Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата – кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і “пасланне ў бутэльцы” для нас сённешніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
18 студзеня
У 1926 годзе нарадзіўся Янка Філістовіч, беларускі патрыёт ды антыкамуніст.
У часы акупацыі Філістовіч быў мабілізаваны ў паліцэйскі батальён. Калі злучэнне перакінулі ў Еўропу – паспрабаваў збегчы да чэскіх партызанаў. Быў схоплены немцамі ды кінуты ў турму. Адтуль вызвалены 8 траўня 1945 разам з іншымі вязнямі.
Далей Філістовіч вучыўся ў Францыі, выдаваў часопіс “Моладзь”, стаў сябрам Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасля трохмесячнай падрыхтоўкі пад Мюнхенам, 9 верасня 1951 разам з амерыканскім дэсантам высадзіўся ў Заходняй Беларусі. Ён аказаўся адным з нешматлікіх эмігрантаў, якія са зброяй у руках вырашылі вярнуцца на Радзіму.
Філістовіч выйшаў на групу партызанаў Мікуліча, якая дзейнічала на Вілейшчыне. На шосты год “партызанкі” байцы апынуліся ў складаным маральным становішчы – Філістовіч іх падбадзёрваў, забараніў займацца рабункамі, увёў дысцыпліну. Разам яны зрабілі “экс” у мясцовай друкарні – каб узяць шрыфты і друкаваць антысавецкія ўлёткі.
Роўна праз год, у верасні 1952-га, МГБ выйшла на групу, разбіла. Філістовіч ўратаваўся, але праз здраду ўсё ж трапіў у рукі аператыўнікаў. Пасля допытаў і суду быў растраляны. Месца пахавання дагэтуль невядомае.
19 студзеня
У 1962 годзе СССР абвінаваціў Ізраіль у выкарыстоўванні сінагогаў для “шпіёнскай дзейнасці”.
Нічога дзіўнага тут няма, бо адразу пасля вайны, у 1948, “Праўда” пісала наступнае: “Чалавек, навернуты ў сіянісцкую веру, аўтаматычна стае агентам міжнароднага сіянісцкага канцэрну ды, адпаведна, ворагам савецкага народу”.
Антысемітызм у СССР не быў настолькі яўным, як у нацысцкай Германіі, але прысутнічаў як на побытавым плане, так і ў дзяржаўнай сферы. Прыкладаў – мора. Ад прыслоўя “калі ў кране няма вады…” да мэтанакіраванай падтрымкі арабскіх краінаў у супрацьстаянні з Ізраілем.
Цікава, што СССР як дзяржава пачынаўся з удзелам мноства яўрэяў на кіруючых пасадах у партыі, прамысловасці, сілавых ведамствах. Пазней, з часоў Сталіна, дзяржструктуры пачалі рэгулярна чысціць ад “засілля сіянізму”. Гэта і “справа ўрачоў”, і разгром “Яўрэйскага антыфашыстоўскага камітэту”, і забойствы Міхоэлса ў Менску ды інш.
СССР фактычна апынуўся адзінай з краінаў-пераможцаў Гітлера, у якой антысемітызм квітнеў яшчэ амаль паў стагоддзі.
20 студзеня
У 1892 годзе нарадзіўся Браніслаў Тарашкевіч, палітык, публіцыст, мовазнавец і масон.
Тарашкевіч прайшоў цярністы палітычны шлях супрацы з рознымі краінамі і палітычнымі сіламі. Паўсюдна ён адстойваў інтарэсы Беларусі – так, як іх бачыў і разумеў. Супрацоўнічаў з палякамі, камуністамі, беларускімі сацыялістамі, ачольваў Віленскую Беларускую Гімназію, ствараў самую масавую ў Заходняй Беларусі беларускую партыю – “Грамаду”.
Для палякаў ён быў “савецкім агентам”, для камуністаў – “польскім шпіёнам” і “буржуазным нацыяналістам”. У 1933-м Тарашкевіч эміграваў з Польшчы ў СССР, дзе трапіў пад рэпрэсіі ды быў растраляны ў 1938 годзе.
А яшчэ Тарашкевіч вядомы сваёй граматыкай – “тарашкевіцай” – якую складаў, знаходзячыся ў турме. Тарашкевіцай, сярод іншых, паслядоўна карыстаецца “Радыё Свабода”. Цікава таксама, што Тарашкевіч належыў да масонскіх ложаў “Томаш Зан” і “Праўда”.
21 студзеня
У 1939 годзе адкрытая Дзяржаўная карцінная галерэя БССР, цяпер – Нацыянальны мастацкі музей у Мінску.
Галерэя пачыналася з перадачы каштоўнасцяў з гістарычных музеяў Мінску, Гомелю, Магілёва ды Віцебска. Некаторыя экспанаты перадлі расейскія музеі, у тым ліку Эрмітаж ды “Трэцякоўка”. У верасні 1939-га экспанаты пайшлі з Заходняй Беларусі: з разрабаваных касцёлаў ды прыватных калекцыяў.
Часы вайны сталі катастрофай для музейных збораў. Вывезці фонды не паспелі, таму ўсімі скарбамі распараджаліся немцы. Нешта паехала ў Рэйх, нешта – знікла. Гаўляйтэр Кубэ пісаў у Берлін скаргі на тое, што СС разрабоўвае спадчыну генеральнай акругі “Беларусь”.
Пасля вайны некаторыя творы ўсё ж атрымалася вярнуць. Нешта знайшлі нават у паўразбураным Мінску. Музей пачаў імкліва папаўняцца творамі савецкіх мастакоў. А ў 1957-м годзе быў скончаны шыкоўны будынак архітэктара Бакланава, дзе Нацыянальны мастацкі музей знаходзіцца да сённешняга дня.
У палітычнай завірусе 2020-га музей некалькі разоў мільгаў у СМІ у сувязі са звальненнем вядомага экскурсавода Мікіты Моніча за верш у сац-сетках ды акцыямі супраць гвалту супрацоўнікаў музею.
22 студзеня
У 1863 годзе пачалося “Студзеньскае паўстанне” або Паўстанне Каліноўскага.
Стартавай кропкай паўстання лічыцца выданне Цэнтральным нацыянальным камітэтам у Варшаве маніфетсу – больш вядомага як “Маніфест 22 студзеня”. У ім казалася, што ЦНК стае часовым урадам былой Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. (то бок – да першага падзелу). Усіх жыхароў былой РП маніфест заклікаў да ўзброенага паўстання.
Баявыя дзеянні доўжыліся амаль два гады, паўстанне пацерпела паразу. Адной з прычынаў была слабая ўцягнутасць у працэс сялянаў, якія не разумелі, навошта маюць ваяваць за сваіх паноў. Рэвалюцыянеры-народнікі, кшталту Каліноўскага, не мелі большасці ў кіраўніцтве паўстання, таму яно і абярнулася збройным выступам шляхты ў імя свайго гонару…
З часам падзеі паўстання сталі гісторыяй, а гісторыя – легендай. У расейцаў яно дагэтуль трактуецца як “польскі мяцеж”. Для беларусаў Паўстанне 1863 году – першы крок да стварэння сваёй мадэрнай нацыі.
23 студзеня
У 1946 годзе нарадзіўся расейскі алігарх Барыс Беразоўскі.
Беразоўскі, у мінулым доктар тэхнічных навук, безпамылкова ўгадаў час зменаў, калі СССР сыходзіў у нябыт, а новыя рэаліі толькі фармаваліся. Займаўся спачатку аўтабізнесам, пасля – нафтай, пасля – ствараў тэлеканалы, выкупаў СМІ… Быў блізкі да клану Ельцына. Пры Пуціне на Беразоўскага завялі справы за махлярства, што і змусіла яго з’ехаць у Вялікабрытанію. Там ён памёр у 2013-м.
СМІ неаднойчы пісалі пра блізкія адносіны паміж алігархам і Лукашэнкам у другой палове нулявых. Беразоўскі, маўляў, спрабаваў “адмыць” рэпутацыю кіраўніка Беларусі перад заходнімі СМІ з дапамогай піяр-агенцтва лорда Бэлла. Рабіў ён тое, канешне ж, у піку Пуціну, а таксама маючы свае планы на Беларусь.
З той спробы, зрэшты, нічога не выйшла: піяршчыкаў прагналі ў 2009-м, а Беразоўскаму параілі больш не з’яўляцца ў Беларусі, бо ніхто ўжо не гарантуе тут ягонай бяспекі.
24 студзеня
У 2018-м памёр Міхал Анемпадыстаў – мастак, дызайнер і паэт.
Уначы ў адну з менскіх лякарняў быў дастаўлены 53-гадовы пацыент з дыягназам “інсульт”. Лекары дапамагчы не змаглі – сэрца не вытрымала. Сімвалічна, што на вокладцы “Народнага альбому”, які Анемпадстаў лічыў сваім галоўным творам, таксама намаляванае сэрца. А яно акурат б’ецца да часу, пакуль мы слухаем гэтыя песні.
Гісторыя Анемпадыстава – гэта феномен эвалюцыі хлопчыка з расейскай сям’і ў аднаго з правадыроў беларускай сучаснай культуры. Вершы для рок-мюзіклу “Народны Альбом”, вокладкі для кружэлак NRM і Вайцюшкевіча, плакат на фестывалі “Басовішча”… Лагатып кампаніі “Будзьма беларусамі” – гэта таксама ён: Міхал Анемпадыстаў.
Сваёй творчасцю Анемпадыстаў нібы выцягваў беларусаў з руціны шэрай штодзённасці “апошняй дыктатуры”: дадаваў фарбаў, жыцця і гумару. Адначасна, Анемпадыстаў лічыў шэры самым беларускім колерам: нейтральны, не раздражняе, ідэальна пасуе да металу, драўніны, керамікі. Шэры – гэта і беларускае неба, і азёры, і хаты, і лён, і нават зайчык з дзіцячых казак.
Падрыхтаваў Алесь Кіркевіч