Па праўдзе кажучы, пачаліся яны, тыя шляхі, ужо пасьля сьмерці вядомага расейскага пісьменьніка. Летась, напрыклад, выстава «Жыць або пісаць. Варлам Шаламаў» аб’ехала некалькі беларускіх гарадоў: Менск, Берасьце, Віцебск, Гародню. З упэўненасьцю, што тут, у Беларусі, дзе ад рэпрэсій пацярпеў кожны дзясяты жыхар, яго, Варлама Шаламава, зразумеюць усе. (А датуль выстава экспанавалася ў Італіі, Люксэмбургу, Украіне, Расеі.)
У лягеры Шаламаву трапляліся людзі з самых розных куткоў тагачаснага СССР, у тым ліку і выхадцы зь Беларусі. Згадаем, што ягоным аднакамэрнікам па Бутырскай турме ў 1937 годзе быў Міхаіл Выган, які нарадзіўся ў 1915-м у Горках Магілёўскай губэрні, але ўжо з 1924-га жыў у Пярмі. Некаторыя ўраджэнцы шматнацыянальнай Беларусі рабіліся прататыпамі герояў пісьменьніка.
Цікава перачытаць творы Варлама Шаламава, адшукваючы ў іх фрагмэнтарныя аскепкі беларускага кантэксту — водгулле з краю, дзе ён пры жыцьці ні разу ня быў.
Так, напрыклад, адразу ў некалькіх апавяданьнях («Сука Тамара», «Багданаў», «Сэнтэнцыя», «Ля стрэмені») прысутнічае каваль Майсей Кузьняцоў — беларускі габрэй з расейскім прозьвішчам. З павагай, захапленьнем і спачуваньнем распавядае пра яго жыцьцёвы шлях В. Шаламаў:
«Суку Тамару прывёў з тайгі наш каваль — Майсей Майсеевіч Кузьняцоў. Мяркуючы па прозьвішчы, прафэсія ў яго была спадчыннай. Майсей Майсеевіч нарадзіўся ў Менску. Быў Кузьняцоў сіратой, пра што, зрэшты, сьведчылі яго імя і імя па бацьку — у габрэяў сына называюць бацькавым імем толькі і абавязкова, калі бацька памірае да нараджэньня сына. Працы ён навучаўся з маленства — у дзядзькі, такога самага каваля, якім быў Майсееў бацька.
Галоўны герой апавяданьня «Рыва-Роччы» (1972) — менскі інжынэр-будаўнік Міхаіл Новікаў, хворы на гіпэртанію, якога асудзілі на 15 гадоў лягеру і адправілі, як і ўсіх, на агульныя работы з кайлом, рыдлёўкай і тачкай «Інжынэр Новікаў быў цяжкі гіпэртонік з заўсёды высокім ціскам каля двухсот сарака ў верхняй лічбе апарата Рыва-Роччы.
Гіпэртонік нетранзытарнага тыпу, Новікаў жыў увесь час пад небясьпекаю інсульту, апаплексічнага ўдару. Усе гэта ведалі і ў Менску, і ў Магадане. На Калыму забаранялася вазіць такіх хворых — дзеля гэтага і існаваў мэдагляд. Але з тысяча дзевяцьсот трыццаць сёмага году ўсімі мэдычнымі ўстановамі турмаў, перасылак і лягераў — а для этапу Ўладзівасток-Магадан гэты загад двойчы пацьвярджалі для зьняволеных спэцлягераў, для КРТД і ўвогуле для кантынгенту, якому прызначалася жыць, а галоўнае — паміраць на Калыме, — усе абмежаваньні па інваліднасьці і па ўзросьце былі зьнятыя».
Згадваецца ў апавяданьні і юрыст Блумштэйн, таксама мянчук, зь якім інжынэр Новікаў разам прайшоў і беларускую турму, і лягер Калымы.
У апавяданьнях «Пратэзы», «Ля стрэмені», «Справа Стукава» згадваецца сьледчы, чэкіст зь беларускім прозьвішчам Песьнякевіч, маці якога да рэвалюцыі ўтрымлівала ў Менску бардэль. Не зьдзіўлюся, калі найбольш цікаўныя краязнаўцы адшукаюць яго былое месцазнаходжаньне, калі гэта, вядома ж, не прыдумка пісьменьніка.
Цікава, што Варлам Шаламаў меў творчыя кантакты зь менскім габрэйскім паэтам Хаімам Мальцінскім. Іх знаёмства адбылося ў 1968 годзе ў маскоўскім выдавецтве «Советский писатель», зь якім Шаламаў час ад часу супрацоўнічаў як перакладчык. Яшчэ ня бачыўшы твораў Мальцінскага, але ведаючы пра яго лёс («…габрэй, ды яшчэ інвалід з ваенным пратэзам, ды яшчэ лягернік, ды яшчэ паэт, які піша вершы»), Шаламаў вырашыў: «калі хоць радок будзе ў гэтых вершах пра ўдзячнасьць за лёс і навуку, хоць бы ў самай завэлюмаванай форме, я новых вершаў не вазьму, адмоўлюся». Але ў Мальцінскім ён не расчараваўся:
«Прывозяць вершы. Я праглядаю тое, што мне дасталося (мы перакладаем напалам з Озеравым) і нічога „кампрамэтуючага“ не знаходжу. І бяру. Потым прагледзеў дома. Гэта — паэт, з божай ласкі паэт-самавук, разьбіты жыцьцём у лягеры і вайной. Расколіна па сэрцы, трывога, але ні радка, ні гуку, што было б подлым, няшчырым. Вось такі герой. Увесь тон абвінавачаньня прыхаванага, адкрытасьць, крыўда. Я абяцаў яму і Рэгістану зрабіць усё, што ў маіх літаратурных сілах, каб гэтыя вершы ня страцілі тых якасьцяў, якія ўсялякі верш заўсёды губляе пры ўсялякім, нават геніяльным перакладзе. Сёньня ён быў у мяне — Мальцінскі Хаім Ізраілевіч. Яго маці, жонку і дзяцей немцы забілі. Я пахваліў вершы, сказаў, што для мяне самае галоўнае, каб Вы нічога не забылі. Ні Гітлера, ні Сталіна. Але і па вершах бачыў, што аўтар не забудзе, не зьбіраецца забываць. Няма вершаў „прахадных“ ці фальшывых, а шчасьце — габрэйскае шчасьце, жарты — габрэйскія жарты», — дзяліўся ўражаньнямі Варлам Шаламаў у лісьце да свайго сябра Якава Гродзенскага.
У выніку В. Шаламаў пераклаў каля ста твораў вядомага габрэйскага паэта. У кнігу Х. Мальцінскага «Бьется сердце родника» (Москва, 1969) увайшло 56 вершаў у перакладзе В. Шаламава. Напрыклад, вось гэты:
- * *
Хожу я по опушкам,
Наверное, века.
Всегда наша кукушка
Поет издалека.
Кукушкина потеха,
Известно ветерку,
Что тут — вся прелесть в эхо,
А не в самом «ку-ку».
Менавіта як аўтара вершаў напачатку — безумоўна, яшчэ пры жыцьці — ведалі ў Беларусі і самога Варлама Шаламава. Некаторыя беларусы рэпрэсаванага пакаленьня цікавіліся яго творчасьцю, сачылі за яго кнігамі і публікацыямі. Сярод іх — паэт і празаік Мікола Хведаровіч, у архіўным фондзе якога захаваліся газэтныя выразкі з артыкуламі пра творчасьць розных аўтараў, у тым ліку рэцэнзія Алега Міхайлава «По самой сути бытия» на паэтычную кнігу В. Шаламава «Дорога и судьба». Гэта 1967 год — час першых замежных публікацый «Калымскіх апавяданьняў», якія прынесьлі пісьменьніку сусьветную вядомасьць.
Параўноўваючы творчасьць Варлама Шаламава і набыткі беларускай лягернай прозы, ёсьць над чым задумацца. Кідаецца ў вочы пэўная адрознасьць літаратурнай традыцыі. У Шаламава проза навэлістычная, чэхаўская, тут пераважае малая форма — сьціслая, ёмістая, з самадастатковай замкнёнай структурай. Гэта простыя, аб’ектывізаваныя «страшныя карцінкі», якія паказваюць чалавека ў памежным стане, на грані фізычнага і маральнага выжываньня. У пераважнай жа большасьці беларускіх аўтараў — цяга да дакумэнтальнага эпасу, нон-фікшну, імкненьне паступова, ва ўсіх падрабязнасьцях і з часам філязофскімі, а часам гнеўна-асуджальнымі публіцыстычнымі адступленьнямі расказаць пра пройдзены жыцьцёвы шлях.
Чым жа абумоўлена такая адрознасьць? Агульнымі асаблівасьцямі разьвіцьця беларускай і расейскай літаратуры? Або ўсё ж тым, што пісьменьнікі, якія маглі б разьвіваць навэлістычны жанр у нашай літаратуры, былі папросту фізычна зьнішчаныя — расстраляныя або памерлыя ад хваробаў, набытых у лягеры? У 1954 годзе, калі Варлам Шаламаў пачаў пісаць «Калымскія апавяданьні», у нас ужо не было ні Максіма Гарэцкага, ні Міхася Зарэцкага, ні Лукаша Калюгі, ні Кузьмы Чорнага… Ахвярамі рэпрэсій сталі, паводле падлікаў дасьледчыкаў, больш за 80% беларускіх літаратараў (а яшчэ частка, дадамо, загінула на Другой сусьветнай вайне), а такога вынішчэньня любая — нават самая багатая на традыцыі, стылі, жанры і формы — літаратура не вытрывае без сур’ёзных наступстваў. І ня толькі літаратура, а культура і нацыя ўвогуле.
Але да канца зьнішчыць беларускую культуру не атрымалася. Што ж, не было ў нас свайго Шаламава — дакладней, такога прадстаўніка лягернай прозы, якога называлі б «самым вялікім пісьменьнікам ХХ стагодзьдзя» (паводле Сьвятланы Алексіевіч). Але мы маем такія творы, як «У капцюрох ГПУ» Францішка Аляхновіча, «Унжлаг» Платона Крэня, «Успаміны з жыцьця пад савецкай уладай і з пабудовы Беламорскага каналу» Пятра Палягошкі, «На крыжовай дарозе» Аўгена Калубовіча, «Споведзь» Ларысы Геніюш, «Рысы майго пакаленьня» Вячаслава Шыдлоўскага, «Такія сінія сьнягі», «Зона маўчаньня» і «З воўчым білетам» Сяргея Грахоўскага, «Празь церні й завалы» Пятра Бітэля, «Мая Галгофа» Ядвігі Бяганскай, «За калючым дротам» Паўла Пруднікава, «Горкая далячынь» Яна Скрыгана, «Цар-зэк Сямён Івашкін» Васіля Хомчанкі, «Штрыхі з успамінаў» Васіля Супруна… Гэта сьведчаньні людзей, якія цудам вярнуліся са сталінскага пекла, дзе большасьць ня выжыла. Творы, якія пісаліся, думаецца, перадусім для нашчадкаў. І сёньня, калі раз-пораз чуюцца рэплікі ў апраўданьне Сталіна і дзе-нідзе на вуліцы можа нават мільгануць яго партрэт, такія кнігі і публікацыі выглядаюць добрым супрацьядзьдзем.