Учора, 7 жніўня, у адным з рымскіх паркаў быў забіты стрэлам у галаву Фабрыцыа Піскітэллі, лідар фанацкай групоўкі Irriducibili. Але ж гэтае забойства, хутчэй за ўсё, ніяк не звязана з любоўю да футболу.
Фабрыцыа Піскітэллі
Піскітэллі, вядомы таксама пад мянушкай “Diabolik”, прыйшоў у парк Акведукаў, дзе ў яго была прызначана сустрэча. Кіллер, замаскіраваны пад бегуна, падыйшоў са спіны і стрэліў у галаву з блізкай адлегласці. Шанцаў выжыць у ахвяры не было.
Паліцыя мяркуе, што гібель лідара фанатаў Lazio можа быць звязана з гандлем наркотыкамі, паколькі Піскітэллі ўжо меў праблемы з законам акурат праз гэта. У сеціве можна адшукаць інфармацыю пра тое, што менавіта ён займаўся кантролем наркатрафіку паміж Італіяй і Іспаніяй, а праваахоўнікі лічылі яго ледзь не наркабаронам. У 2016 годзе паліцыяй у яго было канфіскавана 2 мільёны еўра.
Irriducibili – групоўка фанатаў футбольнага клуба “Lazio”, якая была заснаваная ў 1987 годзе. Вядомыя найперш сваімі скандальнымі выхадкамі на стадыёнах. Каля 30 гадоў яе ўдзельнікі нязменна кіруюць Паўночнай трыбунай, дзе збіраюцца лацыяле. Фабрыцыа Піскітэллі, як і іншыя ўдзельнікі групоўкі, ніколі не хаваў сваіх скрайнеправых поглядаў. Некалькі гадоў таму была распаўсюджаная заява, падпісаная ў тым ліку і ім, якая забараняла знаходзіцца жанчынам у першых дзесяці шэрагах на трыбуне.
Я.І.