• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Маё права
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Фотарэпартаж
  • Афіша
  • "Будзьма!" прапаноўвае
02.05.2017 | Гісторыя

«Беларусь магла стаць нарвэскай калёніяй»

З нагоды 72 гадавіны заканчэньня ІІ сусьветнай вайны ў Эўропе Радыё Свабода пачынае цыкл гістарычных перадач. Да 8 траўня на сайце svaboda.org будуць апублікаваныя матэрыялы, прысьвечаныя малавядомым старонкам гісторыкі апошняй вялікай вайны на эўрапейскім кантынэнце.

Першая перадача цыклю «Беларусь пад нямецкай акупацыяй: скандынаўскі сьлед» распавядае пра пляны нарвэскай калянізацыі Беларусі.

У старажытнаскандынаўскай мове ёсьць слова Austerveg. Яно азначае «ўсходні шлях» вікінгаў праз Балтыку і славянскія краіны ў Канстантынопаль. У часы II сусьветнай вайны ў Осла быў створаны аднайменны інстытут. Яго задачай было пашырэньне прасторы Нарвэгіі ва ўсходнім напрамку. Важнае месца ў гэтым праекце займала Беларусь. Генэральная акруга Беларусь у выпадку перамогі Гітлера ў вайне плянавалася ператварыць у пратэктарат Нарвэгіі.

Пра сэнсацыйныя дэталі пляну нарвэскага панаваньня ў Беларусі распавядае гісторык Андрэй Катлярчук, дацэнт Унівэрсытэту Содэртарна, у Швэцыі.

Андрэй Катлярчук

Андрэй Катлярчук

«Нацысты акупавалі Нарвэгію ў красавіку 1940 году. Але армія не здалася, і пачала ваяваць зь немцамі. Кароль і частка ўраду арганізавалі ўрад у эміграцыі. Нарвэгія ў часе вайны была антынацыскай з урадам у Лёндане, але і нацысцкай зь Відкунам Квісьлінгам, імя якога стала ў сьвеце сымбалем здрады. Ён быў нарвэскім афіцэрам, у 1933 годзе ён стварыў сваю нацысцкую партыю і калябараваў зь немцамі. Ён быў нацыст зь ідэямі расавага панаваньня нарвэскай нацыі» — распавядае Катлярчук.

Austerveg – пашырэньне прасторы Нарвэгіі ва ўсходнім напрамку

У Нарвэгіі Квісьлінг лічыўся экспэртам па Расеі. З 1918 па 1923 ён быў і працаваў у Расеі і Ўкраіне. Спачатку быў аташэ нарвэскага пасольства, потым працаваў з Фрыцьёфам Нансэнам, дапамагаючы галадаючай Украіне. У Харкаве, дарэчы, ён пазнаёміўся са сваёй другой жонкай Марыяй — украінкай.

У 1941 годзе Квісьлінг пагаджаецца стварыць нарвэскі легіён СС, які накіравалі на Ленінградзкі фронт. Нарвэжцы ваявалі ў дывізіях «Вікінг» і «Нурланд». Менавіта ўключэньне Нарвэгіі ў актыўную барацьбу на ўсходнім фронце стала штуршком для ідэі расавага панаваньня нарвэскай нацыі на Ўсходзе, гаворыць Андрэй Катлярчук.

«Нарвэжцы пачалі задаваць пытаньне: мы змагаемся супраць агульнага ворага, а што мы атрымаем пасьля перамогі? Дзякуючы апублікаваным у 2010 годзе дакумэнтам мы бачым ліставаньне Квісьлінга і ягонага ўраду з Гімлерам, з Гітлерам пра пляны нарвэскага панаваньня на Ўсходзе. Гэтыя лісты апублікаваныя Нацыянальным архівам Нарвэгіі. Першай прапановай Квісьлінга была Кольская паўвыспа. Нарвэжцы казалі, што там ёсьць нарвэскія вёскі, што там, маўляў, жывуць фіны і саамы».

Шлях з варагаў у грэкі. Менавіта ім нарвэжцы абгрунтавалі прэтэнзіі на тэрыторыі ва Ўсходняй Эўропе.

Шлях з варагаў у грэкі. Менавіта ім нарвэжцы абгрунтавалі прэтэнзіі на тэрыторыі ва Ўсходняй Эўропе.

Праўда Берыя пасьпеў яшчэ ў 1941 годзе дэпартаваць усіх фінаў і нарвэжцаў з Кольскай паўвыспы. Але аддаваць ім Мурманскую вобласьць Гітлер адмаўляецца. Магчыма таму, што ўжо тады там былі заводы па здабычы нікелю. Гэта вельмі важны рэгіён са стратэгічнага пункту гледжаньня. Хто пануем над ім — пануе над усім рэгіёнам Баранцавага і Белага мораў.

Пасьля адмовы ў нарвэжцаў узьнікла ідэя нумар два: калянізацыя Ўкраіны. Андрэй Катлярчук кажа, што дэлегацыя Квісьлінга наведала Роўна, які быў сталіцай нацысцкай адміністрацыі Ўкраіны. Ішлі, быццам бы, вельмі сур’ёзныя перамовы, але немцы ізноў адмовілі нарвэжцам.

«Украіна зь яе выдатнай глебай была марай нацыстаў, — тлумачыць Катлярчук, — так званым лебэнсраўмам для будучай арыйскай расы на Ўсходзе. Гэта тое, што Гітлер плянуе аддаць нямецкаму народу. І пасьля гэтай адмовы, у 1942 годзе, усплывае ідэя пратэктарату над Беларусьсю».

Плян Хартмана

Заняўшы ў 1941 годзе Беларусь, нацысты стварылі Генэральную акругу Беларусь са сталіцай у Менску. Агучваецца ідэя, каб Нарвэгія ўзяла ў сваю адміністрацыю менавіта гэтую генэральную акругу. Хто агучыў такую ідэю? Верагодна першым быў высокапастаўлены афіцэр СС Фэлікс Хартман.

Фэлікс Хартман

Фэлікс Хартман

«Гэта быў чалавек, які кіраваў усімі масавымі забойствамі, і рабіў Галакост у Беларусі, праводзіў антыпартызанскія акцыі. Хартман быў нарвэжцам, але ўжо ў І сусьветную вайну ён змагаўся на нямецкім баку, стаў афіцэрам нямецкага войска. Потым ён застаўся ў Нямеччыне. Быў у вэтэранскіх арганізацыях Баварыі, дзе менавіта і нараджалася ідэя нацызму, пануючай белай расы. Прапанова выйшла ад яго. Ён лістуецца з нарвэжцамі, з Гімлерам, і прапануе: а ці ня ўзяць нам пад свой кантроль Беларусь?» — кажа Катлярчук.

Пляны Хартмана вядомыя з кнігі нарвэскага гісторыка Тэр’е Эмбэрлянда і швэдзкага гісторыка Мэцью Кота. У 2012 годзе яны выдалі па-нарвэску кнігу «Нарвэгія Гімлера: нарвэжцы ў праекце вялікай Нямеччыны». (Emberland, Terje & Kott, Matthew, Himmlers Norge: nordmenn i det storgermanske prosjekt, Aschehoug, Oslo, 2012). У ёй упершыню апублікавалі невядомыя дакумэнты пра плян нарвэскага панаваньня ў Беларусі.

«Плян Хартмана падтрымалі нарвэскія ўрадоўцы. Прапанова Хартмана так і называлася „Плян па адміністрацыі Нарвэгіі ў Беларусі“. Паводле гэтага пляну, нарвэжцы хацелі стаць пануючай расай, заняць усе ключавыя пасады, быць гаспадарамі гэтай краіны. Нарвэскі Вафэн-СС, нарвэскія легіёны, нарвэжцы ў іншых дывізіях, мусілі б цалкам пераехаць у Беларусь. Тады яны знаходзіліся на Ўсходнім фронце, па-за межамі Беларусі. Нарвэжцы абяцалі немцам зьнішчыць партызанскі рух, маўляў, вы пераводзіце сюды наш Вафэн-СС, а мы вырашаем гэтую праблему. Беларусь была вельмі неспакойным рэгіёнам.

Відкун Квісьлінг (у цывільнай вопратцы ў цэнтры), Фэлікс Хартман (першы справа).

Відкун Квісьлінг (у цывільнай вопратцы ў цэнтры), Фэлікс Хартман (першы справа).

У іх былі пляны па перавозцы нарвэскіх палітычных вязьняў у Беларусь. Гаворка пра 40 тысяч чалавек. Іх хацелі трымаць у Беларусі і выкарыстоўваць на розных працах. Быў плян па калянізацыі беларускіх абшараў нарвэскімі сялянамі. Увосень 1943 году кіраўніцтва СС накіравала прапанову міністру замежных справаў Фіну Сторэну распачаць калянізацыю Баранавіцкага рэгіёну. Нарвэжцы пагадзіліся, і кіраўнік бюро МЗС Нарвэгіі Георг Люнд распрацаваў нават „Плян адміністрацыі тэрыторыі 10 тыс. квадратных мэтраў з насельніцтвам 300 000 чалавек“. Гісторыкі напісалі ў сваёй кнізе, што былі ўжо выдзеленыя грошы, каб пачаць калянізацыю з Баранавічаў. Як варыянт называлася Горадня. На гэты конт у іх была дыскусія. У гэтых двух кропках быў моцны нацысцкі кантроль. Нарвэжцы разумелі, што для немцаў Беларусь — не прыярытэт, таму тут ёсьць магчымасьць дамаўляцца».

А беларусы павінны былі быць рабамі. Гэтае слова нават гучыць у крыніцах.

Ці ведалі пра пляны Хартмана беларускія дзеячы ў Менску, якія супрацоўнічалі з нацысцкім акупацыйным рэжымам? Паводле Андрэя Катлярчука, у канцэпцыі Austerveg не было месца для беларускіх нацыяналістаў, якія калябаравалі з нацыстамі.

Агітацыйны плякат Нарвэскага легіёну і Вафэн-СС супраць бальшавізму.

Агітацыйны плякат Нарвэскага легіёну і Вафэн-СС супраць бальшавізму.

«Ані пра Радаслава Астроўскага, ані пра Раду даверу, гаворкі нават не ішло. Гаворка ідзе толькі пра нарвэскую жыцьцёвую прастору на Ўсходзе, каб апанаваць Беларусь. А беларусы павінны былі быць рабамі. Гэтае слова нават гучыць у крыніцах. Дакладна невядома, якое месца ў будучыні адводзілася і самім нарвэжцам. Рэч у тым, што немцы хацелі, каб нарвэжцы анямечыліся, і перайшлі на нямецкую мову. Яны пра гэта адкрыта дыскутавалі. Фэлікс Хартман на гэта пісаў у сваіх лістах, што „агульная барацьба на фронце злучыла нас і, вядома ж, адзіная мова нас таксама злучыць“. Сам ён быў ня супраць анямечваньня» — дадае Катлярчук.

Доказам сур’ёзнасьці намераў па калянізацыі Ўкраіны быў візыт прадстаўнікоў нарвэскай адміністрацыі ў Роўна. Паводле гісторыка Катлярчука, нядаўна ён дазнаўся пра імаверны візыт самога Квісьлінга ў Менск у 1943 годзе. Гэтую вэрсію Катлярчук цяпер правярае ў супрацы з нарвэскімі калегамі.

Праект Хартмана-Квісьлінга ў выніку пацярпеў фіяска. Галоўнай прычынай сталі паразы нямецкага войска на ўсходзе і канфлікты ўнутры нарвэскай адміністрацыі.

«У 1943 годзе ў нарвэскім легіёне адбываюцца канфлікты. Жаўнеры былі незадаволеныя вайною, адбываліся спрэчкі зь немцамі. У сакавіку 1943 году нарвэскі легіён быў распушчаны, а жаўнеры выведзеныя ў Нямеччыну. І калі 3 ліпеня 1944 году Чырвоная армія вызвалілі Менск гэтыя пляны пайшлі на нішто. Таму яны так ніколі і не рэалізаваліся. Але яны былі. І былі сур’ёзнымі, дыскутаваліся на найвышэйшым узроўні — на ўзроўні Гімлера і Квісьлінга, на ўзроўні Гітлера».

Ліст у МЗС Нарвэгіі дасланы Хартманам зь Менску. Здымак: www.arkivverket.no

Ліст у МЗС Нарвэгіі дасланы Хартманам зь Менску. Здымак: www.arkivverket.no

Ці не былі нямецкія абяцаньні нарвэжцам тактыкай адводу вачэй, каб прымусіць нарвэжцаў быць ляяльнымі? На думку Катлярчука, такі аспэкт, натуральна, быў. Невядома, ці атрымалі б нарвэжцы Беларусь, калі б Гітлер перамог. Падобныя абяцаньні, але без канкрэтыкі, немцы рабілі латышам, узамен за стварэньне латыскага легіёну СС. Спробы стварыць свае ўзброеныя фармаваньні, каб размаўляць з нацыстамі на роўных, рабілі і беларусы.

«Ня думаю, што ў беларускім выпадку немцы гатовыя былі ісьці так далёка, але з нарвэжцамі было іншае пытаньне. Самі немцы разглядалі нарвэжцаў як супэрвыдатны арыйскі элемэнт. Як стопрацэнтных арыйцаў, да якіх ніколі не дайшлі іншыя народы. І таму ў расавым сэнсе, у адрозьненьні ад славян, якіх немцы лічылі недачалавекамі, тыя былі выдатным біялягічным элемэнтам, які б мог дапамагчы анямечыць гэтыя прасторы. У немцаў была процьма плянаў. Ніхто ня ведаў, што будзе пасьля вайны, калі б Гітлер перамог. Але ідэя жыцьцёвай прасторы пачала ажыцьцяўляцца яшчэ падчас вайны. Элемэнтам гэтага пляну быў Галакост. Чарговы факт — яны сапраўды пачалі перасоўваць нямецкіх каляністаў на Ўсход. У Беларусь плянавалася перасяліць каля 300 тысяч нарвэжцаў. Можна толькі здагадвацца, што было б на тэрыторыі Беларусі, каб гэты плян перамог. Але адно можна сказаць упэўнена: ніякай Беларусі на мапе сьвету не было б, а нашчадкі беларусаў, калі б і жылі, то толькі ў выглядзе рабоў арыйскай расы. Відавочна, што нават без нарвэжцаў».

Радыё Свабода

Tweet

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

У Мінску развіталіся з Леанідам Лычом

Леанід Лыч пайшоў з жыцця 17 студзеня. Развітанне са знаным гісторыкам, прафесарам, доктарам гістарычных навук адбылося 19 студзеня ў памінальнай залі на Сямашка, 8/8, піша Новы Час. ...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Перакладчыцу Вольгу Калацкую вінавацяць у хуліганстве і пераводзяць у жодзінскае СІЗА

Перакладчыцы Вользе Калацкай прад’явілі абвінавачаньне паводле часткі 1 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу, «Хуліганства». Пра гэта паведаміла прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў, піша Свабода. ...

valiancina_shauchenka
Замежжа

​​​​​​​«Забойства Шарамета будзе раскрытае», — былы спэцназавец Макар даў паказаньні ў Кіеве

Ігар Макар, былы намесьнік камандзіра баявой групы «Алмаз», а цяпер прадстаўнік грамадзянскай ініцыятывы «Беларускі народны трыбунал», расказаў Свабодзе, як даваў паказаньні ў Кіеве ў справе аб забойстве...

valiancina_shauchenka
Каранавірус

Сёння пачнуць вакцыянаваць медработнікаў, што знаходзяцца ў зоне рызыкі

Установы аховы здароўя атрымалі больш за 20 тысяч вакцын. Прышчапляць будуць «Спадарожнікам V», паведамляе Наша Ніва. Будуць прышчэпленыя 2285 медработнікаў Мінска, 3460 Брэсцкай вобласці,...

Апошнія навіны

    Грамадства
    У Мінску развіталіся з Леанідам Лычом
    Грамадства
    Перакладчыцу Вольгу Калацкую вінавацяць у хуліганстве і пераводзяць у жодзінскае СІЗА
    Замежжа
    ​​​​​​​«Забойства Шарамета будзе раскрытае», — былы спэцназавец Макар даў паказаньні ў Кіеве
    Каранавірус
    Сёння пачнуць вакцыянаваць медработнікаў, што знаходзяцца ў зоне рызыкі
    Грамадства
    «Залаты час жыцця, якім трэба карыстацца». Універсітэт Залатога Веку пачынае другі семестр: яшчэ можна паспець далучыцца
    Літаратура
    Як судзілі Святлану Алексіевіч
    Гісторыя
    «Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі
    Літаратура
    Адам Мальдзіс уганараваны дыпломам БІНіМ Канады за 2020 год
    Грамадства
    Стваральнік надпісаў «Жыве Беларусь» на мапе: «Я таксама быў апалітычны»
    Музыка
    Таццяна Грыневіч: Я хачу вандраваць у сваёй вольнай Беларусі
    Фазэль, бізнес і правы чалавека. Беларускі трыгер еўрапейскай палітыкі
    Грамадства
    У Гомелі затрыманы праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка
    "Культурызм" з Віктарам Марціновічам
    Віктар Марціновіч: Пуцін на беларускай сцежцы
    Літаратура
    Цыкл мерапрыемстваў, прысвечаны 100-годдзю Івана Шамякіна, стартуе ў БДУ
    Грамадства
    «64 дні ігнараваньня, праслухоўваньня, запалохваньня». Маці забітага Рамана Бандарэнкі звярнулася да Рэне Фазэля

Афіша

  • 20.01 19:00Анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава
  • 21.01 19:00Літаратурна-музычнае мерапрыемства “Мой Багдановіч”
  • 06.05 20:00Народны альбом

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Ад пракату «Доваду» да закрыцця кінатэатраў. Падводзім вынікі 2020 года ў беларускай кінаіндустрыі
    • Віктар Марціновіч: Пуцін на беларускай сцежцы
    • Інфармацыйныя спецаперацыі супраць Беларусі ў заходніх СМІ
    • 29-гадовы дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея пакідае пасаду
    • Што гэта за танцавальны флэшмоб «Іерусалім», да якога масава далучаюцца ўсё новыя беларусы?

Ахова спадчыны

  • Смуткуем…
  • Сумесныя кансервацыйныя працы
  • Новыя перспектывы супрацы
  • Другое жыццё твора мастацтва
  • Праблема Жыровічскага манастыра вырашана
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM