22 студзеня стартаваў прыём заявак на “Еўрабачанне-2019” ад Беларусі – паведамляе Еўрарадыё. Звычайна нацыянальны адбор пачынаецца ў сярэдзіне восені, але сёлета артыстам далі на падрыхтоўку ўсяго дзевяць дзён. Маўляў, хто ўсур’ёз разлічвае на перамогу, ужо мае песню і толькі чакае сігналу.

Аднак леташнія ўдзельнікі адбору падавацца на “Еўрабачанне” не спяшаюцца. Шукаем тых, хто мог бы пазмагацца за паездку ў Тэль-Авіў, і не можам знайсці.

“Удачы ў музычнай латарэі ўсім удзельнікам. Я назіральнік”, — піша ў сацсетах Кірыл Гуд, які летась заняў у адборы трэцяе месца, а цяпер працуе ў Маскве.

“Матэрыял ёсць, але не ў гэтым годзе”, — кажа Рыгор Ткач, бацька і прадзюсар спявачкі Lexy Weaver. Летась Аляксандра выйшла ў фінал адбору, паралельна выпускаючы свае трэкі ў Амерыцы, а пасля стала лепшым беларускім артыстам у катэгорыі Young Blood музычнай прэміі Jager Music Awards. Але сёлета на “Еўрабачанне” не прэтэндуе.

Канчаткова забілі на конкурс і яго заўсёдныя ўдзельнікі, Nuteki.

“Мне падаецца, што гэта не для нас, — мяркуе фронтмэн гурта Міша Nuteki, — Гэта пустое марнаванне сіл”.

Па інфармацыі Еўрарадыё, праслухоўванне сёлета пройдзе і без Гюнэш, якая некалькі разоў спынялася ў адным кроку ад паездкі на “Еўрабачанне”.

Не збіраецца ўдзельнічаць у шоў і Kattie — яна нядаўна выйграла латвійскі X Factor. Цяпер дзяўчына прыступіла да працы з кампаніяй Sony Music.

Дык каго ж мы ўсё-такі пабачым на нацыянальным адборы?

Новым правілам (сёлета вырашаць, хто паедзе на “Еўрабачанне”, будзе толькі журы — тэлефоннае галасаванне гледачоў адмененае) радуецца прадзюсар заўсёднікаў нацыянальных адбораў Napoli i Alen Hit Аляксандр Слуцкі. Ён кажа, што яго выхаванцы, хутчэй за ўсё, дашлюць заяўкі на ўдзел у праслухоўванні.

16-гадовая зорка “Новай фабрыкі” і гадаванка расійскага прадзюсара Віктара Дробыша Зена (Зіна Купрыяновіч) таксама разлічвае паехаць на “Еўрабачанне” ад Беларусі. Хаця, як сцвярджае ў размове з Еўрарадыё Дробыш, без яго.

Аматарка ўдзелу ў адборах на “Еўрабачанне” Анжаліка Пушнова на ўсялякі выпадак таксама падрыхтавала песню для конкурсу.

“Мы не ведалі, будзе адбор ці не, але песня атрымалася, і мы задаволеныя вынікам”, — распавядае Пушнова.

Не прапусціць магчымасць выступіць і гурт Aura. Кампазітар Яўген Алейнік і аўтарка песень і спявачка Юлія Быкава нядаўна атрымалі прэмію “За Духоўнае адраджэнне”, пра іх паказваюць кіно на тэлебачанні і выпускаюць артыкулы ў друкаванай прэсе.

“Ёсць адбор — будзем спрабаваць. Чаму не? Мы аўтары, пастаянна нешта пішам, пытанне толькі ў тым, каб гэта было тры хвіліны. Песень добрых у нас шмат, цяпер нешта абяром і зробім”, — абяцае Яўген Алейнік. Кампазітар таксама радуецца, што сёлета вызначаць пераможцу будуць выключна журы. Маўляў, глядацкае галасаванне — гэта бойка фан-клубаў, а не прыклад аб’ектыўнасці.

Піяр-менеджар некалькіх беларускіх удзельнікаў “Еўрабачання” Сяргей Андрыянаў прызнаецца, што і сёлета мае прапановы ад артыстаў. Але пакуль думае, каго з іх рыхтаваць да конкурсу.

Самай гатовай да адбору на гэты момант выглядае таямнічая жыхарка ЗША Mariah Gregory. Спявачка апублікавала на Youtube вірусны кліп, дзе ўмантавала сябе ў кадры з краявідамі Беларусі і Аляксандрам Лукашэнкам.

Пра гатоўнасць прынесці перамогу Беларусі на “Еўрабачанні” нечакана заявіў і папулярны румынскі спявак Mihai. Як вам?