Пра прэзентацыю ўнікальнага альбома не напісаў толькі лянівы. Мы ж сабралі самае важнае, што неабходна ўцяміць, асабліва калі вы не паспееце купіць выданне на symbal.by.
- Гэта самая незвычайная “энцыклапедыя” пра Беларусь
Гэтым пачэсным статусам надзяляліся шмат якія творы, хоць абсалютна не адпавядалі акадэмічным і навуковым патрабаванням жанру. І “Зямля пад белымі крыламі” Караткевіча, і “Краіна Беларусь” Арлова і Герасімовіча, і школьная “Новая зямля” Якуба Коласа. Без сумневаў, спіс “энцыклапедычных” для нашай культуры кніг папоўнілі і “Колер Беларусі” Міхала Анемпадыстава.
Як кажа сам аўтар, ён даследаваў каларыстычную канцэпцыю нашай краіны. Пагадзіцеся, аб’ект вывучэння для айчыннай літаратуры і навукі даволі рэдкі.
Узяў прыгожы альбом, прагартаў усе 194 старонкі, паўглядаўся ў колеры, іх спалучэнні і зразумеў, якія мы, беларусы.
- Цяпер мы дакладна ведаем, якія колеры можна лічыць традыцыйнымі для нас
У кнізе апісаныя 7 колераў, якімі “пафарбаваная” беларуская культура: белы, чорны, чырвоны, сіні і блакітны (ідуць у адным раздзеле), шэры, залаты і жоўты (таксама адна пазіцыя), зялёны.
Кожны “энцыклапедычны артыкул” праілюстраваны дзясяткам фота, дзе зафіксаваная прысутнасць колеру ў прыродзе і ў матэрыяльнай культуры.
Міхал Анемпадыстаў даследуе гэтую тэму з 2009 года. Каб сабраць матэрыял, ён вывучаў тапаніміку, разглядаў кераміку ў этнаграфічным музеі ў Варшаве, перачытваў чарадзейныя казкі і песні, зазіраў у гісторыю мовы.
Ва ўсіх культурах каларыстычная база – гэта чорны, белы і чырвоны колеры. Менавіта гэтыя тры – самая архаіка. Пасля ў залежнасці ад рэгіёна фармавалася свая традыцыйная гама. Усе гэтыя цікавосткі можна прачытаць у апісанні да колераў альбо на сайце budzma.by.
- Кніга нараджалася ў інтэлектуальным асяродку
Альбому папярэднічалі дзясяткі лекцый, якія Міхал прачытаў у некалькіх беларускіх гарадах за пяцьгадоў, а таксама аднайменная выстава. Многія лекцыі адбыліся ў рамках дзейнасці “Лятучага ўніверсітэта” (fly-uni.org) і Міжнароднага кансорцыума “ЕўраБеларусь”.
Рэдактар выдання – філосаф Валянцін Акудовіч, а рэцэнзент – доктар мастацтвазнаўства Вольга Лабачэўская. Каталог пабачыў свет у межах міжнароднага праекта па развіцці культурнай спадчыны CHOICE.
Карацей, хочаце разбірацца ў колерах, як Анемпадыстаў, – гугліце запісы і канспекты з лекцый, нататкі з адкрыцця выставаў.
- Формула этнагенезу беларусаў
«Галоўны традыцыйны колер беларусаў – белы. І гэта не славянскі колер – гэта балцкі. У балтаў ён дагэтуль таксама белы. А чырвоны – славянскі. І вось бела-чырвонае спалучэнне – гэта ілюстрацыя мадэлі этнагенезу беларускага. Гэта таксама адсочваецца ў народных арнаментах. Калі раскласці гэтыя ручнікі на мапу, то бачна, дзе была большай гэтая славянізацыя, дзе была меншай. І гэтае спалучэнне белага і чырвонага – у нейкім сэнсе надзіва лаканічная, надзіва кароткая (карацейшай проста няма) формула этнагенезу беларусаў. Гэта нашая ўласная гісторыя», – выводзіць асноўную формулу беларусаў Міхал Анемпадысаў.
Чаму ў назве нашай краіны прысутнічае колер і калі нас пачалі зваць, таксама гаворыцца ў кнізе альбо на budzma.by.
- Гармонія ў колерах, асяроддзі, душы і паўсядзённасці
Для чаго гэта ўсё і што цяпер з тымі колерамі рабіць? Каму патрэбныя гэтыя веды, акрамя спецыялістаў?
Калі Міхал Анемпадыстаў толькі пачынаў чытаць публічныя лекцыі, ён казаў пра стыль і вобраз Беларусі, каларыстычную канцэпцыю нашай краіны і гарадоў. Уяўляеце, колеры таксама не ў малой ступені фармуюць нас і нашае жыццё! Не менш за герб і сцяг, мову, гісторыю і іншыя атрыбуты нацыі, грамадства, культуры.
Вы калі-небудзь задумваліся, ці спалучаецца колер дома з ландшафтам, сярод якога стаіць будынак? Ці пераймаюцца гэтым нашыя архітэктары, калі плануюць гарады і вызначаюць стандарты? Як іх каларыстычныя рашэнні ўплываюць на нашую паўсядзённасць?
“Колер Беларусі” – выдатная магчымасць паглядзець, як расфарбоўвалі культуру нашы продкі, палюбавацца і ўразіцца той гармоніяй, дарэчнасцю і глыбінёй.
Хрысціна Марчук, Фота: Аляксандр Кісялёў
Глядзіце таксама:
Міхал Анемпадыстаў: Колер як феномен культуры (уступ)
«Колер Беларусі» Міхала Анемпадыстава: Белы
«Колер Беларусі» Міхала Анемпадыстава: Чорны
«Колер Беларусі» Міхала Анемпадыстава: Чырвоны
Кніга Міхала Анемпадстава “Колер Беларусі” была выдадзеная ў межах міжнароднага праекту па развіцці культурнай спадчыны CHOICE