«Сур’ёзнай праблемай, пра якую ўжо кажа ўся прафэсійная супольнасьць, стала выдача гастрольных пасведчаньняў, у тым ліку замежным артыстам»,— заявіў міністар культуры Беларусі Юры Бондар 18 лютага на выніковай калегіі міністэрства – паведамляе Радыё Свабода.
Тэкст дакладу апублікаваны на сайце Міністэрства культуры Беларусі.
На думку міністра, забароны канцэртаў могуць быць інтэрпрэтаваныя як наяўнасьць яўнай цэнзуры і адсутнасьць свабоды творчага самавыяўленьня.
«Існая практыка забаронаў часта нэгатыўна адбіваецца на іміджы дзяржавы і ўладаў», — падкрэсьліў чыноўнік і адзначыў найбольш рэзанансныя забароны канцэртаў папулярных расейскіх рэп-выканаўцаў, а таксама сусьветна вядомага паўднёваафрыканскага гурту Die Antwoord.
Разам з тым, Бондар адзначыў, што творчасьць, якая прапагандуе ўжываньне наркотыкаў, суіцыды, асацыяльны лад жыцьця і г д. не павінна трансьлявацца са сцэны. У астатніх выпадках магчыма ўжыць больш строгі кантроль у дачыненьні да ўзросту наведнікаў канцэртаў.
Таксама міністар прапанаваў зьняць усялякія абмежаваньні для канцэртаў, якія праводзяцца ў адносна невялікіх памяшканьнях (клюбах).
«Відавочна, што такія мерапрыемствы носяць асабліва субкультурны характар і ня могуць нанесьці істотнай шкоды грамадзтву, але іх абмежаваньне або забароны зноў-такі могуць быць інтэрпрэтаваныя ў памылковым ключы», — сказаў Бондар.
Раней сьцьвярджалася, што нямала беларускіх музыкаў былі ў нефармальных «чорных сьпісах»: забараняліся і зрываліся канцэрты Лявона Вольскага, Зьмітра Вайцюшкевіча, гурту Dzieciuki і іншых.
Часам называліся сумнеўныя прычыны, як то «ўцечка этыленгліколю» або «нізкі прафэсійны ўзровень»; часам проста не давалі гастрольнае пасьведчаньне, а часам не давалі праводзіць канцэрты нават з «гастролькай». Празь «нізкі мастацкі ўзровень» сёлета забаранілі канцэрт паўднёваафрыканскага гурту Die Antwoord. Музычны крытык Аляксандар Чарнуха публікаваў на Onliner.by падрабязны разбор прынцыпаў і мэтадаў забаронаў канцэртаў у Беларусі.