• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Маё права
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Фотарэпартаж
  • Афіша
  • "Будзьма!" прапаноўвае
01.03.2017 | Замежжа Літаратура

Дзьмітры Плакс: Ніхто ня робіць мне скідку на тое, што я эмігрант

Дзьмітры Плакс — пісьменьнік, перакладчык, журналіст, радыёпрадусар. Нарадзіўся ў Менску. Жыве і працуе ў Стакгольме. Стваральнік беларускай службы Радыё Швэцыі (2004-2009).

РС: Калі мы гаварылі з табою чатыры зь лішкам гады таму, ты сказаў, што ў чалавека ў эміграцыі зьнікае пачуцьцё дому. А як з гэтым у цябе сёньня? Ты ўсё яшчэ адчуваеш сябе эмігрантам, і пачуцьцё дому ў цябе так і не зьявілася? Ці, можа, Швэцыя ўжо стала тваім домам?

Дзьмітры Плакс: Не, не зьявілася. Такое пачуцьцё, як мне здаецца, зьвязанае і з канкрэтным месцам, і з адпаведнай атмасфэрай у гэтым месцы. У мяне такога месца няма. No direction home, як кажа нядаўні нобэлеўскі ляўрэат Боб Дылан.

РС: А калі не гаварыць пра дом, а толькі пра месца, дзе жывеш — дык дзе? Я не пытаю пра канкрэтны адрас, а так больш-менш — у цэнтры Стакгольму, на яго ўскраіне?

Дзьмітры Плакс: Я жыву ў блізкім прыгарадзе Стакгольму, каля апошняй станцыі мэтро «чырвонай лініі». Стакгольм — ня надта вялікі горад, ад майго прыпынку да самага цэнтру цягнік мэтро ідзе няшмат больш за 10 хвілін. Калі мераць па менскіх мерках, дык я жыву недзе каля станцыі мэтро «Ўсход».

РС: Давай нагадаем нашым чытачам, якія не чыталі нашай ранейшай размовы, чым ты займаесься ў Швэцыі?

Дзьмітры Плакс: Маё асноўнае месца працы — Швэдзкае радыё. Я займаюся радыётэатрам, радыёдрамай ці як яшчэ гэта назваць… Гукавым мастацтвам?

РС: У Польшчы некалі называлі гэты від тэатру słuchowisko radiowe, але я даўно ўжо нічога такога ня чуў па Польскім радыё, так што ня ведаю, як гэта называюць цяпер… А ты працуеш як аўтар радыёп’есаў ці як рэжысэр?

Дзьмітры Плакс: Да нядаўняга часу ў мяне былі тры функцыі. Я працаваў як драматург, як рэжысэр-пастаноўшчык і як прадусар. Апошні год я ў асноўным працаваў як прадусар. Я не працую на радыё на поўную стаўку, я займаюся яшчэ шмат чым іншым. Мне гэткая сытуацыя больш пасуе, бо ў мяне ёсьць час займацца іншымі цікавымі рэчамі, не зьвязанымі з радыёдраматургіяй: пісаць, перакладаць, рабіць нейкія мастацкія праекты.

Дзьмітры Плакс, Віктар Марціновіч і Марыя Сёдэрбэрг. Кніжны кірмаш у Гётэборгу, верасень 2016. Фота: Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская

Дзьмітры Плакс, Віктар Марціновіч і Марыя Сёдэрбэрг. Кніжны кірмаш у Гётэборгу, верасень 2016. Фота: Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская

РС: Калі ты кажаш, што працаваў як драматург, дык гэта значыць, што ты пісаў п’есы?

Дзьмітры Плакс: Так, я пісаў п’есы. І яшчэ ў ролю драматурга у тутэйшых тэатрах таксама ўваходзіць праца з тэкстамі іншых аўтараў. Калісьці за савецкім часам гэтая функцыя называлася «супрацоўнік літаратурнай часткі». Тэкст у аўдыёпастаноўках функцыянуе па-іншаму, чым на паперы, і я працую з аўтарамі дзеля таго, каб іх тэкст можна было пусьціць у вытворчасьць на радыё.

РС: Як табе, чалавеку, які выхаваўся ў іншай мове і швэдзкую мову вывучыў ужо ў сьпелым узросьце, удалося атрымаць працу ў радыё, дзе трэба гаварыць па-швэдзку, і да таго стаць драматургам, які ўдасканальвае тэксты аўтараў-швэдаў?

Дзьмітры Плакс: Па-першае, швэдзкую мову да канца я ня вывучыў, бо вывучыць мову да канца немагчыма… Вывучэньне мовы — гэта працэс. Я наогул прыхільнік мэтаду learning by doing — то бок, вучыцца, робячы нешта канкрэтнае.

Як мне казалі старэйшыя калегі на працы, я — першы імігрант, які стаў працаваць на Швэдзкім радыё ў такой якраз якасьці. Не ведаю, так гэта ці не, але як бы там ні было, ніхто ня робіць мне скідку на тое, што швэдзкая мова — не мая родная. Бо ні ў каго няма часу, каб вычытваць мае тэксты і вышукваць, ці ёсьць у мяне памылкі. Зразумела, калі я ў нечым ня ўпэўнены, я даю паглядзець адпаведны ўрывак калегу-швэду. Я таксама часта даю пачытаць свае тэксты людзям, ацэнка якіх для мяне важная, але гэта я раблю з тэкстамі на любых мовах, на якіх пішу, ня толькі на швэдзкай, але і на расейскай і беларускай.

Дзьмітры Плакс, Бахар Парс і Мікаэль Юхансан у студыі. Швэдзкае радыё, верасень 2016. Фота: Кайса Стоп

Дзьмітры Плакс, Бахар Парс і Мікаэль Юхансан у студыі. Швэдзкае радыё, верасень 2016. Фота: Кайса Стоп

РС: Хто наогул слухае радыёп’есы сёньня? Мне здаецца, што гэтая форма мастацтва была папулярная ў нас у 1960-я ці 1970-я гады, калі яшчэ тэлевізія не была такая папулярная. А як з гэтым у Швэцыі? Людзі там у вас слухаюць радыё, і да таго яшчэ тэатар па радыё?

Дзьмітры Плакс: У Швэцыі з гэтым добра. Літаральна перад нашай размовай я быў на сустрэчы, дзе нам прадстаўлялі новыя лічбы па аўдыторыі. Першы радыёканал, для якога я ў асноўным працую, мае больш за два мільёны слухачоў за тыдзень. У краіне, дзе жывуць дзевяць мільёнаў чалавек, як сам разумееш, гэта вельмі добрыя лічбы. Ды радыё ўвесь час мяняецца, і нашы п’есы слухаюць ня толькі ў наўпроставым эфіры, але і на іншых плятформах. У інтэрнэце, з аплікацый на мабільных тэлефонах, і таму падобнае… Я магу сказаць, што адну зь п’есаў, якую я напісаў колькі год таму (паставіў яе ня я, а іншы рэжысэр), загрузілі амаль 80 тысяч чалавек. Гэта, калі ня ўлічваць ФМ, а на ФМ слухачоў, як я разумею, у разы больш…

РС: Дык назаві гэтую п’есу, чаго ўжо хавацца…

Дзьмітры Плакс: Па-беларуску гэта напэўна будзе «Путч», яна распавядае пра так званы «жнівеньскі путч» у Маскве ў 1991 годзе…

РС: А як выглядае профіль вашага слухача? Хто вас найбольш слухае — хатнія гаспадыні, якія ня ходзяць на працу ў горад, бо занятыя на кухні, і якраз пры гэтым занятку ўключаюць радыё?

Дзьмітры Плакс: Роскід па ўзросьце слухачоў вельмі вялікі: ад 12 да 82 гадоў, дакладней гэта ўзроставая выбарка аўдыторыі, якую дасьледуюць. У гэтым дыяпазоне радыёдраму слухаюць па-рознаму, розная колькасьць слухачоў. Але гэта ня ўся аўдыторыя, бо ў нас, напрыклад, ёсьць і сэкцыя, якая працуе з радыёдрамай для дзяцей, ад 9 год, дый доля насельніцтва ва ўзросьце старэйшым за 82 гады ў Швэцыі не малая, але чамусьці дыяпазон дасьледаваньня вось такі. Але большасьць слухачоў, калі я правільна разумею — гэта жанчыны і асобы старэйшыя за 50 гадоў…

Дзьмітры Строцаў, Дзьмітры Плакс, Марыя Сёдэрбэрг. Кніжны кірмаш у Гётэборгу, верасень 2015. Фота: Арцём Норынг

Дзьмітры Строцаў, Дзьмітры Плакс, Марыя Сёдэрбэрг. Кніжны кірмаш у Гётэборгу, верасень 2015. Фота: Арцём Норынг

РС: А што ты рабіў на пачатку лютага ў Празе, дзе ты быў настолькі заняты, што нам не ўдалося дамовіцца і схадзіць на піва?

Дзьмітры Плакс: У Празе я працаваў на Чэскім радыё, дзе ставіў кароткую п’есу, дыялёг, які сам і напісаў. То бок, спачатку яны набылі п’есу, а потым запрасілі мяне паставіць яе.

РС: Цяпер вось тэхнічнае пытаньне: колькі ў сярэднім трывае радыёп’еса? Ёсьць нейкі стандарт працягласьці?

Дзьмітры Плакс: Гэта па-рознаму. На Чэскім радыё мы працавалі над пастаноўкай у фармаце 15-20 хвілін. У нас у Швэцыі іншыя фарматы: на ФМ — паўгадзіны або гадзіна, а калі маюцца на ўвазе сэрыялы, дык адна сэрыя трывае да 15 хвілін. Наогул на Чэскім радыё болей часавых фарматаў, чым на Швэдзкім. У нас іх калісьці таксама было больш, але іх колькасьць паменшылі, калі мы сталі ставіць падкасты. Бо пры падкастах час насамрэч ня мае значэньня, паколькі гэта не эфірнае вяшчаньне. А ў Чэхіі радыёп’есы пакуль яшчэ не існуюць у фармаце падкасту…

РС: Скажы цяпер колькі словаў пра свае заняткі па-за радыё. Ты сказаў, што на радыё не працуеш на поўную стаўку і маеш час на іншае. На што, менавіта?

Дзьмітры Плакс: Часам пішу артыкулы. Я супрацоўнічаю з газэтай Expressen, адной з чатырох агульнанацыянальных штодзённых газэтаў у Швэцыі.

Што яшчэ? У пазамінулым годзе выйшла па-швэдзку ў маім перакладзе кніга вершаў беларускага расейскамоўнага паэта Дзьмітрыя Строцава. Я працаваў над гэтым праектам доўга, амаль два гады. Кніга была вельмі цяпла ўспрынятая крытыкай, было шмат добрых водгукаў.

На беларускую мову я пераклаў швэдзкую паэтку Атэну Фарухсад. Гэтая кніжка выйшла ў выдавецтве «Крок» у Тэрнопалі ва Ўкраіне. Я так разумею, што зь яе дыстрыбуцыяй узьніклі праблемы і яна толкам да Беларусі не даехала…

З апошняга, я яшчэ пераклаў на беларускую дзіцячую кніжку вядомай швэдзкай пісьменьніцы Эвы Сусы «Сьнежны чалавек у Менску». Яна, можна сказаць, напісала гэтую кніжку спэцыяльна для беларускіх дзетак.

РС: Калісьці, калі мы гаварылі пра выданьні беларускай літаратуры ў Швэцыі, ты згадваў імя Нільса Хокансана, швэда, які ўзяўся вывучаць беларускую мову. Ён яе ўжо вывучыў? Магчыма, нешта пераклаў зь беларускай?

Дзьмітры Плакс: Не, пакуль. Апошнім часам ён засяродзіўся на ўласнай літаратурнай працы. Літаральна днямі ў яго выйшаў другі раман у буйным швэдзкім выдавецтве «Albert Bonniers». Тут я магу пахваліцца, што калі яму прыйшла ў галаву думка напісаць гэтую кнігу, ён абмяркоўваў ідэі, якія ўклаў у яе, са мной.

Акрамя таго, што ён пісьменьнік і перакладчык, ён і яшчэ некалькі чалавек маюць невялікае выдавецтва. Нейкі час таму яны перавыдалі стары пераклад «Кар’еру» Васіля Быкава — гэта была першая кніжка Быкава, якая выйшла ў Швэцыі, недзе напрыканцы 1980-х. Яны перагледзелі той пераклад і зрабілі новае выданьне. Наколькі мне вядома, гэта апошняе, што Нільс рабіў у беларускім кірунку ў Швэцыі.

РС: Давай на заканчэньне пра агульналітаратурнае. Што ты думаеш пра Нобэлеўскую прэмію Бобу Дылану?

Дзьмітры Плакс: Я вельмі рады. Я лічу, гэта вельмі добра, што Швэдзкая акадэмія спрабуе нейкім чынам пашырыць межы разуменьня таго, што такое літаратура сёньня. Усе мы маем у памяці вельмі прыкры выпадак з Астрыд Ліндгрэн, якая не атрымала «нобэля» ў свой час не таму, што не была яго вартая, а таму, што займалася дзіцячай літаратурай. А дзіцячая літаратура лічылася тады чымсьці прыкладным, так сказаць. Цяпер, як выглядае, Швэдзкая акадэмія ўзялася сьвядома пашыраць паняцьці мастацкай літаратуры ці паэзіі, калі мець на ўвазе прэміяваньне Сьвятланы Алексіевіч і Боба Дылана. Я зусім не зьдзіўлюся, калі сёлета Нобэлеўскую прэмію атрымае дзіцячы пісьменьнік. Гэта было б вельмі лягічна.

РС: А такі Хэнінг Манкель, які пісаў вельмі добрыя дэтэктывы, таксама меў бы шанец атрымаць «нобэля» за іх, паводле гэтых новых крытэраў?

Дзьмітры Плакс: Ты не перабольшваеш маю здольнасьць разумець крытэры Швэдзкай акадэміі? Пра іх мы даведаемся толькі праз 50 гадоў. Тое, што я кажу цяпер, ня больш як маё трызьненьне…

РС: Вядома, тут мы толькі трызьнім пра крытэры Нобэлеўскай прэміі. Кожнаму ж зразумела, што нічога ў ёй не зразумела…

Дзьмітры Плакс: А што тычыцца таго, ці дэтэктывы зьяўляюцца літаратурай вартай Нобэлеўскай прэміі, я асабіста лічу, што не…

РС: Ня буду з табою спрачацца пра дэтэктывы, але вось калі падумаю пра шпіёнскія раманы Джона Ле Карэ, дык я б яму даў таго нобэля…

Дзьмітры Плакс: А я — не…

 

Ян Максімюк

Tweet

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

Інфармацыйныя спецаперацыі супраць Беларусі ў заходніх СМІ

Аляксей Гайдукевіч робіць для budzma.by агляд замежнай прэсы Пра крывавыя падзеі жніўня ў Беларусі першымі даведаліся нашы суседзі. СМІ ў Літве, Польшчы, Чэхіі і іншых краінах рэгіёна ў рэжыме анлайн інфармавалі...

valiancina_shauchenka
Праект Кірыла Стаселькі "Можам"

«Выпадкаў несправядліва асуджаных у Беларусі вельмі шмат»

У сваім спецпраекце «Можам» Кірыл Стаселька гутарыць з аўтарамі пратэсных плакатаў, каб даведацца, хто гэтыя асобы і што хаваецца за кароткімі мэсіджамі на іх плакатах. У гэтым матэрыяле пра свой плакат, зніклых, забойства...

valiancina_shauchenka
Гісторыя

Знойдзены найстарэйшы малюнак Навабеліцы. Паглядзіце, як яна выглядала 200 гадоў таму

Знойдзен унікальны малюнак Беліцы 1845 года, паведамляюць Моцныя Навіны. Ён быў апублікаваны на сайце праекта Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі ў складзе карты Магілёўскай губерні першай паловы XIX стагоддзя. ...

valiancina_shauchenka
Афіша

Анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава — 20 студзеня

Кампанія «Будзьма!» запрашае 20 студзеня а 19-й гадзіне на анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава, падчас якога прагучаць песні з альбома «Песьні выгнаньня» (1995) на вершы паэтаў, якія былі вымушаны...

Апошнія навіны

    Грамадства
    Інфармацыйныя спецаперацыі супраць Беларусі ў заходніх СМІ
    Праект Кірыла Стаселькі "Можам"
    «Выпадкаў несправядліва асуджаных у Беларусі вельмі шмат»
    Гісторыя
    Знойдзены найстарэйшы малюнак Навабеліцы. Паглядзіце, як яна выглядала 200 гадоў таму
    Афіша
    Анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава — 20 студзеня
    Грамадства
    МУС: Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна аплачвалі штрафы затрыманых дэманстрантаў
    Літаратура
    Нарвежскі саюз пісьменнікаў: мы салідарныя з Беларуссю
    Грамадства
    Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый аб прызнанні палітвязнямі абвінавачаных па справе Прэс-клуба
    Грамадства
    Пісьменнік Саша Філіпенка напісаў другі адкрыты ліст Рэне Фазэлю
    Грамадства
    У «Дана Молл» выступіў «Вольны хор» з «Пагоняй» і вывесілі вялікі бчб-сцяг
    Грамадства
    Кнігараспаўсюднік Алесь Яўдаха не выходзіць на сувязь
    Грамадства
    Больш за 800 беларускіх навукоўцаў падпісалі ліст у падтрымку звольненых з Акадэміі навук калег
    Грамадства
    Вядоўца на заробак ад $100: дзяржСМІ спрабуюць закрыць дзясяткі вакансій
    Грамадства
    «Цудоўня» распачала працу ў новым месцы
    Грамадства
    Ці стаў прыезд Фазэля правалам?
    Грамадства
    «Новы Час» больш не будзе прадавацца ў шапіках «Белсаюздруку»

Афіша

  • 20.01 19:00Анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава
  • 21.01 19:00Літаратурна-музычнае мерапрыемства “Мой Багдановіч”
  • 06.05 20:00Народны альбом

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Віктар Марціновіч: А зараз вернемся да нармальнага жыцця?
    • Запісы Зайцава — справа расійскіх нафтавікоў
    • Як у свеце адрэагавалі на візіт Рэнэ Фазэля да Лукашэнкі
    • Ад пракату «Доваду» да закрыцця кінатэатраў. Падводзім вынікі 2020 года ў беларускай кінаіндустрыі
    • «Словы мацней»: Аляксандр Памідораў чытае твор Зямы Піваварава

Ахова спадчыны

  • Смуткуем…
  • Сумесныя кансервацыйныя працы
  • Новыя перспектывы супрацы
  • Другое жыццё твора мастацтва
  • Праблема Жыровічскага манастыра вырашана
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM