Мінскі кінафестываль «Лістапад», які павінен быў прайсці з 6 па 13 лістапада, адменены. Аб гэтым паведамляецца ў Telegram-канале Міністэрства культуры, якое з’яўляецца заснавальнікам фестывалю.
У паведамленні сказана, што рашэнне аб адмене ў 2020 годзе ўсіх мерапрыемстваў у рамках «Лістапада» прынята ў сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй у Беларусі.
Сродкі за набытыя квіткі на фільмы будуць вернутыя. Аб механізме вяртання паведамяць крыху пазней.
«Лістапад» павінен быў пачацца ўжо заўтра, 6 лістапада, паказы былі запланаваныя цягам тыдня — да 13 лістапада. Напярэдадні стала вядома, што яго планавалі праводзіць без урачыстай цырымоніі адкрыцця і закрыцця, перадае TUT.BY.
Фестываль акрэдытаваны Міжнароднай федэрацыяй асацыяцый кінапрадзюсараў (FIAPF) як конкурсны фестываль фільмаў, створаных у краінах былога сацыялістычнага лагера: краінах СНД, Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Азіі, краінах Балтыі, Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, на Кубе. Арганізатар «Лістапада » — Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн». Заснавальнікі ММКФ-Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.