
У Менску 20 сакавіка падрыхтавалі да ўсталяваньня мэмарыяльную дошку ў гонар абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі – перадае Радыё Свабода.
Дошку маюць адкрыць 23 сакавіка а 13-й гадзіне — яна будзе на доме 9 па вуліцы Валадарскага, у якім 25 сакавіка 1918 году была прынятая Трэцяя Ўстаўная Грамата, у якой абвяшчалася незалежнасьць БНР.
Новая шыльда зробленая з бронзы на ўзор папярэдняй, якую скульптар Алесь Шатэрнік адліў з сплаву алюмінію і крэмнію яшчэ ў 1993 годзе. Важыць яна 133 кіляграмы. Грошы на новую шыльду сабралі талакой усяго за тры гадзіны. Надпіс на новай дошцы зроблены афіцыйным правапісам, бо такое было патрабаваньне ўладаў.
Падрыхтаваў абноўлены варыянт шыльды менскі скульптар Ігар Засімовіч.
Арганізатар краўдфандынгу для вырабу памятнай дошкі Глеб Лабадзенка напісаў у сваім фэйсбуку, што пасьля канчатковага разьліку засталося 1130 рублёў. Гэтыя сродкі перададуць на арганізацыю канцэрту «Сьвята Незалежнасьці» 25 сакавіка каля Опэрнага тэатру.