Вандроўны фэст Уладзіміра Караткевіча пры падтрымцы адукацыйнай праграмы SOS-Culture, якая ладзіцца ARTONIST, рады прадставіць экскурсіі праекта «Адрасы Караткевіча». Маршруты, якія сёлета распрацоўваліся для жывой сустрэчы з аматарамі вандровак і літаратуры, праз складаныя ўмовы 2020 года ў Беларусі і свеце былі перанесеныя ў онлайн. Праект прысвячаецца 90-годдзю класіка беларускай літаратуры ХХ стагоддзя.
«На самай мне любай вуліцы з усіх, што ёсць на зямлі...»
Першы адрас Уладзіміра Караткевіча — Орша, вуліца Уладзіміра Караткевіча (Касманаўтаў) 10.
Відэаэкскурсію вядзе пісьменніца, праваабаронца, аршанская суседка сваякоў класіка Паліна Качаткова.
Вы правандруеце па аршанскай вуліцы да дому бацькоў Караткевіча, дзе пісьменнік быў у гады юнацтва і куды вярнуўся за год да смерці. Школа № 1, дзе вучыўся пісьменнік, — будынак пачатку XX стагоддзя ў стылі «мадэрн». Зазірнеце ўдом Караткевіча, пабачыце пуню, на гарышчы якой была напісаная аповесць «Дзікае паляванне Караля Стаха». Вас чакае спуск з гары на бераг Дняпра да ліпаў 1914 года, апяяных адным з вершаў Караткевіча.
«Караткевіч для ўсіх нас зрабіў значна больш, чым звычайны чалавек...»
Наступныя нашы адрасы Уладзіміра Караткевіча знаходзяцца ў Мінску. Гэта вуліца Карла Маркса, 36 — і вуліца Мікалая Чарнышэўскага, 7.
У наватарскім жанры лаканічных відэа-показак мясціны, дзе жыў і працаваў Уладзімір Караткевіч, калі быў ужо вядомым і ўсенародна любімым беларускім літаратарам, вам прадставіць пісьменнік, мастак і сусед Уладзіміра Караткевіча па пад’ездзе па абодвух згаданых адрасах Адам Глобус.
Яшчэ дзве экскурсіі, якія падрыхтавалі паэт і гісторык Антон Рудак (Мінск) і паэт, перакладчык, даследчык літаратуры Вячаслаў Лявіцкі (Кіеў), з’явяцца неўзабаве. Сачыце за абнаўленнямі!