“А павіншуйце Мінск са святам!”. Дзяўчынка з “Белсата” чуе ў адказ мой цынічны смех і безнадзейна дадае: “Вось і большасць іншых таксама адмаўляецца…” Што адбылося з намі і з горадам? Чаму так цяжка паразумецца і яшчэ цяжэй – палюбіць? Добрае пытанне для (як бы) цэнтравога (як бы) хлопчыка з 58-гадавой мінскай прапіскай. Добрае, бо юбілей – файная нагода для канчатковага разліку са сталіцай, якую ніяк не выпадае лічыць сваёй. І тут размова не пра асабістыя сантыменты і не пра гарадскі ландшафт. А пра слабую сумяшчальнасць першага з другім. Нармальны стан свядомага мінчука – актыўная нязгода з наяўным. Урбаністычная партызанка з разуменнем безумоўнай перавагі супраціўніка і надзеяй на ўдалыя дыверсіі на асобных кавалках фронту.
Як казаў той руды набеліст, “мы, оглядываясь, видим лишь руины”. Родны горад – як бацькоў – не абіраюць. Ён дазваляе табе адбыцца, вылучае стартавую пляцоўку. Пазначае першасныя маршруты і ўлюбёныя кропкі, эмацыйныя прытулкі і малюнак асабістага вулічнага драйву.
Праз вуліцу – паштамт, дзе на ганку тусавалі патлатыя хіпаны. Далей – гатэль “Мінск”. Адтуль бацька цягаў нам, малым, абеды ў рондалях, пакуль маці пісала кандыдацкую. За ім – найлепшая ў горадзе музычная крама “Мелодыя”, дзе я ў 1971-м з трэцяй ці чацвёртай спробы набыў дэбютную плытку “Песняроў”. Далей – пераход да кіно “Цэнтральны”. На якім я аднойчы сутыкнуўся з Мулявіным у ружовай кашулі, а потым, узімку, з Чэславам Нэменам у гуральскім кажушку. А потым – цэнтральны кніжны з мяккімі фатэлямі, дзе я завісаў з кніжкай, калі бацькі сварыліся. А яшчэ – Палац спорту, дзе аджыгалі “Чэрвонэ гітары” і “Небеско-чарні”. Драўляная кіношка “Летні” ў парку Горкага. Пляц Якуба Коласа з гіганцкім класікам – і, як тады жартавалі, самым вялікім ботам у краіне. І пляц Калініна з помнікам “всесоюзному старосте” і ідыятычным заклікам на даху “Читайте и выписывайте газеты и журналы”.
Родны – не найлепшы. Не найпрыгажэйшы. Проста ён тваё натуральнае асяроддзе. Якое спачатку падаецца адзіным магчымым. І нават не разумееш, якое яно: зручнае ці катастрафічнае. Горад ёсць якім ёсць. Пакуль яго не пачынаюць кроіць і папраўляць.
Так, я маю праблемы з Мінскам. З новым як бы лепшым Мінскам. Бо наш з ім агульны сюжэт – гэта летапіс стратаў. Гісторыя хваробы.
Як нармальная гісторыя хваробы, яна ёсць пералікам аперацый і ампутацый. З горадам, дзе збольшага прысутнічала пэўная (хай сабе й савецкая) логіка развіцця і сістэмнасць ландшафту і нічога не муляла вока, адбываецца тое, чаго, здаецца, ніхто не замаўляў. Тое, што любіць немагчыма.
Ці бачылі вы аматараў забудовы сучаснай Нямігі? Можа, сустракалі натхнёных “домам Чыжа”? Дзе натоўпы грамадзян з крыкамі “Далоў Асмалоўку!” і плакатамі “Забіце нарэшце Трактарны”? Каму замінаюць бараўлянскія катэджыкі і ціхія дамкі з раёна “Пралетарскай”? Чаму тэрмінова спатрэбілася размяняць шкляны будынак ВДНГ на пляцоўку пад чарговы арабскі/турэцкі/кітайскі гатэль? З кім змагаюцца бульдозеры, пераможна разбураючы сталінскія двухпавярховікі?
Сістэмнага мыслення – нуль. Павагі да спадчыны – нуль. Грамадзянскія ініцыятывы – праблема і перашкода. Старая логіка горадабудаўніцтва сканала. А новая нікога не цікавіць. Бо працуюць не стыль і веды, а непразрыстыя пагадненні і цьмяныя бізнес-планы.
У гэтых схемах горада няма. Ёсць дырэктывы і інвестыцыі. Дырэктывы трэба выконваць, а інвестыцыі – засвойваць. Усё проста. Як кажуць дзядзькі з раённых адміністрацыяў, “у государства тоже есть интересы”.
Вось як патлумачыць гэтым кадрам, што Мінск – гэта не яны, а мы? Што горад – не стос будынкаў, а жывы арганізм, і яго варта будаваць пад чалавека? Што гістарычную памяць варта шанаваць – і яна неабавязкова трапляе пад фармальную шыльду “культура-гістарычнай каштоўнасці”? Пытанні рытарычныя. Адказу няма. Бо сістэма працуе не на нас.
Вось чаму новы Мінск расце як пухліна – жахліва і непажадана. Вось чаму сэрца горада цяпер – гібрыд турэцкага хайтэку з расійскай правінцыяй і шклоўскім азартам. Пластыкавыя боксы з кветачкамі, размаляваныя клумбы, кукурузіны шматпавярховікаў, бронзавыя цёткі з семкамі, губернскія ліхтары і помнік гарадавому. “Чакай, а як жа Кастрычніцкая?” Ага. Вы яшчэ Зыбіцкую ўспомніце.
Тыя, хто руліць нашай агульнай зонай, не будуюць лепшы горад. Яны вырашаюць пытанні. Свае, натуральна, пытанні. Тэхнічныя. Кропкавыя. А нам прапануюць ціха пагадзіцца з тым, як перакручваюць тэрыторыю нашага лёсу. Не хочаш – не глядзі. Не падабаецца – валі ў свой Берлін!
Тры простыя словы: інтэрвенцыя, імітацыя, фэйк. Як пачвару доктара Франкенштайна, 950-гадовага юбіляра цяпер сшываюць з рэшткаў чужых стыляў. І ў чаканні фінансавых плыняў забіваюць тое, што не паспелі забіць немцы і Саветы. Вырабляюць пустэчы пад патэнцыйных інвестараў. І вымушаюць чакаць: а) да каго зазірне чарговы бульдозер, б) якую пачвару там адбудуюць.
Таму віншаваць Мінск не выпадае. Лепш віншаваць мінчукоў. Літаратара з Шабаноў. Рокмэна з Камаровачкі і анархіста з Розачкі. Дзевачак з Галерэі “Ў” і “Вуліцы Бразіл”. Мастака з Асмалоўкі. Паэтку з Заводскага. Рэпера з Партызанскага.
Блазнаў, фланёраў, шаманаў, канцэптуалістаў і прыкалістаў. Насуперак палітычнай шызе, усходняй папсе, каланіяльнай адміністрацыі. І ўсім магчымым і немагчымым юбілеям.
Максім Жбанкоў, budzma.by