«Пісаць трэба так, каб вашы кнігі з бібліятэк кралі. Мае крадуць», — казаў некалі Ўладзімір Караткевіч, ведаючы пра запатрабаванасць сваіх кніг. У сённяшнім свеце, дзе аўтарскае права ў многіх краінах дасягнула немалой развітасці і капіталізацыі, Уладзімір Сямёнавіч азалаціўся б дадаткова яшчэ і за кошт гэтай папулярнасці ў наведвальнікаў бясплатных бібліятэк. Вядома, не ў сённяшняй Беларусі.
Права на ганарар за кнігі ў бібліятэках, альбо PLR
Public Lending Right (PLR) — кароткая абрэвіятура, вядомая кожнаму пісьменніку ў краінах Еўрапейскага саюза. Яе можна перакласці як “права на выплату ўзнагароды аўтарам за бясплатнае выкарыстанне іх матэрыялаў/твораў у публічных установах”. Працуе гэтае права наступным чынам: чытач прыходзіць у бібліятэку, замаўляе кнігу нейкага аўтара, а дзяржава выплачвае пісьменніку за гэта грошы. Выплаты залежаць ад таго, наколькі часта бралі кнігу. Для аўтара ў любой краіне свету рэалізацыя гэтага права вельмі важная, бо дазваляе атрымліваць фінансавую дапамогу для далейшай творчасці.
Права на ганарар за кнігі, што знаходзяцца ў публічным бясплатным карыстанні, не з’явілася само па сабе — гэта вынік доўгага працэсу і, вядома ж, барацьбы аўтараў за свае правы. Так, Марын Дафі, пісьменніца, якая 20 гадоў змагалася за гэтае права ў Брытаніі (яно было прынятае ў 1979 годзе), характарызуе PLR наступным чынам: “У першую чаргу PLR падтрымлівае прынцып “няма карыстання без аплаты”, што ляжыць у аснове канцэпцыі “справядлівай ці заслужанай узнагароды”, якая ў сваю чаргу закранае ксеракапіраванне і лічбавы распаўсюд. Гэтая канцэпцыя абапіраецца на Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека, згодна з ёю мы маем права атрымліваць прыбытак ад любой эксплуатацыі нашай працы. Калі сцвярджаецца, што гэта перашкаджае іншаму агульначалавечаму праву — доступу да ведаў ды культуры, — наш адказ просты: дзеянне гэтага прынцыпу дазваляе нам ствараць новую працу. Мы ж не патрабуем ад настаўнікаў працаваць бясплатна”.
У цяперашні час у 33 краінах свету дзейнічае PLR-сістэма. Права на ганарар за творы, што знаходзяцца ў публічным выкарыстанні, прызнанае заканадаўствам Еўрапейскага саюза з 1992 года, і ўсе, акрамя чатырох краін, якія маюць сістэмы PLR, знаходзяцца ў Еўропе.
Данія стала першай краінай, якая ўвяла сістэму PLR у 1946 г., пасля былі Нарвегія ў 1947 г. і Швецыя ў 1954 г.. Але сама ідэя права на ганарар за творы ў публічным бясплатным карыстанні ўзнікла ў 1919 г., калі Асацыяцыя паўночных аўтараў прыняла пастанову, у якой заклікала ўрады кампенсаваць аўтарам, кнігі якіх знаходзяцца ў бібліятэках, карыстанне імі.
Новая Зеландыя была першай краінай за межамі Еўропы, якая ўвяла сістэму PLR у 1973 годзе, за ёй рушылі Аўстралія ў 1974 годзе, Канада і Ізраіль у 1986 годзе.
Каля 26 іншых краін прызнаюць законнае права аўтараў ліцэнзаваць карыстанне сваімі творамі, але ў гэтых краінах яшчэ не створаныя сістэмы кампенсацыі. Апошняя краіна, дзе пачала працаваць гэтая сістэма, — наша суседка Польшча. У ёй у 2016 годзе былі зробленыя першыя выплаты аўтарам за карыстанне іх кнігамі ў публічных бібліятэках.
Прававая аснова PLR
Большасць сістэм PLR існуе ў Еўропе, дзе краіны-чальцы Еўрапейскага саюза абавязаныя надаваць аўтарам эксклюзіўнае права дазваляць альбо забараняць выдачу іх твораў бібліятэкамі. Аднак урады гэтых краін могуць адступіць ад гэтага права пры ўмове, што яны ўзнагароджваюць аўтараў за пазычанне іх твораў.
Права на ўзнагароду не з'яўляецца абавязковым патрабаваннем закона аб аўтарскім праве, і ўрады па-за Еўрапейскім саюзам не абавязаныя ствараць такія сістэмы. Напрыклад, у Афрыцы, Паўднёвай Амерыцы і Азіі няма сістэм PLR. Адзіныя краіны па-за Еўропай, якія цяпер працуюць з гэтым правам, — Аўстралія, Канада, Ізраіль, Новая Зеландыя.
Але ўсё мяняецца. Малаві і Грэцыя нядаўна ўвялі заканадаўства аб PLR і рыхтуюцца стварыць адпаведныя сістэмы; урад Ганконга таксама пагадзіўся ўвесці PLR; праект закона аб аўтарскім праве ў Турцыі, які прадугледжвае PLR, чакае адпраўкі ў парламент.
І яшчэ адзін аргумент на карысць PLR. Гэтая сістэма таксама можа функцыянаваць як частка структуры падтрымкі краінай яе ўласнай культуры і мовы. У шэрагу еўрапейскіх краін, такіх як Данія, Нарвегія і Швецыя, PLR выплачваецца толькі аўтарам, якія пішуць на нацыянальнай мове гэтай краіны. Гэтак жа сістэмы PLR ў Аўстраліі і Канадзе падтрымліваюць аўтараў, якія з'яўляюцца грамадзянамі гэтых краін.
Як працуе PLR
Фінансава за рэалізацыю права на ганарар аўтару адказваюць не бібліятэкі, а рэгіянальныя альбо цэнтральныя ўрады. Ёсць нешматлікія выпадкі, калі грошы паступаюць ад бібліятэк — да прыкладу, у Нідэрландах, бо там публічныя бібліятэкі працуюць як незалежныя інстытуцыі, і PLR разглядаецца бібліятэчнай супольнасцю як законная плата, якая справядліва кампенсуе аўтарам бясплатнае выкарыстанне чытачамі іх твораў.
Розныя падыходы да выплат PLR
Часцей за ўсё ўзнагароджанне, звязанае з PLR, размяркоўваецца паміж аўтарамі ў выглядзе выплат, звязаных з тым, як часта іх творы знаходзіліся ў карыстанні чытачамі. Такі падыход сустракаецца ў Фінляндыі, Германіі, Мальце, Нідэрландах і Вялікабрытаніі.
Альтэрнатыўны падыход — аплата залежыць ад колькасці кніг/твораў аўтара, якія захоўваюцца ў бібліятэках. Такая сістэма існуе ў Аўстраліі, Канадзе і Даніі.
Іншыя падыходы ўключаюць плацяжы пры набыцці кніг. Да прыкладу, у Францыі, дзе частка агульнага фонду выплат ідзе ад выдаўцоў, калі яны прадаюць кнігу ў бібліятэку. Астатняя частка фонду PLR складаецца з невялікіх выплат, якія ажыццяўляе ўрад за кожнага зарэгістраванага карыстальніка бібліятэкі.
Многія краіны спалучаюць элементы розных падыходаў.
Хто атрымлівае выплаты PLR?
У стварэнні кнігі ўдзельнічаюць не толькі пісьменнікі, але і іншыя асобы: ілюстратары, перакладчыкі, рэдактары і фатографы (якія ў розных юрыдычных сістэмах могуць таксама лічыцца аўтарамі). Паколькі яны робяць свой унёсак у апублікаванне твора, то могуць прэтэндаваць і на выплату PLR.
У цяперашні час права на атрыманне ганарару за публічнае карыстанне творамі распаўсюджваецца як на друкаваныя кнігі, так і на розныя аўдыявізуальныя матэрыялы, у тым ліку аўдыёкнігі, якія знаходзяцца ў бібліятэках. Тады права на аплату маюць і кампазітары, і прадзюсары, і акторы, якія начытвалі тэксты.
Што да электронных кніг, то іх выкарыстанне таксама рэгулюецца законам, бо з кожным годам расце рынак іх спажывання. Пасля рашэння Еўрапейскага суда ў 2016 годзе (справа C-174/15) Дырэктыва аб праве на публічнае карыстанне вызначае, што аб’ектам выплаты лічыцца пазычанне адной электроннай кнігі ў бібліятэцы адным карыстальнікам. Копія можа быць зноў перададзеная ў арэнду, але толькі калі электронная кніга ўжо не будзе даступная папярэдняму пазычальніку.
Чаму PLR важнае для аўтараў?
Проста таму, што гэтыя выплаты рэальна змяняюць жыццё аўтараў. У эпоху, калі даходы аўтараў ад публікацый паўсюдна падаюць, дзеянне PLR дапамагае аказваць аўтарам жыццёва важную фінансавую падтрымку. Напрыклад, у Вялікабрытаніі 24 тысячы пісьменнікаў, ілюстратараў і перакладчыкаў атрымліваюць плацяжы ў памеры максімум 6600 фунтаў штогод. Для многіх пісьменнікаў, асабліва тых, чые кнігі не ўваходзяць у лік бестселераў, гэта істотная крыніца іх даходу.
PLR падтрымлівае прынцып "няма карыстання без плацяжу". Морын Дафі, аўтарка навукова-папулярнай літаратуры і навел, кажа, што гэтая сістэма можа быць выратавальніцай і для паспяховых пісьменнікаў, і для тых, хто ўжо не піша, але мае шмат апублікаваных твораў, якія застаюцца даступнымі для чытачоў публічных бібліятэк, хаця творы ўжо не друкуюцца нанова.
У дадатак да выплат аўтарам за карыстанне іх творамі ў публічных бібліятэках ганарар можа выплачвацца таксама ў выглядзе грантаў, якія даюцца на даследаванні і падарожжы альбо ў якасці пенсій пісьменнікам. У некаторых краінах яго таксама можна завяшчаць пасля смерці аўтара яго сям'і да 70 гадоў.
Выплаты ганарараў аўтарам за права бясплатна карыстацца іх кнігамі можа датычыць не толькі публічных бібліятэк, але, як у Аўстраліі, яшчэ і школьных, што вельмі падтрымліваецца дзіцячымі пісьменнікамі. А ў Германіі такая сістэма дзейнічае ў бібліятэках устаноў вышэйшай адукацыі.
Сістэма PLR стварае і іншыя перавагі для аўтараў. Напрыклад, аўтары Злучанага Каралеўства лічаць, што дадзеныя, атрыманыя ў офісе PLR пра тое, як часта іх кнігі былі пазычаныя ў публічных бібліятэках, натхняюць іх і паляпшаюць маральны стан — асабліва калі гаворка ідзе пра кнігі, якіх ужо болей няма ў крамах. "PLR — гэта больш, чым грошы, хаця, вядома, гэта таксама файна. Атрыманне чэка штогод — гэта напамін пра тое, што людзі хочуць чытаць мае кнігі, а не проста валодаць імі", — адзначае амерыканская пісьменніца Трэйсі Шэвалье, аўтарка вядомага рамана “Дзяўчына з жамчужнай завушніцай”.