Былы лідар гурта “Новы Ерусалім” выдаў другі сольны альбом, якім засведчыў не толькі тое, што спявак у добрай форме. Патліс паказаў сваю прагу да самаўдасканалення ды імкненне па-добраму здзіўляць сваіх прыхільнікаў і тых, каго яго творчасць раней зусім не кранала.
“Читай мои мысли” – гэта маналіт, дзе ўсё знаходзіцца на сваім месцы. Праграма пачынаецца з двух забойных нумароў. І калі “Мегаполіс” вытрыманы ў пазнавальнай стылістыцы такога хрысціянскага рока-попсу, то “Hello” з вельмі магутным эмацыйным рэфрэнам – трэк для Патліса нехарактэрны, ён нават неяк па-іншаму спявае. І тут жа знікае тая характэрная маркотная навязлівасць у вакале. А найбольш ярка свае вакальныя магчымасці Аляксандр раскрывае ў цудоўнай баладзе “Як я без тебе”, якую ён вырашыў выканаць па-ўкраінску, бо шмат гастралюе па гэтай краіне (па-беларуску спяваць, відаць, для гарадзенца Патліса камерцыйна нявыгадна).
Патліс – яўны фірмач, які добра адчувае драматызм у музыцы, яму б саўндтрэкі пісаць да фільмаў пра наркаманаў. Але ад частага праслухоўвання гэтага дыска засцерагае нейкае пластыкавае гучанне і надта ўжо выпусташаныя тэксты. Пры тым, што калі “Читай мои мысли” адносіць да беларускай поп-музыкі, то гэта, безумоўна, альбом года. І яшчэ, як падалося, у гэтым альбоме выканаўца адышоў ад наўпроставага апявання Усявышняга, няма тут рэлігійнай патэтыкі, якая трохі дакучала раней у яго спевах.
Спампаваць альбом можна тут
Ідэя: 6
Выкананне: 8
Тэксты: 6
Запіс: 7
Аздабленне: 7
Сяргей Будкін