Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі атрымаў элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Традыцыйнае белаўзорнае ткацтва Панямоння», адроджаны калектывам аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, паведамляе tv-lida.by. Такое рашэнне было прынята 23-га студзеня на навукова-метадычнай радзе ў Міністэрстве культуры Беларусі. Акрамя таго, ён увайшоў у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
Унікальнай, уласцівай толькі для Прынёманскага рэгіёна тэхнікай «белаўзорнае ткацтва» сёння валодаюць лічаныя людзі. Адзін з такіх майстроў — 26-гадовы лекар з Ліды Яўген Маркевіч. У 12 гадоў ён паспрабаваў папрацаваць на бабуліным ткацкім станку і з тых часоў сур’ёзна захапіўся гэтым відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.