Жонка сябры прэзідыума Каардынацыйнай Рады Максіма Знака, які амаль паўгода знаходзіцца пад вартай, распавяла «Белсату» аб тым, як ён бавіць час у СІЗА, перадае Новы Час.
— Максім наагул герой: добра трымаецца і не дае сабе адпачыць. У яго вельмі шмат справаў: адказвае на лісты, піша вершы і песні, піша апавяданні — іх ужо больш за семдзесят, піша раман — гатовыя ўжо два тамы. Мы смяёмся, што гэта ў яго творчы адпачынак, праўда, крыху зацягнуўся, — кажа Надзея Знак.
Яна дадае: астатні час Максім чытае і «перавыхоўвае тых, хто побач».
— У яго была мэта, каб два чалавекі ў камеры кінулі паліць. І, ведаеце, удалося. Праўда, потым склад людзей змяніўся, але і новыя суседзі паляць усё менш. Ён прыдумляе гульні і спартовыя спаборніцтвы. Калі выходзяць на вуліцу, гуляюць у нешта накшталт «Брэйн-рынгу» і «Што? Дзе? Калі?». Усякае бывае, вядома, але большую частку Максім на пазітыве.
Максім Знак быў затрыманы 9 верасня. Ён прызнаны палітвязнем і вязнем сумлення.