• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Маё права
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Фотарэпартаж
  • Афіша
  • "Будзьма!" прапаноўвае
13.03.2017 | Музыка

Навуковы аналіз кліпаў Каржа: «нацыянальная гісторыя ў гісторыі пацаноў»

Творы Каржа паведамляюць пра тое, як прыватная біяграфія прыўлашчвае лакальныя ландшафты («Серебрянка»), нацыянальную рамку (падручнік па беларускай мове) і сацыяльныя дачыненні («з чувакамі збор»).

Найбольш выразна гэта можна прасачыць на прыкладзе «Слова пацана» (2016-ы):

— і ў зусім новым кліпе «Малый повзрослел»:

Візуальны шэраг і тэксты акумулююць прыватны сацыяльны досвед, пазнавальныя гарадскія краявіды і вырабляюць з іх самасцвярджальную міфалогію. У нямецкай гуманітарыстыцы гэта называецца «Selbstvergewisserung» — «пацвярджэнне ўласнага ўяўлення пра сябе». Можна перакласці як «самасцвярджэнне» ці «самаапраўданне», але корань нямецкага слова лучыць яго ў адзін рад з такімі паняццямі, як «пэўны», «упэўнены» і «сумленне»; гэта іншыя канатацыі.

Няцяжка заўважыць, што Корж ахвотна залучае матэрыял асабістай біяграфіі для фарміравання выказвання. Гэта ўвогуле натуральная з’ява ў культуры як такой, але ці можна знайсці нешта падобнае ў Саладухі? А калі такое рабіў Міхалок, то рабіў гэта іначай. У Каржа іншая лакалізацыя: гэта — маскульт, а да маскульта свае патрабаванні, як і свая логіка.

Матэрыял, з якім працуе Корж, нешматлікі, але выразны. «Лунінецкі ліцэй» («Стань»), падручнік беларускай мовы (апошні кліп) ці беларускамоўныя пратаганісты (бясстрымная фантазія са «Слова пацана»), нарэшце, лунінецкія дыскачы з прысвячэння новага кліпа. Але ўжо тут можна ўбачыць адну характэрную асаблівасць. Хаця кліп «Малый повзрослел» прысвечаны лунінецкім «дыскачам», дзеянне адбываецца ў сталіцы.

Гэта прыклад важнага механізма, складовай часткай і адначасова перадумовай і мэтай якога з’яўляецца Selbstvergewisserung. Можна дапусціць таксама, што гэта яшчэ і рынкавая стратэгія. Відавочна, у эпоху «грамадства comedy club» даволі цяжка прадаць «беларускую вегетацыю» (Малгажата Бухалік) у тым не вельмі сімпатычным выглядзе, у якім яна паўстае, напрыклад, з аповедаў і раманаў Уладзіміра Казлова. Апошні напісаў сацыяльную гісторыю той жа сацыяльнай групы, што і Корж. Але яны прынцыпова адрозніваюцца адна ад аднае, нават на ўзроўні лексікі: Казлоў піша пра гопнікаў, а Корж расказвае гісторыю «пацаноў».

Гэта адметныя оптыкі, процілеглыя падыходы. Корж эстэтызуе не толькі сваё ўласнае сацыяльнае паходжанне, асцярожна дадаючы ў яго сляды сваёй ідэалагічнай эвалюцыі. Ён прапануе «палітыку ідэнтычнасці» для вялікай колькасці жыхароў Беларусі, досвед свету якіх вынікае з падобнае да Каржовай штодзённасці.

Вядома, што нават гвалт ці злачынствы, здзейсненыя калектыўна невялікімі групамі (сяброў, аднакласнікаў і пад.), у далейшым функцыянуюць менавіта як «гісторыі» (stories), якія стабілізуюць і адначасова наноў засноўваюць гэтыя групы, пераўтвараючыся ў неадменны рэсурс таго пачуцця супольнасці, якое робіць такія групы дзеяздольнымі і вартымі ў вачах іх удзельнікаў.

Казлоў прапануе вельмі «інтэлігенцкую» (у тым сэнсе, як гэтае слова ўжываецца ў побыце з познесавецкага часу) рэфлексію. Добра абагульніла змест і пасланне гэтай рэфлексіі польская перакладчыца Малгажата Бухалік. Гэта сусвет панэльных дамоў, складзены з вельмі нешматлікага набору камунікацыйных, адукацыйных і кар’ерных опцый. У ім няма рамантыкі, падзей ці рэфлексій. Выйсці за межы нарматыўнага жыццёвага праекта — двор, група сяброў-гопнікаў, адукацыя, праца, сям’я, і ўсё шчодра абапёртае на ўжыванне алкаголю, не можа і не хоча нават лірычны герой Казлова, падкрэслівае Бухалік. Гэта «вегетацыя, якая не ведае, што ёсць толькі вегетацыяй».

Сяброўства, любові ці гутарак у жыцці «гопнікаў» Казлова няма — роўна як няма практычнай альтэрнатывы таму, «як ва ўсіх» («да яго не даходзіць, што можна жыць іначай»). У «вегетацыю па-беларуску» абарочвалася і абарочваецца беларуская стабільнасць — ці ў эпоху развітага сацыялізму, ці аграрэнесансу. Менавіта гэты бок беларускай стабільнасці паказаў, напрыклад, нямецка-іранскі журналіст Навід Кермані, падсумоўваючы свае ўражанні ад Светлагорска.

Корж стварае з таго ж матэрыялу зусім іншую гісторыю. Гэта не крытыка, а зычлівая канстатацыя, якая дазваляе захаваць цэласнасць асобы і скласці з уласнага жыццяпісу прыемную, рэспектабельную біяграфію — несупярэчлівы і станоўчы расказ аб «выхаванні пачуццяў».

Тут Каржа прадуктыўна параўнаць з Ермаловічам, які некалі адмовіўся ад крытычнага асэнсавання генеалогіі Беларусі, абвясціўшы 980-ы год годам яе нараджэння, і атаясаміўшы даўнюю Літву з сучасным яму нацыянальным праектам. Мэта такіх расказаў — не рэфлексія, а ўмацаванне існуючай групы, намнажэнне яе вартасці і, што важна, дзеяздольнасці. Апошняе, можа, у меншай ступені тычыцца Каржа, які працуе ў межах рынку (поп-культуры), тады як Ермаловіч расказваў свае гісторыю ў межах логікі зусім іншага рынку, маючы наўме, у канчатковым выніку, нацыяналістычную мабілізацыю (настолькі, наколькі кожны нацыяналіст мае яе наўме — не канечне ўсвядомлена).

Корж прадае сацыяльную гісторыю «кучи пацанов».

Нехта набываў гісторыю тысячагадовай Беларусі Ермаловіча, нехта набудзе гісторыю пра «слова пацана» — упэўненае ў сабе апавяданне аб вернасці сваёй грамадзе, бескарыслівай дружбе, сапраўдным каханні. І ўсё гэта аснашчаецца сучаснымі візуальнымі спецэфектамі, падпарадкоўваецца добра прадуманай драматургіі — як вобразнай, так і слоўнай.

Гэтая драматургія паспяхова пераплаўляе спальныя раёны Мінска ў дастойныя дэкарацыі, размяжоўвае «пацаноў» ад усіх астатніх — «не понять тому, кто не», захапляецца ўласнай пасіянарнасцю («будь уверен, выживу в любой дыре») і выяўляе важкую рамантычную самасвядомасць («там, где ждет любовь»).

Адмысловы момант лакальнасці гэтага творчага даробку палягае ў тым, што часткай гэтай «рынкава-пацанскай» візуальнасці і драматургіі стаў, апасродкаваны і ўшчыльнены тысячай пераказаў (умоўны, бо не ён адзін) Ермаловіч. Ёсць сэнс так тлумачыць і беларускую мову, і панараму Верхняга горада, і нават беларускі тралейбус, выпадковыя і неабавязковыя адсылкі да нацыянальнага наратыву, якія сям-там можна напаткаць у гэтых кліпах.

Чаму гэта ўсё важна? Маргарыта Фабрыкант, даследчыца беларускага нацыяналізму, у адным са сваіх артыкулаў наступным чынам падсумавала вынікі працы «беларускага этнанацыяналізму»: «Такім чынам, праграма «нацыянальнага адраджэння» канца 1980-х — пачатку 1990-х гадоў была ажыццёўленая толькі ў невялікай і менш значнай частцы, а асноўныя ідэі большасцю насельніцтва былі адкінутыя».

Такая ацэнка хоць і адпавядае ў немалой ступені рэчаіснасці, патрабуе далейшай дыферэнцыяцыі і праверкі. Яна не дазваляе адэкватна растлумачыць, чаму беларускамоўны надпіс «Мінск» мае такое важкае значэнне ў вобразнасці кліпаў Каржа. Не можа растлумачыць і ацаніць гэтую механіку, якая навочна дэманструе незаўважаны поспех беларускага этнанацыяналізму ў цені «празрыстых» выбараў і рэферэндумаў.

Гэта важна, бо гэта, «хлопчыкі і дзяўчынкі, <…> моц беларускай культуры, яе сувязь з рэальнымі людзьмі і неадарванасць ад жыцця».

Антон Лявіцкі, Наша Ніва

Tweet

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

«Па схеме бчб». Ці ёсць межы ў колеравага маразма?

«Ці можна мне вясной насіць сваё чырвонае паўпаліто і белую шапку, а летам белыя штаны і чырвоную кашулю?», запыт з такім пытаннем карэспандэнт НЧ накіравала да начальніка Слуцкага РАУС...

valiancina_shauchenka
Грамадства

У вас усё атрымаецца. Цяпер я ў гэтым абсалютна ўпэўнены: Ігар Лосік спыніў галадоўку

Ігар Лосік спыніў галадоўку пасля 42 дзён і звярнуўся да беларусаў. "Я решил прекратить голодовку. Почему я это сделал? Точно по собственному желанию. Я не принимал пищу...

valiancina_shauchenka
Грамадства

«Вярнуцца ў новую Беларусь». Як зьмянілася жыцьцё студэнтаў, якія зьехалі пасьля перасьледу за пратэсты

Як склаўся лёс трох беларускіх студэнтаў, якія з натхненьнем успрынялі леташнюю выбарчую кампанію, далучыліся да пратэстаў і трапілі пад перасьлед уладаў — у публікацыі Свабоды. ...

valiancina_shauchenka
Навіны "Будзьма!" Літаратура

«Словы мацней»: Ганна Комар чытае Францішка Аляхновіча

Гэты ролік – працяг відэапраекта ад кампаніі «Будзьма беларусамі!», Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра «Словы мацней». Гэты праект – рэакцыя на пераслед людзей, якія неўзабаве пасля згаданых...

Апошнія навіны

    Грамадства
    «Па схеме бчб». Ці ёсць межы ў колеравага маразма?
    Грамадства
    У вас усё атрымаецца. Цяпер я ў гэтым абсалютна ўпэўнены: Ігар Лосік спыніў галадоўку
    Грамадства
    «Вярнуцца ў новую Беларусь». Як зьмянілася жыцьцё студэнтаў, якія зьехалі пасьля перасьледу за пратэсты
    Навіны "Будзьма!" Літаратура
    «Словы мацней»: Ганна Комар чытае Францішка Аляхновіча
    "Культурызм" з Віктарам Марціновічам
    Віктар Марціновіч: Бягом глядзець «Дарагіе таварышчы»!
    Грамадства
    Інвестклімат Беларусі: ад абвалу рэйтынгу бяспекі да адмены чэмпіянату
    Грамадства
    «Крымінальны» 2020-ты. Як і за што пратэстоўцы атрымлівалі тэрміны зняволення
    Грамадства
    Алена Анісім: Для беларускай мовы наступае чарговы выклік
    Мастацтва
    Леанід Шчамялёў ― летапісец эпохі, пясняр прыгажосці
    Грамадства
    Як паводзіць сябе на допыце. 8 парадаў адваката
    Грамадства
    Чыноўнікі прыдумалі, як замацаваць статус Усебеларускага народнага сходу
    Музыка
    Nizkiz у інтэрв'ю Жыццё-маліна: Мы адназначна вырашылі — навошта маўчаць пра тое, што ў цябе ўнутры
    Каляндар
    Каляндар на 25-31 студзеня. Што святкуем? Па чым сумуем?
    Музыка
    Беларускі фонд культурнай салідарнасці распачынае анлайн-фэст #АртыстыПерамогі!
    Каранавірус
    Чаму адны хварэюць на кавід цяжэй за іншых? Прычынай могуць быць антыцелы-пярэваратні

Афіша

  • 27.01 20:00Рэха. Шчыры анлайн
  • 06.05 20:00Народны альбом

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Спрэчнае жыццё бацькі беларускай граматыкі
    • Дзве матрыцы і адна Галгофа Аляксея Навальнага
    • Што паглядзець у Глыбокім? Згушчонка, барока, радзіма Ластоўскага
    • У Валожынскім раёне скралі валун плошчай з пакой
    • «Заўважыў, што зло ўжо навісла над табой і плюе табе ў твар. Тады немагчыма трымаць вочы заплюшчанымі»

Ахова спадчыны

  • Смуткуем…
  • Сумесныя кансервацыйныя працы
  • Новыя перспектывы супрацы
  • Другое жыццё твора мастацтва
  • Праблема Жыровічскага манастыра вырашана
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM