Віктар Марціновіч на budzma.by разглядае тры магчымыя варыянты развіцця падзей пасля 8 снежня, калі мае быць падпісаная праграма інтэграцыі Беларусі і Расіі.
Ну ўсё, пацверджанне прыляцела.
Нягледзячы на словы “нахрана патрэбны такі саюз”, іх аўтар у канцы тыдня выпраўляецца ў Сочы, той самы саюз ці то паднаўляць, ці то паглыбляць. Гэтаму, дарэчы, можа папярэднічаць не менш “гістарычны” выступ перад дэпутатамі 5.12 з акцэнтам на ўнутраную “палітычную рэформу”, то сачыце за навінамі.
Так, мы анічога не ведаем пра сочынскія перамовы. Ні што напісана ва ўзгодненых “дарожных картах”. Ні што прапануецца бакамі ў тых картах, якія пакладзеныя пад абрус і мусяць спрацаваць як козыры ў будучай гульні.
Але вось адчуванне, якое мяне не пакідае: нам анічога не кажуць таму, што самі не ведаюць, на што збіраюцца дамаўляцца. Апошнія 25 гадоў у Беларусі палітыка вызначалася не стратэгіяй, а тактыкай. Усе крокі былі імкненнем прадаць кульгавага каня па хутнячку, пад канец базару. Бо прыцемкі. Раней куплялі. Цяпер могуць не купіць, бо гаманец у дужа пільных руках.
Варыянт 1. Станіслаў Панятоўскі.
Поўны пераход Беларусі пад кіраванне Расіі, скасаванне пасады прэзідэнта, знікненне нацыянальнай валюты і адукацыі. Будзе задзейнічаны ў выпадку супадзення наступных фактараў:
а) сітуацыя ў беларускай эканоміцы значна крытычнейшая, чым мы ведаем, і Расія можа істотна яе пагоршыць ці дапамагчы; б) сітуацыя ў беларускай палітыцы значна менш кіроўная, чым мы бачым, і Расія можа яе істотна эскаліраваць ці некага ўратаваць; в) Пуцін зацікаўлены ў Беларусі не толькі для вырашэння пытання 2024; г) сукупнасцю вышэйазначанага Лукашэнка пастаўлены ў небяспеку хуткай і непазбежнай страты прэзідэнцкай улады і ўсведамляе гэта.
Гэты сцэнар вельмі малаімаверны, таму, што цяперашні стан пратэстнай актыўнасці не пагражае анікому; катастрафічныя праявы ў эканоміцы былі б заўважныя тым замежным назіральнікам, хто складае прагнозы і рэйтынгі краін; схільнасць да палітычнага крызісу не дазволіла б настолькі маналітна перажыць настолькі дрэнна праведзеныя выбары.
Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Партрэт Марчэла Бачарэлі, 1786 год.
Варыянт другі. Люблінская унія.
Краіны ўтвараюць федэрацыю, на паперы раўнапраўную, на справе ёй кіруюць са сталіцы большай па памерах дзяржавы. Частка органаў кіравання (парламенты) з’ядноўваюцца, уніфікуюцца законы і кодэксы. Пачынае рэальна працаваць той варыянт саюзнай дамовы, які некалі быў складзены 8 снежня 1999 года і пад які да канца 2000-х РБ атрымлівала субсідыі. На зварот Беларусі даюцца зніжкі па энерганосьбітах, безбар’ерны доступ на рускі рынак і падтрымка (ці прынамсі адсутнасць уціску) падчас наступных прэзідэнцкіх выбараў.
Чытайце таксама: Навука Еўропе
На жаль, гэты варыянт нельга выключаць, бо менавіта да яго, мяркуючы па шматлікіх прыкметах, схіляецца асабіста Пуцін. Гэта той ідэал, да якога будзе імкнуцца расійскі бок, уключаючы ў выпадку супрацьдзеяння ўвесь арсенал аргументаў. Для Пуціна ўсё выглядае так: ён атрымаў у 1999 годзе Беларусь амаль “гатовай на ўсё” і за 1,5 дзесяцігоддзя “страціў” яе бяздумным датаваннем. Відавочна пры гэтым, што для афіцыйнага Мінска гэты варыянт не вельмі пажаданы, бо прадугледжвае істотную страту кантролю над тэрыторыяй. То брыкацца будуць да апошняга.
Карціна Яна Матэйкі “Люблінская унія”, 1869 год.
Варыянт трэці. Блаблабла.
Падпісваецца стос паперак. З цьмянымі, але вельмі аптымістычнымі фармулёўкамі. У паперках абяцаецца хуткае ўтварэнне новага Еўрасаюза, з новай, самай надзейнай у свеце валютай — рубел, з чыгункай, пракладзенай з Брэста праз Байкал адразу на Марс, і г.д. Калі там абяцаецца нешта канкрэтнае — напрыклад, агульны парламент, — не называюцца даты выканання. Калі названая дата выканання — напрыклад, да 1.12.2021, — абяцаецца нешта цалкам няўцямнае, напрыклад, “выхад на агульныя гарызонты знешняй палітыкі”. У рэальным свеце пасля 8.12 не змяняецца нічога, акрамя (магчыма) патанення званкоў і скасавання роўмінгу, а таксама аднаўлення агульнай чаргі для грамадзян саюзнай дзяржавы на пашпарт-кантролі ў аэрапортах.
Чытайце таксама: Future imperfect нашай знешняй палітыкі
Гэты варыянт гэтаксама імаверны, як і “Люблінская унія”, а можа, нават і асноўны. Бо гэта тое, да чаго імкнецца па выніку перамоваў Мінск. Гэта якраз той продаж кульгавага каня ў прыцемках пад закрыццё рынка. Праблема тут толькі адна — грошы за таго кульгавага каня патрэбныя рэальныя.
І пільна.
Віктар Марціновіч, budzma.by
Загалоўнае фота: E.Daneyko, DW
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!