• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Маё права
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Фотарэпартаж
  • Афіша
  • "Будзьма!" прапаноўвае
18.10.2017 | Асоба Беларусы свету

«Дабрачынны канвой вёз у Беларусь гуманітарную дапамогу, а на зваротным шляху – выданні для «скарынаўкі»»: Марыя Міцкевіч пра гады працы з дабрачыннымі арганізацыямі і беларусамі замежжа

Займацца дабрачыннасцю ў Беларусі – справа нялёгкая. Аднак усмешкі дзяцей і ўдзячнасць бацькоў кампенсуюць наступствы хісткага заканадаўства, неабходнасць справаздачаў і непазбежнасць шматгадзіннага мытнага дагляду. Больш за дваццаць гадоў Марыя Міцкевіч суправаджае гуманітарныя канвоі, курыруе аздараўленчыя і адукацыйныя праекты, сумяшчаючы дабрачынную дзейнасць з адказнасцю быць унучкай Якуба Коласа і Янкі Маўра.

Беларускія дзеці падчас адпачынку ў Вялікабрытаніі

Беларускія дзеці падчас адпачынку ў Вялікабрытаніі

Першае знаёмства з беларусамі замежжа адбылося ў Кліўлендзе

Маё першае знаёмства з беларусамі замежжа адбылося ў 1990-м годзе, калі я трапіла на з’езд беларусаў замежжа ў Кліўлендзе. Нас сустракалі ў нацыянальных строях і па-беларуску, што ў той час ды ў іншай краіне было вельмі незвычайна. Дзякуючы гэтай сустрэчы я пазнаёмілася з Вітаўтам Кіпелем, Янкам Запруднікам, Юліяй Андрусішынай, Міколам Прускім, Івонкай Сурвілай, упершыню сустрэлася з малодшым братам майго дзеда Міхасём Міцкевічам. На з’езде ішла гаворка пра дапамогу Беларусі пасля Чарнобыльскай катастрофы. Аказалася шмат зацікаўленых, бо гэта быў той момант, калі эміграцыя хацела і магла дапамагчы.

У Беларусь ехаў гуманітарны груз з тонамі лекавых сродкаў для ахвяраў чарнобыльскай радыяцыі

У пачатку 90-х дапамогу ахвярам чарнобыльскай радыяцыі ўзяў на сябе Беларускі народны фронт «Адраджэнне». БНФ праводзіў чарнобыльскія і экалагічныя акцыі, мітынгі, паездкі ў забруджаныя раёны, жалобныя набажэнствы. 30 верасня 1989 года ў Мінску адбыліся народнае шэсце і мітынг «Чарнобыльскі шлях». У 1991 годзе быў арганізаваны «Народны трыбунал», які разглядаў, наколькі эфектыўна пераадольваюцца вынікі чарнобыльскай катастрофы. У красавіку 1998 года Генадзь Грушавы ўзначаліў Камітэт БНФ «Дзеці Чарнобыля», які праз два гады быў зарэгістраваны дабрачынным фондам. Шмат у якіх краінах пачалі стварацца грамадскія арганізацыі дапамогі пацярпелым рэгіёнам. Аднак кіраўніцтва многіх шпіталяў адмаўлялася ад лекаў і вітамінаў, забараняла сустрэчу з дактарамі, калі рабілася вядома, што дапамога ідзе праз БНФ.

З 1990 года ў Беларусь з дапамогай прыязджаў айцец Аляксандр Надсан, які годам раней арганізаваў у Лондане Беларускі камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі, што меў сваіх прадстаўнікоў у розных краінах свету: айца Язэпа Сіру – у ЗША, Раісу Жук-Грышкевіч – у Канадзе, Міхася Лужынскага – у Аўстраліі, Міхася Наўмовіча – у Францыі. У Лондане айцу Аляксандру дапамагалі журналістка і пісьменніца Вера Рыч, Павал Асіповіч, Міхась Баяроўскі, Янка Міхалюк. Дзякуючы намаганням камітэту ў Беларусь ехаў гуманітарны груз з тонамі лекавых сродкаў, якія размяркоўваліся па шпіталях Мінска, Гомельшчыны і Магілёўшчыны.

Чарнобыльскі шлях

Чарнобыльскі шлях

Нам патрэбная была дабрачынная арганізацыя, не звязаная з палітыкай

Я часта суправаджала айца Аляксандра Надсана ў паездках па чарнобыльскім рэгіёне Беларусі і бачыла, з якімі цяжкасцямі часам ідзе размеркаванне гуманітарнага грузу. Пасля першай паездкі мы прыйшлі да высновы, што трэба стварыць дабрачынную партнёрскую арганізацыю, не звязаную з палітыкай. З яго бласлаўлення 26 красавіка 1993 года, на 7-я ўгодкі Чарнобыльскай катастрофы, у Доме літаратара адбылася прэзентацыя Дзіцячага фонду духоўнага і культурнага адраджэння «Сакавік». Мы лічылі, што аўтарытэт майго дзеда, народнага паэта Якуба Коласа, будзе спрыяць у вырашэнні складаных арганізацыйных пытанняў. Назва фонду сімвалізуе адраджэнне Беларусі. На вечарыне гучаў верш Наталлі Арсенневай «Сакавік», а капэла спявала «Магутны Божа». З таго дня пачалася праца, якая працягваецца амаль 25 гадоў.

Дабрачынны канвой вёз у Беларусь гуманітарную дапамогу, а на зваротным шляху – выданні для «скарынаўкі»

Па-першае, мы займаліся размеркаваннем і дастаўкай гуманітарнай дапамогі, а таксама дапамагалі нашым сябрам замежжа арганізаваць сустрэчы ў дзіцячых дамах і іншых арганізацыях, ладзілі знаёмства з дактарамі. Бо нават для наведвання пэўнай установы патрэбны дазвол, а для дапамогі – стос папераў. Працэдура іх атрымання штогод ускладнялася нашым заканадаўствам. Раней гуманітарную дапамогу можна было прыехаць і аддаць, цяпер яе трэба браць на захоўванне і пісаць план размеркавання, узгадняць ў Дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці, чаму папярэднічаюць гадзіны, праведзеныя на мытні.

Спачатку гуманітарную дапамогу складалі лекі і вітаміны, разнастайныя медыцынскія матэрыялы.

Спачатку гуманітарную дапамогу складалі лекі і вітаміны, разнастайныя медыцынскія матэрыялы.

Дзякуючы айцу Аляксандру Надсану пачалося супрацоўніцтва з дабрачыннымі арганізацыямі Вялікабрытаніі і Ірландыі. Іх прадстаўнікі прыязджалі з вялікімі канвоямі, і нават падаравалі фонду «Сакавік» машыну хуткай дапамогі, на якой можна было развозіць грузы па Беларусі. Спачатку дапамогу складалі лекі і вітаміны, разнастайныя медыцынскія матэрыялы. Аднак пасля мы прыходзілі да галоўнага ўрача, і той даваў запыт. Калі машына едзе з гуманітарным грузам, варта прывозіць тое, што трэба. У снежні мінулага года мяне запрасілі на адкрыццё новай беларускай царквы ў Лондане і папрасілі разабраць архіў айца Аляксандра, звязаны з гуманітарнай дзейнасцю. Сярод іншага мне сустрэўся вялікі стос запытаў ад дактароў, па якіх ён замаўляў неабходныя рэчы.

Падчас прыезду айца Алясандра Надсана ў Беларусь з дабрачынным канвоем

Падчас прыезду айца Алясандра Надсана ў Беларусь з дабрачынным канвоем

Дабрачынны канвой вёз у Беларусь гуманітарную дапамогу, а на зваротным шляху я слала выданні ў «скарынаўку» – бібліятэку імя Францыска Скарыны ў Лондане. А калі сама ездзіла на машыне, сталыя эмігранты перадавалі на Беларусь дарагія для іх, але ўжо не цікавыя наступнаму пакаленню выданні – прысвечаныя радзіме газеты, часопісы, кнігі. Частка была перададзеная ў Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны, частка захоўваецца ў мяне. Аднак я планую перадаць эміграцыйныя выданні ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, у аддзел, прысвечаны беларускай эміграцыі.

Беларусы замежжа збіралі грошы на канвоі і шукалі ахвочых дапамагчы

Беларусы замежжа вельмі шмат дапамагалі: яны збіралі грошы на канвоі, знаходзілі сем’і, гатовыя прыняць беларускіх дзяцей, шукалі арганізацыі, якія маглі падтрымаць Беларусь. Шмат сродкаў ішло праз царкву. Разам з айцом Аляксандрам гуманітарныя грузы суправаджалі Сяргей Дзейка, Тодар Жынгель, Язэп Мошчык, Міхась Баяроўскі з Вялікабрытаніі, Святаслаў Каржанеўскі з Аўстраліі. На сабраныя грошы набывалі лекі і неабходную апаратуру. Так, на замову беларускіх дактароў Міхасём Наўмовічам (Францыя) быў набыты апарат ультрагуку. А на святы абавязкова везлі для дзяцей падарункі. У ЗША вельмі дапамагаў Мікола Прускі, у Канадзе – Івонка Сурвіла, Раіса Жук-Грышкевіч. Нашыя беларусы збіралі сродкі на разнастайныя праекты і праз Беларускую царкву ў Канадзе. У Нью-Ёрку ішла дапамога праз майго сваяка Алеся Міцкевіча. Ён выдаваў інфармацыйны лісток, што распаўсюджваўся сярод амерыканскіх беларусаў. Сярод іншага там друкаваліся мае інтэрв’ю, і чытачы маглі даведацца пра нашыя патрэбы і чымсьці дапамагчы .

Ірландскія валанцёры дапамагаюць дзецям і дарослым з псіхічнымі захворваннямі

Вельмі многа для нашай краіны зрабілі ірландскія дабрачынныя арганізацыі. Аднойчы ў вёску Караліна ў Стаўбцоўскім раёне прыехаў канвой з 60 ірландцаў. Дапамагалі і іншым дзіцячым дамам – у Станькаве, Караліне, Язоўках, Чэрвені, Тарасіках, Гарадзішчах і г.д. У Беларусь і цяпер прыязджае шмат ірландскіх валанцёраў – у дамы-інтэрнаты, дзе ўтрымліваюцца дзеці і дарослыя з псіхічнымі захворваннямі. У гэтым напрамку можа не кожны пайсці – быць сярод незвычайных людзей. А ірландскія валанцёры прыязджалі – кармілі, гулялі, прывозілі гуманітарную дапамогу і неабходнае абсталяванне, рабілі рамонт.

Лім О’Мара жыве на дзве краіны – Беларусь і Ірландыю

Адзін з ірландскіх валанцёраў ужо шмат гадоў жыве на дзве краіны – Беларусь і Ірландыю. Ён атрымаў від на жыхарства ў нашай краіне. Нашае знаёмства ірландскі манах Лім О’Мара згадвае ў адной са сваіх кніг, прысвечанай Беларусі. Усё пачалося з вялікіх канвояў, якія суправаджала знакамітая ірландка Эдзі Роўч. Мне трэба было зрабіць справаздачы аб іх паездках па Беларусі. Аднаго з кіроўцаў канвою звалі Лім, і я хацела з ім паразмаўляць, каб скласці ўяўленне пра маршруты. Лім знайшоўся ў Мазыры. Я яму пазваніла, аднак ён аказаўся зусім не тым Лімам. Тым не менш мы пагаварылі і дамовіліся на сустрэчу. Лім О’Мара хацеў працаваць у Беларусі, знайшоў сабе школу на Лунінеччыне і там выкладаў ангельскую мову. Незадоўга да нашага знаёмства ён ужо збіраўся вяртацца ў Ірландыю, бо не ведаў, чым яшчэ можа дапамагчы. Тады я адвезла яго ў Чэрвенскі дом-інтэрнат, і Лім ужо 20 гадоў працуе з гэтай установай. Больш за тое, ён змог адкрыць уласны фонд, які назваў «Добра тут».

Адно з вялікіх дасягненняў Ліма – Дом Сары ў Мінску, грошы на будаўніцтва якога ён збіраў у Ірландыі. Гэты Дом працаваў як дзённы цэнтр для дзяцей з разнастайнымі адхіленнямі, якіх бацькі трымаюць дома. Пакуль дзеці пад наглядам, дарослыя могуць вырашыць свае справы, і гэта істотная дапамога. Больш за тое, у Доме спыняюцца валанцёры, якія прыязджаюць у Беларусь на працу, госці, а таксама выхаванцы дзіцячых дамоў, якія прыязджаюць наведаць Мінск.

У Ірландыі бачныя вазочнікі і інваліды, а нашым няма куды дзецца

Калі я прыязджаю ў Ірландыю, іду ў карцінную галерэю ці ў басейн, усюды сустракаю людзей у вазках. У нас інвалідаў на вуліцах амаль не бачна. Нават калі дзе-небудзь ёсць пандус, няма гарантыі, што вазок пройдзе ў дзверы. Калі валанцёры пачалі выводзіць на вуліцу дзяцей з Чэрвенскага дома-інтэрната, аказалася, што некаторыя местачкоўцы нават не ведалі пра іх існаванне. Больш за тое, у нас зусім іншае выхаванне. Аднойчы я была з групай дзяцей у Англіі. Сярод дзяцей быў хлопчык з хворай нагой. Калі надышоў час гуляць у футбол, нашыя дзеці прасілі Сяргейку адысці і не перашкаджаць. Ангельскія дзеці, наадварот, падыходзілі найперш да Сяргея і запрашалі ў гульню. На жаль, у нашай краіне з табой не будуць гуляць, калі ты не такі, як усе.

Больш чым сотня беларускіх дзяцей штогод выязджае на аздараўленне ў Ірландыю, Англію, Уэльс

Яшчэ адзін напрамак дзейнасці фонду «Сакавік» – аздараўленне дзяцей за мяжою. Дзякуючы айцу Аляксандру на пачатку дзейнасці Камітэта дапамогі ахвярам радыяцыі беларускія дзеці пачалі выязджаць на аздараўленне ў Вялікабрытанію. Выязджалі некалькі разоў на год групамі ад 6 да 90 чалавек. Штогод больш за сто дзетак атрымлівалі магчымасць выехаць за мяжу. Жылі дзеці ў сем’ях і мелі добра падрыхтаваную і насычаную праграму. Мы спрабавалі вазіць дзяцей у розныя краіны, у тым ліку ў Італію і Іспанію. Аднак у тых арганізацыях адсутнічалі беларускія прадстаўнікі, і часам было складана вырашаць розныя пытанні. Таму мы аддавалі перавагу арганізацыям, якія адшукалі беларускія эмігранты. Найчасцей мы суправаджалі групы ў Англію, Ірландыю, Уэльс.

Марыя Міцкевіч і айцец Аляксандр Надсан

Марыя Міцкевіч і айцец Аляксандр Надсан

Айцец Аляксандр Надсан знайшоў для Дзіцячага фонду «Сакавік» надзейнага партнёра – Джанет Вадамс з ангельскага горада Рай. Царква Святой Марыі дапамагла знайсці сем’і для размеркавання беларускіх дзяцей. Былі праведзеныя медыцынскія кансультацыі, лячэнне і аперацыі ў ангельскіх шпіталях. Арганізацыя Chernobyl Children Rye таксама дапамагала ў стварэнні дзіцячых хоспісаў на тэрыторыі Беларусі. У Вялікабрытаніі існуе і беларуска-ангельская дабрачынная арганізацыя CelticCross, якой кіруюць Джон і Марына Купер. Марына працавала намеснікам Дзіцячага фонду «Сакавік» і ўдзельнічала ва ўсіх праграмах. Пасля пераезду ў Вялікабрытанію Марына працягвае гуманітарную дзейнасць. Разам з мужам яна арганізоўвала адпачынак беларускіх дзяцей у сваім рэгіёне. CelticCross таксама дапамагае сацыяльным цэнтрам у Брагіне і Камарыне Гомельскай вобласці.

Мама Марсія і тата Майкл

Зноў жа дзякуючы айцу Аляксандру мы пазнаёміліся з фондам каталіцкіх сем’яў ва Уэльсе – Victims of Chernobyl Children’s Fund. Каталіцкая царква Святога Патрыка аб’яднала людзей, якія хацелі дапамагаць Беларусі. Фонд узначаліла Марсія Дойл. Так завязалася сяброўства дзіцячага фонду «Сакавік» з Марсіяй і Майклам Дойламі, якое працягваецца ўжо больш за дваццаць гадоў. Вёску Калдыкот каля Ньюпарта ведаюць сотні дзяцей з Беларусі, якім пашчасціла паехаць на аздараўленне і адпачынак да ангельскіх бацькоў. Мама Марсія і тата Майкл не шкадавалі сілаў, каб зрабіць адпачынак беларускіх дзяцей цікавым і карысным для здароўя.

Кожны год з таго часу ў Беларусь адпраўляліся канвоі з гуманітарнай дапамогай, якія збіралі і арганізоўвалі валійскія сябры і іх арганізацыя Victims of Chernobyl Children’s Fund. Грузы перадаваліся дзіцячым дамам і школам-інтэрнатам у Рэчыцы, Васілевічах, Бабічах, Івянцы, шпіталям Брагіна, Калінкавічаў, Бялынічаў, Магілёва. Не раз Марсія і Майкл былі ў самых забруджаных рэгіёнах, нават у зоне адсялення за вайсковым кардонам і на мяжы з Украінай, бачылі пакінутыя хаты, закапаныя ў зямлю вёскі, кінутыя школы і дзіцячыя садкі. Апошні канвой з гуманітарным грузам, які везлі Марсія і Майкл, не пусцілі ў Беларусь. Давялося шукаць месца для разгрузкі ў Польшчы. Але гэта здарэнне не спыніла дзейнасці арганізацыі. У мінулым годзе Марсія і Майкл сабралі грошы для правядзення рамонтных работ бальніцы ў Жыткавічах.

Беларускія дзеці падчас адпачынку ў Вялікабрытаніі

Беларускія дзеці падчас адпачынку ў Вялікабрытаніі

Даведацца, каму патрэбная дапамога, мне дапамагала праграма «Экалогія душы»

Каб ведаць, каму патрэбная дапамога, мне давялося самой паездзіць па краіне. У гэтым мне дапамагала праграма «Экалогія душы». Разам з тэатрам «Дзея» – цяпер гэта Новы драматычны тэатр – мы ездзілі з дабрачыннымі спектаклямі для дзяцей у школы-інтэрнаты. Пакуль ішоў спектакль, я магла даведацца, якія патрэбы ёсць у арганізацыі. Праграму дапамагалі спансараваць нашыя замежныя сябры і беларусы замежжа. Да гэтых дзяцей у тыя часы мала хто прыязджаў, яны жылі ў сваім асяроддзі, нікога не бачылі, таму нам былі радыя і вельмі дапамагалі. Многія артысты плакалі, калі бачылі, для каго выступаюць. Дзеці прасілі, каб мы прыязджалі часцей. З дазволу Міністэрства адукацыі мы наведвалі жаночую рэжымную калонію ў Петрыкаве. Дзяўчатам спадабаўся спектакль настолькі, што, калі мы прыехалі праз два гады, яны памяталі ролі і словы з першага.

Мы шмат ездзілі па чарнобыльскіх рэгіёнах, нават вельмі забруджаных, і знаёміліся з людзьмі, каб ведаць, да каго звяртацца, калі прыйдзе час везці дзяцей на аздараўленне. Пасля надышоў час лістоў, дакументаў і дазволаў. Было вельмі шмат працы, асабліва з дакументацыяй.

Аперацыя «Усмешка»

Дзякуючы беларуска-ангельскай супрацы ў 1999 годзе стала магчымай аперацыя «Усмешка», накіраваная на дзяцей са сківічна-тварнымі пашкоджаннямі. Калі такое дзіця расце ў сям’і, то клопат пра яго бяруць на сябе бацькі і блізкія. На жаль, такія адхіленні ёсць і ў гадаванцаў дзіцячых дамоў. Аперацыю на твары вельмі складана зрабіць, шмат цяжкасцяў і ў пасляаперацыйным доглядзе. У межах праекта мы сустракалі дактароў з Англіі, якія прыязджалі са сваімі медсёстрамі і абсталяваннем, каб дапамагчы беларускім дзеткам. А нашыя дактары ездзілі на стажыроўкі ў Вялікабрытанію.

Два тыдні стажыроўкі ў ангельскай школе

Нам удалося падтрымаць яшчэ адну цікавую праграму, скіраваную на адукацыю ў ангельскіх школах. Мы адбіралі дзяцей, якія ўжо ведалі ангельскую мову, і вазілі іх на двухтыднёвую стажыроўку ў Англію. Беларускія дзеці жылі ў сем’ях і разам з ангельскімі аднагодкамі наведвалі школьныя заняткі. Больш за тое, адбываліся агульныя сустрэчы, экскурсіі па Лондане, знаёмства з музеем і бібліятэкай імя Ф. Скарыны. Дзецям вельмі падабалася. Але праз змены ў заканадаўстве праект стала цяжка ажыццяўляць, і праграма была закрытая. Вельмі шкада. Шмат нашых дзяцей падчас такіх стажыровак атрымала запал, каб вучыць замежную мову і паступаць у прэстыжныя ўніверсітэты.

Цяпер больш магчымасцяў займацца культурніцкімі праектамі

Так сталася, што найбольш цесныя сувязі наш фонд меў з дабрачыннымі арганізацыямі Ірландыі. Калі я сама першы раз паехала туды як кіраўнік групы дзяцей, краіна мне вельмі спадабалася. Яна вельмі блізкая да Беларусі. Ірландцы, як і мы, любяць збірацца разам, спяваць песні. Да і нацыянальная ежа – бульба, як і ў нас. Больш за тое, ірландцы вельмі шмат дапамагалі Беларусі. І нам трэба было аддзячыць гэтую краіну. Так узнікла ідэя таварыства «Беларусь – Ірландыя», створанага пры Доме дружбы. Перш за ўсё мы правялі канферэнцыю, прысвечаную беларуска-ірландскім культурным сувязям, удзельнікі якой у сваіх дакладах шукалі, што агульнага ў Беларусі і Ірландыі. Таварыства пачало падтрымліваць разнастайныя ініцыятывы, перадусім – беларускія школы ірландскага танцу. Мы прывозілі музыкам і танцорам сапраўднае ірландскае адзенне і абутак, запрашалі калектывы на розныя мерапрыемствы. Мы пачалі святкаваць Дзень Святога Патрыка. Неўзабаве паўсталі фестывалі ірландскай музыкі, танцу і тэатру, якія мы праводзілі некалькі гадоў. Таварыства падтрымлівае шмат ініцыятываў – сустрэчы, прэзентацыі, чытанні. Амаль кожны год у Доме дружбы мы ладзім прысвечаную Ірландыі вечарыну з цікавымі квэстамі і дакладамі.

Ірландскія валанцёры дапамагаюць беларускім дзецям з абмежаванымі здольнасцямі

Ірландскія валанцёры дапамагаюць беларускім дзецям з абмежаванымі здольнасцямі

Беларускі след ірландскага графа

Нам удалося запрасіць у Беларусь выдатнага піяніста Майкла О’Рурка. Спачатку ён выступаў у дзіцячай музычнай школе, а пасля – у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, кіраўніцтва якой неаднаразова выклікала яго на канцэрты. Разам з Майклам О’Руркам мы наведалі Уселюб, дзе ў XVIII стагоддзі была сядзіба старажытнага роду О’Руркаў. У мястэчку да гэтай пары захаваліся рэшткі вялізнага парка.

Яшчэ шмат праектаў чакае ажыццяўлення

Як унучку Якуба Коласа і Янкі Маўра мяне часта запрашаюць выступаць на вечарынах, сустрэчах і канферэнцыях у Беларусі і за мяжою. Цяпер я супрацоўнічаю з курсамі беларускай мовы «Мова Нанова», на якіх чытаю лекцыі пра Коласа і Маўра ў гарадах, дзе адбываюцца заняткі. Вельмі часта мяне запрашаюць на Пухавіччыну. Гэта другая радзіма Коласа, дзе ён любіў адпачываць. Выступала ў Пінкавічах, дзе мой дзед працаваў у школе. Пра Коласа і Маўра я расказвала і падчас нашых дабрачынных паездак з тэатрам. Супрацоўнічаю і з беларусамі замежжа. Так, маю добрыя сувязі з латвійскай дыяспарай, таму што ў Ліепаі нарадзіўся мой дзед Янка Маўр. Мне вельмі хацелася паехаць у гэты горад і пазнаёміцца з нашымі беларусамі. Сябруем з Лонданам, Вільняй, Львовам, Севастопалем, Рыгай. Ужо шмат чаго зроблена, выдадзена і арганізавана, але застаецца яшчэ больш. Надрукавала некалькі артыкулаў, якія прысвечаны дзеячам беларускага замежжа: А. Надсану, Я. Запрудніку, М. Прускаму, В. Жук-Грышкевічу, М. Міцкевічу, С. Сахараву. У музеі Якуба Коласа ладзіла выставу «Якуб Колас ў эміграцыйным друку», у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва – выставу да 120- годдзя Міхася Міцкевіча, у беларускай школе ў Рызе – выставу «Якуб Колас і Янка Маўр: разам па жыцці». З найбліжэйшых праектаў – выданне кнігі да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Маўра, кнігі «Якуб Колас ў перакладах Веры Рыч». Не пакідаю думкі пра кнігі з творамі вядомага дзеяча беларускай эміграцыі Міхася Міцкевіча.

Гутарыла Яна Шыдлоўская,
фота з уласнага архіва Марыі Міцкевіч

Публікацыя зроблена ў межах ініцыятывы “Грамадскі  ўдзел”, якая аб’ядноўвае розныя арганізацыі дзеля пашырэння грамадскай актыўнасці і развіцця грамадзянскай супольнасці.

Tweet

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

29-гадовы дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея пакідае пасаду

Яго называлі пратэжэ экс-міністра культуры Юрыя Бондара, піша Наша Ніва. minsknews.by Культуролаг Павел Сапоцька, які з’яўляўся дырэктарам Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, пакідае...

valiancina_shauchenka
Грамадства

18-гадовы палітвязень узяў віну на сябе, але і яго сяброўку не вызвалілі. Зірніце, як ён малюе

Сярод чатырох соцень зняволеных за палітыку ў Беларусі — трое зусім маладых, 18-гадовых, піша Наша Ніва. Дваіх з іх, Сафію Малашэвіч з Мазыра і Ціхана Клюкача з Брэста, акурат цяпер...

valiancina_shauchenka
Мастацтва

Мастак з Плошчы пераменаў: Карціна «Ромка, выходзь» аб тым, каб хлопцы выходзілі гуляць у мяч, а не паміраць

Мастак Андрэй Дубінін кажа, што цяпер ён стаў актуальным, хоць не хацеў гэтага. Яго карціна аб расстрэлах 1937 году «Ноч паэтаў», што прагрымела некалькі гадоў таму назад, па сутнасці, стала успамінам...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Вольскі: «Яны ня хочуць, каб большасьць палюбіла іхні сьцяг, герб, лідэра»

Фармальны падыход. Прыйшоў яшчэ з СССР. Галачка стаіць, значыцца, усё зроблена. Насамрэч, можа быць усё, што хочаш — зроблена часткова, зусім не зроблена, але наяўнасць галачкі — упартая рэч, піша...

Апошнія навіны

    Грамадства
    29-гадовы дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея пакідае пасаду
    Грамадства
    18-гадовы палітвязень узяў віну на сябе, але і яго сяброўку не вызвалілі. Зірніце, як ён малюе
    Мастацтва
    Мастак з Плошчы пераменаў: Карціна «Ромка, выходзь» аб тым, каб хлопцы выходзілі гуляць у мяч, а не паміраць
    Грамадства
    Вольскі: «Яны ня хочуць, каб большасьць палюбіла іхні сьцяг, герб, лідэра»
    Мастацтва
    Палессе стане адной з сусветных пляцовак, дзе пройдзе конкурс мастакоў
    Грамадства
    «Выйшаў па цыгарэты і знік». Малады рэжысёр пяць месяцаў сядзіць на Валадарцы
    Грамадства
    У Мінскім раёне бацьку семярых дзяцей судзілі за бел-чырвона-белыя жалюзі
    Спорт
    Беларускіх футбалістаў зрабілі невыязнымі. «Каб захаваць дзяржаўныя грошы ў дзяржаве»
    Маё права
    Аўдыё пра забойствы і лягеры для пратэстоўцаў. Беларускія праваабаронцы зьвярнуліся ў ААН
    Спорт
    Škoda адмаўляецца спансіраваць ЧС па хакеі, калі ён пройдзе ў Беларусі
    Мастацтва
    У Полацку адкрылася выстава Канстанціна Вашчанкі
    Грамадства
    Лісты за краты. «Цісну рукі, абдымаю і веру ў хуткае вызваленне!»
    Грамадства
    Фазэль прызнаў, што зараз у Беларусі мала шанцаў прыняць ЧС па хакеі
    Грамадства
    Інфармацыйныя спецаперацыі супраць Беларусі ў заходніх СМІ
    Праект Кірыла Стаселькі "Можам"
    «Выпадкаў несправядліва асуджаных у Беларусі вельмі шмат»

Афіша

  • 20.01 19:00Анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава
  • 21.01 19:00Літаратурна-музычнае мерапрыемства “Мой Багдановіч”
  • 06.05 20:00Народны альбом

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Віктар Марціновіч: А зараз вернемся да нармальнага жыцця?
    • Запісы Зайцава — справа расійскіх нафтавікоў
    • Ад пракату «Доваду» да закрыцця кінатэатраў. Падводзім вынікі 2020 года ў беларускай кінаіндустрыі
    • Як у свеце адрэагавалі на візіт Рэнэ Фазэля да Лукашэнкі
    • «Словы мацней»: Аляксандр Памідораў чытае твор Зямы Піваварава

Ахова спадчыны

  • Смуткуем…
  • Сумесныя кансервацыйныя працы
  • Новыя перспектывы супрацы
  • Другое жыццё твора мастацтва
  • Праблема Жыровічскага манастыра вырашана
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM