Беларускі фільм “Перыферыя” атрымаў Гран-пры фестывалю мабільнага кіно velcom Smartfilm, паведамляе Еўрарадыё са спасылкай на Радыё “Свабода”. Рэжысёркай фільма выступіла Варвара Шчука. Стужка складаецца з маналога маладога чалавека пра шэрае жыццё ў маленькім правінцыйным гарадку.

Агулам на конкурсную праграму восьмага Міжнароднага фестывалю мабільнага кіно velcom Smartfilm было пададзена 334 працы з 61 краіны свету.

У шорт-ліст, складзены прафесійным журы, тры фільмы з дзесяці былі знятыя беларусамі: “Перыферыя” Варвары Шчукі, “Спакуса” Валерыя Арцем’ева і “Цела” Юрыя Сямашкі. За некалькі дзён да фіналу ў шорт-ліст дадалі яшчэ адну стужку фільм “Эфект молі” беларускага рэжысёра Аляксея Чарныша.

У выніку першае месца атрымаў фільм “Падводны лес” (Gwylvos; Forests Beneath the Waves) англійскага рэжысёра Мэта Бігса. На другім месцы апынуўся прадстаўнік Ганконга Вонг Хоі са стужкай “Санаціна”, а фільм “Спакуса” беларуса Валерыя Арцем’ева заняў трэцяе месца.

Прыз генеральнага партнёра — кампаніі Huawei — атрымаў фільм таксама нашага суайчынніка  Андрэя Чарныша “Эфект молі”.

Узнагарода за найлепшы сцэнар дасталася калумбійцу Фрэнку Бэнітэзу за гульнявы фільм “Уцекачы”. ​Найлепшым біяграфічным фільмам была названая стужка “Радыё” Ахмета Алама з Егіпта.

​Прыз народнага журы быў уручаны расійскаму фільму “Падарожжа” Арыны Салахутдзінавай.