• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Маё права
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Фотарэпартаж
  • Афіша
  • "Будзьма!" прапаноўвае
09.07.2018 | У краіне Тэатр

«Гэта сапраўды космас!» — «Радзіва «Прудок» паглядзелі землякі і героі Горвата

Купалаўскі тэатар са спэктаклем «Радзіва „Прудок“» нарэшце даехаў да радзімы Андруся Горвата — Калінкавіцкага раёну. У Прудку падыходзячай сцэны не аказалася, таму два спэктаклі паказалі ў райцэнтры, а на паказы прыехалі героі кнігі і тэатральнай пастаноўкі – паведамляе Радыё Свабода. Суседка Андруся цётка Надзя, яе старэйшая сястра Вера і ўнучка Карына ад спэктаклю ў захапленьні, цётка Надзя нават прасьлязілася.

Прудок, ды ня той

​Прудок сапраўды космас, і дабрацца да яго аказалася ня так проста. Навігатар прывёў журналістаў спачатку ў зусім іншы Прудок — Мазырскага раёну. Каля пошты сталічных гасьцей павінны былі сустрэць загадчыца аддзелу зьнешніх сувязяў Купалаўскага тэатру Дыяна Даражок з сапраўднай прудкоўскай суседкай Горвата цёткай Надзяй. Але ля будынку пошты іх не было, дый пошта аказалася ну зусім не падобная да апісанай Горватам. І сам Прудок быў нейкі занадта цывілізаваны — у вёсцы каля пошты і сельсавета касілі газоны, паўсюль дэкаратыўныя ровары з кошыкамі кветак, малыя архітэктурныя формы, скульптуры. Як пазьней пажартаваў Андрусь Горват, трапілі журналісты ў «фэйкавы Прудок».

Горватаўскі ж Прудок аказаўся за кілямэтраў 40 ад мазырскага — у cуседнім Калінкавіцкім раёне. Але самога Андруся Горвата ў сапраўдным Прудку не было — ад журналістаў ён уцёк. Давялося ў памяць аб Прудку апусьціць у паштовую скрыню паштоўку з афішай спэктаклю — праз тыдзень яна прыйдзе ў Менск ужо з паштовым штэмпэлем «Прудок».

Цётка: «Я прыйшла да Андруся са слоікам мёду — з пустымі рукамі мы ў госьці ня ходзім»

Сапраўдная цётка Дуня (у жыцьці Надзея Пархоменка) чакала сталічных гасьцей каля пошты ў Прудку, што ў Калінкавіцкім раёне. Прыгожая бляндынка з моднай стрыжкай мае такое пачуцьцё гумару! Кажа, што ведае Андруся з самага нараджэньня, хоць шмат гадоў і ня бачыла (хіба што на могілках сустракаліся, калі бацька Іван Горват прыяжджаў з малым Андрусём).

«Але калі Андрусь вярнуўся ў дзедаву хату, у вёсцы толькі і размоў было — „Горватаў унук прыехаў“. Хата была разваленая, аднаўляць яе давялося з нуля. Цяжка яму было. Я жанчына камунікабэльная, таму вырашыла адведаць новага суседа. У вёсцы цяпер шмат чужых. А тут прыехаў свой чалавек — Івана Горвата хлопец, Івана, у якога на вясельлі мой брат быў сьведкам! Свой чалавек — можа, яму трэба дапамагчы?» — распавяла цётка Надзя пра першы свой візыт да Андруся. Прыйшла яна з салодкім пачастункам.

Андрусь Горват зь цёткай Надзеяй
Андрусь Горват зь цёткай Надзеяй

«Я прыйшла да новага суседа знаёміцца са слоікам мёду — з пустымі рукамі мы ў госьці ня ходзім», — кажа яна.

Андрусь Горват таксама цётку Надзю згадвае зь любоўю.

«Некаторыя мясцовыя паставіліся да мяне з насьцярогай — хто прыехаў, навошта? А цётка Надзея — унікальны чалавек, вельмі душэўны, спагадлівы. Яе ў музэй трэба паставіць».

Цётка Надзя адразу ж пажартавала: яе бюст ці помнік прапануе Андрусь паставіць у музэі?

Кнігу цётка прачытала. Праўда, за два прыёмы. Толькі была пачала, а тут пляменьнік зь Віцебску папрасіў: маўляў, такі ажыятаж вакол Горвата! Некаторыя выразы ў друкаваным варыянце сьціплую вясковую жанчыну крыху зьбянтэжылі. Напрыклад, «пайсьці да ветру».

«Тое-сёе Андрусь перабольшыў, але кніжка вельмі спадабалася і мне, і ўсёй сваёй радні», — падсумавала цётка Надзя.

Спэктакль быў яшчэ наперадзе…

Горват: «Я хачу ў гэтым спэктаклі жыць. Ён вельмі ўтульны, вельмі клясны!»

У Калінкавічах і нават у суседнім Мазыры Андрэя Горвата ведаюць і называюць «вялікім прУдкаўскім пісьменьнікам» (у Мазыры ў культурнай прасторы «Даліна анёлаў» прайшла прэзэнтацыя ягонай кнігі), а Рамана Падаляку — «культавым рэжысэрам».

Андрусь Горват прызнаўся, што ў яго даўно была мара — прывезьці на сваю малую радзіму купалаўцаў і разварушыць Палесьсе. Хацеў прывезьці спэктакль «Людзі на балоце», але гэта было складана.

Андрусь Горват
Андрусь Горват

«А тут мясцовыя людзі сталі героямі кнігі. А каму, як ня ім, тутэйшым, паказаць гэты спэктакль? І сёньня прыедуць прудкоўцы: на дзённым паказе будзе цётка Надзя зь сястрой і ўнучкай, на вечаровым — наша касірка з крамы, якую я мару прывезьці ў сталіцу і паказаць менчукам, як трэба абслугоўваць людзей. Гэта ўзор касіркі! Будуць яшчэ аднавяскоўцы, будуць мае сваякі. Няхай нам даруюць пэўную мэтафарычнасьць, пэўную адарванасьць ад рэальнасьці, адарванасьць ад жыцьця…

Праўда, асьцерагаюся, каб пасьля прагляду спэктаклю мяне не пабілі», — пажартаваў Андрусь Горват на прэсавай канфэрэнцыі перад спэктаклем «Радзіва „Прудок“».

Андрусь прызнаўся, што не сумняваўся, што атрымаецца абсалютна клясны спэктакль.

«Я цалкам давяраю Раману Падаляку, я ведаю, што ён пэрфэкцыяніст і ўсё зробіць дасканала. Сам спэктакль я глядзеў разоў 5, і ў той атмасфэры, якую зрабілі купалаўцы, я хачу жыць. Праўда! Я хачу ў гэтым спэктаклі жыць. Ён вельмі ўтульны, вельмі клясны!»

Раман Падаляка: «Такія „космасы прыцягненьня“ павінны быць у кожнага»

Два месяцы спэктакль з аншлягам ідзе на камэрнай сцэне Купалаўскага тэатру. У сталіцы квіткоў на яго не дастаць. Рэжысэр Раман Падаляка прызнаўся, што да яго пастаянна зьвяртаюцца сябры, знаёмыя, прадстаўнікі вялікіх кампаній — як трапіць? І даводзіцца дастаўляць яшчэ 20-30 крэслаў на кожны паказ.

Раман Падаляка
Раман Падаляка

«Што мне падабаецца ў гэтым працэсе? Спэктакль атрымаўся цёплым, ён дае зарад энэргіі людзям, дае стымул, каб нешта рабіць. І хоць кожны паказ глядзіцца па-рознаму, акторы кожны раз па-іншаму штосьці робяць, і сёньня ўсё будзе іначай, бо іншая прастора, але зарад энэргіі застаецца. Застаецца і тэкст Андруся, які мы крыху пераўвасобілі. Але Андрусь нам даў поўную свабоду, дазволіў усё — рэжце, крамсайце…

Вядома, усе хваляваліся — ці атрымаецца, ці зразумеюць нас? Але, калі задаеш плянку вышэй, чым можаш, усе складваецца», — кажа рэжысэр спэктакля Раман Падаляка.

Падаляка, як і Горват, вельмі палюбіў Прудок і прудкоўцаў, часта тут бывае, але разумее, што ніколі ня стане ў Прудку сваім.

«У мяне таксама ёсьць такая хата ў Віцебскай вобласьці. Такія „космасы прыцягненьня“ павінны быць у кожнага. Калі б я пісаў пра сваю вёску, у мяне атрымаўся б „хорар“: той павесіўся, той утапіўся, таго застрэлілі. Андрусь бачыць сваю рэальнасьць у жыцьці Прудка. У Андруся талент, што ён так бачыць сьвет! Так напаўняе яго, можа пісаць ня проста пра канкрэтнага чалавека, а зьбіраць вобразы», — пазайздросьціў Горвату Падаляка.

Падчас спэктаклю
Падчас спэктаклю

«Культавы рэжысэр» Раман Падаляка патлумачыў, што гэта не дакумэнтальны, не аўтабіяграфічны спэктакль, гэта не дакладная, рэальная цётка Надзя, а цётка Дуня.

«Гэта наша ўяўленьне, як можа быць. Мы толькі ляцім на плянэту Прудок, а не знаходзімся на ёй».

Перад спэктаклем Раман хваляваўся і з прычыны тэхнічных праблем: адна справа — супэрсучасная камэрная сцэна Купалаўскага тэатру, і зусім іншая — сцэна Калінкавіцкага ДК, які цяпер называецца «цэнтрам арганізацыі вольнага часу». Аднак супрацоўнікі цэнтру ня толькі дапамагалі ставіць дэкарацыі да позьняй ночы, дык яшчэ і дырэктарка карміла хатнімі катлетамі і галубцамі.

Цётка Надзя ад спэктаклю ў захапленьні

У Калінкавічах у суботу ўвечары адбыліся два бясплатныя паказы спэктаклю «Радзіва „Прудок“». Публіка прыйшла розная: прудкоўцы, героі кнігі і тэатральнай пастаноўкі; мясцовыя чыноўнікі; проста аматары тэатру; сьвятары… Рэагавалі на пастаноўку яны вельмі эмацыйна, шчыра. Рагаталі з асобных рэплік, ціха хіхікалі, употай змахвалі сьлязу.

Цётка Надзя глядзела спэктакль разам са старэйшай сястрой Верай і ўнучкай Карынай. Пэрыядычна яна ўсхліпвала, перажывала, сьмяялася ад душы.

Цётка Надзя
Цётка Надзя

«Я такога нават і не чакала! Хораша гралі акторы, шчыра, душэўна. Спэктакль спадабаўся. Праўда, актрыса ня вельмі падобная на мяне, але грала яна выдатна. І асноўныя рысы прудкоўцаў улавілі правільна: і цікаўнасьць, і спагадлівасьць, і жаданьне ўсім даваць парады, і дабрыню, і душэўнасьць», — кажа цётка Надзя.

Гледачы, даведаўшыся, з каго Горват сьпісаў адну з галоўных гераінь, рабілі сэлфі зь цёткай Надзяй. А яна абдымала сталічных журналістаў, «каб наталіць пазытыўнай энэргіяй».

Маладыя дзяўчаты фатаграфаваліся з акторамі: некаторыя ўпершыню ў жыцьці былі ў сапраўдным тэатры. «Гэта сапраўды космас!», — узьнёсла прамовіла адна зь іх.

Жанчыны сталага веку некалі вучыліся ў Менску, казалі, што студэнткамі хадзілі на ўсе спэктаклі Купалаўскага. Глядзелі клясыку, але і наватарскім спэктаклем былі вельмі ўражаныя: такога тэатру яны яшчэ ня бачылі.

Артыстаў Міхаіла Зуя (які выконваў ролю аўтара, Андруся Горвата), Сьвятлану Анікей і Дзьмітрыя Есяневіча (якія пераўвасобіліся ў некалькіх герояў) доўга не адпускалі са сцэны.

А цётцы Надзі ўдзячныя гледачы падаравалі шыкоўны букет ружаў.

Спонсары: «Мы інстынктыўна, па-бізнэсоўску адразу ж адчулі, што варта далучыцца»

Вялікі праект «Радзіва „Прудок“» — і кніга, і спэктакль, і кароткамэтражны фільм «Ягор» — адбыліся дзякуючы спонсарам — кампаніі Velcom.

Зьлева направа: Дыяна Даражок, Аляксандар Баранаў , Андрусь Горват, Раман Падаляка, Віктар Пазьнякоў
Зьлева направа: Дыяна Даражок, Аляксандар Баранаў , Андрусь Горват, Раман Падаляка, Віктар Пазьнякоў

Кіраўнік групы карпаратыўнай сацыяльнай адказнасьці кампаніі Віктар Пазьнякоў на пытаньне журналістаў, што далей, праект быццам бы завершаны, адказаў, што гэта ня так.

«Мне здаецца, працэс мы яшчэ не завяршаем. Мы яшчэ штосьці прыдумаем.

Для кампаніі гэта вялікае падарожжа. Калі літаральна за дзьвесьце мэтраў ад офіса Velcom, у касах Купалаўскага тэатру ўтварыліся вялікія чэргі за кнігай Горвата, мы інстынктыўна, па-бізнэсоўску адразу ж адчулі, што варта далучыцца. Потым быў кароткамэтражны фільм „Ягор“, які атрымаў прыз фэстывалю, далей — спэктакль у Купалаўскім, экскурсіі па Менску па „горватаўскіх мясьцінах“, цяпер — паказ спэктаклю ў Прудку. Так што гэта крута, і спадзяюся, працяг будзе», — перакананы Віктар Пазьнякоў.

Да таго ж, спэктакль «Радзіва „Прудок“» застаецца ў рэпэртуары Купалаўскага тэатру.

Мазыране спадзяюцца на «эфэкт Горвата»

У суседнім з Калінкавічамі Мазыры мясцовы бізнэсовец Аляксандар Баранаў, кіраўнік «Спадчыны Палесься», выкупіў тэрыторыю былой мэблевай фабрыкі, якая займае плошчу прыкладна паўтара гектара. Ён марыць стварыць тут альтэрнатыўную культурніцкую прастору «Даліна анёлаў» — свабодную пляцоўку для рэалізацыі творчых праектаў, дзе будуць мастацкія галерэі, майстэрні рамесьнікаў, арт-пляцоўкі, кавярні.

На пачатку XVIII стагодзьдзя на гэтым месцы ў Мазыры быў заснаваны кляштар манахаў-цыстэрыянцаў, заснаваны на сродкі кашталяна Антонія Аскеркі. Кляштар зьяўляецца помнікам позьняга барока. З канца ХІХ стагодзьдзя тут была запалкавая фабрыка «Маланка», пазьней, да 2010 году, Мазырская мэблевая фабрыка. Цяпер усё ў заняпадзе. Аляксандар Баранаўмарыць аднавіць і кляштарны комплекс. Рэстаўрацыя вымагае вялікіх матэрыяльных і людзкіх рэсурсаў.

На краўдфандынгавай плятформе talaka.by абвешчаны збор сродкаў на аднаўленьне «Даліны анёлаў». Тут ужо праводзяцца мерапрыемствы. Да прыкладу, прэзэнтацыя кнігі Андруся Горвата «Радзіва «Прудок» сабрала сотні людзей.

Аляксандар Баранаў верыць, што ў яго ўсё атрымаецца, — спрацуе эфэкт Горвата.

Tweet

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Гісторыя

Спрэчнае жыццё бацькі беларускай граматыкі

Сёння — 129-я гадавіна з дня нараджэння беларускага навуковага і грамадска-палітычнага дзеяча Браніслава Тарашкевіча. Асоба стваральніка першай беларускай граматыкі вельмі спрэчная, адны лічаць яго выбітным...

valiancina_shauchenka
Грамадства

«Зіма ваша, вясна — наша». Вадзім Мажэйка пра сыход з унівэрсытэту фізкультуры і стратэгічную перамогу

Аналітык Вадзім Мажэйка тлумачыць «Свабодзе», чаму ён вырашыў звольніцца зь Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту фізычнай культуры, дзе чатыры гады выкладаў гуманітарныя дысцыпліны. Вадзім Мажэйка ...

valiancina_shauchenka
Літаратура

Пачаўся прыём заявак на прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча

Стартуе новы сезон літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча. Прэмія прысуджаецца за найлепшую дэбютную папяровую ці электронную кнігу на беларускай мове. Прымаюцца кнігі, выпушчаныя ў 2019 і...

valiancina_shauchenka
Грамадства

У Мінску развіталіся з Леанідам Лычом

Леанід Лыч пайшоў з жыцця 17 студзеня. Развітанне са знаным гісторыкам, прафесарам, доктарам гістарычных навук адбылося 19 студзеня ў памінальнай залі на Сямашка, 8/8, піша Новы Час. ...

Апошнія навіны

    Гісторыя
    Спрэчнае жыццё бацькі беларускай граматыкі
    Грамадства
    «Зіма ваша, вясна — наша». Вадзім Мажэйка пра сыход з унівэрсытэту фізкультуры і стратэгічную перамогу
    Літаратура
    Пачаўся прыём заявак на прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча
    Грамадства
    У Мінску развіталіся з Леанідам Лычом
    Грамадства
    Перакладчыцу Вольгу Калацкую вінавацяць у хуліганстве і пераводзяць у жодзінскае СІЗА
    Замежжа
    ​​​​​​​«Забойства Шарамета будзе раскрытае», — былы спэцназавец Макар даў паказаньні ў Кіеве
    Каранавірус
    Сёння пачнуць вакцыянаваць медработнікаў, што знаходзяцца ў зоне рызыкі
    Грамадства
    «Залаты час жыцця, якім трэба карыстацца». Універсітэт Залатога Веку пачынае другі семестр: яшчэ можна паспець далучыцца
    Літаратура
    Як судзілі Святлану Алексіевіч
    Гісторыя
    «Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі
    Літаратура
    Адам Мальдзіс уганараваны дыпломам БІНіМ Канады за 2020 год
    Грамадства
    Стваральнік надпісаў «Жыве Беларусь» на мапе: «Я таксама быў апалітычны»
    Музыка
    Таццяна Грыневіч: Я хачу вандраваць у сваёй вольнай Беларусі
    Фазэль, бізнес і правы чалавека. Беларускі трыгер еўрапейскай палітыкі
    Грамадства
    У Гомелі затрыманы праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка

Афіша

  • 20.01 19:00Анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава
  • 21.01 19:00Літаратурна-музычнае мерапрыемства “Мой Багдановіч”
  • 06.05 20:00Народны альбом

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Віктар Марціновіч: Пуцін на беларускай сцежцы
    • Ад пракату «Доваду» да закрыцця кінатэатраў. Падводзім вынікі 2020 года ў беларускай кінаіндустрыі
    • Інфармацыйныя спецаперацыі супраць Беларусі ў заходніх СМІ
    • 29-гадовы дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея пакідае пасаду
    • Што гэта за танцавальны флэшмоб «Іерусалім», да якога масава далучаюцца ўсё новыя беларусы?

Ахова спадчыны

  • Смуткуем…
  • Сумесныя кансервацыйныя працы
  • Новыя перспектывы супрацы
  • Другое жыццё твора мастацтва
  • Праблема Жыровічскага манастыра вырашана
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM