• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Маё права
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Фотарэпартаж
  • Афіша
  • "Будзьма!" прапаноўвае
30.11.2018 | Навіны "Будзьма!" Разам да справы!

“Калі ўсе пераедуць жыць у абласныя цэнтры, гэта нядобра”. Жыхарка Дубіны Баярскай стварыла музей і згуртавала ваколіцы

Без жартаў, Валожыншчына хутка стане цэнтрам культурніцкага жыцця ў вёсцы. Сюды перасяляюцца маладыя гарадскія сем’і, на мясцовых хутарах адбываюцца модныя музычныя фестывалі. А яшчэ тут ёсць вёска Дубіна Баярская, дзе мясцовыя жыхары сваімі сіламі зрабілі годны музей, ладзяць майстар-класы , святочныя “хвэсты” і гуртуюць вакол сябе ваколіцы раёна.

 

З чаго ўсё пачыналася

Васіль нават раззлаваўся на фатографа, які доўга папраўляў ягоную паставу для кадра. Аднак як было не зайсці ў фотаатэлье для здымка з нагоды заканчэння вучобы па дарозе дадому?

Вядома, можна было застацца ў Вільні і з галавой занурыцца ў палітыку, як гэта зрабілі многія хлопцы і дзяўчаты з настаўніцкіх беларускіх курсаў. Балазе, у 1919 годзе горад стаў цэнтрам інтарэсаў моцных гэтага свету з захаду і ўсходу. Нацыянальныя спрэчкі ў прэсе, росквіт народнай асветы — усё гэта неймаверна вярэдзіла ўчэпісты розум рэвалюцыянера з-пад Валожына.

Дома, у Дубіне, чакала сям’я і пачатая справа, таму гаворкі пра тое, каб паддацца сталічным спакусам, не магло і быць. З 1901 года Васіль Рагель настаўнічае для вясковых дзетак. Васіль Васільевіч у анкетах запісваўся сябрам партыі бальшавікоў, а ў душы заставаўся вялікім патрыётам Беларусі. На занятках ён выкладаў вучням не толькі школьныя прадметы, але і традыцыйныя рамёствы.

Пасля 1921-га, калі Валожыншчына трапіла ў склад Польшы, Рагель на ўласную рызыку адмовіўся весці ўрокі па-польску. За гэта яго звольнілі. Праўда, калі змянілася ўлада, Рагель вярнуўся ў школу. У 1939 годзе ён стане настаўнікам у суседняй вёсцы Чабаі, а з пачаткам акупацыі ў Другую сусветную працягне выкладаць мясцовым дзецям па-беларуску.

Уся гэтая гісторыя настаўніка-патрыёта, якіх у той час было сотні, магла б цалкам забыцца, калі б выпадкова не трапіла да Тамары Каляды.

 

У Дубіну трапіла па накіраванні

Тамара Уладзіміраўна — тая самая культур-трэгерка, якая сёння задае настрой у Дубіне. Гэта яна адрадзіла жыццё ў хаце настаўніка Васіля Рагеля і стварыла тут музей.

Жанчына родам з Жодзіна, а ў Дубіну прыехала па накіраванні ў 70-я і тут выйшла замуж. Па адукацыі Тамара Уладзіміраўна пчаляр, але пасля нараджэння сыноў пайшла працаваць у дзіцячы садок. Аднаго разу ў яе рукі трапіла кніга “Год беларуса”. Аўтар — Стары Улас, сапраўднае імя — Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі. Гэта яшчэ адзін патрыёт Валожыншчыны, які жыў у пачатку ХХ стагоддзя і пакінуў дзённік. Дык вось, у ягоных запісах Тамара Уладзіміраўна знайшла такую фразу:

“10 вёрст ад Валожына ёсць вялікае сяло Дубіна, і чутно аб ім далёка-далёка. Мае яно 300 хат, ёсць там і манаполька, і карчма. Народ вельмі паганы, самыя п’яніцы і зладзеі: не то што на дварэ не пакінь, але і з будынку павыцягваюць. <…> Трэба каго абараць, пабіць або і падсмаліць — ідзі ў Дубіну, там усё гэта знойдзеш. Але няма чаго дзівіцца: яны маюць вучыцеля, каторы не дае ім добрага прыклада”.

Тамара Каляда пачала шукаць: што ж гэта за настаўнік такі? Яна стала пытацца ў мясцовых і так выйшла на Васіля Рагеля.

— Праўда, Васіль Васільевіч не мог быць апісаны ў Старога Уласа. Гэта быў Сухадолец Сямён Львовіч, старэйшы за яго. Яны разам распаўсюджвалі рэвалюцыйныя ўлёткі ў Дубіне. Сямёна Львовіча арыштавалі. Васіль Васільевіч выступаў на судзе ад РСДРП. Ён так абараняў паплечніка, што Сухадольца праз чатыры месяцы вызвалілі, — расказвае Тамара Каляда.

Пра Васіля Васільевіча жанчына назбірала вельмі шмат звестак, знайшла ягоных нашчадкаў і дом і нават ужо марыла пра музей. Унук дазволіў выкарыстаць хату пад экспазіцыю музея.

Унук настаўніка-беларуса перадаў будынак, і з 2005 года тут працуе вясковы музей. За гэты час тут пабывалі турысты з Англіі, Швецыі, Нідэрландаў, Польшчы. Для дарослых і малых жыхароў Дубіны гэта цэнтр культурніцкага жыцця: усё самае цікавае, што толькі можа адбывацца ў вёсцы, праходзіць у гэтых сценах і на падворку.

 

Традыцыі фэстаў і супольнасці

Знаёмства Тамары Каляды і сямейнай пары Змітра Мурашкі і Юліі Літвінавай было справай часу. Зміцер і Юлія некалькі гадоў таму пераехалі з горада ў суседнюю вёску Вялікая Дайнава. Яны абодва — вядомыя рамеснікі: яна — майстрыца традыцыйных строяў, ён — архітэктар-эколаг.

— Мы набылі хутар, вырашылі стварыць майстэрню і давесці, што рамёствы і сельскагаспадарчыя віды дзейнасці могуць быць крыніцай заробку. Сучаснае заканадаўства дазваляе на прымальных умовах гэтым займацца, — тлумачыць Зміцер.

“Каб жыхары па-іншаму паглядзелі на горад і сталі ўдзельнікамі гарадскіх змен”. У Маладзечне прайшоў Кірмаш праектаў для Міншчыны

Дзякуючы ініцыятыве Юліі і Змітра ў хаце Васіля Рагеля аднавілі кросны і печ. Для дзяцей і дарослых сямейная пара правяла з дзясятак майстар-класаў па розных рамёствах. У чэрвені гэтага года Зміцер Мурашка і Тамара Каляда ўдзельнічалі ў Кірмашы праектаў з прапановай адрадзіць традыцыю вясковага фэсту.

Ад ідэі да рэалізацыі прайшло некалькі месяцаў, і ў канцы кастрычніка хата настаўніка запрасіла ўсіх сяброў і вяскоўцаў на “Восеньскі хвэст”. Юрыст Мікола Арцюхоў правёў семінар пра тое, як рамёствы, асабістая гаспадарка і аграэкатурызм могуць стаць дадатковай крыніцай заробку на вёсцы. Юлія Літвінава расказала са свайго багатага досведу майстрыцы, як весці кнігу ўліку рамесніка, як удзельнічаць у кірмашах і розныя іншыя хітрасці.

— Рамёствы — гэта першыя эканамічныя дачыненні. Людзям трэба было нешта рабіць. У тых, хто рабіў лепш і меў запасы, пачыналі выменьваць ці купляць. Я перадусім разглядаю рамесніцкую дзейнасць як крыніцу прыбытку. Нават цяпер, у ХХІ стагоддзі. Гэта адметная рукатворная прадукцыя з індывідуальным стылем і якасцю, — гаворыць Зміцер Мурашка.

Пакуль ішоў майстар-клас, людзей у хаце паболела, прыйшлі дзеці: усе чакалі, што будзе далей. А потым былі танцы і песні. Спеўны гурт “Мярэжа”, музыка Наста Шпілеўская, Дар’я Зуева, Дзяніс Сухі і Васіль Грынь і пані з аматарскага аб’яднання “Бацькаўшчына”. Дарэчы, усе яны паміж сабой добра і даўно знаёмыя, бо раней выступалі на адной сцэне на фэстах.

У “Бацькаўшчыне” спявае малодшая дачка настаўніка Рагеля Любоў Васільеўна (на відэа злева). Яна жыла ў гэтай хаце да 1962 года, пакуль не выйшла замуж.

— Я намагаюся, каб гэты музей жыў, каб жыхары Дубіны і Дайнавы бачылі ў гэтым перспектыву і сэнс, каб традыцыйныя навыкі, што засталіся ад дзядоў, былі не проста нейкім хобі ці забавай: гэта сістэма ведаў, каб выжыць на сваёй зямлі. Калі ўсе людзі пераедуць жыць у шэсць абласных цэнтраў, гэта нядобра. Калі тэрыторыя раўнамерна пакрытая сістэмай паселішчаў, тады краіна развіваецца ўстойліва, — падсумаваў Зміцер Мурашка.

Хрысціна Марчук

Фота аўтара

 


Tweet

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Гісторыя

Спрэчнае жыццё бацькі беларускай граматыкі

Сёння — 129-я гадавіна з дня нараджэння беларускага навуковага і грамадска-палітычнага дзеяча Браніслава Тарашкевіча. Асоба стваральніка першай беларускай граматыкі вельмі спрэчная, адны лічаць яго выбітным...

valiancina_shauchenka
Грамадства

«Зіма ваша, вясна — наша». Вадзім Мажэйка пра сыход з унівэрсытэту фізкультуры і стратэгічную перамогу

Аналітык Вадзім Мажэйка тлумачыць «Свабодзе», чаму ён вырашыў звольніцца зь Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту фізычнай культуры, дзе чатыры гады выкладаў гуманітарныя дысцыпліны. Вадзім Мажэйка ...

valiancina_shauchenka
Літаратура

Пачаўся прыём заявак на прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча

Стартуе новы сезон літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча. Прэмія прысуджаецца за найлепшую дэбютную папяровую ці электронную кнігу на беларускай мове. Прымаюцца кнігі, выпушчаныя ў 2019 і...

valiancina_shauchenka
Грамадства

У Мінску развіталіся з Леанідам Лычом

Леанід Лыч пайшоў з жыцця 17 студзеня. Развітанне са знаным гісторыкам, прафесарам, доктарам гістарычных навук адбылося 19 студзеня ў памінальнай залі на Сямашка, 8/8, піша Новы Час. ...

Апошнія навіны

    Гісторыя
    Спрэчнае жыццё бацькі беларускай граматыкі
    Грамадства
    «Зіма ваша, вясна — наша». Вадзім Мажэйка пра сыход з унівэрсытэту фізкультуры і стратэгічную перамогу
    Літаратура
    Пачаўся прыём заявак на прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча
    Грамадства
    У Мінску развіталіся з Леанідам Лычом
    Грамадства
    Перакладчыцу Вольгу Калацкую вінавацяць у хуліганстве і пераводзяць у жодзінскае СІЗА
    Замежжа
    ​​​​​​​«Забойства Шарамета будзе раскрытае», — былы спэцназавец Макар даў паказаньні ў Кіеве
    Каранавірус
    Сёння пачнуць вакцыянаваць медработнікаў, што знаходзяцца ў зоне рызыкі
    Грамадства
    «Залаты час жыцця, якім трэба карыстацца». Універсітэт Залатога Веку пачынае другі семестр: яшчэ можна паспець далучыцца
    Літаратура
    Як судзілі Святлану Алексіевіч
    Гісторыя
    «Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі
    Літаратура
    Адам Мальдзіс уганараваны дыпломам БІНіМ Канады за 2020 год
    Грамадства
    Стваральнік надпісаў «Жыве Беларусь» на мапе: «Я таксама быў апалітычны»
    Музыка
    Таццяна Грыневіч: Я хачу вандраваць у сваёй вольнай Беларусі
    Фазэль, бізнес і правы чалавека. Беларускі трыгер еўрапейскай палітыкі
    Грамадства
    У Гомелі затрыманы праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка

Афіша

  • 20.01 19:00Анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава
  • 21.01 19:00Літаратурна-музычнае мерапрыемства “Мой Багдановіч”
  • 06.05 20:00Народны альбом

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Віктар Марціновіч: Пуцін на беларускай сцежцы
    • Ад пракату «Доваду» да закрыцця кінатэатраў. Падводзім вынікі 2020 года ў беларускай кінаіндустрыі
    • Інфармацыйныя спецаперацыі супраць Беларусі ў заходніх СМІ
    • 29-гадовы дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея пакідае пасаду
    • Што гэта за танцавальны флэшмоб «Іерусалім», да якога масава далучаюцца ўсё новыя беларусы?

Ахова спадчыны

  • Смуткуем…
  • Сумесныя кансервацыйныя працы
  • Новыя перспектывы супрацы
  • Другое жыццё твора мастацтва
  • Праблема Жыровічскага манастыра вырашана
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM