Кавер на знакамітую песню Дэвіда Боўі Space Oddity, які быў запісаны да беларускага перакладу «Таемнага жыцця Уолтэра Міці», набірае папулярнасць у інтэрнэце. Толькі на Youtube яго паглядзела больш за 50 тысяч чалавек (і пакінула больш за 400 каментарыяў), а агульная колькасць праглядаў ва ўсіх сацыяльных сетках дасягнула 250 тыс. за 3 дні!
Кліп быў запісаны разам з кампаніяй velcom адмыслова да беларускамоўнай прэм’еры «Таемнага жыцця Уолтэра Міці» у межах праекта «Беларускія ўіэнды». Выканаўцы — папулярная відэаблогерка Лера Яскевіч і ўдзельнік гурта ЛСП Пётр Клюеў. Песню пераклаў вядомы беларускі паэт Андрэй Хадановіч.
Трэйлер фільма:
Прэм’ера фільма сабрала поўную залу ў кінатэатры «Масква». Перад паказам са сцэны ўжывую прагучала песня Space Oddity у выкананні Леры Яскевіч. Стужка будзе ісці ў межах праекта «Беларускія ўікэнды» пры падтрымцы velcom у кінатэатрах «Масква» (27-29 красавіка) і velcom cinema (29 красавіка – 01 мая).
Гэтым разам агучка фільма атрымалася вельмі музыкальнай: акрамя стандартнага акцёрскага складу «Беларускіх уікэндаў», у агучцы «Таемнага жыцця Уолтэра Міці» паўдзельнічалі лідар гурта «Pauline» Паўліна Цімохіна, Арцём Лук’яненка з «Naviband» ды Аляксандр Памідораў
Фільм «Таемнае жыццё Уолтэра Міці» – рэжысёрская праца вядомага акцёра Бэна Стылера. У яго атрымалася стужка, якую называюць адным з самых натхняючых фільмаў апошніх гадоў.
«Слоган фільма – «Хопіць марыць, пачынай жыць!». Менавіта гэты настрой мы імкнуліся перадаць і нават узмацніць, калі працавалі над беларускай агучкай. У Бэна Стылера выйшла вельмі шчырая і кранальная гісторыя, якая сапраўды натхняе змяніць жыццё да лепшага», – кажуць арганізатары паказаў.
Квіткі на паказы можна набыць тут.