Гэтая гісторыя адбылася ў Японіі, але яна магла адбыцца і ў Беларусі, і ў любой іншай краіне. Гэта толькі сведчанне, наколькі неабароненымі могуць быць нашы дзеці ў дачыненні з сістэмай ці іншымі дзецьмі.
Міве Морыі было 6 гадоў, калі сацыяльная служба замест абяцанай каляднай вечарыны адправіла дзяўчынку ў маленькі дом, разлічаны на 60 дзяцей, ва усходняй Японіі. Такім чынам абяцаная вечарына расцягнулася больш за 8 гадоў жыцця без маці. Гэта быў час доўгай бітвы з адзінотай, траўмамі і здзекамі.
У адрозненне ад іншых развітых краін, якія размяркоўваюць большасць дзяцей, што зведалі гвалт, абыякавасць ці іншае, у прыёмныя сем’і, у Японіі, паводле дзяржаўных крыніц, больш за 80 адсоткаў з 38 тысяч такіх дзяцей трапляюць у інтэрнаты. І там адзін з сямі застанецца болей чым на дзесяць гадоў, што супярэчыць афіцыйным рэкамендацыям ААН, у якіх сказана, што ўсе дзеці павінныя расці ў сямейных умовах.
Пасля некалькіх выпадкаў смерці дзяцей праз здзекі і агульнага росту гвалту над імі перад рэгіянальнымі чыноўнікамі была пастаўленая задача падрыхтаваць план таго, як палепшыць сітуацыю да сакавіка наступнага года.
Мінулым летам японскі ўрад заявіў, што не менш за ¾ дзяцей дашкольнага ўзросту, якім патрабуецца нагляд дзяржавы, мусяць быць забяспечаныя прыёмнымі сем’ямі, а колькасць выпадкаў усынаўлення – паднятая да ўзроўню не менш за 1000 дзяцей у найбліжэйшыя пяць гадоў.
Сотні інтэрнатаў былі пабудаваныя ў Японіі пасля Другой сусветнай вайны, каб даць дом асірацелымі вулічным дзецям. Яны фундуюцца дзяржавай. Цяпер у краіне працуе каля 600 інтэрнатаў, кожны з якіх прызначаны для жыцця 20 ці больш дзяцей. Інтэрнаты дапамаглі шмат каму, але ўсё роўна з’яўляюцца кепскай альтэрнатывай здаровай сям’і, кажуць эксперты. Дзяржаўнае даследаванне засведчыла наяўнасць сэксуальнага гвалту ў іх.
На думку японскага заканадаўцы Ясухіша Шыядзакі, які ўклаў шмат сіл у паляпшэнне статусу дзяцей у краіне, меркаванне дзяцей заўжды было другасным і няважным у параўнанні з дарослымі.
Няма выйсця
Міве ўжо 23, але яна добра памятае, як плакала днём і ноччу, бо сумавала па маці, калі апынулася ў сценах інтэрната ва ўсходняй Японіі. Але калі дзяўчынка зразумела, што слёзы не перанясуць яе назад дадому, яна здалася і перастала плакаць.
“Адсутнасць слёз давала сігнал супрацоўнікам інтэрната, што дзеці прайшлі адаптацыйны перыяд, але гэта была памылковая думка”, – кажа яна. Некаторыя супрацоўнікі былі сапраўды добрымі, але ж выхавацелі не заўжды давалі нам уласную прастору. Дзеці жылі ў пастаянным пачуцці страху перад агрэсіўнымі дзецьмі і строгімі дарослымі.
“Зусім няма выйсця, калі ты жывеш са сваімі праціўнікамі”, – гаворыць Міва.
У такіх выпадках і без адэкватнага нагляду дзеці, якія гадаваліся ў інтэрнатах, могуць атрымаць складаную псіхалагічную траўму, кажа Сатору Нішызава, клінічны псіхолаг, які працаваў с дзецьмі ў дзяржаўнай сістэме амаль 40 гадоў. Ён дадаў, што калі дзіця не адчувае сябе ў бяспецы, яно можа ў далейшым кепска кантраляваць сябе, мець прыступы нянавісці і агрэсіі праз нязначныя дробязі, разбураць сябе і падмурак для адносін з іншымі людзьмі.
Бяссонныя ночы
У Мівы шмат такіх сімптомаў. Вельмі часта яна мяняе нумар тэлефона, каб спыніць кантакты са знаёмымі, часам ёй вельмі хочацца паламаць некаторыя рэчы ў сваёй кватэры. Шнары на яе далонях таксама кажуць пра тэндэнцыі самаразбурэння.
Нягледзячы на ўсё гэта, Міва лічыла сябе вельмі ўдачлівай: яна мела магчымасць бавіць выходныя і доўгія канікулы са сваёй маці. Астатнія дзеці вельмі рэдка ці нават ніколі не бачылі сваіх бацькоў. Таксама яна ніколі не задумвалася, чаму жыла ў інтэрнаце. Толькі нядаўна яе пачалі цікавіць прычыны. Яна запытала свае дакументы і атрымала 267 старонак, з якіх на яе глядзела пакутлівая маці, якой быў патрэбны нехта, каб глядзець дачку, калі жанчына шукала працу ці месца, каб жыць асобна ад сваёй сям’і і бацькі Мівы.
З дакументаў яна таксама даведалася, што сацыяльныя работнікі не спяшаліся вярнуць яе маці. Дзяўчына нават не памятае, каб чалавек, што складаў гэтыя дакументы, хаця б раз яе наведаў – факт, замацаваны ў файле.
Гэты выпадак толькі пацвярджае заявы крытыкаў сістэмы пра тое, што сацыяльныя работнікі недастаткова кваліфікаваныя і не маюць часу, каб прымаць правільныя рашэнні на карысць дзяцей. Некаторыя юрысты спрабуюць змяніць сістэму, што дазволіла б наняць большую колькасць сацыяльных работнікаў і зрабіць дзяржаўную сістэму сертыфікацыі спецыялістаў у гэтай сферы. Аднак апаненты апелююць фактамі аб недахопе людзей і грошай.
У 2008-м у дзяўчынкі пачаліся праблемы са сном. Пасля гэтага Міве дыягнаставалі разлад развіцця, якое праяўлялася ў замаруджанай сацыялізацыі. Дактары прапісалі ёй лекі ад дэпрэсіі. І толькі ў 15 гадоў Міву адправілі да маці.
Сацыяльная паталогія
Дзяржаўныя даследаванні паказваюць, што калі дзеці ва ўзросце 18 гадоў адчыняюць дзверы ў дарослы свет, яны ў асноўным маюць праблемы з адзінотай і фінансавыя цяжкасці. Толькі траціна трапляе ва ўстановы вышэйшай адукацыі, а выпускаюцца толькі 80% з іх.
Маючы даволі абмежаваны выбар, толькі адна дзясятая знаходзіць працу, якая забяспечвае іх жытлом. Шмат хто не можа ўтрымацца на працы; яшчэ адна дзясятая падтрымліваецца дзяржавай, некаторыя становяцца бяздомнымі.
З ростам сацыяльных цэн Японія збіраецца разгледзець альтэрнатыўную палітыку ў дачыненні да сямей, якая будзе ўключаць рэкрутаванне прыёмных бацькоў, а таксама драбленне вялікіх інтэрнатаў на меншыя адзінкі сямейнага маштабу. Шмат якія выхавацелі кажуць, што гэта будзе вельмі няпроста.
Дзесяцікратнае павелічэнне выпадкаў гвалту над дзецьмі за апошнія дваццаць гадоў актуалізуе пытанне, ці ёсць у Японіі мажлівасць абараніць самыя ўразлівыя і маладыя элементы грамадства, кажуць яны.
“Калі шчыра, я хачу ведаць, чаму гэта займае так шмат часу”, – кажа Нарыхіша Кувахара, кіраўнік інтэрната ў заходняй Японіі і старшыня нацыянальнага савета інтэрнатаў. Кувахара кажа, што ён не супраць сямейнай мадэлі догляду дзяцей. Але як чалавек, які прапрацаваў у адной установе амаль 50 гадоў, ён мяркуе, што дакладна ведае пра цяжкасці дагляду за вялікай колькасцю дзяцей, якія падвяргаліся гвалту, са складанымі псіхалагічнымі траўмамі. Цяпер, калі сям’я як адзінка страчвае сваю каштоўнасць і сістэма інтэрнатнага догляду дзяцей перастала быць эфектыўнай, хутка змяняць усе структуры – вялікая памылка.
Ілюстарцыі: анімэ WataMote