускі ПЭН-Цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Польскі Інстытут у Мінску запрашаюць на дыскусію «Культура як геапалітыка: вектары спадчыны Ежы Гедройца».
Ураджэнец Мінска, Ежы Гедройц першым пасля ІІ сусветнай вайны абвясціў пра неабходнасць аб'яднання высілкаў Польшчы, Украіны, Літвы і Беларусі ў здабыцці незалежнасці, забыўшы тэрытарыяльныя прэтэнзіі і супольныя гістарычныя трагедыі. Дактрына Гедройца-Марашэўскага сталася адной з найбольш уплывовых канцэпцый пры фармаванні знешняй палітыкі адроджанай Польшчы. Разасобленая польская эміграцыя ў асобе Гедройца набыла лідара меркаванняў, чые выданні сталі настольнымі кнігамі для інтэлектуальнай эліты пасляваеннай Польшчы.
Як погляды Ежы Гедройца актуалізуюцца ў ХХІ стагоддзі, з якімі выклікамі сутыкаецца «дактрына Гедройца»; якою сёння, у новы інфармацыйны час, з'яўляецца функцыя тоўстага часопіса. Пра гэта і многае іншае паразмаўляюць дзеячы культуры Беларусі і Польшчы.
Ежы Гедройц – мысляр, выбітны дзеяч польскай эміграцыі, палітолаг, шматгадовы рэдактар парыжскага часопіса «Культура», які аказаў велізарны ўплыў на фарміраванне польскага інтэлектуальнага дыскурсу другой паловы ХХ стагоддзя. Нарадзіўся ў Мінску ў 1906 годзе. Скончыў Варшаўскі ўніверсітэт, працаваў у міністэрствах сельскай гаспадаркі, прамысловасці і гандлю ў 1930-я гады. З пачаткам ІІ сусветнай вайны – на дыпламатычнай службе. Як вайсковец, удзельнічаў у баях у Лівійскай кампаніі. У 1946 годзе заснаваў выдавецтва «Instytut Literacki», што з 1947 па 2000 год выпускала ў Францыі штомесячнік «Культура», які доўгі час нелегальна распаўсюджваўся па тэрыторыі камуністычнай Польшчы. Вакол часопіса аб'ядналіся найлепшыя інтэлектуалы Польшчы і Еўропы: Чэслаў Мілаш, Вітальд Гамбровіч, Густаў Герлінг-Грудзіньскі, Сімона Вайль, Альбер Камю, Томас Эліят, Эміль Чаран. За час рэдактарства Ежы Гедройца ў кніжнай серыі «Бібліятэка «Культуры» выйшла каля 600 кніг актуальнай польскай і перакладной літаратуры. Памёр у 2000 годзе.
Уваход вольны!