• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Словы мацней
  • Меркаванні
  • Маё права
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Фотарэпартаж
  • Афіша
  • "Будзьма!" прапаноўвае
04.04.2021 | Літаратура

Выйшла кніга пра беларускія аддзелы ў даваенным літоўскім войску

300-старонкавую кнігу “Гудскія вайсковыя аддзелы ў войску Літвы ў 1918-1923 г.” напісаў ваенны гісторык Гінтаўтас Сургайліс.

На фоне гарачых мінулагодніх калявыбарчых падзей зусім незаўважным прайшло выданне ў Літве ў мінулым годзе кнігі “Гудскія вайсковыя аддзелы ў войску Літвы ў 1918-1923 г.” (гудскія, gudų, выкарыстоўваем у сэнсе “беларускія”, згодна з аўтарскім ужываннем).

Аўтар – Гінтаўтас Сургайліс (Gintautas Surgailis), вайсковец, палкоўнік-лейтэнант запасу (званне, вышэйшае за маёра, ніжэйшае за палкоўніка) і прафесійны гісторык літоўскага войска, доктар гістарычных навук. Адразу пасля здабыцця Літвой незалежнасці пайшоў працаваць з Віленскага ўніверсітэту ў ваенную сферу: у 1992-2002 адпрацаваў у Міністэрстве абароны краю (дарадца міністра, сакратар міністэрства і інш.), пазней узначальваў Навуковы цэнтр Ваеннай акадэміі Літвы, Ваенны музей імя Вітаўта Вялікага, Інстытут ваеннай навукі Ваеннай акадэміі Літвы. Узнагароджаны ганаровым знакам “За заслугі пры вывадзе расійскай арміі з Літвы”.

Асаблівы Сургайлаў даробак – выданне ў 2010-х серыі кніг, што прысвечаныя кожная аднаму аддзелу ў даваенным літоўскім войску: “Першы пешы полк імя вялікага літоўскага князя Гедзіміна” (2011), “Трэці пешы полк імя вялікага літоўскага князя Вітаўта” (2013), “Другі пешы полк імя вялікага літоўскага князя Альгірда” (2014), “Чацвёрты пешы полк імя вялікага літоўскага князя Міндаўга” (2016), “Пяты пешы полк імя вялікага літоўскага князя Кестуця” (2017), “Шосты пешы полк імя пілянскага князя Маргіра” (2019). Кнігі – кожная па 200-300 старонак. Такім чынам, апісанне вайсковых аддзелаў для Сургайлы – рэч зусім звыклая: як, што і ў якой паслядоўнасці апісваць – у гэтым за дзесяць гадоў ён даволі напрактыкаваўшыся.

Кніга “Гудскія вайсковыя аддзелы ў войску Літвы ў 1918-1923 г.” выдадзеная ў выдавецтве Ваеннай акадэміі Літвы. Аб’ём – 305 старонак, даволі багата ілюстраваная, напрыканцы ўтрымлівае рэзюме па-беларуску.

Наша Гародня

Адразу з уступу дазнаемся пра акцэнт, які ў нас звычайна недастаткова выразна прафілююць. Вось, абвесцілі ў сакавіку 1918-га Беларускую народную рэспубліку – а ўжо да лістапада бачым тых жа дзеячоў у суседняй Літве, беручы ўдзел у інстытуцыялізаванні гудскай меншасці там.

20210403_surg_1.jpg

Канстанцін Езавітаў і Язэп Варонка

Усю другую палову лістапада 1918-га з літоўцамі перамаўляліся наконт “ідэі стварыць федэрацыйную літоўска-гудскую дзяржаву”. 27 лістапада шэсць нашых суайчыннікаў (сярод іх Вацлаў Ластоўскі, Іван Луцкевіч, Янка Станкевіч, Дамінік Сямашка) кааптуюцца ў Раду літоўскай дзяржавы. За некалькі дзён перад тым генерала Кандратовіча з Беларускай ваеннай камісіі прызначаюць намеснікам міністра абароны краю Літвы, а 1 снежня Язэпа Варонку – міністрам гудскіх спраў у літоўскім урадзе. Тады ж, 1 снежня, у літоўскім войску ствараюць Белагудскі (Baltgudžių) аддзел.

Далей – болей. 1-2 снежня ў Гародні склікаецца З’езд упаўнаважаных Гарадзенскай губерні (былі з’ехаўшыся з Беластоку, Саколкі, Бельска, Берасця, Слоніма, Ваўкавыска, Пружанаў і інш.), і на ім пастанаўляюць, што: а) уся ўлада павінна быць у руках людзей гэтага краю, б) Гарадзенская губернія далучаецца да Літоўскай Рэспублікі на правах аўтаноміі. З гэтай нагоды 20 снежня міністр Варонка пераязджае з Вільні ў Гародню. 12 снежня літоўскаму ваеннаму кіраўніцтву падаюць праект арганізацыі войска Літвы: 16-20 тыс. літоўцаў і 8-10 тыс. гудаў. Гудскія аддзелы мелі кватараваць у Гародні, Беластоку, Лідзе і Ваўкавыску.

(Адзначым, што ў гэтым жа асяроддзе трохі пазней, ужо ў сакавіку 1919-га, усплывае і знакаміты вайсковы дзеяч Канстанцін Езавітаў, якому не ўдалося стварыць гудскіх аддзелаў у Менску, затое 22 сакавіка 1919-га ён пераймае кіраўніцтва Першым белагудскім пешым палком. Такое ўражанне, там тады былі сканцэнтраваўшыся ці ня ўсе нашы незалежнікі.)

Вось такі інтэнсіўны быў час на працягу менш-больш месяца, ад сярэдзіны лістапада да другой паловы снежня, калі падзея напірала на падзею… А ўжо далей у Сургайлы ідзе карпатлівае апісанне – як, што і калі адбывалася. У гэтым і перавага ягонай кнігі – што, на фоне ранейшых даследчыкаў (польскіх і беларускіх) гэтай тэмы, багата выкарыстоўваюцца архіўныя крыніцы, з фондаў літоўскага Цэнтральнага дзяржаўнага архіва (найперш фонд № 908, адзначае аўтар).

20210403_surg_2.jpg

Схема меркаваных гарнізонаў літоўскага войска: Гародня, Ліда, Беласток, Ваўкавыск

Палякі ідуць

Пры гэтым Г. Сургайліс свядома не пускаецца ў апісанне “складаных і досыць блытаных” дачыненняў гудскіх і літоўскіх палітыкаў, адсылаючы да кнігі “Фактар Беларусі ў фармаванні літоўскай дзяржавы ў 1915-1923 гг.”, якую напісаў Эдмундас Гімжаўскас (беларускі пераклад выдадзены ў 2012-м). Згадаем тут кнігу Тамаша Блашчака “Беларусы ў Літоўскай Рэспубліцы. 1918-1940”, што была выйшаўшы ў 2017-м (яе пераклад мусіць выйсці ўжо сёлета). Такім чынам, літаратуры па тэме прыбывае і прыбывае, і ахвочым ёсць з чаго скласці вобраз падзей.

Ня менш пераплеценыя і складаныя – дачыненні ў літоўска-гудска-польскай блытанцы. Узгадайма пазнейшыя падзеі, звязаныя з “гібрыдным” захопам Віленшчыны генералам Жалігоўскім і яго “ліцвінскім” войкам, што было ў згодзе з ідэяй Пілсудскага аб стварэнні канфедэрацыі “трох Літваў” (кажучы па-цяперашняму, Ковенскай, Віленскай, Менскай). Тады яшчэ паміж, умоўна кажучы, “беларускім” і “літоўскім” прасцягамі яшчэ была шырокая паласа, на якой можна было, адпаведна падышоўшы, “распаліць” хоць літоўскі, хоць беларускі, хоць польскі агмень. Цяпер там хіба вуголле.

20210403_surg_4.jpg

З Гародні ўся літоўска-гудская адміністрацыя, разам з Варонкам, з’ехала ўжо 26 сакавіка 1919-га. Першы гудскі полк заставаўся. Знакамітая фатаграфія з бел-чырвона-белымі сцягамі на балконе і вайскоўцамі ў Гародні (яна на вокладцы Сургайлавай кнігі) – гэта ня “войска БНР”, гэта з гісторыі гудскіх аддзелаў у літоўскім войску.

Ужо праз месяц пасля ад’езду Варонкі, 28 красавіка, Гародню апанавала польскае войска. Над штабам Першага белагудскага пешага палка быў узняты польскі сцяг, а літоўскі – зняты. Потым і полк раззброілі, 31 траўня. А назаўтра, 1 чэрвеня, – працягвае Сургайліс – польскія жандары па гарадзенскім бруку, дзеля кпіну, цягалі ў пыле знятыя літоўскі ды беларускі сцягі (вандальная “ціцянкоўшчына”, што з 1995-га працягваецца і ў наш час, была і тады).

У гісторыі з “літоўска-гудскай” Гародняй фармальна кропка была пастаўленая толькі праз год пасля пачатку ўсёй той гісторыі: 20 лістапада 1919-га літоўскае Міністэрства абароны краю, заднім чыслом, абвесціла: “1-ы белагудскі полк і гарадзенскую камендатуру лічыць расфармаванымі ад 15 чэрвеня г.г.“.

Да 8 лістапада 1923-га

Наступным старонкам у гісторыі гудскіх аддзелаў у складзе войска маладой Літоўскай Рэспублікі прысвечаныя астатнія раздзелы Сургайлавай кнігі. Апошні, найкарацейшы раздзел кнігі называецца “Асобная белагудская рота”. У яе 25 сакавіка 1923-га быў перафармаваны Асобны белагудскі пешы батальён, а саму яе канчаткова расфармавалі 8 лістапада. Г. Сургайліс піша:

“Дзейнасць белагудскіх вайсковых аддзелаў у літоўскім войску перарвалася. Відаць, адной з найважнейшых прычын расфармавання апошняга гудскага вайсковага аддзелу была пастанова ад 15 сакавіка 1923-га на канферэнцыі амбасадараў Антанты – ёю зацвярджалася ўсходняя мяжа Польшчы. Гэта значыла, што хутка павярнуць Вільню і Віленскі край магчымасцяў няма, таму Літва больш не была зацікаўленая далей падтрымліваць гудаў у змаганні з Польшчай. Зразумела, разам з гэтым скончылася і вайсковая іх дзейнасць у Літве”.

Дадамо, што ў тым жа 1923-м літоўскія ўлады скасавалі і Міністэрства беларускіх спраў. Што да гудскіх вайсковых аддзелаў, дык пасля таго, як польскае войска апанавала Гародню і Вільню, фармаваць іх не было ўжо асабліва з каго: калі ў 1919-м гудскіх аддзелаў у літоўскім войску было 14%, дык з 1920-га гэтая доля на максімуме не перавышала 2-х працэнтаў.

Толькі якія тры-чатыры месяцы, ад снежня 1918-га да сакавіка (красавіка), 1919-га Гародня была “гудска-літоўскай” і знаходзілася пад аховай паўнавартай нашай вайсковай адзінкі – гудскага аддзелу ў складзе літоўскага войска. Пазней ужо адступалі і адбараняліся. У тым, што гісторыя “гудскіх аддзелаў” – у якіх магла гартавацца паўнавартая гудская вайскоўшчына – аказалася такой кароткай, вінаватыя, безумоўна, палякі. Яны і сцягі апаганьвалі.

20210403_surg_3.jpg

Памятайма

1 снежня 1918-га – гэтую дату, калі быў сфармаваны Першы белагудскі пешы полк, трэба ведаць, памятаць і шанаваць.

Ёсць і свае героі, што палеглі ў змаганні. У баях 1919-1920-х усяго палегла 19 гудаў. У іх ліку – Юры Пліска і Міхал Вайцяхоўскі, што загінулі 28 жніўня 1919-га. Яны нават згадваюцца ў тэксце “Маршу Беларускай асобнай Літоўскага войска” (напісаны 30 сакавіка 1920-га):

“Юры Пліска, Вайцяхоўскі і шмат сяброў з імі
Палі смерцю ў барацьбе з ворагамі злымі,
Будзем помніць іх прыклад, данны ў дзеле святым,
Будзем біцца, пакуль жывы, з маскалём праклятым.”

Тады, 28 жніўня, з чырвонаармейцамі білася 1-я белагудская рота на чале з Аляксандрам Ружанцовым. Толькі за адзін той бой Ордэнам Пагоні (Віціса) узнагародзілі 15 гудскіх вайскоўцаў. Пліску – апісвае Сургайліс – чырвонаармейцы знайшлі на полі бою параненым, ператрэслі кішэні і кінулі проста ў яго, ляжачага, ручную гранату. Яго разарвала.

У вайсковай “Часопісі” за 1919-ы год, № 1, пра ахвяраў таго бою паведамляецца так:

20210403_surg_7.jpg

Г.Л., М.М., svajksta.by

Tweet

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

Сёння дзень памяці Вітаўта Мартыненкі

Пяць гадоў таму, 17 красавіка 2016 года, пайшоў з жыцця беларускі музыказнаўца і публіцыст Вітаўт Мартыненка. Успаміны...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Нашчадкі кайзераўскага жаўнера перадалі ў Беларусь кнігазбор Храптовічаў

Нашчадкі кайзераўскага вайскоўца, які падчас Першай сусветнай вайны ўратаваў колькі рарытэтаў з бібліятэкі Храптовічаў...

valiancina_shauchenka
Тэатр

Спэктакль, які стварае нацыю. Што агульнага ў ірляндцаў з маленькай выспы і беларусаў?

Вельмі важна адчуваць, пра што трэба ставіць менавіта сёньня, калі многіх апанавалі прыкрыя пачуцьці расчараваньня, смутку,...

valiancina_shauchenka
Грамадства

«А1гарод» на вышыні: на даху галаўнога офіса А1 высадзілі гародніну, ягады і зеляніну

16 красавіка на даху галаўнога офіса А1 на вуліцы Інтэрнацыянальнай, 36 у самым цэнтры Мінска адкрылі агарод. Праектам...

Апошнія навіны

    Грамадства
    Сёння дзень памяці Вітаўта Мартыненкі
    Грамадства
    Нашчадкі кайзераўскага жаўнера перадалі ў Беларусь кнігазбор Храптовічаў
    Тэатр
    Спэктакль, які стварае нацыю. Што агульнага ў ірляндцаў з маленькай выспы і беларусаў?
    Грамадства
    «А1гарод» на вышыні: на даху галаўнога офіса А1 высадзілі гародніну, ягады і зеляніну
    Грамадства
    Рэперу Ціме Беларускіх далі 2 гады «хатняй хіміі» за наркотыкі
    Музыка
    «У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй»: перанеслі канцэрт «Петли Пристрастия»
    Літаратура
    Arche ладзіць велікодны распродаж: 40 выданняў, зніжкі да 70%
    Краіна
    Ашмяны: горад з пакручастай гісторыяй
    Грамадства Замежжа
    Польскія літаратуразнаўцы патрабуюць вызвалення Аляксандра Фядуты
    Музыка
    «Трэба гасіць далей»: вялікая гутарка з лідэрам гурта «Дай Дарогу» на канале «Жизнь-Малина»
    Мастацтва
    Прэзентацыя альбома «Напалеон Орда»: беларускія мясціны ў гравюрах мастака
    Грамадства
    Сёння пачынаецца суд над Цімам Беларускіх. Яму пагражае да пяці гадоў зняволення
    Гісторыя
    Рэвалюцыя, якую зрабіла песня
    Грамадскі сектар
    Цэнтр новых ідэй запрашае на Belarus Urban Fellowship-2021
    Мастацтва
    Язэп Драздовіч — першы беларускі касманаўт. У музеі Азгура адкрылі мак’юментары выставу

Афіша

  • 15.04

    Анлайн-канцэрт Піта Паўлава

  • 17.04 20:00Акустыка : Live / Алег Хаменка / «Актуальны сонцаварот»
  • 23.04 17:00Лекция «Современная трактовка авторского права»
  • 27.04 20:00Спектакль “Х-Традиция” пластического театра “ИнЖест”
  • 01.05 11:00Кельтаў не напалохаць: фестывальны сезон адкрывае свята “Бельтайн”
  • 05.05 19:00Сплин сыграет самый тёплый концерт для минчан
  • 06.05 20:00Народны альбом
  • 21.08 12:00Top Fest 2021

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Віктар Марціновіч: Чым суцяшаюцца песімісты
    • Івонцы Сурвілле 85 гадоў!
    • Як Ларыса Геніюш схавала архівы БНР і перахітрыла КДБ
    • «Словы мацней»: мастачка Наталля Жукава чытае верш Уладзіслава Галубка
    • У Беларусі пачалася масавая вакцынацыя ад каранавіруса. Чым прышчапіцца? Каму можна, а каму нельга? Адказвае доктар Салавей

Ахова спадчыны

  • Смуткуем…
  • Сумесныя кансервацыйныя працы
  • Новыя перспектывы супрацы
  • Другое жыццё твора мастацтва
  • Праблема Жыровічскага манастыра вырашана
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM