27-гадовы гарадзенец Руслан Кулевіч год вышукваў старажылаў, якія памятаюць “іншы горад” – дасавецкі Гродна – і запісваў іх успаміны. Імаверна, гэта быў апошні шанец пачуць галасы 80–90-гадовых бабуляў і дзядуляў, якіх штогод робіцца ўсё менш.
Хлопца з фотаапаратам, які штодня наварочвае колы па цэнтры горада на ровары, ужо добра пазнаюць жыхары Гродна. Руслан некалі марыў стаць гісторыкам, але адслужыў у дэсанце, адвучыўся на будаўніка, а цяпер працуе журналістам.
Першыя ўспаміны сталых гарадзенцаў ён запісаў у 2015–2016 гадах, але тады пра кнігу і не думаў: было цікава даведацца, якім быў горад да вайны, і зрабіць рэпартаж для сайта.
“Нас у школе вучылі, што Вялікая Айчынная вайна пачалася 22 чэрвеня 1941-га, – згадвае Руслан. – Але былі гарадзенцы, якія памятаюць: першыя бомбы на горад упалі 1 верасня 1939. Так, напрыклад, загінуў бацька пані Пелагеі з вул. Ажэшкі, які працаваў паштальёнам. Я зацікавіўся, захацелася пачуць больш…”
“Паставіў сабе мэту: за год сабраць кнігу ўспамінаў”
Не так даўно ў друку ўжо з’явілася кніга “Зусім іншы горад”, прысвечаная даваеннаму Гродну. Гэта навуковае выданне, падрыхтаванае “Архівам вуснай гісторыі”, таксама зборка ўспамінаў, якая рыхтавалася працяглы час. Падчас прэзентацыі адзін з аўтараў заўважыў, што больш ніхто не зможа паўтарыць такое: людзей не засталося…
“Мяне зачапіла, і я паставіў сабе мэту: за год сабраць сваю кнігу ўспамінаў, – распавядае Руслан. – Год падыходзіць да канца, кніга гатовая – цяпер на стадыі вёрсткі. Агулам гэта 16 гісторыяў гарадзенцаў. Магчыма, будзе і другая частка, для яе матэрыял ужо таксама ёсць. Да кожнай гісторыі будуць фотаздымкі героя, скажам, 1930-х гадоў і цяпер”.
Але як у Руслана атрымалася знайсці гэтых людзей? Тым больш што ён працаваў адзін, а не з калектывам аўтараў ці валанцёраў.
“Я пачынаў з вуліцы Лермантава, колішняй Базыліянскай, – працягвае Кулевіч. – Заходзіў у кожны стары драўляны дом. Глядзеў: калі дымаход са старой цэглы, значыць, перад вайной збудавалі – тое, што трэба! Пенсіянеры насцярожана спачатку ставіліся, нехта пускаў, нехта не. Але цалкам выпадкова неяк сустрэў лекарку з раённай паліклінікі. Яна пачала мне раіць людзей, бо ведала ўсіх старых у раёне. Часам званіла: “Руслан, для вас яшчэ адзін герой”. Дужа ёй удзячны!”
Першы яўрэйскі пагром і пяць злотых “на войска”
Што новага можна прачытаць у аповедах з кнігі? Напрыклад, не кожны ведае, што яшчэ ў 1930-я ў Гродне былі яўрэйскія пагромы. Самы моцны адбыўся ў 1935-м – гэта засведчыў суразмоўца Руслана, 95-гадовы пан Казік. Зразумела, удзел у іх бралі не завезеныя аднекуль бандзюкі, а самі гарадзенцы – каталікі і праваслаўныя.
Жыццё ў шматнацыянальным даваенным горадзе – гэта яшчэ і бізнес-канкурэнцыя. Напрыклад, у кнізе апавядаецца пра краму Яблонскіх на Грандзіцкай, у поспех якой ніхто не верыў акурат праз… яўрэйскіх гандляроў, у якіх нібыта ўсё было “схоплена”. Але крама запрацавала, бо пан Яблонскі не мяшаў гарэлкі, у чым папракалі гандляроў-яўрэяў. У выніку да яго пачалі хадзіць, раіць сябрам і суседзям.
Старажыл Ежы Кежкоўскі, што вучыўся ў гімназіі імя Баторыя, памятае, як дырэктар сабраў іх усіх перад навучальным годам у 1939-м, каб паведаміць, што будзе вайна. Дырэктар думаў, што толькі з немцамі, – памыляўся. Вучняў ён папрасіў прынесці з дому нешта для войска – дапамагчы хто як можа. Ежы тады выпрасіў у маці 5 злотых. Тая не хацела даваць, бо грошы немалыя, але ўрэшце здалася пад напорам сына.
Як вяскоўцы вязням у гета сала вазілі і чым усё скончылася
Цікавыя заўвагі тычацца і моды тых гадоў. Да 1939-га гарадзенкі вельмі сачылі за знешнасцю і вопраткай, насілі капялюшыкі, пальчаткі… Калі прыйшлі саветы, жанчыны масава пераапранулася ў хусткі ды лахманы: каб не закляймілі “буржуямі”. З прыходам немцаў капялюшыкі зноў з’явіліся, каб знікнуць ужо ў 1944-м.
Шмат увагі ў кнізе надаецца тэме Халакосту. Цікавы факт: з вёсак у Гродна адмыслова прыязджалі сяляне, каб выменяць у вязняў гета вопратку і каштоўнасці на… сала. Свініна, вядома, забароненая ў юдаізме, але што паробіш – абставіны. Немцы заўважылі гэта і папярэдзілі, што будуць страляць. Вяскоўцы ж, не чуўшы пра забарону, яшчэ пару разоў траплялі пад агонь, спадзеючыся вынесці з гета гадзіннічак ці добрае футра.
Некалькі рэспандэнтаў Кулевіча цягам вайны паспелі пабываць у гестапа, але… не за падпольную дзейнасць. Анатоль Пясняк, прыкладам, працаваў на скураным заводзе і вырашыў зрабіць сабе гаманец. Немцы пранюхалі і забралі хлопца, каб дазнацца, хто крадзе ў большых памерах. Пасля допытаў і збіцця хлопца выпусцілі, каб папярэдзіў іншых, што будзе за крадзеж (нават паперу далі, што быў у гестапа). А з тым гаманцом пан Анатоль ходзіць і дагэтуль.
Дзяўчо з вокладкі і нашчадак крамнікаў з Эльблонга
На жаль, не ўсе рэспандэнты, чые гісторыі агучаныя ў кнізе, дажылі да яе выхаду. На вокладцы выдання – тыповая сям’я 1930-х. Маленькае дзяўчо ў цэнтры – гэта Ніна Іосіфаўна Сямёнава, якая ўсё жыццё пражыла ў квартале Новы Свет на былой вуліцы Жаромскага, сёння Ватуціна. Яна адышла ў вечнасць акурат сёлета ва ўзросце 95 гадоў і да апошняга ўсё памятала.
А вось ураджэнец Гродна Зыгмунт Левандовіч цяпер жыве ў Эльблонгу ў Польшчы. Крамка ягоных бацькоў стаяла ў самым цэнтры, ля сённяшняга Фарнага касцёла. Яе забралі бальшавікі пасля 1939-га, сям’ю падрыхтавалі, каб вывезці ў Сібір, але… пачалася новая вайна. Старажыл нават памятае, як нямецкія журналісты здымалі на стужку вызваленых савецкіх вязняў. Цяпер ён штогод прыязджае ў Гродна, каб пахадзіць па вуліцах свайго дзяцінства.
Аўтар пераехаў у квартал 1920-х, каб быць бліжэй да сваіх герояў
Уся эпапея з кнігай змяніла і жыццё аўтара – Руслана. Ён пераехаў у квартал прыватнай забудовы 1920-х – 1930-х, так званы Новы Свет, каб быць бліжэй да сваіх герояў, штодня хадзіць тымі самымі вуліцамі, што і яны.
“Мне і чыноўнікі казалі, – працягвае Кулевіч, – маўляў, што табе гэты Новы Свет са старымі дамамі (аўтэнтычная забудова тут пад пагрозай зносу – рэд.). Сам паедзь туды і пажыві… Вось я паехаў і жыву. Спачатку ў асабняку, дзе жыў Прытыцкі. Цяпер у іншым доме, 1920 года пабудовы. Мне падабаецца. І кніжку сваю я занясу ў гарвыканкам, каб там ведалі, што гісторыю трэба ведаць і шанаваць”.
Паводле Кулевіча, кніга пазбаўленая ідэалагічных штампаў, яна не прапольская, не пранямецкая, не прасавецкая. Жыццё апісанае такім, якім яго бачылі звычайныя людзі – не героі, падпольшчыкі, генералы, а гімназісты, гандляры, працоўныя.
“Першапачаткова я хацеў назваць кнігу “Тутэйшыя”, – рэзюмуе Руслан, – бо для мяне ўсе гэтыя людзі – тутэйшыя, свае. Але з самім словам ёсць іншыя асацыяцыі, у тым ліку навеяныя п’есай Купалы. Таму спыніўся на “Горад адзін, успаміны розныя. Гродна 1930-40-х вачыма жыхароў”. Менавіта іх вачыма, а не вачыма кагосьці збоку ці зверху”.
Дзе знайсці кнігу?
Кніга мае выйсці ў сярэдзіне снежня тыражом каля 150 асобнікаў. У хуткім часе падтрымаць выданне, атрымаўшы пасля кнігу праз перадзамову, можна будзе з дапамогай пляцоўкі “Улей”
Алесь Кіркевіч, фота Аляксандра Саенкі і з архіву Руслана Кулевіча