• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Маё права
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Фотарэпартаж
  • Афіша
  • "Будзьма!" прапаноўвае
25.01.2021 | Мастацтва

Леанід Шчамялёў ― летапісец эпохі, пясняр прыгажосці

Не стала Леаніда Дзмітрыевіча Шчамялёва, легенды нацыяльнага мастацтва, як называлі яго ў Саюзе мастакоў. Народны мастак Беларусі (1983), заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1973), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1982), лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва (2010), Леанід Шчамялёў быў узнагароджаны ордэнамі «Айчыннай вайны» I і II ступені і меў шэраг іншых медалёў і знакаў. Вядома, што перад смерцю мастак цяжка хварэў. Пахавалі яго на Усходніх могілках Мінска, узгадвае ЛіМ.


Леанід Шчамялёў, 2003 год. Фота Кастуся Дробава
Леанід Шчамялёў, 2003 год. Фота Кастуся Дробава

«Трагічныя рэчы ўсведамляць няпроста...»

Будучы народны мастак Беларусі нарадзіўся 5 лютага 1923 года ў Віцебску. У далёкія 1930-я гады ён паспеў паказаць свае першыя малюнкі Юдэлю Пэну і атрымаць яго благаславенне займацца мастацтвам. Але працягнуць справу перашкодзіла Вялікая Айчынная вайна.

18 гадоў — Леанід Шчамялёў быў мабілізаваны ў войска менавіта ў гэтым узросце. Прайшоў усю вайну ад першага да апошняга дня, удзельнічаў у баях за вызваленне Беларусі. У кастрычніку 1943 года быў цяжка паранены ў баі пад Мазыром. Перамогу сустрэў у казачым корпусе на поўдні Украіны. Бацька Леаніда Дзмітрыевіча з вайны не вярнуўся, прапаў без вестак.

— Тое, што я бачыў у баі, у кіно не паказваюць. Трагічныя рэчы ўсведамляць няпроста. Сёння любяць здымаць так, каб шмат крыкаў, шуму, спецэфектаў. Але на нармальнага чалавека ўсё гэта не дзейнічае. Мне бліжэй тыя фільмы, дзе больш праўды. Вось «Ляцяць жураўлі». Сама абстаноўка рэальная і нагадвае тое, што было. Там вайна паказана праз жанчын. Як яны жылі ў тыле, што адчувалі, — успамінаў мастак.

Леанід Шчамялёў ніколі не выхваляўся сваімі ваеннымі ўзнагародамі. Для яго гэта была тонкая сакральная рэч, мабыць, не сціх боль, таму не хацелася адкрыта казаць пра гэта.

Адказваючы на шматлікія пытанні пра тэму вайны ў творчасці, ён заўважаў, што батальныя сцэны яго заўсёды мала цікавілі. Майстру былі важныя псіхалагічныя сюжэты пра тое, што здараецца з чалавекам на вайне, калі, рызыкуючы жыццём, ён ідзе абараняць Радзіму, пераадольваючы страх, боль, жах, пакуты, смерць. У яго карцінах — адмаўленне вайны як такой.

Шлях да ўнутранай свабоды

«Маё нараджэнне», 1967 г.
«Маё нараджэнне», 1967 г. 

У 1952 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, а ў 1959-м — Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Леанід Шчамялёў — вучань народнага мастака Віталя Цвіркі. Вучоба ў яго дала мастаку шмат карыснага ў плане аднаўлення беларускасці ў светаўяўленні і творчасці, асабліва ў галіне колеравай пластыкі, адчування беларускага колеравага ландшафту ва ўсіх яго пластычных пералівах і выяўленнях. Віталь Канстанцінавіч перадаваў студэнтам тое, што і самому было вельмі дорага. Ён вывозіў іх на пленэры, якія працягваліся два і больш месяцаў. Малюючы, студэнты і самі паспявалі ўлюбіцца ў гарадзенскія, браслаўскія, нарачанскія, ракаўскія краявіды... Леанід Шчамялёў лічыў, што ў нашым мастацтве гэта была фігура буйная, неардынарная, і тое, што ён зрабіў для беларускай выяўленчай культуры, да канца яшчэ не ацэнена.

Работы Шчамялёва прыцягваюць увагу не ў апошнюю чаргу тым, што ён заўсёды адлюстроўваў асабісты погляд на сітуацыю, не адыходзіў ад уласнага меркавання. Быў перыяд, калі творцу крытыкавалі за фармалізм. Але мастак прытрымліваўся думкі, што твор павінен несці пазітыў і дабрыню. Калі глядач усё гэта адчуе, значыць, мэта дасягнута.

Знакавай у гэтым плане стала гісторыя з дыпломнай работай пад назвай «Вяселле» памерам 120×415 см. У гэтую карціну мастак уклаў тагачасны асабісты погляд і стаўленне да жыццёвых з’яў і людзей, а пасля і расчараванні. Калі карціну выставілі на дыпломным праглядзе, то частка выкладчыкаў яе катэгарычна не прыняла, хоць спачатку твор быў ухвалены камісіяй, выкладчыкамі і сябрамі, спецыялістамі з Масквы.

Тады аўтару палатна дасталася за буянства колераў, за памер, за адступленне ад той кампазіцыі, якой вучылі ў інстытуце, за ідэалогію (маўляў, гэта не камуністычнае «вяселле»). Паставілі заніжаную адзнаку, але работу залічылі. Праз некалькі гадоў Леанід Шчамялёў выпадкова знайшоў яе ў гаспадарчым памяшканні ТЮГа.

Мастацкі эпатаж, выяўленне асабістага «я» па прынцыпе: «Я так хачу, я так бачу!» — гэта замала для агульнай культуры, лічыў Леанід Шчамялёў. Пясняр прыгажосці, ён скептычна ставіўся да аднадзённых эксперыментаў і аматараў здзівіць любым спосабам. Майстар праслаўляў Беларусь, ствараючы ўзнёслыя, паэтычныя вобразы роднай зямлі і яе жыхароў, захапляўся краявідамі роднай краіны (адсюль панаванне блакітнага колеру ў работах). Галоўныя тэмы яго палотнаў — подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, чалавек-працаўнік, хараство роднай зямлі. Драматычныя падзеі вайны паўплывалі на яго творчасць, вызначылі стылявыя характарыстыкі і сэнсавую напоўненасць жывапісу.

Сам Леанід Дзмітрыевіч лічыў сябе мастаком свайго часу, гісторыкам, крытыкам і назіральнікам адначасова. Унутраная свабода была для яго найгалоўнейшай каштоўнасцю.

Тое, што называецца стылем

«Мароз і сонца», 1999 г.
«Мароз і сонца», 1999 г.

Як адзначаюць мастацтвазнаўцы, творы майстра вылучаюцца свабоднай манерай, выкарыстаннем святлоценявых дынамічных эфектаў, адсутнасцю дэталізацыі, экспрэсіўнасцю, а партрэты — псіхалагічнай глыбінёй і шчодрасцю характарыстык. Асаблівай работай і для мастака, і для публікі стала палатно «Маё нараджэнне». Там закладзена ўсё, што прафесіяналы потым назвалі стылем, манерай Леаніда Шчамялёва, тое, чым аўтар адрозніваўся ад папярэднікаў і сучаснікаў. Карціна даволі незвычайная і ў нечым гіпербалізаваная, хвалюючая, суровая і бязлітасная.

Задума гэтай работы ўзнікла ў творцы адразу ж пасля заканчэння інстытута. Яна доўга сядзела ў галаве, вонкі не выходзіла — тады ў Леаніда Шчамялёва не хапала ўмення рэалізаваць ідэю ў яе вобразна-пластычнай і канструктыўнай значнасці. Так, час ішоў, мяняліся погляды на жыццё. Вядома, што мастак да выніку ідзе няспешна. І ён ішоў павольна.

— Увогуле кажучы, мне заўсёды падабалася не проста маляваць, а кампанаваць нешта ад сябе, — успамінаў Леанід Шчамялёў. — Працэс гэты займальны, як стварэнне верша. Паэт, калі піша верш, не думае пра тое, будзе ён надрукаваны ці не. Так і мастак. Дык вось, першы, чарнавы, накід будучага твора я зрабіў у пачатку 60-х. Дзеянне — нараджэнне дзіцяці — адбывалася ў горадзе. Потым зрабіў «кадр» буйным планам — без гарадскога антуражу, але сярод артылерыстаў. Усё было не тое. І аднойчы я сабе ўявіў, што нараджэнне чалавека магло адбыцца і на полі вайны, дзе маглі знаходзіцца і партызаны, і ўчарашнія кадравыя афіцэры, і простыя вясковыя мужыкі, што пакінулі свае дамы, каб са зброяй у руках змагацца з ворагам, і іх жанчыны, і дзеці. І ў 1965 годзе спыніўся на гэтым эскізе. Белы снег, цёмныя плямы людзей на белым фоне — холад, нягода, няшчасце. І раптам у гэтым неймаверным хаосе вайны, калі перамога яшчэ далёка, нараджаецца чалавек. Чалавек, які прыйдзе на змену пераможцам, што далі яму магчымасць жыць у новым, неазмрочаным, свеце. Гэта нараджэнне Асобы...

На 98-м кроку...

«Дажджлівы дзень у Мінску», 2001 г.
«Дажджлівы дзень у Мінску», 2001 г.

Штодзённая работа ў майстэрні была сэнсам яго жыцця. Жонка Святлана, з якой пражыў больш за пяцьдзясят гадоў, падтрымлівала мастака ва ўсім. Яна вызваліла яго ад абавязкаў па гаспадарцы, ад паходаў па крамах. Нават фарбы купляла сама і ніколі пры гэтым не памылялася.

Родныя Леаніда Дзмітрыевіча адзначалі, што ён мог панастальгіраваць. Легендарнай з’яўлялася яго знакамітая майстэрня насупраць ГУМа: яе дзверы заўсёды былі адчынены, туды завітвалі людзі, якіх сёння называюць гісторыяй беларускай культуры: Аляксандр Кішчанка, Альгерд Малішэўскі, Юрый Марухін... Жыццё не скупілася на сяброў. Сярод іх быў і Барыс Крэпак, у размове з якім Леанід Шчамялёў згадваў свае прыхільнасці ў літаратуры і музыцы. Ён любіў чытаць «Новую зямлю» Якуба Коласа, творы Уладзіміра Караткевіча і Сяргея Ясеніна, слухаў кампазіцыі Пятра Чайкоўскага і Уладзіміра Мулявіна. Але найбольш прывабным для сябе літаратурным героем лічыў Марціна Ідэна. Зараз толькі тыя, хто блізка ведаў майстра, могуць сказаць, ці шмат падобнага было ў персанажа Джэка Лондана і ў абліччы народнага мастака. Дакладна адно: ён дасягнуў усяго, чаго жадаў (магчыма, акрамя аднаго — смуткаваў, што татуіроўкі цяжка зводзяцца). Напрыканцы жыцця часта казаў, што пражыў як хацеў.

За больш як 70 гадоў творчасці майстар стварыў вельмі шмат. Творы Леаніда Шчамялёва вядомы за мяжой, іх набывалі буйныя галерэі і музеі. Яго карціны знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Траццякоўскай галерэі ў Маскве, ва ўсіх абласных краязнаўчых музеях Беларусі... Амаль два дзесяцігоддзі таму, у 2003 годзе, у Мінску была заснавана дзяржаўная Гарадская галерэя твораў Л. Шчамялёва. У яе аснове — больш за 60 работ, якія мастак падарыў сталіцы. Але ўсё гэта, магчыма, толькі зыходны пункт на доўгім шляху асэнсавання творчасці народнага мастака.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

ЛіМ

Tweet

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

«Мяне судзяць за танец». Рок-музыкант, якога судзяць за тое, што зьняў штаны, абвясьціў сухую галадоўку

Справу прадстаўніка горадзенскага андэграўнду Ігара Банцэра пачалі разглядаць у судзе Ленінскага раёну Горадні 3 сакавіка....

valiancina_shauchenka
Тэатр

Паліграф Сабачын: Васхіціцельны спектакль

Ад рэдакцыі. Раніцай да нас прыйшоў чалавек у аранжавай робе, з характэрным сіняватым колерам твару і, блішчучы залатым...

valiancina_shauchenka
Замежжа

Аўстралійская авіякампанія Qantas запусціла рэйсы ў невядомым кірунку. Даведацца пункт прызначэння можна толькі пры пасадцы

«Загадкавыя рэйсы» павінны стымуляваць унутраны турызм — у Аўстраліі забароненыя выезды за мяжу. Аўстралійская...

valiancina_shauchenka
Гісторыя

Як масоны змагаліся за Беларусь

Гісторыя тайных таварыстваў і сакрэтных арганізацыяў налічвае шмат стагоддзяў. Адным з найбольш знаных падобных...

Апошнія навіны

    Грамадства
    «Мяне судзяць за танец». Рок-музыкант, якога судзяць за тое, што зьняў штаны, абвясьціў сухую галадоўку
    Тэатр
    Паліграф Сабачын: Васхіціцельны спектакль
    Замежжа
    Аўстралійская авіякампанія Qantas запусціла рэйсы ў невядомым кірунку. Даведацца пункт прызначэння можна толькі пры пасадцы
    Гісторыя
    Як масоны змагаліся за Беларусь
    Гісторыя
    Казімір Лышчынскі: філосаф, якога пакаралі за «неіснаванне бога»
    Грамадства
    «Усё што цяпер адбываецца у беларускім грамадстве ўяўляецца мне як фаза парадаксальнага сну соцыума»: Зміцер Вайноўскі пра фатаграфію, пратэсты і тое, што будзе далей
    Грамадства
    У Viber з'явілася функцыя, якая павінна абараніць беларусаў ад званкоў махляроў
    Адукацыя
    Тартускі ўнівэрсытэт абвясьціў конкурс на стыпэндыі для беларускіх студэнтаў
    Грамадства
    Беларусы свету пратэстуюць супраць выкарыстання Беларускага таварыства чырвонага крыжа ў палітычных мэтах
    Грамадства Гісторыя
    «Ня наш гарадавы» — першае «міністэрства ўнутраных спраў» зьявілася ў беларусаў у ХVIII стагодзьдзі
    Гісторыя
    Фотафакт. У Беларусі будавалі дубовыя дарогі
    Грамадства Літаратура
    Затрымалі пісьменьніка Міхася Зізюка
    Тэатр
    «Асцярожна, тут могуць быць бчбэшнікі». Як у Купалаўскім прайшоў першы спектакль пасля прэзідэнцкіх выбараў
    Грамадства
    «За паўтара месяца мая душэўная стараннасць сышла ў мінус». Пісьменніца з Мінску прадала кватэру і купіла сінагогу
    Мастацтва
    «Складаю навіны ў крыжыкі». Мастачка сабрала пратэсты ў «Гісторыю беларускай выжыванкі»

Афіша

  • 04.03 20:00Кірыл Кедук і Міхаіл Радунскі: анлайн-канцэрт класічнай музыкі
  • 06.03 11:00Майстэрня Форум-тэатра
  • 08.03 20:00Зміцер Вайцюшкевіч запрашае сустрэць вясну разам!
  • 06.05 20:00Народны альбом

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Найстаражытнейшы горад Панямоння. Вандруем у Слонім!
    • «Топи» vs «Сфагнум»: вельмі падобна, але...
    • «Амаральнасць ва ўсёй красе!» У Гомелі абласны суд прызнаў законным звальненне знакамітага гісторыка БелДУТ
    • У Беларусі рыхтуецца да запуску праект «Мова прафесіі», які дапаможа камунікаваць па-беларуску
    • Як ня падаць духам у чаканьні пераменаў? Парады дысыдэнта Міхася Кукабакі, які правёў у лягерах 17 гадоў

Ахова спадчыны

  • Смуткуем…
  • Сумесныя кансервацыйныя працы
  • Новыя перспектывы супрацы
  • Другое жыццё твора мастацтва
  • Праблема Жыровічскага манастыра вырашана
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM