• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Маё права
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Фотарэпартаж
  • Афіша
  • "Будзьма!" прапаноўвае
11.12.2018 | Музыка

«Мяне кепска разумелі па-беларуску». Сьпявачка Palina пра ўдзел ва ўкраінскім шоў «Х-фактар»

Паліна Рэспубліка, архіўнае фота

Беларуская сьпявачка Palina, больш вядомая як Паліна Рэспубліка, вярнулася з украінскага музычнага шоў «Х-фактар». Дзяўчына расказала Свабодзе, каго бачыць пераможцам шоў, чаму размаўляла на конкурсе па-расейску і ў каго пасьпела закахацца.

Паліне Паланейчык 24 гады. Сцэнічны псэўданім — Паліна Рэспубліка — сёлета замяніла на больш просты варыянт Palina. Жыве ў Менску, выхоўвае трохгадовага сына Сьцёпу. Скончыла Акадэмію мастацтваў па спэцыяльнасьці «рэжысура тэлевізіі». Працуе над выданьнем свайго другога альбому.

Стрэсавыя ўмовы стваралі штучна

Час «Х-фактару» Паліна называе і жудасным стрэсам, і вялікім шчасьцем:

«Дзіўна зразумець цяпер, што ёсьць іншае жыцьцё. Можна пайсьці купіць мяса, прыйсьці дадому і яго запячы. Нічым, акрамя творчасьці і здымак, мы там не займаліся». Так сьпявачка ўваходзіць у прывычны рытм.

На кастынгу Паліну пазналі судзьдзі. Яна выканала аўтарскую песьню «Pinky»

Амаль месяц дзяўчына жыла ў Кіеве і ўдзельнічала ў папулярным шоў. Узяць удзел у кастынгу яе запрасілі арганізатары. Пасьля трэцяга жывога эфіру 9 сьнежня паводле галасаваньня гледачоў і меркаваньня журы сьпявачка спыніла ўдзел у конкурсе. За гэты час відэа зь яе выступамі сабралі амаль мільён праглядаў на YouTube. Беларуска яшчэ вернецца на шоў, каб выступіць у заключным канцэрце дзявятага сэзону «Х-фактару».

«Я вельмі шчасьлівая, што вярнулася дадому, бо гэта было цяжка і мне, і маёй сям’і», — прызнаецца Паліна.

Паліна разам зь іншымі ўдзельнікамі праекту і настаўнікам Алегам Віньнікам

Стрэсавыя ўмовы, на яе думку, стваралі штучна: доўгімі напружанымі паўзамі падчас абвяшчэньня вынікаў галасаваньня або жартамі судзьдзяў, хто мусіць пакінуць шоў.

«Калі нехта пакідаў праект, было вельмі цяжка. Калі ты ў такіх жорсткіх рамках доўгі час ня бачыш сваю сям’ю, гэтыя людзі замяняюць табе блізкіх. Ты разумееш, што гэта праект, гэта ня страшна, але яно моцна дзейнічае на нэрвовую сыстэму».

Такім момантам стаў для Паліны сыход дуэту Jazzforacat, зь якім яна бавіла ўвесь вольны час, іграла, сьпявала. Яна лічыць, што гэта самыя музычныя ўдзельнікі сэзону.

Гурт Jazzforacat

Паліна прызнаецца, што плянавала дайсьці толькі да трэцяга эфіру, таму не засмуцілася, што выйшла з праекту. Удзельнічала дзеля сваіх патрэб, а не каб некага зьдзівіць або нешта давесьці.

Адзначае, што ніводнага разу не адчула асалоды ад сьпяваньня на конкурсе. З шоў не засталося нумара, якім бы яна ганарылася і які б хацелася пераглядаць у запісе. Але ўдзел у праекце быў далёка ня марным і «застанецца ў ейным сэрцы».

Пачула ад Андрэя Данілкі: «Я цябе вельмі моцна люблю»

Галоўнае, што дзяўчына ўзяла для сябе з «Х-фактару», — разуменьне, навошта і што яна робіць.

​Паліна выконвае песьню Хрысьціны Салавей «Трымай» на ўкраінскай мове

«У мяне была аўдыторыя, шыкоўнае сьвятло, пастаноўка, графіка ўзроўню Эўравізіі. Аднак гэта, па маіх адчуваньнях, і побач не стаяла з самым сярэднім канцэртам, які я адыграла ў сваім жыцьці. Бо гэта іншае, іншыя пачуцьці. Ты разумееш сваю спэцыфіку як чалавека.

Калі цяпер прыйдзе прадусар і скажа: „Вось, Паліна, табе мільён даляраў. Ты будзеш зьбіраць стадыёны“, я адмоўлюся».

​На праекце «Х-фактар» разам з настаўніцай вакалу

Каштоўнымі былі водгукі судзьдзяў.

«Я столькі разоў пачула ад Андрэя Данілкі: „Я цябе вельмі моцна люблю“… Гэта натхняе, дадае веры ў сэнс таго, што робіш, матывацыю рухацца далей».

Сьпявачку ўразіла праца з камандай, якая рыхтуе шоў такога ўзроўню. Яна думае, што, калі зьбярэцца на Эўравізію, такі досьвед ёй спатрэбіцца.

«Цікава паглядзець на прынцып сцэны, прынцып здымак, працы з камэрай. Ёсьць адносная свабода, як ты паводзіш сябе на сцэне. У мяне не было ніводнага нумару з пастаноўкай. Мне проста казалі: „Будзь арганічнай”».

Дзяўчына ня думае, што «вылецела» таму, што зь ёй недапрацавалі на рэпэтыцыях. Неаднойчы на конкурсе яе крытыкавалі за неадпаведнае выкананьне вядомых песень.

«Праблема ў тым, што я не сьпяваю чужога матэрыялу. Псыхоляг праекту казала, што аўтарам вельмі цяжка падстройвацца пад несвае песьні, бо яны ўжо маюць свой голас, свой стыль. А проста выканаўцы, як плястылін. „Х-фактар“ — усё ж караоке-конкурс».

На другім прамым эфіры Паліна засьпявала песьню Зэмфіры, зь якой яе некаторыя параўноўвалі на праекце

З карыснага Паліна называе і агляд у фаніятаркі. Тая запэўніла, што ў дзяўчыны добрыя зьвязкі і яшчэ вялікі запас голасу, каб сьпяваць гучней.

Чарговы бонус праекту — Паліна на ім атрымала цікавыя прапановы аб супрацоўніцтве.

«Тут важная харызма і ўнутраны сусьвет»

Хто стане пераможцам конкурсу, Паліна ня ведае. На ейную думку, усё па-сапраўднаму. Няма загадзя сплянаванага галасаваньня. Усіх удзельнікаў рыхтуюць на некалькі тыдняў наперад. Праўда, магчыма, што некаторым прапануюць знарок «слабую» песьню для выкананьня.

​Падчас трэцяга жывога эфіру разам з настаўніцай вакалу

Яна не да канца разумее, якімі крытэрыямі кіруюцца гледачы і судзьдзі пры выбары. Сама б аддала першае месца тэатральнаму хлапечаму дуэту ZBS-band.

«Яны ўмеюць зрабіць весела. Гэта важна для Ўкраіны з той атмасфэрай, якая там цяпер. Да таго ж яны шчырыя, таленавітыя. Яны маюць вельмі сур’ёзны, канкурэнтаздольны аўтарскі, не дурацкі, матэрыял. У іх ёсьць вакальныя праблемы, але ж гэта ня самы вакальны конкурс. Тут важныя харызма і ўнутраны сусьвет».

Паліна запэўнівае, што канкурэнцыі «па-чорнаму» на праекце няма. Бо сабраліся дарослыя людзі са сваімі мэтамі. Нехта пераадольвае творчы крызіс у гурце, нехта ўжо меў досьвед тэлешоў і спрабуе зноў перамагчы.

Падабраўся вельмі дружны і вясёлы склад удзельнікаў. З многімі засталіся добрыя адносіны.

На праекце Паліну сталі называць «касьмічнай дзяўчынай». Сама яна думае, што была самай банальнай удзельніцай, і не разумее такога азначэньня.

«Патрэбны ж нейкія вобразы. А можа, я прызвычаілася, што побач са мной такія людзі і што гэта нармальна. Я з усімі старалася размаўляць адэкватна».

Пасьпела закахацца ў настаўніка

Настаўнікам Паліны быў сьпявак Алег Віньнік, украінская зорка. Праўда, часу для сумесных рэпэтыцый выпадала няшмат.

«Настаўнікі вельмі занятыя людзі зь дзікімі графікамі. Алег, на дзіва, паводзіў сябе адэкватна, шчыра. Дзіўна, як ён застаецца адэкватным пры такой увазе і шалёных прыхільніцах», — разважае Паліна.

На пытаньне, ці пасьпела яна закахацца ў настаўніка, Паліна адказала ці то жартам, ці то сур’ёзна: «Вядома, дзесяць разоў на дзень».

Паліна разам з настаўнікам Алегам Віньнікам, настаўніцай вакалу і ўдзельніцай са сваёй каманды

Калі забудуцца побытавыя складанасьці, «Х-фактар» будзе ўспамінацца як чароўная казка, мяркуе Паліна і пачынае згадваць прыемныя моманты.

«У нейкі вечар мы паехалі да сяброўкі хлопцаў з ZBS-band. Замест таго, каб перабіраць падабайкі або пераглядаць выступы, мы сьпявалі свае песьні па кругу да сёмай раніцы. Было вельмі шчыра.

Тэатральны гурт ZBS-band, на думку Паліны, заслугоўвае перамогі ў шоў

Калі мы ў жніўні здымалі застаўкі для праекту, здарыўся прыгожы момант. Здымкі скончыліся на захадзе сонца. Мы меліся ехаць дадому. Падышоў адзін з удзельнікаў праекту і кажа, што са мной хоча пагутарыць Андрэй Міхайлавіч (Данілка). Я падышла. Ён запытаўся: „Ну што, Паліна, як тваё справы?“ Да мяне даходзіць, што такі легендарны чалавек ня толькі ведае, як мяне завуць, але хоча са мной паразмаўляць. Гэта таксама для мяне было важна.

Падчас першага прамога эфіру мы глядзелі тэлевізар у грымёрцы, елі мандарыны, і было адчуваньне, быццам Новы год. І ты зусім не адчуваеш, што ўсё адбываецца празь сьценку ад цябе. Такой магіі было вельмі шмат».

«Калі ты шчыра любіш сваю краіну, ты ня зможаш гэтага ўтаіць»

На «Х-фактары», дзе гучыць шмат украінскай мовы, Паліна ў асноўным размаўляла па-расейску, хоць часам пачынала фразу па-беларуску, сама сябе спыняла і пераключалася. Здаралася, устаўляла ўкраінскія словы. У сацыяльных сетках зьявіліся камэнтары, што беларускамоўная сьпявачка цалкам перайшла на расейскую мову.

Паліну такія абмеркаваньні абураюць. Аказваецца, яна адразу заявіла арганізатарам, што гаварыць па-беларуску на шоў для яе — досыць прынцыповы момант. Аднак пасьля першых спробаў высьветлілася, што, хоць мовы блізкія, украінцы кепска разумеюць удзельніцу зь Беларусі. Пра гэта ж паведамлялі ейныя ўкраінскія гледачы ў “Інстаграме”, калі дзяўчына спрабавала перайсьці на родную мову.

​Разам з настаўнікамі на праекце

«Самае галоўнае ў мове — быць зразумелым. Калі ты хочаш быць пачутым, каб данесьці сваю мову, сваю творчасьць, нашу культуру, трэба быць камунікабэльным, адкрытым і зразумелым», — упэўненая Паліна.

Яна кепска ставіцца да людзей, якія цкуюць за мову.

Апошняй Паліна засьпявала ўласную песьню па-беларуску «Як ты?»

«Мова — гэта не пазыцыя, мова — гэта культурная зьява. Я лепей буду сьпяваць на дзесяці мовах у розных краінах сьвету, але ўсе будуць ведаць, што я беларуская сьпявачка.

Ніхто ж ня кажа, што Макс Корж не беларускі сьпявак, бо сьпявае па-расейску. Не, усе будуць моцна ганарыцца, што ён зьбірае па ўсім сьвеце вялікія пляцоўкі, будуць казаць: „Гэта ж наш беларускі хлопец, малайчынка“».

Настаўнік Алег Віньнік прызнаўся на апошнім эфіры, што паважае Паліну за любоў да сваёй краіны

Мы жывём у глябальным сьвеце, дзе важна, які ты чалавек. Трэба быць шчырым. Калі ты шчыра любіш сваю краіну, ты ня зможаш гэта ўтаіць. Калі ты любіш сваю мову, то будзеш пісаць на ёй песьні, ня думаючы, як гэта гучыць і каму падабаецца. А калі я сяду і падумаю: „Дай-ка я напішу песьню па-беларуску, каб выказаць сваю пазыцыю“, то гэта ня будзе працаваць». Працуе толькі шчырасьць, і працуе вельмі моцна».

Palina на праекце «Х-фактар»

Tweet

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Літаратура

Па слядах аднаго здымка

Год таму да 95-годдзя «Маладняка» на першай старонцы лістападаўскага нумара «ЛіМа» было надрукавана легендарнае фота з І Усебеларускага з’езда пісьменнікаў, дзе ёсць выявы амаль усіх сяброў літаратурнай суполкі. З таго...

valiancina_shauchenka
Мастацтва

Конкурс на стварэнне самага вялікага мурала працягнуты

У сярэдзіне кастрычніка “Віцебск для мяне” супольна з заводам “Вістан”, адміністрацыяй Чыгуначнага раёна Віцебска, аддзелам архітэктуры і аддзелам культуры гарвыканкама аб’явілі конкурс на стварэнне эскіза для самай вялікай...

valiancina_shauchenka
Замежжа

Мэр Вільні — літоўцам: Хопіць абурацца, што беларусы лічаць гісторыю ВКЛ і сваёй

«Найбліжэйшая геаграфічна да Вільні сталіца — Менск — яшчэ больш аддаляецца ад нас. Гэта мусіць непакоіць нашу вонкавую палітыку значна больш, чым цяпер», піша мэр літоўскай сталіцы Рэмігіюс Шымашус — паведамляе...

valiancina_shauchenka
Тэатр

«Імкнуся мець мільён даляраў, каб пісаць п’есы ў доміку на Кіпры». Віталь Каралёў расказвае пра свой шлях з міліцыянта ў крутыя драматургі

За штодзённымі справамі і клопатамі не ўсе аматары тэатра заўважылі, што на небасхіле беларускай драматургіі заззяла новая зорка — Віталь Каралёў. Яго п’есы перамагаюць на фестывалях і конкурсах, іх ставяць...

Апошнія навіны

    Літаратура
    Па слядах аднаго здымка
    Мастацтва
    Конкурс на стварэнне самага вялікага мурала працягнуты
    Замежжа
    Мэр Вільні — літоўцам: Хопіць абурацца, што беларусы лічаць гісторыю ВКЛ і сваёй
    Тэатр
    «Імкнуся мець мільён даляраў, каб пісаць п’есы ў доміку на Кіпры». Віталь Каралёў расказвае пра свой шлях з міліцыянта ў крутыя драматургі
    Навіны "Будзьма!"
    “Будзьма!” займела ўласную інтэрнэт-краму!
    Маё права
    Як абмежаваць кіберпрастору і ці трэба гэта?
    "Культурызм" з Віктарам Марціновічам
    Віктар Марціновіч: Падпісаць Нішто
    Гісторыя
    500 гадоў «інтэграцыі» ў адной мапе
    Грамадства
    Што рабіць, калі да вас у хату завітаў «бэтмэн»? Як ратуюць кажаноў
    Афіша Тэатр
    Акторы мінскага інклюзіў-тэатра запрасілі на свой спектакль галівудскіх актораў
    Кіно
    Андрэй Курэйчык зняў фільм у маляўнічай сядзібе ў Красках, а на ролю ўзяў самога амбасадара Францыі
    Грамадства
    Алена Анісім: Беларусізацыя ў грамадстве не спаўзае ўніз
    Літаратура Беларуская мова
    Часопіс "Жэўжык": сучаснае беларускамоўнае выданне для дзетак
    Літаратура
    Віктар Марціновіч: «Я непажаданы сын беларускай літаратурнай тусоўкі»
    Грамадства
    Як частаваць птушак правільна?

Афіша

  • 12.12

    Заняткі жывапісам і керамікай для дзетак 6-11 гадоў

  • 10.12 20:00Зимний вечер с The Apples
  • 11.12 14:00Зімовы сон у Мастацкім музеі: Дзіўныя гісторыі пра “Рускі імпрэсіянізм”
  • 11.12 20:00Блюз от EIGHTANDOUT в TNT Rock Club!
  • 12.12 18:00Заняткі жывапісам і керамікай для дзетак 6-11 гадоў
  • 12.12 18:30Дикая лекция: Болотные истории
  • 12.12 19:00Крама. Канцэрт у падтрымку запісу новага альбому
  • 12.12 20:00Зимний вечер с Квартирником!

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Чаго чакаць ад 8 снежня
    • Віктар Марціновіч: Падпісаць Нішто
    • Дзмітрый Шэпелеў: "Я грамадзянін Беларусі. Я не грамадзянін Расіі"
    • Да чаго рыхтуецца беларускае войска? Закон “пра адтэрміноўкі” – верх айсберга
    • Дзе і як адсвяткаваць Каляды дзеткам і дарослым

Ахова спадчыны

  • Праблема Жыровічскага манастыра вырашана
  • Праца ў Леніне з дапамогай “Рэммерса”
  • Праблема Жыровіцкага манастыра яшчэ не вырашана
  • Прапанова Таварыства па статусу жыровіцкіх флігеляў
  • Таварыства прапанавала склікаць камісію па ахове спадчыны
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM