1 лютага ў Франкфурце-на-Майне на 108-м годзе жыцця памёр вядомы беларускі дзяяч замежжа, грамадзянін ЗША Барыс Кіт, паведамляе радые «Свабода».
Пра смерць Барыса Кіта паведаміла ягоная жонка Тамара Казевіч.
«Яму было вельмі кепска апошнія дні, былі моцныя болі, ён ужо больш не хацеў жыць», — распавяла Тамара Казевіч.
Барыса Кіта пахаваюць на праваслаўных могілках у нямецкім горадзе Вісбадэне, дзе каля 30 гадоў таму сам Барыс Кіт выкупіў участак. Дата пахавання пакуль невядомая, пакуль выконваюць патрэбныя фармальнасці.
Барыс Кіт нарадзіўся 6 красавіка 1910 году ў Санкт-Пецярбургу ў сям’і беларуса. Пасля рэвалюцыі з’ехаў на радзіму бацькі ў вёску Агароднікі Карэліцкага раёна, закончыў Наваградзкую беларускую гімназію, Віленскі ўнівэрсітэт. Паводле адукацыі быў настаўнікам, былы дырэктар Віленскай і Наваградзкай гімназій. Па вайне эміграваў у ЗША.
У ЗША ён стаў славутым. Ён працаваў на касмічнае агенцтва НАСА, вынайшаў паліва для ракетных рухавікоў.
На пенсію Кіт пераехаў з ЗША ў Нямеччыну, у Франкфурт-на-Майне, каб быць бліжэйшым да Бацькаўшчыны. Колькім людзям ён дапамог!
Глядзіце таксама: