Падводзіць вынікі года – даволі няўдзячная справа. Тым не менш яна дазваляе ўспомніць, што адбывалася з намі цягам 2017-га, і скласці свой топ гендарных падзеяў Беларусі. Даем нырца!
Год пачаўся з развіцця гісторыі вакол рэкламы Mark Formelle, фемінісцкай акцыі супраць аб’ектывацыі ў рэкламе і скончыўся нечаканым падпісаннем дамовы пра фінансавую дапамогу паміж кампаніяй і грамадскім аб’яднаннем “Радзіслава”, што працуе з тэмай гвалту. Ашаламляльная хваля каментароў, што суправаджала навіну, прывяла да публічнага звароту арганізацыі “Яе правы”. Аднак паміж гэтымі выбуховымі падзеямі адбывалася шмат іншага. Сёлета мы чыталі пра першы “горад без абортаў”, атрымлівалі прапанову “нараджаць за сябе і за іншую жанчыну”, здзіўляліся няўцямным жартам у прыбіральнях “Корпуса” і “першаму ў свеце беларускамоўнаму рэсурсу для жанчын”. “Самкі” ад “Мілавіцы”, няслаўная пітная вада…
Але к чорту ўсё гэта! Давайце глянем, што станоўчага адбылося ў гендарным свеце.
Новыя выданні
Фота: bookstore.lohvinau.by
Сакавік вылучыўся прэзентацыяй анталогіі жаночай міжваеннай паэзіі “Бліскавіцы”. Дзякуючы працы Аксаны Данільчык і Віктара Жыбуля мы маем унікальнае выданне з вершамі 61 беларускай паэткі. Калі нічога не чулі пра кнігу, зірніце, напрыклад, вось гэты артыкул, што тлумачыць, якую ролю іграюць асобныя “гендарныя” зборнікі і навошта яны нам патрэбныя.
У кастрычніку поспехам скончылася краўдфандынгавая кампанія часопіса пра гендар і сэксуальнасць MAKEOUT. У канцы года выйшаў друкаваны нумар – а гэта 320 старонак з архіўнымі кадрамі, важнымі і кранальнымі гісторыямі пра жыццё ЛГБТ*-супольнасці Беларусі за апошнія 20 гадоў. Калі не паспелі замовіць – заўсёды можна ўзяць асобнік у бібліятэцы MAKEOUT.
Таксама звярніце ўвагу на “Квір-каляндар”, падрыхтаваны ў межах ініцыятывы “Справа_Пі”. Тут вы знойдзеце знакавыя ЛГБТК-даты і цікавыя ілюстрацыі. Каляндар можна атрымаць у падарунак пры выкананні нескладаных умоваў.
Фестывалі, тэматычныя тыдні, асобныя падзеі
Выставачны праект “#открытажить”. Фота: euroradio.fm
Ужо даўно нікога не здзівіць тэматычнымі імпрэзамі, але тым не менш кожны раз яны радуюць як упершыню. Да штогадовага фестывалю квір-культуры “Дотык” далучыліся новыя ініцыятывы са сваім фокусам і кірункам. У прыватнасці, “Знак роўнасці” звярнуў увагу на (не)галосныя правілы канону, размеркаванне ўлады і сімвалічнага капіталу ў межах літаратурнага поля.
Улетку ў Баранавічах прайшоў беларуска-нямецкі фэст “RaCAMAha”. Жанчыны любога ўзросту і з любога месца Беларусі мелі магчымасць паўдзельнічаць у дыскусіях, майстар-класах і ўсвядоміць уласныя сілы і патэнцыял. Крэатыўнасць, актыўнасць і ўплыў – вось шлях, які вядзе да рэальных зменаў у грамадстве.
“Жаночая прававая школа”, “Women IT Week”, маніторынгі мовы варожасці, жаночыя паходы, гендарны падыход да спартовых пляцовак, сустрэчы “Жывой Бібліятэкі”, “Pro Women.by”, выставачны праект “#открытажить”, спектакль “Прытулак” – усяго дакладна не пералічыць. І гэта радуе.
Адукацыя
У працяг разнастайных мерапрыемстваў і семінараў, якія ўсё часцей працінаюць публічную прастору горада, прагрымеў гендарны модуль Еўрапейскага каледжа Liberal Arts. Ён складаўся з адукацыйных курсаў, адкрытых лекцый і практычных варштатаў. Удзельнікі і ўдзельніцы мелі магчымасць даведацца, якія змены адбыліся ў палітыцы, мастацтве, уяўленнях пра гендар і сэксуальнасць.
Тут былі і “Шчырыя размовы з гендарнымі арганізацыямі і ініцыятывамі”, і роздум пра “Квір-сваяцтва”, і інтэнсіў па арт-актывізме. На перадкалядных выходных тыя, хто не паленаваўся, разам з “Тэмай VIDOS” разважалі пра тое, як гумар дапамагае ў барацьбе з дыскрымінацыяй, а сумесна з Марыам Агамян удзельнічалі ў майстэрні па актывісцкім дакументальным тэатры. Тут жа клуб “Zabombi” прэзентаваў тэорыю і практыку ярнбомбінгу, а ўдзельніцы кааператыва “Швемы” распавядалі пра крафтывізм. І ўсе разам, вядома ж, шылі і вышывалі свае палітычныя выказванні.
Даследаванне родаў
Вы хоць раз у жыцці чулі пра тое, што ваш гадзіннік цікае? Сваякі пры кожнай сустрэчы пытаюць, калі ўжо ў вас з’явяцца дзеці? Тады вы, мабыць, разумееце, што такое рэпрадуктыўны гвалт. Але ніякія недарэчныя і навязлівыя пытанні не параўнаюцца з паўсядзённасцю беларускіх радзільняў. Абразы, запалохванне, медыцынскія маніпуляцыі без папярэджання і неналежны дагляд тут нярэдка робяцца завядзёнкай.
Увесну ініцыятыва “Радзіны” правяла даследаванне ўмоваў цяжарнасці і родаў за перыяд 2012–2017 гг. Галоўная мэта праекта – адвакацыя правоў жанчын, пашырэнне ведаў і магчымасцяў іх рэалізацыі, наладжванне дыялогу паміж сістэмай аховы здароўя і грамадзянскай супольнасцю. Праз удзел у анкетаванні і фокус-групах больш чым тысяча жанчын распавяла пра свой вопыт. Гвалт любіць цішыню, таму не маўчыце.
Пляцоўкі
У сакавіку ў Мінску прэзентавалі новую “Пляцоўку” па адвакатаванні інтарэсаў пацярпелых ад гвалту. Ініцыятыва аб’ядноўвае пяцярых удзельніц фемінісцкіх арганізацый Беларусі і мае на мэце абарону правоў і інтарэсаў жанчын, маніторынг і своечасовае рэагаванне на выпадкі дыскрымінацыі. Аднак галоўнае – прасоўванне комплекснага закона па прадухіленні хатняга гвалту і далучэнне Беларусі да Стамбульскай канвенцыі.
У траўні, напярэдадні міжнароднага дня барацьбы супраць гамафобіі, біфобіі і трансфобіі, з’явіўся “Community Centre” – цэнтр падтрымкі ЛГБТК*-людзей і іх блізкіх. Асноўны кірунак дзейнасці – юрыдычная і псіхалагічная падтрымка. Падрабязную інфармацыю і афішу на наступны месяц неўзабаве шукайце на сайце праекта.
Таня Сяцко