• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Маё права
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Фотарэпартаж
  • Афіша
  • "Будзьма!" прапаноўвае
30.06.2017 | Рэлігія

Ірына Дубянецкая: Наш пераклад Бібліі — для ўсіх беларусаў

Ірына Дубянецкая

Пасьля Скарыны на сьвет зьявіліся тры поўныя пераклады Бібліі на сучасную беларускую мову — Янкі Станкевіча, Васіля Сёмухі і айца Ўладыслава Чарняўскага. Навошта спатрэбіўся чацьвёрты, над якім з 2012 году працуе група энтузіястаў? Госьцяй перадачы — іныцыятарка праекту доктар тэалёгіі Ірына Дубянецкая.

— Ірына, спачатку давайце высьветлім, як сталася, што 500 гадоў таму мы апынуліся ў першых шэрагах? Гэта выпадак ці заканамернасьць — чалавек па імені Скарына?

— Найперш гэта дзіва. Усяго былі чатыры культуры, якія пасьпелі зь перакладамі Бібліі да пачатку Рэфармацыі ў Эўропе: нямецкая, італьянская, чэская ды нашая. Гэта важна ўсьведамляць, бо акурат Рэфармацыя дала моцны імпульс да пашырэньня Бібліі і, як вынік, да яе перакладу на народныя мовы. Дык вось, тры з чатырох першапраходцаў былі паперадзе астатніх цалкам заканамерна. Самымі першымі былі немцы. Першы друкаваны пераклад Бібліі на нямецкую мову выйшаў у 1466 годзе — неўзабаве пасьля пачатку кнігадрукаваньня. Нямецкая культура пераклáдаў Бібліі радыкальна адрозьнівалася ад усіх астатніх у Эўропе. Калі ў іншых народаў было зроблена па некалькі такіх перакладаў (а часам і зусім не было), то ў немцаў захавалася каля 1 000 манускрыптаў перакладной Бібліі! Тое самае і з друкаванамі перакладамі. Калі Марцін Лютар пачаў перакладаць Новы Запавет у 1522 годзе (што вельмі рана ў сусьветным маштабе), ужо існавала каля 90 (!) друкаваных Біблій — поўных і няпоўных, у перакладах на розныя верхне- і ніжненямецкія дыялекты. Так што калі Ёганэс Мэнтэлін выдрукавў у Страсбурзе першую ў сьвеце друкаваную Біблію на народнай мове, гэта выглядала абсалютна лягічным і натуральным.

Другім быў пераклад на італьянскую мову, які выдаў у Вэнэцыі ў 1471 годзе Ніколё Малермі. Гэта было таксама заканамерна. Па-першае, менавіта зь Італіі пачаўся Рэнэсанс, які абудзіў інтэлектуальную, дасьледчую і творчую энэргію эўрапейцаў. Па-другое, італьянская мова была, па-сутнасьці, першай літаратурнай моваю ў Эўропе. Ужо на пачатку XIV стагодзьдзя Дантэ стварыў сваю «Камэдыю», пазьней названую Боскай, на народнай мове. Неўзабаве Франчэска Петрарка пачаў пісаць свае шэдэўры, якія спрычыніліся да станаўленьня італьянскага гуманізму, а там і Бакачча разварушыў думкі суайчыньнікаў. І гэта пры тым, што ў іншых краінах літаратура на народнай мове зьявілася праз стагодзьдзе, а то і праз два-тры… А ў XV стагодзьдзі Вэнэцыя была адным з найбуйнейшых сусьветных інтэлектуальных, культурных ды камэрцыйных цэнтраў.

— Нездарма і Скарына туды памкнуўся.

— Нездарма, безумоўна. Там віравала жыцьцё, там сустракаліся і ўзаемадзейнічалі розныя ідэі, традыцыі, народы. Нездарма і армянскае кнігадрукаваньне пачалося таксама ў Вэнэцыі — на 5 гадоў раней за Скарыну. І таму вэнэцыянскае выданьне перакладной італьянскай Бібліі справядліва апынулася на другім месцы. А трэцімі былі чэхі. Дзякуючы Яну Гусу, Рэфармацыя ў Чэхіі пачалася на стагодзьдзе раней, чым у іншых, і таму цікавасьць да біблійных перакладаў там была надзвычайная. Да Скарыны былі надрукаваныя ажно тры чэскія пераклады — у 1488 годзе ў Празе, праз год — у Кутнай Горы, і яшчэ адзін — у 1506 годзе ў той жа Вэнэцыі. Відаць, гэты апошні і патрапіў у рукі Скарыну, моцна натхніў, і ў яго зьявілася ахвота зрабіць нешта падобнае для сваёй краіны. Як бачым, немцы, італьянцы і чэхі павінны былі быць першымі, але чаму ў гэты шэраг трапіў і Скарына — гэта дзіва. Гэта сапраўды вялікі цуд. Можна сказаць, што Скарына быў першым сярод усіх астатніх.

— За пяцьсот гадоў пасьля Скарыны было зроблена нямала подступаў да перакладу Бібліі. Але толькі тры чалавекі дайшлі да канца — Янка Станкевіч, Уладыслаў Чарняўскі і Васіль Сёмуха. Як вы ацэньваеце іх працу?

— Тры Бібліі, якія мы маем, розныя, і ўсе па-свойму цікавыя. Першая поўная Біблія была перакладзеная доктарам Янкам Станкевічам і выдадзеная ў Нью-Ёрку ў 1973 годзе. Яна поўная з гледзішча пратэстанцкага канону — 39 кніг Старога Запавету (каталіцкі і праваслаўны Стары Запавет утрымліваюць 46 кніг, а многія праваслаўныя традыцыі шануюць да 50 кніг і болей). Станкевіч — вялікі знаўца беларускай і добры знаўца грэцкай мовы, але гэбрайскай мовы ён ня ведаў. Зь ім працаваў Масей Гітлін, які ведаў гэбрайскую, хоць і ня ведаў беларускай. Пераклад атрымаўся якасны, аднак яго беларуская мова далёкая ад цяперашняй. Пераклад Васіля Сёмухі выйшаў у 2002 годзе. Там шмат добрых моўных знаходак. Сёмуха — выдатны знаўца нямецкай лютараўскай традыцыі. Ён кансультаваўся зь Бібліяй Лютара — з сучаснымі, выпраўленымі выданьнямі, хоць, відаць, асноўнай крыніцай перакладу быў расейскі Сынадальны пераклад. Праз гэта шматлікія хібы расейскага Сынадальнага перакладу трапілі і ў пераклад Сёмухі. Ён таксама ўлучае толькі 39 кніг Старога Запавету. Поўная (з праваслаўнага і каталіцкага гледзішча) Біблія была выдадзеная ў 2012 годзе Беларускім біблійным таварыствам. Аснова гэтага выданьня — пераклад айца Ўладыслава Чарняўскага. Ягонай галоўнай крыніцай была польская Біблія Тысячагодзьдзя. Праўда, хадзіла легенда ў Беларусі, што ён перакладаў з Вульгаты — лацінскага перакладу. Насамрэч гэта ня так, хоць лацінскі пераклад ён ведаў і зь ім кансультаваўся. У перакладзе Чарняўскага часам вельмі ўдалыя адаптацыі на беларускую мову біблійных імёнаў і геаграфічных назваў. Праўда, Біблія 2012 году вывераная па Новавульгаце (сучасным перакладзе на лаціну), але тэкстуальная традыцыя не захаваная — туды дадалі матэрыялу зь бізантыйскае (пазьнейшае і найбольш распаўсюджанае ў манускрыптах пасьля ІХ стагоддзя) тэкстуальнае традыцыі, за якой ідуць славянская і расейская традыцыі, але ніяк не лацінская.

Так што глядзіце: пераклад Станкевіча зроблены на неўжывальную беларускую мову і няпоўны; у Сёмухі — пераклад зь перакладаў і няпоўны; пераклад Чарняўскага — поўны, але, зноў жа, пераклад зь перакладу, зь мяшанай тэкстуальнай традыцыяй. У ХХІ стагодзьдзі нядобра быць у такой сытуацыі. Беларуская мова — адзіная з тытульных моваў сьвету, на якую да гэтай пары няма сучаснага якаснага перакладу Бібліі з арыгінальных моваў (гэбрайскай, арамэйскай ды грэцкай) і якасных тэкстуальных крыніцаў.

— Цяпер разумею, чаму вы ўзяліся за новы пераклад, першыя часткі якога зьявіліся ў часопісе «Дзеяслоў». Вы робіце гэтую працу адзінаасобна, ці — грамадой?

— Час адзінаасобных перакладаў Бібліі прайшоў. І прайшоў ён ужо ў XVI стагодзьдзі — так, першая поўная Біблія, выдадзеная ў Беларусі — Берасьцейская (Радзівілаўская) Біблія, якая пабачыла сьвет у 1563 годзе, перакладалася калегіяй навукоўцаў, якіх сабраў і спансараваў Мікалай Радзівіл Чорны (праўда, пераклад быў зроблены на польскую мову). Аўтарскія пераклады робяцца і дагэтуль, найчасьцей паасобных кніг Бібліі. Аднак зь сёньняшнім узроўнем біблістычных дасьледаваньняў ніводзін чалавек ня можа ахапіць усе назапашаныя веды ў гэтай галіне. Гэтая праца абавязкова мусіць быць калегіяльнай. Раней у нас (асабліва за савецкім часам) проста не было такіх адмыслоўцаў, якія б валодалі адначасова гэбрайскай і грэцкай мовамі, а тым больш прафэсійных знаўцаў Бібліі, біблійнага кантэксту — найбагацейшых рэлігійных ды літаратурных традыцый старажытнага Блізкага Ўсходу, зь якімі Біблія знаходзіцца ў няспынным сумоўі, а таксама біблійнага багаслоўя, гістарычнага і культурнага кантэкстаў і г. д. Цяпер жа такія людзі ёсьць — гэбраісты, эліністы, біблісты, багасловы, а таксама беларускія лінгвісты, літаратары, стылісты. Мая першая спроба сабраць перакладніцкую групу адбылася ў 2010 годзе, але не была пасьпяховаю. А ў 2012-м, на Міжнародным кангрэсе дасьледнікаў Беларусі ў Коўне, упершыню сфармавалася сэкцыя навуковага біблійнага перакладу. І там здарыўся цуд: людзі загарэліся ідэяй супольнай працы над новай беларускай Бібліяй — Бібліяй для ХХІ стагодзьдзя. Ад таго часу група і трымаецца. Распрацавалі канцэпцыю перакладу, падумалі над мэтамі і мэтадалёгіямі і — пачалі перакладаць. Праўда, мы яшчэ ў самым пачатку шляху, і няма ніякіх гарантыяў, што мы пройдзем яго да канца. Але хоць нешта пазытыўнае ад нашай працы для Беларусі, спадзяюся, будзе.

— БПЦ і Каталіцкі касьцёл у Беларусі таксама працуюць у гэтым кірунку. Вынікі іх працы часткова апублікаваныя. Вядома ж, у іх розныя падыходы да перакладу Сьвятога Пісьма. А якія падыходы і прынцыпы ў вас? Ваш пераклад мусіць быць надканфэсійным?

— Так. У ідэале павінен атрымацца тэкст, прымальны для ўсіх канфэсій. У нас найперш навуковы пераклад. Ён вылучаецца максымальнай блізкасьцю да арыгіналу. Навуковы пераклад абавязкова робіцца з найлепшых біблістычных крыніцаў, як гэта прынята ў сучаснай біблістыцы. Яны даўно вядомыя, тут вынаходзіць нічога ня трэба. Сёньня нам, безумоўна, аглядацца на царкоўна-славянскі, расейскі Сынадальны, польскі ці лацінскі пераклады няма ніякай патрэбы. Хоць мы ўлічваем традыцыю шматлікіх беларускіх перакладаў ХХ і ХХІ стагодзьдзяў.

— Мне расказваў Васіль Сёмуха, які спачатку ўваходзіў у перакладніцкую камісію БПЦ, што там нейкія спрэчныя словы прымаліся галасаваньнем. А як прыходзіце да згоды вы?

— Пакуль што мы ў такой сытуацыі не былі, хоць спрэчных момантаў надзвычай многа. Скажам, у Беларусі ўтварылася падвойная традыцыя адаптацыі некаторых біблійных імёнаў — ёсьць Язэп і Восіп, Якуб і Якаў, Тамаш і Фама. Калі я замежным біблістам сказала, што ў Беларусі няма адзінага прынятага спосабу адаптацыі імені Ісус, дык мне не паверылі. Але гэта найменшыя праблемы. Асноўныя — зьвязаныя з разуменьнем старажытнага тэксту, часам для нас цьмянага, часта замглёнага традыцыяй. Спрэчных момантаў, думаю, будзе нямала.

Нядаўна мы ладзілі скайпавую канфэрэнцыю па перакладзе «Песьні песьняў», які рабіў Сяргей Шупа і над якім працавалі Галіна Сініла і Караліна Мацкевіч зь Лёндану. Мы моцна спрачаемся, бо ўсе аргумэнты за розныя прачытаньні сур’ёзныя. Аднак даходзім да кансэнсусу, а самыя неразьвязальныя моманты пакідаем для камэнтароў, якімі суправаджаюцца нашыя пераклады. З намі ад самага пачатку працаваў найвыдатнейшы беларускі мовазнаўца сьветлай памяці Зьміцер Саўка. На ягоную ўзважаную прафэсійную думку мы маглі абаперціся. А ўвогуле ў нашай групе недзе паўтара дзясятка чалавек — калі лічыць усіх, зь пяці краінаў. Самая галоўная праблема — праца з арыгінальнымі тэкстамі, адэкватнае іх разуменьне. Старажытныя біблійныя тэксты працуюць такім чынам — чым больш іх чытаеш, тым больш ты можаш у іх убачыць. Увесь час адкрываюцца нейкія іншыя сэнсы, паказваюцца глыбейшыя ўнутраныя сувязі. Чым больш учытваесься, тым большая цэльная карціна бачыцца. І калі пачынаеш разьбірацца, то бачыш, што многія традыцыйныя пераклады паўтараюць тыя самыя памылкі, якія пачаліся ці не ад перакладу Бібліі на грэцкую мову ў ІІІ — І стагодзьдзях да нашай эры, які рабіўся ў Александрыі (вядомы як Сэптуагінта). А іншыя маюць ужо новае, эўрапейскае паходжаньне.

— У маім кнігазборы ёсьць некалькі перакладаў Бібліі. Часам іх цікава параўнаць. Скажам, вось як пачынаецца Стары Запавет у таго ж Станкевіча: «Зямля была бяз хормы а пустая». Той жа фрагмэнт у Сёмухі: «Зямля была нябачная і пустая». У вас: «Зямля была голая і кволая». Абсалютна розныя словы з розным сэнсам. Як вы абгрунтуеце свой варыянт?

— Гэты верш па-гэбрайску гучыць рытмізавана, ён вымагае пэўнага рытму дыханьня. У ім апісваецца стан рэчаў пасьля ўзьнікненьня, але да стварэньня сьвету — такі сабе пачатак перад пачаткам. Працытаванае вамі ў арыгінале стварае вельмі яркую і вобразную карціну, якая перададзеная двума кароткімі рыфмаванымі словамі: tohu wa-bohu (wa — гэта злучнік «і»). Адно зь іх атэставанае дастаткова няблага і азначае нешта пустое, спустошанае, марнае, а другое — амаль неатэставанае (у Бібліі сустракаецца яшчэ толькі двойчы, прычым адзін раз у гэтай самай дуплетнай пары). Такім чынам, дакладнага значэньня выслоўя мы ня ведаем, але можам меркаваць, што гэта — устойлівы выраз. А ўстойлівы выраз, як правіла, перакладаецца іншым устойлівым выразам. Таму калі перакладнік ідзе за сэмантыкай, ён траціць вобраз, дзеля якога падбіраліся словы аўтарам тэксту, пры гэтым і сама сэмантыка застаецца няпэўнаю. Сёмухавы варыянт «зямлі нябачнай» ідзе ад няправільнага прачытаньня грэцкага перакладу, дзе стваральнікі Сэптуагінты выбралі слова aoratos — маючы на ўвазе тое, што ня мае выгляду. Мы стараліся падабраць пару з двух кароткіх і пажадана рыфмаваных беларускіх словаў. Варыянт «голая і кволая» прапанаваў Зьміцер Саўка. Цікава, што калі людзі ўпершыню яго чуюць, то неяк адразу адпрэчваюць — настолькі нязвыкла гучыць. А потым праходзіць час, і ім ужо не падабаецца, калі я мяняю яго на «голая і пустая» (гэта мой варыянт). Прытым у некаторых частках Беларусі слова «кволая» ўжываецца да няўроднай, пустой зямлі.

— А яшчэ адна і тая ж расьліна з Эвангельля ад Лукі ў перакладніка Чарняўскага названая шыпшыньнікам, у Станкевіча — чупчыньнікам, у Міцкевіча — асотам, у Клышкі — ажынай, а ў Сёмухі — хмызьняком. Цэлы гербарый.

— Гербарыяў там сапраўды хапае. У той жа «Песьні песьняў» мы шукалі, як назваць кветку, зь якой параўноўвае сябе дзяўчына на пачатку другога разьдзелу. Як яе толькі ні называлі — ад ружы да нарцысу. Мы спыніліся на пралесцы, бо дзяўчына гаворыць пра свой някідкі ды сьціплы выгляд. У Кнізе Ёва ёсьць фраза, дзе ўжываецца пяць розных словаў для азначэньня ільва. Рознакарэнных! Паспрабуйце перакласьці. І такіх варыянтаў сапраўды вельмі многа. Перакладнікі перакладалі паводле свайго (або замацаванага ў традыцыі) разуменьня тэксту, падбіралі словы так, каб яны адпавядалі іхняму ўяўленьню пра тэкст. А тэкст мог быць зусім не пра тое. Усе ведаюць гісторыю, што адбылася ў райскім садзе паміж Адамам і зробленай зь ягонае рабрыны Евай, якая потым спакусіла яго яблыкам. У гэбрайскім тэксьце няма ні Адама, ні Евы, ні рабрыны, ні яблыка, ні спакусы. Фактычна, нашая культура, улюбёная ў гэты сюжэт, сама сабе яго прыдумала. Вядомы ўсім канцэпт першароднага граху і грэхападзеньня быў сфармуляваны толькі ў V стагодзьдзі, ён трывала замацаваўся ў эўрапейскай сьвядомасьці, але каб яго знайсьці ў арыгінальнай гісторыі Саду, трэба прыкласьці добрую інтэрпрэтатарскую фантазію.

— Дык з чаго ўсё ж створаная Ева?

— Ева ні з чаго ня створаная — яе ў арыгінальным тэксьце няма. Ева ўзьнікла пры перакладах Бібліі. Двойчы на ўсю Гэбрайскую Біблію жанчына завецца Chava (Хавá) — як зьвязаная з канцэптам жыцьця, chaj. Сэптуагінта адзін раз перакладае сэмантычна — Zoe (што значыць «жыцьцё»), а другі раз больш-менш фанэтычна — Eua. І гісторыя пра рабрыну паўстала таксама зь перакладу. У першатэксьце ёсьць чалавек, па-гэбрайску adam (адам), які зьвязаны зь зямлёй, зь якой ён зроблены і якую яму наканавана ўрабляць, па-гэбрайску adamah (адамá). Потым зьяўляецца жанчына, якую Бог «збудоўвае» з аднаго з бакоў чалавека. Літаральна гучыць: «узяў адзін з цэлá ягоных і закрыў цела на тым месцы. I зрабіў Госпад Бог з цэлá, які Ён узяў з чалавека, жанчыну». Слова цэлá настолькі звыкла стала прачытвацца як «рабрына», што нават у сучасным іўрыце азначае рабрыну. У Бібліі гэтае слова нідзе ніколі не азначае рабрыну. Яно няблага атэставанае, і яго ўжыткі зразумелыя. Гэта найчасьцей архітэктурны тэрмін, які абазначае «бок». Бок алтара-ахвярніка ці будынка, часам бок узгорку. У гэтым вершы і дзея Бога называецца архітэктурным тэрмінам — «збудаваў». Карціна паўстае такая: чалавек цэльны, але мае два бакі. І калі цэльны ня справіўся са сваімі задачамі (раней канстатуецца, што, маўляў, «нядобра чалавеку быць самому», яму патрэбная помач), то Бог з кожнага з бакоў робіць самастойную істоту. Такім чынам узьнікае жанчына, у дачыненьні да якой чалавек завецца мужчынам.

— А ці будзе ваша «рэканструяваная» Біблія запатрабаваная для багаслужбаў?

— А чаму не? Я тут ня бачу ніякіх праблемаў. Нашая традыцыя — і хрысьціянская, і культурная — базуецца на тэксьце Бібліі. Дык чаму нам базавы тэкст нашай цывілізацыі не паспрабаваць прачытаць так, як ён быў напісаны? Уявіце сабе рэстаўрацыю старой карціны, на якую апроч гразі і копаці наклаліся яшчэ дапісваньні, дамалёўваньні — спачатку вучняў, потым мастакоў пазьнейшых часоў, якія хацелі «абсучасьніць» яе, потым папрацавалі рэстаўратары зь няякаснымі фарбамі. Памятаеце, калі ў ХХ стагодзьдзі пачалі чысьціць старыя абразы, то раптам аказалася, што яны… яркія! А ніхто гэтага ня ведаў. Усе думалі, што абразы павінны быць цёмнымі, зь цьмянай пазалотай. А аказалася, што яны ня цёмныя, а яркія, сьветлыя, пранізаныя сьвятлом, што яны будзяць розум, узьдзейнічаюць на сьвядомасьць і ўзносяць дух нашмат больш эфэктыўна. Вось і з тэкстам так бывае. Наша задача — не паўтараць традыцыю, а, калі трэба, трохі «адчысьціць» біблійныя тэксты ад таго, што да іх «прыліпла» за стагодзьдзі. Усё адчысьціць мы ня зможам, у некаторых месцах сьвядома пакідаем скажэньні.

— Найбольш распаўсюджаны ў Беларусі пераклад Бібліі Васіля Сёмухі афіцыйна не прызнаны ні царквой, ні касьцёлам. Ці прэтэндавацьме ваш пераклад на такое прызнаньне?

— Адзін з нашых слоўганаў, які зьявіўся цягам працы, — народная Біблія. Яна прызначацьмецца для ўсіх — для любых канфэсіяў, для неканфэсійных вернікаў, для навукоўцаў, для літургічнага выкарыстаньня, для прыватнага ўжытку і для ўнівэрсытэцкага дасьледаваньня. Для любых выпадкаў, дзе можа выкарыстоўвацца Біблія ў ХХІ стагодзьдзі. Калі яна будзе афіцыйна прызнаная, мы будзем гэта толькі вітаць, калі не — будзем чакаць, калі прызнаюць. Мы знаходзімся на пачатку шляху, я нават не ўяўляю, як гэты працэс будзе ісьці. У нас няма ніякіх апекуноў і мэцэнатаў, у нас няма ні Мікалая Радзівіла Чорнага, ні брытанскага караля Якуба, якія падтрымлівалі падобныя праекты. Мы перакладаем у вольны ад асноўнай працы час. Праца паціху ідзе, і я вельмі спадзяюся, што ўжо сёлета будзе апублікаваны першы плён.

Міхась Скобла, Радыё Свабода

Tweet

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

29-гадовы дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея пакідае пасаду

Яго называлі пратэжэ экс-міністра культуры Юрыя Бондара, піша Наша Ніва. minsknews.by Культуролаг Павел Сапоцька, які з’яўляўся дырэктарам Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, пакідае...

valiancina_shauchenka
Грамадства

18-гадовы палітвязень узяў віну на сябе, але і яго сяброўку не вызвалілі. Зірніце, як ён малюе

Сярод чатырох соцень зняволеных за палітыку ў Беларусі — трое зусім маладых, 18-гадовых, піша Наша Ніва. Дваіх з іх, Сафію Малашэвіч з Мазыра і Ціхана Клюкача з Брэста, акурат цяпер...

valiancina_shauchenka
Мастацтва

Мастак з Плошчы пераменаў: Карціна «Ромка, выходзь» аб тым, каб хлопцы выходзілі гуляць у мяч, а не паміраць

Мастак Андрэй Дубінін кажа, што цяпер ён стаў актуальным, хоць не хацеў гэтага. Яго карціна аб расстрэлах 1937 году «Ноч паэтаў», што прагрымела некалькі гадоў таму назад, па сутнасці, стала успамінам...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Вольскі: «Яны ня хочуць, каб большасьць палюбіла іхні сьцяг, герб, лідэра»

Фармальны падыход. Прыйшоў яшчэ з СССР. Галачка стаіць, значыцца, усё зроблена. Насамрэч, можа быць усё, што хочаш — зроблена часткова, зусім не зроблена, але наяўнасць галачкі — упартая рэч, піша...

Апошнія навіны

    Грамадства
    29-гадовы дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея пакідае пасаду
    Грамадства
    18-гадовы палітвязень узяў віну на сябе, але і яго сяброўку не вызвалілі. Зірніце, як ён малюе
    Мастацтва
    Мастак з Плошчы пераменаў: Карціна «Ромка, выходзь» аб тым, каб хлопцы выходзілі гуляць у мяч, а не паміраць
    Грамадства
    Вольскі: «Яны ня хочуць, каб большасьць палюбіла іхні сьцяг, герб, лідэра»
    Мастацтва
    Палессе стане адной з сусветных пляцовак, дзе пройдзе конкурс мастакоў
    Грамадства
    «Выйшаў па цыгарэты і знік». Малады рэжысёр пяць месяцаў сядзіць на Валадарцы
    Грамадства
    У Мінскім раёне бацьку семярых дзяцей судзілі за бел-чырвона-белыя жалюзі
    Спорт
    Беларускіх футбалістаў зрабілі невыязнымі. «Каб захаваць дзяржаўныя грошы ў дзяржаве»
    Маё права
    Аўдыё пра забойствы і лягеры для пратэстоўцаў. Беларускія праваабаронцы зьвярнуліся ў ААН
    Спорт
    Škoda адмаўляецца спансіраваць ЧС па хакеі, калі ён пройдзе ў Беларусі
    Мастацтва
    У Полацку адкрылася выстава Канстанціна Вашчанкі
    Грамадства
    Лісты за краты. «Цісну рукі, абдымаю і веру ў хуткае вызваленне!»
    Грамадства
    Фазэль прызнаў, што зараз у Беларусі мала шанцаў прыняць ЧС па хакеі
    Грамадства
    Інфармацыйныя спецаперацыі супраць Беларусі ў заходніх СМІ
    Праект Кірыла Стаселькі "Можам"
    «Выпадкаў несправядліва асуджаных у Беларусі вельмі шмат»

Афіша

  • 20.01 19:00Анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава
  • 21.01 19:00Літаратурна-музычнае мерапрыемства “Мой Багдановіч”
  • 06.05 20:00Народны альбом

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Віктар Марціновіч: А зараз вернемся да нармальнага жыцця?
    • Запісы Зайцава — справа расійскіх нафтавікоў
    • Ад пракату «Доваду» да закрыцця кінатэатраў. Падводзім вынікі 2020 года ў беларускай кінаіндустрыі
    • Як у свеце адрэагавалі на візіт Рэнэ Фазэля да Лукашэнкі
    • «Словы мацней»: Аляксандр Памідораў чытае твор Зямы Піваварава

Ахова спадчыны

  • Смуткуем…
  • Сумесныя кансервацыйныя працы
  • Новыя перспектывы супрацы
  • Другое жыццё твора мастацтва
  • Праблема Жыровічскага манастыра вырашана
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM