Традыцыйны “Кірмаш праектаў” у Віцебску збірае прапановы, ідэі і гатовыя праекты для насычэння і развіцця гарадскіх святаў. Кожны жадаючы можа далучыцца да стварэння святочнай атмасферы, даслаўшы свае прапановы на kirmash.vitsebsk@gmail.com
У Віцебску ўжо 3-ці год запар адбудзецца “Кірмаш праектаў” – адкрытая публічная прэзентацыя культурніцкіх ідэй. У 2014-м і 2015-м гадах, дзякуючы прэзентаваным ідэям на “Кірмашы праектаў”, праграма святкавання Дня горада і Дня моладзі была ўзбагачана такімі падзеямі, як Летні маркет “Барадулінкі”, фестываль актыўнага адпачынку “Свята ветру”, турнір па футбольным фрыстайле “Вежа”, першая агульнагарадская фотасушка, “Спеўны сход”, вулічныя майстар-класы па танцах і шмат іншых.
У 2016 годзе Аддзел ідэалогіі, культуры і па справах моладзі гарадскога выканаўчага камітэта Віцебска сумесна з ГКК “Будзьма Беларусамі” абвяшчае адкрыты прыём заявак на фармаванне праграм гарадскіх святаў. Кожны жадаючы можа даслаць свае прапановы, ідэі і гатовыя праекты на kirmash.vitsebsk@gmail.com да 23.05 уключна.
26 мая адбудзецца прэзентацыя і абмеркаванне прапанаваных праектаў на “Кірмашы праектаў – пляцоўцы, дзе гуртуюцца культурніцкія дзеячы і актывісты. Найлепшыя прапановы будуць уключаныя ў праграмы святаў на адміністрацыйным узроўні!
Не прапусціце сваёй магчымасці зрабіць горад цікавым і непаўторным і здзейсніць свае мары!
Дадатковая інфармацыя ў каардынатара: +37525 913 38 76, Уладзімер Булаўскі
“Кірмаш праектаў” – гэта адкрытая публічная прэзентацыя культурніцкіх ідэй, якую праводзіць грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” у многіх гарадах Беларусі. Тут можна ўдасканаліць сваю задуму, атрымаць парады ад публікі і экспертаў, знайсці аднадумцаў ды партнёраў. Фармат мерапрыемства – так званая “маланкавая размова”, што фактычна выглядае як аповед пра сваю задуму з прэзентацыяй, зробленай у PowerPoint, Keynote, Prezi.com ці іншых сэрвісах, цягам 5 хвілін.
Каб стаць удзельнікам “Кірмашу праектаў”, неабходна да 23 мая ўключна даслаць прэзентацыю сваёй задумы на электронную скрыню kirmash.vitsebsk@gmail.com па рэкамендаваным плане:
– назва прэзентацыі;
– кароткае апісанне зместу ідэі;
– мэты і задачы (чаму і каму гэты праект неабходны?);
– фармат праекта, яго ўнікальнасць і (ці) неабходнасць;
– якія рэсурсы вы ўжо маеце і якія – шукаеце (каманда, дзеянні, партнёры, бюджэт).
Калі вы з тых, каму заўсёды хочацца новых і цікавых рашэнняў для свайго горада, яго культуры, і вы гатовыя падтрымаць яго развіццё і насамрэч атрымаць задавальненне ад агульнагарадскіх святаў, то гэта ваш шанец!
Выніковая прэзентацыя адбудзецца 26 мая 18:30 Выставачная зала, Фрнузе, 11 (Музычная гасцёўня)
Інфармацыйныя партнёры:
gorodvitebsk.by
vitebsk.biz
vitebsk4.me
tut.by
budzma.by
news.vitebsk.cc