Сваю стыпендыю я аддаў у той жа дзень. Цалкам. Да апошняй савецкай капейчыны. Без сумневаў ды шкадаванняў. Ляцеў на стрэлку як на крылах: у першым БДУшным інтэрнаце мяне чакаў выдатны набытак – крэйзанутая чацвёрка ў каляровых мундзірчыках. Наўпрост з Грэйт Брытн. Фіялетавы Рынга. Салатавы Джон. Блакітны Пол. Чырвоны Джордж. Музычная банда імя сяржанта Пэпера. Важкі вініл у празрыстым пакунку. Можна было асцярожна надрэзаць ягоны край – каб не пашкодзіць плытку. Наблізіць твар. І захлынуцца кантрабанднай ліверпульскай свабодай. Яна мая. Яна ўжо тут. І пайшлі вы ўсе лесам са сваім Афганам, Цэнтральным камітэтам і марксісцка-ленінскай, даруй божа, філасофіяй! Бітлоўскаму “Клубу самотных сэрцаў сяржанта Пэпера” сёлета 50 гадоў.
Мінулае заўсёды выглядае легендарна. Бо памяць звычайна хлусіць і падсоўвае табе не праўдзівае, а эфектнае. Не глыбокае, а яскравае. Фанцікі падсвядомага, якія, аднак, маюць сваю праўду. Бо час размаўляе з намі не будысцкімі трактатамі ды каманднымі дырэктывамі, а бельгійскай жуйкай, польскімі джынсамі, яблычным марозівам і рок-н-рольным радыё. Побытавым смеццем, якое насамрэч і ёсць жыццём. Малой радзімай нашых джынсавых сэрцаў. Там на пачэсным месцы ззяў патлаты здымак акулярніка Ленана, на начной вуліцы Маркса спявалі “The House Of The Rising Sun”, ля цэнтральнага паштамта тусавалі хіпаны. І выхад у іншае вымярэнне каштаваў тры рублі – каб скінуць чарговы вінілавы свежачок на тваю магнітную стужку.
Зімовым ранкам 1972-га прыходжу да аднакласніка. “Што робіш?” – “Ялінку упрыгожваю…” Сапраўды, пасярод пакоя невялічкая ялінка. Вакол раскіданыя шкляныя цацкі. А з магнітафона бітлы спяваюць пра Люсі. Тую, што ў нябёсах з дыяментамі. Шчоўк! І праляцеў анёл. І склаўся пазл. І прыйшло ціхае прасвятленне. Нармальныя вайбы тады заўсёды былі побач. Дзякуй Міку і Кейту. Дзякуй Джымі і Джэніс. І, натуральна, Джону з Полам.
“Сяржант” – не найлепшае з бітлоўскай спадчыны. Ён не такі хітовы, як “Abbey Road”, менш радыкальны за “White Album”, саступае па энергетыцы папярэдняму “Рэвальверу”, у канцы губляе тэмп і пачынае кульгаць – каб праз пару фатальных кавалкаў кшталту “Lovely Rita” і “Good morning” прыйсці да гранд-фіналу “A Day In The Life”. Заўважна, як цягне на сябе коўдру Макартні і шызуе Ленан. Бачна, як разлятаецца на кавалкі агульная бітлоўская казачка – і робіць выгляд, што яна проста пашырае палітру.
Тым не менш свята адбылося. Бо “Сяржант” большы за чарговы музычны альбом чарговай патлатай суполкі (акей, чарговы альбом славутай патлатай суполкі). Гэта спроба перамены лёсу.
Калі імя мяняе старажытны кітайскі мастак (каб абнуліцца і пачаць нанова) – гэта нармальна. Калі тое самае робіць самы раскручаны бэнд у свеце – гэта камерцыйны нонсэнс і разбурэнне матрыцы. Твой улюбёны хот-дог раптам кажа, што на смак будзе як сам захоча, і просіць далей зваць яго рызота.
Ясная справа, яны эксперыментавалі і раней: выраблялі барабанныя лупы і пускалі гітаркі ў зваротны бок, спявалі са струнным квартэтам, засвойвалі сітар і таблы. Аднак менавіта на “Сяржанце” канцэнтрацыя нязгоды з ранейшай роллю “салодкіх хлапчукоў з нашага бойз-бэнду” набыла сістэмную моц і пазначыла пункт незвароту. Мы іншы гурт. Мы самі вырашаем, як нам быць. І далей будзем жыць адхіленнямі.
На хаатычна-мазаічнай вокладцы “Пэпера” – энергетыка зрухаў. Бітлы хаваюць бітлоў. Развітацца сабралася пярэстая хеўра прарокаў, авантурыстаў, поп-зорак і вычварэнцаў: Эдгар По і Мэрылін, Маркс побач з блазнам Хардзі, Дылан і Ўайлд, Леніна не запрасілі, Элвіс недзе згубіўся, прапанову Ленана далучыць Гітлера і Махатму Гандзі зарубілі большасцю галасоў. Закідалі кветкамі мінулае. А зараз трымайце новую музыку ад новага бэнду: “It was twenty years ago today, Sergeant Pepper taught the band to play…” Сяржант Пэпер вучыць збівацца з тэмпу і спяваць не ў лад. Не ў ваш улюбёны лад. Кайф тут як раз ў адхіленнях. Самы фантастычны і казачна-трывожны з трэкаў альбома “Being For The Benefit Of Mister Kite” змястоўна амаль нулявы: Джон натхніўся тэкстам старога цыркавога плаката і дакладна яго пераказаў. Але варта пачуць аднойчы гэты змрочны гук чорнага кірмашу з ягонай д’ябальскай фісгармоніяй, стрымана-нервовым вакалам, манатонным драмінгам і нечаканымі сыходамі з шафлу ў вальсік і наадварот, каб захапіцца і закахацца. Яно прыходзіць з ніадкуль. Яно заўсёды прыходзіць з ніадкуль.
“Бітлы” тады, у 1967-м, аказаліся самымі эфектыўнымі сярод папсовых змагароў і дэкаратыўных хуліганаў. Таму што іншыя – як непасрэдныя канкурэнты Rolling Stones з іх вулічным сэксапілам ці, скажам, гатычна-змрочныя дэбютанты Velvet Underground з міксам дэвіянтнага эратызму і канцэптуальнага перформансу – збольшага жылі па сваіх хатках. А гэтыя ляцелі як гончы сабака на алімпійскім стадыёне: бар’ер! Яшчэ бар’ер! І яшчэ! Рок. Попс. Камерная п’еса. Індыйская рага. Вадэвіль. Псіхадэл. Зноў рок. І напрыканцы – усё разам! Грувасткім фінальным акордам.
З аднаго боку – так, крэатыўны шал. Але з іншага – дакладнае разуменне межаў дазволенага. Смела. Энергічна. Разнастайна. Але ж не балюча. Не дысанансна. Не рызыкоўна.
“Пэпер” – як пачак з каляровымі алоўкамі для малога ў белым пакоі. Прывід вайны культур з ласкавым пераходам у хатні дызайн. Чубатыя хлапцы ў мундзірах не перакроілі сусвет. Яны проста расфарбавалі яго як маглі.
Максім Жбанкоў