• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Маё права
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Фотарэпартаж
  • Афіша
  • "Будзьма!" прапаноўвае
13.12.2017 | Літаратура

Генрых Гайнэ ў перакладах Андрэя Хадановіча

Пра тапельцаў, разьбітыя сэрцы і закаханы кедр

Ён быў “апошнім рамантыкам” – і пасьлядоўным “дэканструктарам” рамантызму; пранізьліва шчырым лірыкам – і іранічным насьмешнікам; высока інтэлектуальным аўтарам – і па-фальклорнаму простым песьняром; габрэем, касмапалітам-парыжанінам – і бадай што самым народным нямецкім паэтам.

Пра яго іронію і дасьціпнасьць хадзілі легенды. На пытаньне памежнікаў, ці не перавозіць ён кантрабанду, паэт паказваў на сваю галаву: “Усё тут”. Карл Маркс, яго шматгадовы сябра, калі нехта ўпадаў у сэнтымэнталізм, нязьменна цытаваў яго верш: “Паненка маладая / Ўздыхае над вадой: / “Як сонейка сядае, / Зь якою пекнатой!”. Перад сьмерцю, даўно не ўстаючы з ложка, так што сядзелкі мусілі пераносіць яго на прасьціне, паэт сумна жартаваў: “Дзяўчаты ўся яшчэ носяць мяне на руках”.

Яго перакладалі на беларускую Максім Багдановіч і Юлі Таўбін, Алесь Дудар, Юрка Гаўрук і многія іншыя. Нядаўні зборнік вершаў у перакладах Ігара Крэбса – адзін з найлепшых у кніжнай сэрыі “Паэты планеты”.

Сёньня спаўняецца 220 гадоў клясыку нямецкай паэзіі Генрыху Гайнэ (1797-1856). Добрая нагода прапанаваць чытачам падборку новых перакладаў гэтага фантастычнага аўтара.

 А.Х.


Генрых Гайнэ

 

***

(“Ich weiß nicht was soll es bedeuten…”)

Ня знаю, чаму смуткую,

Ды ў сэрцы чую тугу

Старой легенды, якую

Ніяк забыць не магу.

 

Заход над спакойным Рэйнам

Хавае ў змроку віры

І колерам чарадзейным

Залоціць вяршыню гары.

 

А там, нібы сон зіхоткі,

Дзяўчына дзівоснай красы:

Гараць пазалотай бразготкі

І золатам валасы.

 

Пяе й расчэсвае косы,

І сонца на грабянцы,

А сьпеў – салодкагалосы,

З гаркотай напрыканцы.

 

Рыбак у старэнькім чоўне

Заслухаўся песьняй яе.

Што скалы, калі чароўней

За гібель яна пяе!

 

Яго забяруць глыбіні,

Абломкі Рэйн панясе…

Глядзі, Ларэляй, як гіне,

Як тоне ў тваёй красе.


***

(“Ein Jüngling liebt ein Mädchen…”)

 

Хлапец кахае дзяўчыну,

А ёй любы іншы хлапец,

А той прызнаецца іншай,

І ўжо вядзе пад вянец.

 

Дзяўчына ад крыўды й злосьці

За першага-лепшага йдзе,

Бо тут хоць за лысага чорта…

Ёй гора. Хлапец у бядзе.

 

Ты скажаш, старая песьня,

Ды зноў сьпяваем яе:

Шмат сэрцаў разьбіла да сёньня,

А заўтра – тваё разаб’е.


Тамбурмажор

(Der Tambourmajor)

 

Тамбурмажор – пэнсыянэр:

Глядзі, туга ў паглядзе.

Напалеонаўскі слынны жаўнер

Цяпер у заняпадзе.

 

А як раней махаў жазлом

З усьмешкаю сатыра!

І галуны яго срэбным сьвятлом

Паблісквалі з мундзіра.

 

Калі ўваходзіў у гарады

Пад грукат барабанаў, –

Як сэрцы грукалі тады

У нашых паняў і паннаў!

 

Як шмат прыемнасьці прынёс

Красуням, а потым гора,

Аж моклі ад жаночых сьлёз

Вусы ў тамбурмажора.

 

І ўсе мы трапілі ў палон,

Калі нас вораг зганіў:

Жаўнераў браў Напалеон,

Тамбурмажор – іх паняў.

 

Мы, як германскія дубы,

Стаялі (на каленях),

Ды быў нам голас: “Мы – не рабы,

Настане вызваленьне!

 

Паўстаньце, гордыя зубры,

Свае падымем рогі,

Бо прыйдуць нашыя песьняры

Са сьпевам перамогі!”

 

І загучаў паэтаў хор –

Бяздарна, тупа, упарта…

І ў жаху ўцёк тамбурмажор

Хутчэй за Банапарта.

 

Мы пракліналі – і наш праклён

Ім не пакінуў шанцаў,

І Банапарт Напалеон

Стаў вязьнем у брытанцаў.

 

На Высьпе Сьвятое Алены так

Кармілі небараку,

Што ў страўніку разьвіўся рак,

І ён памёр ад раку.

 

І наш каханак сеў на мель,

Трымаецца ў целе чорным:

Каб не сканаць, у наш гатэль

Наняўся калідорным.

 

Падлогу драіць і катлы,

Ваду цягае і дровы.

Ахвяра швабры і мятлы,

Ледзь ходзіць, нездаровы.

 

Калі завітвае да нас

Мой прыяцель Фрыц у госьці,

Да калідорнага ўвесь час

Чапляецца чагосьці.

 

Спыніся, Фрыц, ці ж ня ганьба нам?

Нашто дзядулю цьвеліш?

Ці варта велічы сынам

Дражніць былую веліч?

 

Паболей такту й дабрыні,

Каб не дагнала кпіна:

Ты лепш у маці ўдакладні,

Хто бацька яе сына.


***

(“Das Fräulein stand am Meere…”)

Паненка маладая
Ўздыхае над вадой:
“Як сонейка сядае,
Зь якою пекнатой!”

 

Цішэй… Гульня старая,
Два правілы ў яе:
Тут, сьпераду, нырае,
Там, ззаду, устае.


Закон жыцьця

(Weltlauf)

 

Шмат майна? Забудзь адчай,

Яшчэ больш дабра зьбярэш ты.

Мала маеш? Выбачай,

Адбяруць усё да рэшты.

 

Анічога? У пятлю:

Жабракі, што жыць дарма ім?

Права насяляць зямлю

Маем, калі нешта маем.


***

(“Wenn junge Herzen brechen…”)

Калі каханьне гіне

І кроіць сэрцы ў горы,

У паднябеснай сіні

Зь людзей сьмяюцца зоры:

 

“Ах, вечныя нябогі!

Ах, доля іх зямная!

Хто любіць да зьнямогі,

Ад роспачы канае.

 

А нам наканавана

Ня знаць людзкога болю.

Жывём незакахана

І не памром ніколі”.

 


***

(“Ein Fichtenbaum steht einsam…” )

На голай паўночнай вяршыні

Самотны кедр між ільдзін –

Заснуў, агорнуты сьнегам,

Як белай коўдрай, адзін.

 

І сьніць далёкую пальму –

Ва ўсходнім краі яна

Між сонцам распаленых скалаў

Маўкліва сумуе, адна.

 

 

Пераклаў зь нямецкай Андрэй Хадановіч

 

 

Tweet

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

«Па схеме бчб». Ці ёсць межы ў колеравага маразма?

«Ці можна мне вясной насіць сваё чырвонае паўпаліто і белую шапку, а летам белыя штаны і чырвоную кашулю?», запыт з такім пытаннем карэспандэнт НЧ накіравала да начальніка Слуцкага РАУС...

valiancina_shauchenka
Грамадства

У вас усё атрымаецца. Цяпер я ў гэтым абсалютна ўпэўнены: Ігар Лосік спыніў галадоўку

Ігар Лосік спыніў галадоўку пасля 42 дзён і звярнуўся да беларусаў. "Я решил прекратить голодовку. Почему я это сделал? Точно по собственному желанию. Я не принимал пищу...

valiancina_shauchenka
Грамадства

«Вярнуцца ў новую Беларусь». Як зьмянілася жыцьцё студэнтаў, якія зьехалі пасьля перасьледу за пратэсты

Як склаўся лёс трох беларускіх студэнтаў, якія з натхненьнем успрынялі леташнюю выбарчую кампанію, далучыліся да пратэстаў і трапілі пад перасьлед уладаў — у публікацыі Свабоды. ...

valiancina_shauchenka
Навіны "Будзьма!" Літаратура

«Словы мацней»: Ганна Комар чытае Францішка Аляхновіча

Гэты ролік – працяг відэапраекта ад кампаніі «Будзьма беларусамі!», Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра «Словы мацней». Гэты праект – рэакцыя на пераслед людзей, якія неўзабаве пасля згаданых...

Апошнія навіны

    Грамадства
    «Па схеме бчб». Ці ёсць межы ў колеравага маразма?
    Грамадства
    У вас усё атрымаецца. Цяпер я ў гэтым абсалютна ўпэўнены: Ігар Лосік спыніў галадоўку
    Грамадства
    «Вярнуцца ў новую Беларусь». Як зьмянілася жыцьцё студэнтаў, якія зьехалі пасьля перасьледу за пратэсты
    Навіны "Будзьма!" Літаратура
    «Словы мацней»: Ганна Комар чытае Францішка Аляхновіча
    "Культурызм" з Віктарам Марціновічам
    Віктар Марціновіч: Бягом глядзець «Дарагіе таварышчы»!
    Грамадства
    Інвестклімат Беларусі: ад абвалу рэйтынгу бяспекі да адмены чэмпіянату
    Грамадства
    «Крымінальны» 2020-ты. Як і за што пратэстоўцы атрымлівалі тэрміны зняволення
    Грамадства
    Алена Анісім: Для беларускай мовы наступае чарговы выклік
    Мастацтва
    Леанід Шчамялёў ― летапісец эпохі, пясняр прыгажосці
    Грамадства
    Як паводзіць сябе на допыце. 8 парадаў адваката
    Грамадства
    Чыноўнікі прыдумалі, як замацаваць статус Усебеларускага народнага сходу
    Музыка
    Nizkiz у інтэрв'ю Жыццё-маліна: Мы адназначна вырашылі — навошта маўчаць пра тое, што ў цябе ўнутры
    Каляндар
    Каляндар на 25-31 студзеня. Што святкуем? Па чым сумуем?
    Музыка
    Беларускі фонд культурнай салідарнасці распачынае анлайн-фэст #АртыстыПерамогі!
    Каранавірус
    Чаму адны хварэюць на кавід цяжэй за іншых? Прычынай могуць быць антыцелы-пярэваратні

Афіша

  • 27.01 20:00Рэха. Шчыры анлайн
  • 06.05 20:00Народны альбом

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Спрэчнае жыццё бацькі беларускай граматыкі
    • Віктар Марціновіч: Бягом глядзець «Дарагіе таварышчы»!
    • Дзве матрыцы і адна Галгофа Аляксея Навальнага
    • Што паглядзець у Глыбокім? Згушчонка, барока, радзіма Ластоўскага
    • Як паводзіць сябе на допыце. 8 парадаў адваката

Ахова спадчыны

  • Смуткуем…
  • Сумесныя кансервацыйныя працы
  • Новыя перспектывы супрацы
  • Другое жыццё твора мастацтва
  • Праблема Жыровічскага манастыра вырашана
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM