Рускі літаратурны крытык Дзмітрый Быкаў спрагназаваў, што ў найбліжэйшы час годных твораў пра антытэрарыстычную аперацыю, што ідзе на ўсходзе Украіны, не з’явіцца. Маўляў, занадта ўсё складана і заблытана. А дзе блытаніна — там медыйны, а не літаратурны фармат.
І праўда, у Расіі твораў на тэму АТА, якія можна было б паставіць поруч з высокім азначэннем “літаратура”, пакуль не праглядаецца. Не браць жа да разгляду “Паходню Наваросіі” Паўла Губарава ці “Жах Бандэраўскай хунты” Міхаіла Палікарпава.
Сур’ёзныя рускія празаікі спрабуюць трымацца як надалей ад небяспечнай тэмы, спускаючы калектыўнае пачуццё віны (вельмі прыдатная для сапраўднай літаратуры субстанцыя) на Сталіна, ГУЛАГ, калектывізацыю і іншыя “савецкія перагіны”: маўляў, хто не памятае мінулае — той правакуе яго паўтор. Гэта як самы народны з савецкіх пісьменнікаў Максім Горкі ў 1926–1936 крывавых гадах майстраваў “Жыццё Кліма Самгіна”, у якім бічаваў заганы царызму, старанна не заўважаючы заганаў тых, хто царызм перамог.
Самы папулярны сёння ў Расіі жанр — гістарычны раман (згадайма “Табол” Аляксея Іванова, “Зулейха адкрывае вочы” Гузель Янхінай, “Абіцель” Прылепіна) ды сацыяльная фантастыка (увесь апошні Сарокін уключна з “Манарагай”, увесь Пялевін пачынаючы з “ДПП/НН”). Літаратура адасабляецца ад рэальнасці і спрабуе нават не глядзець у бок тэлевізара.
Кароткі візіт у кіеўскую кнігарню пакажа, што з украінскага боку вайна асэнсоўваецца аўтарамі розных генерацый, літаратурных плыняў і ступеняў абазнанасці пра ваенную справу. Не самыя дрэнныя з напісаных за апошнія 3 гады найменняў трапляюць у сеціва. Я шчыра раю прачытаць “Аэрапорт” Сергія Лойкі тым, хто імкнецца разабрацца, што ж адбывалася і адбываецца на Данбасе.
У гэтым вымярэнні кніга — гераіня майго сённяшняга тэксту абсалютна бясплённая. “Інтэрнат” Жадана не трэба раскрываць, каб зразумець, “ну як там ва Украіне”. “Інтэрнат” пачынаецца там, дзе спрэчкі пра вайну заканчваюцца. Гэта выказванне не пра Гіркіна-Стралкова, штурм аэрапорта і Ілавайскі кацёл. Тэкст — пра вечнае. Пра жыццё, смерць, страх, літасць, жорсткасць і тое, чаму літасць і жыццё перамагаюць жорсткасць і страх. Каштоўнасны дадатак да актуальнага палітычнага парадку дня.
Як і ўсе, хто бачыць пісанне тэкстаў справай свайго жыцця, я спрабую ўразумець, што дакладна робіць літаратурнае выказванне вартым. Што надае яму вагу і сэнс. Што адрознівае проста добрую кнігу (кшталту таго ж Лойкі) ад кнігі этапнай, якая перажыве тэлевізійную брахню, якую кніга спрабуе аспрэчыць. Хіба мова? Так, але ж не толькі яна! Бо калі б справа была толькі ў мове, мы б і не згадвалі сёння пра тузіны кніжак з залатога літаратурнага фонду, пачынаючы з Джэка Лондана і заканчваючы Рамэнам Гары і Рэмаркам. Дык, можа, сюжэт? Але ёсць літаратурныя перлы, якія, у адрозненне ад Лермантава ці Пушкіна, не адметныя дзеяй. Узяць шмат якія творы Дастаеўскага: ніякай пакручастай задумы (ну што гэта за задума: студэнт забіў бабулю за грошы?)! З мовай, дарэчы, усё яшчэ горш.
І ўсё ж уплыў і адметнасць Дастаеўскага, ягоная геніяльнасць — неаспрэчныя.
Мне падаецца, сапраўдная магія пачынаецца там, дзе тканіна тэксту дазваляе перакрочыць мяжу рэальнасці, у якой сядзіць чытач. Дзе кніга змяшчае яго ў іншы свет, які на час чытання робіцца істотнейшым за ручво сапраўднасці. Найлягчэй гэтага дасягнуць вымалёўваннем сцэнаў, адзначаных адначасова гіперрэалізмам і недасяжнасцю ў паўсядзённасці. Паспрабуйце распавесці такой мовай пра беларускі горад першай паловы ХХ стагоддзя — атрымаеце Дубоўку і Гарэцкага, пра паданні даўніны — выйдуць Баршчэўскі і Ластоўскі. Менавіта так калейдаскапічна Жадан малюе нам вайну на ўсходзе Украіны.
Дадамо сюды галоўнага героя, які, у адрозненне ад герояў Лойкі, не жаўнер, але бяззбройны сведка вайны, прыбяром лютасць і помсту, якія непазбежна прасочваюцца ва ўсе класічныя ваенныя сюжэты, і атрымаем разгубленасць і страх, якімі працятая гэтая кніжка. Як і ў выпадку з Дастаеўскім, сюжэту тут “амаль няма”: чалавек едзе забраць пляменніка з інтэрната і нечакана для сябе апынаецца ў зоне абстрэлу, на шляху танкаў Т64.
Калейдаскоп “Інтэрната” ўвесь складаецца з сюррэалістычных мізансцэнаў, прачытаўшы якія, згадваеш іх зноў і зноў. Вось самотны мужчына, стомлены доўгім бадзяннем па прыфрантавой паласе, апынаецца ў поцемках разгромленага гатэля. Ён прабіраецца калідорам у пошуках кутка, дзе мог бы адпачыць. Ён адкрывае прачыненыя дзверы і бачыць жаночую вопратку, раскіданую па ложку. Ён кранае бялізну і адчувае, што тая яшчэ цёплая. Ён услухоўваецца і чуе, што дзяўчына прымае душ за сценкай. Герой вагаецца, ці застацца, каб павітацца з ёй, бо адчувае нейкую блізкасць праз дотык да яе цяпла на вопратцы. Нарэшце ён маўклівым ценем адступае ў цемру: ці то чалавек, ці то прывід. І ты ловіш сябе на думцы, што гэта адзіны натуральны крок.
А вось герой уваходзіць у акупаваны горад, набліжаецца да будынка вакзала, ускідвае галаву і бачыць вырачаныя на яго вочы, шмат вачэй. Там, на паддашку, сядзяць усе птушкі места, сядзяць і спужана сочаць за двухногім, спрабуючы зразумець, ці прынёс ён смерць, ці будзе ён страляць і узрываць. Потым герой апускае позірк і натыкаецца на роўна такія ж вытарашчаныя ў нямым пытанні вочы. І разумее, што за шклом стаіліся людзі, іх там — як птушак на паддашку. Жонкі хаваюцца ад страляніны і працінаюць птушынымі позіркамі. І гэтая птушына-людская інверсія — нешта вельмі сугучнае свету вайны.
Шмат якія значныя празаікі ў розных частках свету апошнім часам адчулі патрэбу змянення сваёй літаратурнай манеры з-за ўплыву “выбуху аўтарства”, які спароджаны сацыяльнымі медыямі і Інтэрнэтам. Усе яны, ад Джонатана Франзена да Архана Памука, усведамляюць, што ў сітуацыі, калі балбатаць у сацыяльных сетках можа кожны (і гэта чутно!), задачай літаратуры ёсць не ўбудоўвацца ў гэты болбат, а казаць нешта іншае неяк па-іншаму. У адваротным выпадку літаратуру робіцца не чутно з-за навакольнага гулу.
Уладзімір Сарокін на этапе “Тэлурыі” зазначыў, што толькі пісаць раманы “ўжо недастаткова”, і трэба шукаць новую “раманнасць” (і ў выніку ён пазычыў сваю “новую” раманную форму ў “Літаратурнага прывіду” Дэйва Мітчэла). Віктар Пялевін у “Iphuck 10” спрабуе выціснуць з літаратуры лішкі сюжэтнасці, замяняючы іх славеснымі разгонамі, якія лепш пасуюць для Twitter і Facebook. І першае, і другое — спроба адказаць на змяншэнне ролі пісьменніка фармальным змяненнем мовы і спробай трымацца ў тэматычным бачку ад шалу паўсядзённасці.
На гэтым фоне Жадан, які не проста бярэцца за вайну, але робіць з апавядання пра яе калейдаскоп скрухі, журбы і гіперрэалізму, выглядае наватарам, роўным Васілю Быкаву і Алесю Адамовічу.
Выглядае, сур’ёзным аўтарам не варта пужацца сучаснасці.
Выглядае, сучаснасць сёння як ніколі раней патрабуе дапамогі літаратуры.
Віктар Марціновіч, budzma.by