• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Маё права
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Фотарэпартаж
  • Афіша
  • "Будзьма!" прапаноўвае
01.11.2016 | Літаратура

Аповесць “1813” Уладзіміра Садоўскага (урывак )

Уладзімір Садоўскі аповесць "1813"

Ужо сёння, у электронным продажу з’явілася кніга, мімаходзь якой нельга прайсці. Незвычайны для беларускай літаратуры жанр – зомбі-хорар – увасабляецца на грунце беларускай гісторыі. Уладзімір Садоўскі ў аповесці “1813” стварыў дзівосны свет ажылых мерцвякоў з палеглых напалеонаўскіх жаўнераў, з якімі змагаецца супермэн Міхал Клеафас Агінскі (так-так, той самы!). Неверагоднае для Беларусі чытво зацягвае з першых старонак. Прапануем вам пазнаёміцца з урыўкам з кнігі.

***

З першымі промнямі сонца Агінскі пакінуў замак. Раскіслая дарога не дазваляла пусціць каня поўным ходам, таму калі Міхал уехаў у Маладэчна, сонца стаяла высока. Ад таго, што снег сышоў, мястэчка здавалася яшчэ больш знявечаным. Рэзалі вока чорныя драбы спаленых хат і плямы вырванай зямлі на месцах выбухаў бомбаў. Усё гэта раней было ўтоена ад вачэй пад белым покрывам. Дзіўная цішыня панавала навокал. Парушала яе толькі хлюпанне капытоў Бакаса па дарожным брудзе.

Каля каменнага будынка таксама было пуста, а сам кляштар быў зачынены на ўсе засаўкі. Граф пад’ехаў да канавязі, прывязаў Бакаса і рушыў да ўваходу. Ён пагрукаў у дзверы і гучна назваў сябе. Доўгі час ніхто не адказваў. Агінскі стаў нервова азірацца па баках. Яму не падабалася падазроная ціша і спустошанасць навакольных вуліц. Раптам пачуўся скрыгат засаўкі і палавінка кляшторнай брамы павольна адчынілася. Скрозь невялікі прахон прасунуў галаву невядомы Міхалу манах і пільна паглядзеў на графа.

– Праходзьце. Хутка, – манах працягнуў Агінскаму руку і ледзь не сілком зацягнуў таго ўнутр. Калі дзверы з лязгатам зачыніліся, Міхал апынуўся ў поўнай цемры. Не ведаючы, да каго звяртацца, ён прамовіў:

– Я прыйшоў па дапамогу.

– Вы не першы, – пачуўся голас трынітарыя. Той адчыніў іншыя дзверы. Невялікі пакой напоўніўся цьмяным святлом. – Увесь кляштар запоўнены пацярпелымі, – манах стаў у дзвярным прахоне і жэстам паклікаў графа за сабой.

– Што здарылася? – пераступіўшы парог, Агінскі спыніўся. У калідоры, куды вялі дверы, панаваў паўзмрок. Усе вокны ў памяшканні былі забраныя аканіцамі. Але і пры такім дрэнным асвятленні Міхал змог пабачыць, што ў калідоры поўна людзей. Малыя, старыя, сярэдняга веку, яны купкамі і па адным сядзелі ці ляжалі на падлозе ля сценаў. Праз адчыненыя дзверы келляў бачыліся ложкі з пацярпелымі. Побач з хворымі стала знаходзіўся хтосьці з манахаў. Белыя плашчы з крыжамі вылучаліся сярод шэрай масы зноскаў, у якія была апранута большасць выжылых жыхароў мястэчка. Нягледзячы на вялікую колькасць людзей, у памяшканні было ціха. Толькі час ад часу з келляў даносіўся стогн, а ў калідоры можна было пачуць прыглушаны шэпт – гэта бацькі супакойвалі сваіх дзетак. Здавалася, што ўсе, хто быў у Маладэчне, перамясціліся сюды.

– Французы напалі зноў, – манах шпаркім крокам пайшоў да лесвічнага пралёту, спрытна абмінаючы людзей. Міхал паспяшаўся за ім.

– Як? Адкуль тут могуць быць французы? Яны ж даўно адышлі за межы? – Агінскі незаўважна для сябе перайшоў на гучны шэпт.

– Гэтыя – з тых, хто застаўся, – шматзначна адказаў манах.

– Не разумею.

– Я таксама, – манах падняўся па прыступках да першай пляцоўкі і паглядзеў уніз на Агінскага, – Але з усяго выходзіць, што гэта памерлыя французы.

– Як памерлыя? – Міхал аслупянеў.

– Памятаеце, я расказваў пра Мартэна Кале? – данёсся з вышыні голас плябана. Брат Крыштоф спускаўся з другога паверха.

– Вітаю вас, браце, – Агінскі схіліўся ў паклоне.

– Адзін з местачкоўцаў бачыў афіцэра ўчора ў Маладэчне, – працягнуў плябан, не адказаўшы на прывітанне. Выглядаў ён украй стомленым.

– Вы ж сказалі, што ён памёр, – не зразумеў Міхал.

– Я сам так думаў. Але ўчора французскі жаўнер без рукі разбурыў адзін з намётаў і моцна параніў тых, хто быў унутры.

– Якім чынам?

– Ён пакусаў іх, – плябан змоўк.

– Вось і наш конюх, – прыгадаў Агінскі, – таксама казаў, што ў лесе яго пакусаў шалёны француз.

Плябан са шкадаваннем у голасе прамовіў:

– І цяпер ваш конюх ляжыць з ліхаманкай.

– Так, адкуль вы ведаеце? – здзівіўся Міхал.

– Ва ўсіх пацярпелых такія ж сімптомы, – брат Крыштоф паказаў рукой у бок келляў. – Мы збіраліся ўчора накіраваць у ваш замак пасыльнага з папярэджаннем, але праз наплыў людзей не змаглі гэтага зрабіць. На ўліку былі ўсе працаздольныя людзі.

– Але як такое магло здарыцца? – бедаваў Агінскі. – Я не разумею.

– Пацяплела, – нібы сам сабе прамовіў плябан.

– Што? Я вас не чую, – Міхал падвысіў голас.

– Поле за Вушою было завалена трупамі, пасля бойкі ніхто не парупіўся іх прыбраць, – брат Крыштоф павярнуўся да Агінскага. Пачырванелыя, напоўненыя смуткам і болем вочы плябана, здавалася, глядзелі скрозь Міхала. – Сёння брат Валянцін быў там. Яно пустое. Усе нябожчыкі зніклі. Цяпер яны блукаюць па наваколлі.

– Вы нейкую лухту плецяце, брат. Вы доўга не спалі. Вам трэба адпачыць, – цвердзіў Міхал гучным шэптам. – Мерцвякі не могуць хадзіць.

– Я не спаў, гэта так, – голас плябана быў спакойны, ён нібыта размаўляў сам з сабою. – Але я бачыў усё тое на ўласныя вочы. Гэта так.

– Вы хочаце сказаць, што надыходзіць Апошні Суд? Ці вы проста наслухаліся страшных гісторый ад сваіх французскіх сяброў? – Міхал дазволіў сабе грубасць. Роспачны стан плябана пачаў выклікаць у яго раздражненне. Брат Крыштоф прамаўчаў.

– Добра, – граф вырашыў змяніць тэму. – Скажыце, вы можаце мне дапамагчы і паслаць да нас чалавека, які разбіраецца ў медыцыне?

– На жаль, не, пане сенатару, – не адразу адказаў плябан, – усе занятыя. Брат Крыштоф адвярнуўся да акна і скрозь шчыліну ў аканіцы паглядзеў на двор. – Але я хачу даць вам параду, – плябан усё яшчэ стаяў спінай да графа. – Вам трэба як мага хутчэй вярнуцца ў замак, зачыніць усе дзверы, усе вокны і нікога не ўпускаць. Дакладней, упускаць толькі тых, хто можа назваць сябе. Упускаць жывых, якія могуць гаварыць, бо мерцвякі не здольныя да словаў, – манах рэзка павярнуўся, сухія вочы ўтаропіліся ў Міхала. – Яны здольныя толькі забіваць, – прашаптаў плябан.

Міхал адступіў. Ён нічога не адказаў, моўчкі развітаўся і шпарка пашыбаваў да выхаду. Манах, які сустракаў Агінскага ў кляштары, кінуўся следам, каб зачыніць дзверы.

Выйшаўшы з будынка, граф вылаяўся. “Гэты Крыштоф, мусіць, непрытомны. Дарэмна толькі з’ездзіў”, – думаў Міхал. На дварэ было ўсё гэтак жа ціха і пустынна, але Бакас, які ўвесь час прастаяў на прывязі, моцна расхваляваўся. Конь узбуджана біў капытом, круціў вачыма ў розныя бакі і ржаў.

– Спакойна, Бакас. Усё добра, – Агінскі пагладзіў каня па шыі.

Забіраючыся ў сядло, Міхал думаў над словамі плябана: “Мерцвякі ходзяць, што ён выдумаў? Быць гэтага не можа”. Агінскі накіраваўся да замка. Ён разважаў, як сказаць дзядзьку пра тое, што дапамогі ад трынітарыяў чакаць не варта. Краем вока граф заўважыў рух каля адной з разбураных хат. Там быў чалавек. Стоячы на каленях спінаю да Міхала, ён апусціў галаву і нешта рабіў рукамі перад сабой. “Пэўна, вогнішча раскладае”, – мімаходзь падумаў Агінскі. На мужчыне быў брудны шынэль вайсковага крою. Ён быў настолькі захоплены справай, што не звяртаў на конніка ўвагі. Міхал не стаў яго аклікаць і проста паехаў далей.

Праз хвіліну, калі вершнік знік за паваротам, чалавек азірнуўся. Зямлісты твар мужчыны быў выпацканы крывёй. Скрозь парваныя вусны бачыліся скрываўленыя дзясны з чорнымі зубамі. Здавалася, што чалавек усміхаецца.

Набыць кнігу Уладзіміра Садоўскага “1813” можна ўжо зараз на партале kniharnia.by

 

Tweet

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

Алег Трусаў: Нацыянальная сімволіка для рэжыму – сімвал пратэсту

Экс-дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Алег Трусаў патлумачыў у гутарке з Рацыяй, чаму рэжым стаў так варожа ставіцца да бел-чырвона-белай сімволікі. Алег Трусаў: Нацыянальная сімволіка стала прыкметай...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Фонд культурнай салідарнасці дамагаецца выключэння Белтэлерадыёкампаніі з EBU

Беларускі фонд культурнай салідарнасці BY_culture запусціў кампанію па выключэнні Белтэлерадыёкампаніі з Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза (EBU) і пазбаўленні права трансляцыі і ўдзелу вяшчальніка ў «Еўрабачанні»,...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Смяротнае пакаранне: за паўкроку да адмены?

З тыдзень таму ў інтэрнэт пралезла інфармацыя, якая ў іншы час выглядала б сенсацыяй. Але ў наш час гэтай сенсацыі амаль ніхто не заўважыў — інтэрнэт-сайты збольшага адсправаздачыліся дзяжурнымі паведамленнямі. І дзеля...

valiancina_shauchenka
Музыка

Няправільны тэкст: як песні Naviband «баняць» на конкурсах і святах

Гурт Naviband у сацсетках падзяліўся навіной, што іх песні патрапілі ў «бан» арганізатараў студэнцкіх і школьных конкурсаў і святаў. Еўрарадыё пагутарыла з людзьмі, якія сутыкнуліся з гэтай...

Апошнія навіны

    Грамадства
    Алег Трусаў: Нацыянальная сімволіка для рэжыму – сімвал пратэсту
    Грамадства
    Фонд культурнай салідарнасці дамагаецца выключэння Белтэлерадыёкампаніі з EBU
    Грамадства
    Смяротнае пакаранне: за паўкроку да адмены?
    Музыка
    Няправільны тэкст: як песні Naviband «баняць» на конкурсах і святах
    Адукацыя
    У Польшчы адкрылі дыстанцыйную «Беларускую акадэмію». Пачалі з падрыхтоўкі спэцыялістаў для дзяржорганаў
    Грамадства
    Дачцэ Юліі Слуцкай прыйшоў першы ліст з-за кратаў ад мамы. Пра што піша палітзняволеная?
    Краіна
    На рацэ ў Брэсцкай вобласці ўтварылася велізарнае ледзяное кола. Фота
    Грамадства
    Як бяспечна карыстацца Telegram. Простыя правілы
    Гісторыя
    У Расіі алічбавалі матэрыялы пра блакаду Ленінграда, сабраныя Алесем Адамовічам
    Грамадства
    «Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык выбірае малавядомыя маршруты для падарожжаў і адкрывае нечакана цікавыя факты з гісторыі роднага краю
    Грамадства
    Гародня: музыку абвінавачваюць у перавозцы незалежнага выдання
    Грамадства
    Знаны праваслаўны святар паручыўся за палітвязня Лосіка
    Мастацтва
    Памёр мастак Барыс Забораў
    Літаратура
    Генрых Далідовіч у праграме «Кантэкст». Глядзеце новы выпуск!
    Літаратура
    Новая кніга «Беларускага кнігазбору»: украінскі дзіцячы бестселер па-беларуску

Афіша

  • 06.05 20:00Народны альбом

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Віктар Марціновіч: Пуцін на беларускай сцежцы
    • Інфармацыйныя спецаперацыі супраць Беларусі ў заходніх СМІ
    • 29-гадовы дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея пакідае пасаду
    • Спрэчнае жыццё бацькі беларускай граматыкі
    • Фазэль, бізнес і правы чалавека. Беларускі трыгер еўрапейскай палітыкі

Ахова спадчыны

  • Смуткуем…
  • Сумесныя кансервацыйныя працы
  • Новыя перспектывы супрацы
  • Другое жыццё твора мастацтва
  • Праблема Жыровічскага манастыра вырашана
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM