Фота Еўрарадыё

Музычныя ўзнагароды Experty.by будуць уручаныя ў Мінску 11 красавіка ў дзясяты раз. Лепшыя альбомы 2017 года вызначаныя па галасах айчынных і замежных музычных крытыкаў і блогераў.

Усяго будзе 11 намінацый. На думку музычных экспертаў, найлепшыя альбомы сёлета запісалі ЛСП, Аня Жданава, Super Besse, Naviband, Tonqixod і іншыя.

Галоўная намінацыя — “Лепшы альбом года”. Яе пераможца атрымае ў якасці прыза рэкламна-інфармацыйную падтрымку канцэрта ад генеральнага партнёра, брэнда Finlandia. Аналагічны прыз у намінацыі “Лепшы беларускамоўны альбом” прадставіць фонд “Вяртанне”. Выступы павінны адбыцца да 1 чэрвеня 2018 года.

“За год штатныя эксперты паслухалі 240 беларускіх альбомаў, выдадзеных у 2017 годзе. 33 з іх былі адрэцэнзаваныя і патрапілі на ацэнку ўсяго складу журы. Карцінка атрымалася стракатай і гэта добра”, — адзначае кіраўнік праекта Experty.by Зміцер Безкаравайны.

Усіх намінантаў узнагарод можна паслухаць у межах адмысловай складанкі.