«15 сутак. Учатырох з музыкамі гурта "Рэха" мы правялі 15 сутак у зняволенні. Каб асэнсаваць час за кратамі, я вёў дзённік падзеяў, уражанняў. Замест уступу хачу зрабіць зноску для чытачоў з органаў: успрымайце, калі ласка, гэты тэкст як літаратурны экзэрсіс, а не як доказную базу».
Так Андрусь Такіндаг пасля вызвалення з Акрэсціна вітаў усіх неабыякавых. Поўным складам гурт «Рэха» затрымалі 7 лістапада на Нёманскай, 4 — пасля дваровага канцэрта ў гонар адкрыцця мурала, узгодненага з ЖЭСам. Мы сустрэліся з Андрусём, каб пагаварыць пра тыя самыя «падзеі, уражанні», пра ролю музыкаў у новым беларускім свеце ды іншае, што ў дзённік і папярэднія інтэрв’ю не ўвайшло.
«Ад пачатку восені насіў па двое шкарпэтак і красоўкі без шнуркоў»
— У дзённіку ты кажаш, што прадчуваў затрыманне. Ці значыць гэта, што ты не здзівіўся, калі вашае таксі спынілі сілавікі? Ці можна быць да такога гатовым?
— Быў спадзеў, што нас абмінуць, можа, пабягуць у двор лавіць жыхароў, а музыкаў не заўважаць... Была такая здрадніцкая думка. Асабіста я яшчэ ад пачатку восені апранаўся цёпла, насіў па двое шкарпэтак, штаны без дзягі, красоўкі без шнуркоў. Так што па адзенні я аказаўся гатовы. Гэта дазволіла захоўваць сябе ў чысціні яшчэ да таго, як атрымаў перадачу: майка сушыцца — хаджу ў кашулі...
— Ты, можа, і для «Рэха» праводзіў такі інструктаж?..
— Не, але ўсе мы ведалі пра гэта. І перад кожным канцэртам абмяркоўвалі, ці не варта зрабіць паўзу. А потым думаеш: ай, давайце яшчэ адзін адыграем!.. Мы адыгралі канцэртаў шэсцьдзесят; былі перыяды, калі ладзілі два выступы ў пятніцу, тры — у суботу і па адным — цягам тыдня штодня. Таму не было крыўдна, калі нас затрымалі: мы і ў той дзень некалькі канцэртаў адыгралі. Напярэдадні, 6 лістапада, выступ адмянілі самі жыхары, напісалі, што не змогуць гарантаваць бяспеку
— Чаму вы гэтым займаліся, ведаючы, якія ёсць рызыкі?
— Бо гэта крута. Для музыканта самае вялікае шчасце — быць запатрабаваным. Класна далучыцца да салідарнасці народнай. Для нас гэта быў гонар. І аптымальны варыянт дзеяння. Некаму зручней актыўна праяўляць сябе на шэсцях, рабіць крэатыўныя плакаты, ладзіць перформансы на маршах. Некаму класна валанцёрыць. Для нас самай зручнай і зразумелай формай удзелу аказаліся дваровыя канцэрты.
Удзельнікі гурта «Рэха» розных часоў запісалі кавер на песню «На самым краі» на знак салідарнасці з затрыманымі музыкамі
— Калі ты зразумеў, што трапіш менавіта на Акрэсціна — было страшна? У гэтага ізалятара рэпутацыя значна горшая, чым у Жодзіна, Баранавічаў, Капыля...
— Напачатку нас адвезлі ў РУУС, склалі пратаколы, адбіткі пальцаў узялі, тэлефоны забралі. Самае непрыемнае, калі разумееш, што будуць чытаць перапіскі. Я спачатку сказаў: «Можна я не буду даваць код ад свайго тэлефона? Што на гэты конт кажуць законы?» А мне амапавец у адказ: «Шчас я цябе застаўлю! Шчас ты быстра мне ўсё тут даш!» Я, наколькі мог, рыхтаваўся, канечне, але цяжка ў шпіёна гуляць, калі ты дарослы чалавек, тэлефоны чысціць... Як быццам жонцы здраджваеш.
Калі ўжо сядзелі на Акрэсціна, размаўлялі з сукамернікамі: вось мы ўдваіх сядзім — а летам сядзела дваццаць. Нас у дворык вывелі, і мы разумеем: тут людзі гадзінамі стаялі, ляжалі... Мы разумелі, што гэта месца пакутаў, і была, ведаеш, нейкая своеасаблівая радасць, што мы трапіліся не ў жніўні, а цяпер, калі ўсё намнога больш лайтова. І наогул: я сядзеў з людзьмі, якіх на шэсці затрымлівалі, дык з імі абыходзіліся больш жорстка.
— Чула сумневы, ці варта размаўляць з сілавікамі па-беларуску, «правакаваць». Якую моўную палітыку абраў ты?
— Я па-беларуску размаўляў. І я заўважыў, што шмат у каго з «іх» — натуральнае беларускае маўленне, дзеканне-цеканне ўзорнае, відаць, многія з вёскі прыехалі. Асобна не чапляліся праз мову, адзін раз толькі, калі запытаў, ці не вызваліўся матрац, мне ў адказ гыркнулі «не вызваліўся!» Я так і не зразумеў: ці мне па-беларуску адказалі, ці проста перадражнілі.
— Калі за гэтыя два тыдні табе было найбольш цяжка?
— Спачатку знаходзішся ў троху шокавым стане, звыкаешся з новым месцам. Але я вырашыў, што адразу трэба ўключацца: пачаў адціскацца ад падлогі, мыць адзенне, абжываць камеру. Калі мы толькі прыйшлі, не было туалетнай паперы. Але пасля нам яе далі, і тады жыццё стала як песня. А потым частку нашых музыкаў перавялі, у мяне з’явіўся матрац — больш не трэба на падлозе спаць! Санаторый!
— А ў перадачы што найбольш парадавала?
— Нататнік і асадка. Ежы мне даволі было, кашы іхнія я спакойна еў. А яшчэ вада: паілі толькі два разы на дзень, і ўвесь час хацелася піць. Галоўнае там не хварэць. Калі не хварэеш — усё нармальна пераносіцца. З нашых музыкаў Кастусь (Лісецкі — tuzinfm.by) захварэў: яго этапавалі ў Жодзіна, з Жодзіна — у Магілёў, а ў Магілёве не прынялі, таму што было відавочна, што ён заразны. Цяпер ён у шпіталі. Самае страшнае, што пасля хваробы яму, магчыма, трэба будзе даседжваць сем сутак. Лёня (Паўлёнак — tuzinfm.by) цяпер на ізаляцыі — хварэе дома з пацверджаным кавідам.
— Ці зведаў ты на сабе легендарную беларускую салідарнасць?
— Калі я выходзіў з Акрэсціна, нас процьма людзей сустракала, і жыхары з Нёманскай, дзе нас затрымалі, былі. Усе прапаноўвалі дапамогу, і пасля людзі пісалі, знаёмыя і незнаёмыя, і жыхары Нёманскай, і Фонд культуры... Пакуль што патрэбы такой няма, магчыма, калі будзем аплочваць нашае «ўтрыманне», з’явіцца. Мы не адчуваем сябе самотнымі са сваёй праблемай. У нас ёсць усё неабходнае.
«Упэўнены, там ёсць людзі з добрымі якасцямі. Але яны робяць памылку»
— У тваім дзённіку фігуруе «нармальны міліцыянт». Як ты лічыш, зараз усе, хто застаўся працаваць у сілавых структурах, злодзеі — ці ёсць людзі, якія «проста робяць сваю працу»?
— У грамадстве моцная палярызацыя, і цяжка цяпер сказаць «проста праца». Але гэта не выключае, што ў іх могуць быць цудоўныя асабістыя якасці, што яны могуць дзяцей любіць, спачуваць вязням... Яны і паміж сабой мацюкаюцца, сварацца, гэта таксічная праца, і калі яны груба ставяцца да затрыманых, то і паміж сабой так паводзяцца. Цяпер вялікая колькасць затрыманых, і, можа, яны не спраўляюцца са сваімі эмоцыямі — гэта ж не бамжа аднаго пасадзіць, плынь людзей бясконца ідзе. І так, яны зрываюцца. Упэўнены, там ёсць людзі з добрымі асабістымі якасцямі. Але яны робяць памылку.
— Ты іх не асуджаеш?
— Наадварот, шукаю магчымасць апраўдаць. Таму што ёсць розныя жыццёвыя сітуацыі, у кожнага чалавека — розная сіла характару, розны гарт, і мне прасцей шукаць апраўданні, чым асуджаць.
— Пасля сутак не з’явілася гневу, агрэсіі, жадання помсціць?..
— Яшчэ большае шкадаванне. Разумееш, я выходжу з Акрэсціна, і мяне сустракае процьма людзей: музыканты, сябры, знаёмыя і незнаёмыя, усе вітаюць, фоткаемся, віно п’ем... А яны куды выходзяць? Яны ўвесь час у турме. Гэта яны — вязні. Іх шкада. Іх ніхто не сустракае. Я паспрабаваў на сябе гэта прымерыць, і зразумеў, што я б такое не пацягнуў. Гэта нейкае пекла дабраахвотнае.
— Ты казаў, што калі молішся, то молішся таксама за міліцыянераў і амапаўцаў. Гэта праўда? Што ты просіш для іх?
— На Акрэсціна я спрабаваў сваё жыццё духоўнае «пракачаць»: раніцай рабіў знак крыжа, увечары маліўся, перад ежай, яшчэ і малітоўнік атрымаў ад праваслаўнай царквы... Я пабачыў, што вязнем быць сумна, таму шчыра маліўся за сваіх сукамернікаў і іншых зняволеных. І таксама стала відавочна, як нявесела быць міліцыянерам: брахаць, лаяцца, служыць рэжыму — сабе я такога не пажадаў бы. І таксама абсалютна шчыра за іх маліўся. Чаго я прасіў — не ведаю... Пэўна, радасці, міласэрнасці божай для ўсіх, для бедных вязняў і для бедных міліцыянераў.
— Заўважна, як весела ты пра свае прыгоды распавядаеш. Табе найбольш гумар дапамагаў, ці вера, ці ўсё разам?
— І тое, і тое. Наогул, ты рыхтуешся да больш страшных рэчаў, што табе зараз будуць галаву адкручваць. Прыходзіш — а цябе не б’юць. І ты такі: «Ваў, крута, не б’юць!» — і настрой адразу падымаецца. Папраў шкарпэткі — добры настрой. Схадзіў пакакаў — добры настрой. Там колькасць нагодаў для радасці павялічваецца. А яшчэ ты разумееш, што могуць накінуць яшчэ 15 сутак, таму шукаеш яшчэ больш нагодаў для добрага настрою.
— А калі б цябе проста зараз паклікалі даць канцэрт — ты б змог?
— Калі б запрасілі і быў шанец, што мяне не зловяць, я б падумаў, зразумеў, што мне страшна, — і пагадзіўся. Я патлумачу. Чаму мы гралі канцэрты нават тады, калі музыкаў пачалі лавіць? Таму што нам стала страшна, і я зразумеў: калі адмоўлюся праз гэты страх, ён будзе цягнуцца, будзе вісець нада мной, як дамоклаў меч. А калі кажаш: ай, будзе што будзе! — робіцца лягчэй. Ты ідзеш насуперак страху, каб не стаць ягоным псіхалагічным закладнікам. І цяпер я чакаю бліжэйшых маршаў, каб зразумець, як буду сябе адчуваць.
— Ты ведаеш, ёсць людзі, якія робяць рэпосты, пішуць у сацсетках, падпісваюць звароты — але на акцыі не ходзяць, страшна. І праз гэта адчуваюць віну, пачынаюць самі сябе дакараць...
— Гэта жэсць. Мы не павінны адчуваць віну. Ты сам вырашаеш, куды ісці, куды не ісці. Рызыкі відавочныя, і розныя бываюць сітуацыі. Вось я сядзеў — у мяне няма дзяцей. У Лёні — дачка малая. У Кастуся — дзве малыя дачкі. І мне больш-менш лёгка пагадзіцца на канцэрт. А яны адказныя за сваіх дзяцей, за жонак, у іх куды большыя рызыкі. Я ніякіх смелых учынкаў не здзяйсняю, максімум, чым рызыкую, — сваім асабістым камфортам. А хлопцы рызыкуюць сваімі сем’ямі. Так што няма чаго сябе дакараць, тут трэба выжыць усім і здароўе захаваць.
«Я ўжо даўно святкую перамогу — як толькі пабачыў Мінск у нацыянальных сцягах»
— Як ты мяркуеш, чаму дваровыя канцэрты набылі такую шалёную папулярнасць?
— Я дагэтуль шакаваны! Мы з музыкамі прыйшлі да думкі, што калі ёсць салідарнасць, людзям патрэбны нейкі голас. Гэта ідэнтыфікацыя — аддзяліць сябе ад садыстаў. «Яны» спяваюць «Любимую не отдают» — а што спяваем мы? Музыкі — іх голас. І не толькі музыкі: гісторыкі, тэатральныя дзеячы, паэты... Людзям недастаткова збірацца і моўчкі стаяць, або крычаць «Жыве Беларусь!» увесь час. Людзі сталі цікавыя адно адному. Калі раней полем беларускай цікаўнасці быў Дудзь, то цяпер у нас у саміх штосьці адбываецца, хочацца асэнсаваць самога сябе і наваколле.
— Хтосьці кажа, што абуджэнне беларусаў — гэта цуд. У адказ чуецца абураны голас з боку беларускай інтэлігенцыі: які цуд, мы дваццаць гадоў працавалі дзеля гэтага дня!.. Як на цябе, уздым пайшоў сам сабою ці гэта напраўду заслуга людзей, якія працавалі «ў імя беларушчыны» з сярэдзіны 1990-х?
— Я такога не чакаў. І мне хочацца цешыць сябе думкай, што, можа быць, і мы спрычыніліся таксама, і нашыя песні неяк паўплывалі, але мне цяжка ў гэта паверыць насамрэч — так многа людзей сталі гэтым цікавіцца. Вядома, былі светачы, што ўвесь час сядзелі ў турмах, адстойвалі дэмакратычныя прынцыпы і беларускую культуру, былі нязломнымі. Напэўна, і гэта спрацавала, — але і нешта іншае здарылася. Не ведаю, што.
— Большасць пра тых самаахвярных людзей і не чула. Іх увогуле лічылі фрыкамі.
— Так, яны ўспрымаліся як маргіналы, нямодныя мужчыны і жанчыны з дзевяностых, якія не ходзяць у кавярні, выкраслілі сябе з сучаснага жыцця... А цяпер, бачыш, усё аб’ядналася — і крэатыўны сектар, і змагары са стажам. Усе злавілі агульны рытм. Я ўражаны дагэтуль, што ўвесь Мінск — у бел-чырвона-белых сцягах. Калі пачыналася палітычныя кампанія, я думаў: толькі б не спалохаць людзей гэтай сімволікай нацыянальнай!.. А тут бачу, што самі людзі куды больш да яе звяртаюцца, куды болей крычаць «Жыве Беларусь».
Я ўжо даўно святкую перамогу — як толькі пабачыў Мінск у нацыянальных сцягах. Для мяне ўжо ўсё спраўдзілася. Далей будуць расчараванні, цяжкасці, але зараз — самы рамантычны, прыгожы момант, самы пік, калі зло відавочнае і дабро відавочнае, калі людзі праяўляюць найлепшыя якасці — і тут жа, на кантрасце, хтосьці праяўляе найгоршае, той жа садызм. Вялікае шчасце — жыць у гэтым часе, адчуваць усю сур’ёзнасць і сапраўднасць жыцця. Зразумела, што ў такім вялікім напружанні, на такой высокай ноце немагчыма доўга функцыянаваць. Доўга немагчыма быць высакароднымі. Пасля мы зноў зоймемся пабытовымі справамі, станем дбаць пра сябе, і дай божа, каб усё гэта адбывалася ўжо ў дэмакратычным рэчышчы, у вольнай Беларусі. Так што я асабліва не чакаю цудоўных сюрпрызаў — усе цуды ўжо адбыліся. Я іх бачыў. Можна спакойна перагортваць старонку і жыць будзённым жыццём.
— Ты ведаеш, некаторыя не хочуць «перагортваць старонку» — калі казаць у зразумела якім кантэксце. У людзей ёсць прага помсты.
— Гэта непазбежна. Ім (супрацоўнікам сілавых структур — tuzinfm.by) будуць помсціць, і будуць жорстка з імі абыходзіцца. І зноўку на дапамогу прыйдуць айцішнікі, крэатыўныя рэстаратары, мастакі-музыкі, валанцёры — на дапамогу гэтым міліцыянтам, так. Але ёсць народны гнеў. Яны яго адчуюць рана ці позна. І прагрэсіўнай, вегетарыянскай частцы грамадства давядзецца сачыць за законнасцю. Найлепшы варыянт для гэтых міліцыянераў — суд, разбіральніцтва. Каб, адбыўшы пакаранне за «няправільны выбар», яны супакоіліся, выдыхнулі і зноў сталі часткай беларускага грамадства.
Размаўляла Наста Грышчук, для TuzinFM.by