• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Маё права
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Фотарэпартаж
  • Афіша
  • "Будзьма!" прапаноўвае
24.10.2017 | Гісторыя Асоба

“Гэта была глыба”. Радзім Гарэцкі пра рэпрэсаванага бацьку, расстралянага дзядзьку і лёс інтэлігенцыі

Для геолага Радзіма Гарэцкага гісторыя рэпрэсій — гэта гісторыя сям’і. Усё надта блізка. Бацьку, вучонага і заснавальніка Акадэміі навук, катавалі ў турмах і ганялі па лагерах. Дзядзьку, пісьменніка Максіма Гарэцкага, расстралялі ў 1938-м. Праз некалькі дзён будзе 80 гадоў з ночы, калі ў Мінску знішчылі сотню інтэлігентаў — з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. Напярэдадні гэтай даты інтэлігент Радзім Гарэцкі распавёў TUT.BY, што падчас рэпрэсій страціла яго сям’я і ўся Беларусь.

Фото: Ольга Шукайло, TUT.BY
Радзім Гарэцкі скончыў Маскоўскі нафтавы інстытут, працаваў геолагам. З 1977 года быў дырэктарам Геалагічнага інстытута Акадэміі навук СССР у Маскве. Потым пераехаў у Беларусь, дзе стаў акадэмікам Акадэміі навук БССР. Доктар геолага-мінералагічных навук. Заслужаны дзеяч навукі БССР. Замежны член Расійскай акадэміі навук. З 1992 па 1997 гады быў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук Беларусі.

1937. Открытый архив

С 1937 года, на который пришелся пик советских политических репрессий, прошло 80 лет. Отталкиваясь от этой даты, мы предлагаем вспомнить репрессированных в разные годы жителей Беларуси.

Информации о пострадавших мало, архивы закрыты или труднодоступны, во многих семьях о репрессированных предках тоже по привычке молчат. Часто неизвестно, где похоронены расстрелянные и как сложилась судьба тех, кто побывал в лагерях. Призываем говорить об этих людях, открывать архивы, чтобы сохранить самое ценное — память.

«Яны марылі, што Беларусь будзе багатая, толькі сацыялістычная»

— Сёння ёсць некаторыя людзі, якія за Сталіна, кажуць, што так і трэба, што нічога не было. А я проста магу расказаць, што было з намі. Зараз гэта важна.

Мой бацька, Гаўрыла Гарэцкі, і мой дзядзька, Максім Гарэцкі, першы раз трапілі ў турму яшчэ ў 1922 годзе.

Гаўрыла Іванавіч тады вучыўся ў Маскве, там стварыў асацыяцыю беларускіх студэнтаў. У дваццаць другім годзе Ленін вырашыў выкінуць шэраг інтэлігенцыі вон з Расіі. Гаўрылу Іванавіча арыштавалі на пэўны час.

А дзядзька Максім Гарэцкі ў гэты час быў у Вільні, якую захапілі палякі — пасадзілі за сувязі з бальшавікамі. Нават хацелі павесіць, але выкінулі за мяжу Літвы.

Фото: Ольга Шукайло, TUT.BY
Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Адзін стаў класікам беларускай літаратуры, дзеячом нацыянальнага адраджэння. Другі – выбітным вучоным, адным з заснавальнікаў Беларускай акадэміі навук.
Браты сталі ахвярамі савецкіх палітычных рэпрэсій.
Максіма Гарэцкага растралялі ў 1938-м, рэабілітавалі ў 1957-м. Гаўрыла Гарэцкі шмат гадоў правёў у ссылцы. Рэабілітаваны ў 1958 годзе «за адсутнасцю складу злачынства».

Калі я нарадзіўся, бацька ўжо быў адным з заснавальнікаў Беларускай акадэміі навук. Ездзіў па навуковых справах за мяжу. Тады самая выдатная сельская гаспадарка была ў Даніі. У нашых вучоных-аграрыяў быў лозунг — зрабіць з Беларусі чырвоную Данію. Яны ж распрацавалі цэлую сістэму — з хутарамі, фермамі! Марылі, што Беларусь будзе такая ж багатая, толькі сацыялістычная.

Але дзяржава стала зганяць усіх у калгас! І пра вучоных сталі пісаць, што яны здраднікі, шкоднікі, буржуазныя нацыяналісты, нацдэмы. У 1930-м такія ж прыдзіркі былі і да Максіма Гарэцкага, толькі ён ня быў у Акадэміі навук.

Памятаю, як маці даведалася, што бацьку затрымалі па дарозе з адпачынку. Выходзіла на вакзал, каб сустрэць, як бацьку прывязуць. І праўда — сустрэла. З мамай былі я, бабуля. Бачым: выходзіць бацька з ахоўнікам. Мама кінулася да яго, ахоўнік турхнуў — ледзь не паляцела. А я крычу: «Тата! Тата!». Я быў малы, але нешта ўжо кумекаў: адбываецца нешта страшнае. З бацькам нам не далі пагаварыць.

Фото: Ольга Шукайло, TUT.BY
Кватэра Радзіма Гарэцкага, працоўны кабінет

«Беларускія інтэлігенты былі з сяла, у першым пакаленні»

— У нас у 1930-м прыдумалі Саюз вызвалення Беларусі, якога тут не было. І пад гэтую справу падвялі больш за сотню інтэлігентаў!

А ў Беларусі інтэлігенты былі асаблівыя… Чым яны адрозніваліся ад іншых? Большасць была з сяла, інтэлігенты ў першым пакаленні. Тыя самыя Гаўрыла і Максім — іх бацькі былі зусім непісьменныя.

Але ў нас у народзе былі вельмі таленавітыя людзі, асабліва жанчыны. Мая баба Ефрасіння была народнай спявачкай і сказіцельніцай, ведала процьму песень і сама складала. Максім Гарэцкі, яшчэ калі быў вольным, нават напісаў кніжку «Народныя песні з мелодыямі». Прывёз да маці кампазітараў Ягорава і Аладава — сам запісваў словы, а яны адразу — ноты. 318 песень! Чую і зараз, што некаторыя мелодыі ў канцэрты бяруць.

Гэтыя жанчыны з вёскі настолькі любілі родную мову, ведалі столькі, што вось гэта інтэлігенцыя першага пакалення — менавіта ад гэтых жанчын такой і зрабілася.

Фото: Ольга Шукайло, TUT.BY
Бацькі рэпрэсаваных інтэлігентаў Гарэцкіх былі простымі людзьмі. Сяляне з вёскі Вялікая Багацькаўка (Мсціслаўскі павет Магілёўскай губерніі) Іван Кузьміч і Ефрасіння Міхайлаўна Гарэцкія.

Рэпрэсіі пачаліся яшчэ з Леніна. Канешне, ён быў упарты, энэргічны, харызматычны. І троху, відаць, хворы. А калі ўжо Сталін прыйшоў, то Ленін так ужо захварэў, што нічога не разумеў, што да чаго. З сялян бралі развёрстку, калі ў іх саміх не было чаго есці, простых людзей маглі расстраляць ні за што.

Ведаеце, я лічу, што ў нас не было ні камунізму, ні сацыялізму, у нас быў толькі бальшавізм. Бальшавікі былі жорсткай партыяй, іх не цікавіў лёс Расіі — іх цікавіла, каб была сусветная рэвалюцыя, каб была ўлада. А сваіх людзей яны не шанавалі, знішчалі.

«Селянін побач з бацькам звар’яцеў і крычаў: «Я — шпіён! Я — шпіён!»

— Максіма Гарэцкага пасадзілі па справе Саюзу вызвалення Беларусі — выслалі ў Кіраў (Вятка, Расія), на пяць гадоў. А Гаўрылу Гарэцкага — па справе Працоўнай сялянскай партыі. Кіраўнікамі партыі зрабілі яго настаўнікаў у Маскве, лепшых у свеце эканамістаў. Сярод іх быў Кандрацьеў — настолькі выдатны, што нават «пяцігодка Кандрацьева» была. А потым іх білі і калацілі, і яны прызнавалі, што была Працоўная сялянская партыя. А Гаўрыла Іванавіч быццам узначальваў яе філіял ў Беларусі.

Фото: Ольга Шукайло, TUT.BY
Гаўрыла Гарэцкі з сям’ёй, канец 20-х

Калі бацька сядзеў на Валадарскага, там рабілі «парылкі». Значыць, засоўваюць цябе ў невялікае памяшканне і туды пускаюць пар. І ты пачынаеш задыхацца, увесь мокры. Гаўрылу Іваныча пасадзілі ў «парылку» разам з нейкім селянінам. А той ужо звар’яцеў. Яны там сядзелі побач, прыжатыя, а селянін крычаў: «Я — шпіён! Я — шпіён!».

Шпіён — гэта самы кепскі быў артыкул. Во і бацьку самая шкода, што напісалі — польскі і германскі шпіён, раз быў у гэтых краінах.

Фото: Ольга Шукайло, TUT.BY

А пасля такіх парылак ледзь выжывалі, ужо ў чым хочаш прызнаваліся.

Я потым чытаў у справах, калі ў нас было пацяпленне… У нас выдатны быў пісьменнік Кузьма Чорны. Дык Чорнага катавалі: пераварочвалі табурэтку і саджалі на адну з ножак. Такі дзікі боль быў, што ён гатоў быў што заўгодна… Праклінаў і Купалу, і ўсіх.

Як вы ведаеце, Купала вельмі выдатна сябе павёў. Яго таксама пачалі цягаць у КДБ на допыты. Наша сям’я сябравала з Янкам Купалам. Ён зрабіў сабе «харакіры» — ледзь застаўся жывы. А Ігнатоўскі, прэзідэнт нашай Акадэміі навук, наогул застрэліўся. Усё гэта быў пратэст супраць тых падзей.

Бацьку забіралі пару разоў у Маскву, як найбольш «злоснага». Больш за паўгады зноў прасядзеў у Бутырцы, а потым, ужо тут, прысудзілі да вышэйшай меры пакарання.

Але здарылася дзіўная гісторыя. Сам следчы распавядаў, але можа гэта міф. Прыехалі ў Маскву Чарвякоў і Галадзед — нашыя сапраўдныя беларусы, але шчырыя камуністы. І, як гэты казаў, Сталін падпісваў, каго растраляць, каго не. Праводзіць рукой па спісе, дайшоў да Гаўрылы Іванавіча. А Чарвякоў і Галадзед пачалі бацьку хваліць, бо добра ведалі. Той пытаецца, колькі яму год. «Хутка будзе трыццаць». Сталін сказаў: «Так ён яшчэ малады? Ну, няхай нямнога пажыве». І яму далі 10 гадоў у лагеры.

«Калі бацьку арыштавалі, усе ад маці шарахаліся»

— І Гаўрылу Іванавіча адправілі ў «цяплушцы» (спецыяльны вагон, у якім перавозілі зняволеных. — Заўв. TUT.BY) на Салаўкі (Салавецкі лагер асаблівага прызначэння. — Заўв. TUT.BY). Яго павінны былі павезці на Салавецкія астравы, але была каманда будаваць Беламорска-Балтыйскі канал. Аднойчы зняволеным сказалі: «Выходзьце, хто з вышэйшай адукацыяй!». Бацька выйшаў, і яго паслалі ў цэнтральнае ўпраўленне Беламорканала.

Каб добра зрабіць канал, трэба было займацца інжынернай геалогіяй. І Гаўрыла Іванавіч папрасіўся ў такі аддзел. Там даведаліся: акадэмік! Няхай эканаміст, не геолаг, але ж. І ўзялі бацьку. Ён там працаваў, хоць і павінен быў варочацца да астатніх зняволеных у свой час, не збягаць нікуды. Далі яго ў памочнікі геалагіні Варвары: «Будзеце помВарам». Але Гаўрыла Іванавіч у хуткім часе стаў лепшы за гэтую Варвару. А калі вельмі добра працуеш, давалі скідку па гадах. І яго за чатыры гады адпусцілі.

Але жыць бацьку ўсё роўна можна было толькі там.

Праўда, адпусцілі на месяц у Беларусь у 1934 годзе. Ён паспеў апошні раз пабачыць маці і забраў нас да сябе.

Фото: Ольга Шукайло, TUT.BY
Гаўрыла Гарэцкі разам з жонкай

Мы з мамай увесь час да гэтага жылі ў Беларусі без бацькі. Мама была такая вясёлая, жвавая, а як бацьку арыштавалі — усе ад яе адвярнуліся. Засталася з двума дзеткамі, і яшчэ старыя дзед і баба, бацькі, на плячах. Усе ад яе шарахаліся: у той час за знаёмства з сям’ей ворагаў народа маглі таксама пасадзіць. Адзіныя, хто ад мамы не адвярнуўся і, наадварот, дапамагалі — сем’і Коласа і Купалы.

«А дзядзьку Максіма расстралялі»

Фото: Ольга Шукайло, TUT.BY

— Мы жылі ў Коле, зараз гэты населены пункт ужо ўвайшоў у Мурманск. Але падышоў сумны трыццаць сёмы. У гэтым годзе бацьку зноў забралі. Зноў усплыў той самы паганы артыкул — шпіён. Але Гаўрылу Іванавіча раптам да снежня выпусцілі. Толькі потым я зразумеў. Мяняліся кіраўнікі КДБ, калі аднаго здымалі, яго абвінавачвалі, што перасадзіў шмат людзей. І многіх катаў таксама пасадзілі і расстралялі. А потым — наступных. Але, калі саджалі кіраўнікоў КДБ, было, што выпускалі зняволеных. Бацька трапіў у такі час. Як кажуць, нарадзіўся ў сарочцы.

А дзязьку Максіма расстралялі ў 38-м, у Расіі. Спачатку, нават пасля рэабілітацыі, хлусілі — казалі, што памёр ад кровазліцця ў мозг. Але я падчас перабудовы бачыў яго справу. Ёсць дакументы: 40 чалавек вывелі, растралялі за 15 хвілін і закапалі «на адпаведную глыбіню».

Тату зноў арыштавалі ў 38-м. Мясцовым у Мядзвежай Гары здалося, што во, злавілі яны — ну самага-самага шпіёна: у Германіі быў, Галадзеда і Чарвякова вербаваў! І зноў яго, як самага «злоснага», паслалі ў Маскву. Яго павезлі, а ў Мядзвежай Гары расстралялі 1100 чалавек. Зараз там мемарыял Сандармох, як нашыя Курапаты. Толькі там малайцы: і поўны спіс расстраляных ёсць, і пішуць, кім яны расстраляныя. Не тое, што ў нас.

Фото: Ольга Шукайло, TUT.BY
Кнігі пра жыццё Гарэцкіх, якія напісаў акадэмік Радзім Гарэцкі

А бацька ў Маскве трапіў да следчага Фінкельштэйна. Той кажа: «А як жа вы маглі завербаваць Чарвякова? Яго расстралялі, калі вы сядзелі. А Галадзед сам сябе застрэліў, калі вы сядзелі! Глупства». І адаслаў назад, з просьбай вызваліць.

Памятаю, як мы бегалі глядзець бацьку падчас зняволенняў у Мядзвежай Гары — калі выводзілі арэстантаў. Аднойчы ўбачылі яго ў такім стане, што жудасць! Ногі закутаныя, абросшы, апухшы, ледзь цягнуўся. Давялі яго да такога стану, што ён маме перадаў: «Дай мне лязо». Мама мужная вельмі жанчына ў мяне, выдатная. Яна вырашыла: ну што ж рабіць, чым так мучацца — няхай… Лязо ў сарочку ўклала. Але, Слава Богу, ён перамог сябе і застаўся жыць.

Памятаю яшчэ адну гісторыю… Аднойчы мама адправіла мяне з бабуляй у Запарожжа. Там жыў яе брат родны, Сяргей — быў майстрам на авіяцыйным заводзе. І на завод спусцілі план па «поимке врагов народа». Я быў сведкам, як забіралі дзядзьку. Жонка была цяжарная. Мы са стрыечнай сястрычкай маёй Інай малыя былі, нават не адразу зразумелі, што адбываецца. Смяяліся: во, нейкія дзядзькі ў хату прыйшлі! А потым самі плакалі.

«Бацька не крыўдаваў ні на сістэму, ні на людзей»

Фото: Ольга Шукайло, TUT.BY

— Я пад назвай «сын ворага народа», можна сказаць, пражыў усё жыццё.

Бацьку канчаткова вызвалілі ў 39-м. Адразу ніхто не браў на працу, бо вораг народу. Але ён быў такі адданы навуцы: нават калі сядзеў без працы, дасылаў у часопісы артыкул пра сваю геалагічную працу на Беламорканале.

Хутка пачалася вайна. Бацьку мабілізавалі — на інжынерныя вышуканні. А потым, у 1945-м, ён трапіў у геалагічны інстытут у Маскве. Там абараніў кандыдацкую, доктарскую.

Мы падчас вайны былі ў эвакуацыі. Там з дзяцей-хуліганаў, якія жылі побач з уркамі — бо ў лагерах былі не толькі палітычныя, але і сапраўдныя злачынцы — мы зрабіліся вельмі сур’ёзнымі і адказнымі. Страшна было, голад, але я вельмі многа чытаў.

Фото: Ольга Шукайло, TUT.BY
Сям’я Гарэцкіх, апошні мірны год — 1928-мы

Гаўрылу Гарэцкага рэабілітавалі ў 1958 годзе, Максіма ў 59-м, «за адсутнасцю складу злачынства». Значыць, невінаватыя зусім. Мы ўжо жылі ў Маскве, але ў Беларусь доўга не дазвалялі вярнуцца. Можа, гэта яго і ратавала, бо тых, хто вяртаўся сюды пасля вайны, арыштоўвалі яшчэ нават у пачатку 50-х. А бацька так любіў Беларусь, толькі марыў быць тут. Ён перабраўся сюды толькі ў 70-м…

Я дзіўлюся, але ў бацькі не было крыўды, калі ён вызваліўся: ні на сістэму, ні на людзей. Вы размаўлялі з Яняй Маргелавай (дачка расстралянага супрацоўніка Акадэміі навук Сцяпана Маргелава. — Заўв. TUT.BY), а бацька яе быў аспірантам у таты, у інстытуце ў Мінску. Калі іх усіх пасадзілі, людзей прымушалі пісаць адзін на аднаго ўсякую гадасць. І Маргелаў, на жаль, пісаў. Але тата вельмі добра ставіўся да яго дачкі, была ў нас як свая.

У Гаўрылы Іванавіча не было ніякай крыўды на людзей. Усё казаў: а ты стань на месца чалавека, які гэта зрабіў. І зразумееш, з гадкімі намерамі, ці прымусілі.

«Інтэлігенты, якіх знішчылі, – гэта была такая глыба»

Фото: Ольга Шукайло, TUT.BY

— Бацька не дажыў да перабудовы, памёр у 1988-м. На жаль, бо ён бы радаваўся. Ён вельмі любіў беларускую мову, любіў справу свайго брата.

Спадчына расстралянага Максіма Гарэцкага вярталася вельмі марудна і цяжка. Спачатку пісалі, што ў яго былі нейкія памылкі, буржуазнае нешта. А потым Алесь Адамовіч напісаў кнігу пра Максіма Гарэцкага. Паказаў, што гэта выдатнейшы пісьменнік, што стаіць побач з пачынацелямі нашай сучаснай літаратуры: Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам. І толькі пасля гэтага магутнага штуршка людзі павярнуліся да спадчыны Максіма. Толькі падумаць, Максім Гарэцкі адзін напісаў гісторыю беларускай літаратуры. Цэлы інстытут такое потым рабіў, а ён — адзін!

Некалі Максім Гарэцкі напісаў: «Ахвярую сваім «Я» ва імя святога для ўсіх нас адраджэння».

Гэта значыць, амбіцыямі сваімі ахвярую. Так рабіла інтэлігенцыя таго часу. А сёння не ахвяруюць. Начальства не ахвяруе, ніхто. Я ж во і Зянона Пазняка добра ведаю, з ім працаваў. Бывала, кажу: «Паслухайце майго дзядзьку! Трэба ахвяраваць сваімі амбіцыямі». Ківаюць: «Так-так, правільна-правільна». Але — калі даходзіць да справы… (смяецца). Чаму на выбарах у 2010-м годзе было ажно дзесяць кандытадаў? Чаму не здолелі дамовіцца? Таму што не ахвяруюць сваім «я».

Каб не тыя рэпрэсіі 30-х, Беларусь была б зусім іншая. Мы былі б багатыя, мовазнаўства ў нас было б вялікае. Тыя інтэлігенты, якіх знішчылі, — гэта была такая глыба! Самыя лепшыя.

TUT.by

Tweet

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

Інфармацыйныя спецаперацыі супраць Беларусі ў заходніх СМІ

Аляксей Гайдукевіч робіць для budzma.by агляд замежнай прэсы Пра крывавыя падзеі жніўня ў Беларусі першымі даведаліся нашы суседзі. СМІ ў Літве, Польшчы, Чэхіі і іншых краінах рэгіёна ў рэжыме анлайн інфармавалі...

valiancina_shauchenka
Праект Кірыла Стаселькі "Можам"

«Выпадкаў несправядліва асуджаных у Беларусі вельмі шмат»

У сваім спецпраекце «Можам» Кірыл Стаселька гутарыць з аўтарамі пратэсных плакатаў, каб даведацца, хто гэтыя асобы і што хаваецца за кароткімі мэсіджамі на іх плакатах. У гэтым матэрыяле пра свой плакат, зніклых, забойства...

valiancina_shauchenka
Гісторыя

Знойдзены найстарэйшы малюнак Навабеліцы. Паглядзіце, як яна выглядала 200 гадоў таму

Знойдзен унікальны малюнак Беліцы 1845 года, паведамляюць Моцныя Навіны. Ён быў апублікаваны на сайце праекта Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі ў складзе карты Магілёўскай губерні першай паловы XIX стагоддзя. ...

valiancina_shauchenka
Афіша

Анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава — 20 студзеня

Кампанія «Будзьма!» запрашае 20 студзеня а 19-й гадзіне на анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава, падчас якога прагучаць песні з альбома «Песьні выгнаньня» (1995) на вершы паэтаў, якія былі вымушаны...

Апошнія навіны

    Грамадства
    Інфармацыйныя спецаперацыі супраць Беларусі ў заходніх СМІ
    Праект Кірыла Стаселькі "Можам"
    «Выпадкаў несправядліва асуджаных у Беларусі вельмі шмат»
    Гісторыя
    Знойдзены найстарэйшы малюнак Навабеліцы. Паглядзіце, як яна выглядала 200 гадоў таму
    Афіша
    Анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава — 20 студзеня
    Грамадства
    МУС: Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна аплачвалі штрафы затрыманых дэманстрантаў
    Літаратура
    Нарвежскі саюз пісьменнікаў: мы салідарныя з Беларуссю
    Грамадства
    Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый аб прызнанні палітвязнямі абвінавачаных па справе Прэс-клуба
    Грамадства
    Пісьменнік Саша Філіпенка напісаў другі адкрыты ліст Рэне Фазэлю
    Грамадства
    У «Дана Молл» выступіў «Вольны хор» з «Пагоняй» і вывесілі вялікі бчб-сцяг
    Грамадства
    Кнігараспаўсюднік Алесь Яўдаха не выходзіць на сувязь
    Грамадства
    Больш за 800 беларускіх навукоўцаў падпісалі ліст у падтрымку звольненых з Акадэміі навук калег
    Грамадства
    Вядоўца на заробак ад $100: дзяржСМІ спрабуюць закрыць дзясяткі вакансій
    Грамадства
    «Цудоўня» распачала працу ў новым месцы
    Грамадства
    Ці стаў прыезд Фазэля правалам?
    Грамадства
    «Новы Час» больш не будзе прадавацца ў шапіках «Белсаюздруку»

Афіша

  • 20.01 19:00Анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава
  • 21.01 19:00Літаратурна-музычнае мерапрыемства “Мой Багдановіч”
  • 06.05 20:00Народны альбом

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Віктар Марціновіч: А зараз вернемся да нармальнага жыцця?
    • Запісы Зайцава — справа расійскіх нафтавікоў
    • Як у свеце адрэагавалі на візіт Рэнэ Фазэля да Лукашэнкі
    • Ад пракату «Доваду» да закрыцця кінатэатраў. Падводзім вынікі 2020 года ў беларускай кінаіндустрыі
    • «Словы мацней»: Аляксандр Памідораў чытае твор Зямы Піваварава

Ахова спадчыны

  • Смуткуем…
  • Сумесныя кансервацыйныя працы
  • Новыя перспектывы супрацы
  • Другое жыццё твора мастацтва
  • Праблема Жыровічскага манастыра вырашана
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM