• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Маё права
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Фотарэпартаж
  • Афіша
  • "Будзьма!" прапаноўвае
01.02.2017 | Літаратура

Ніякай літасці гораду П. Белліт – парыжскасць – Бахарэвіч

Замежжа спакушае і падманвае. Спакушае, бо дазваляе збегчы ад знаёмага звычайнага, пакаштаваць не свайго жыцця, паглыбіцца ў чужое асяроддзе, трапіць на іншую хвалю – і раптам зразумець, што яна паціху робіцца тваёй. А падманвае таму, што мы туды трапляем, каб глядзець сваё кіно. У Нямеччыну, Швецыю ці Партугалію з намі едзе наш Берлін, наш Стакгольм, наш Лісабон. Нябачны багаж легендаў, цытатаў, надзеяў ды сантыментаў, запазычаных з фільмаў, кніжак, пашарпаных вінілавых кружэлак, зацертых мапаў, анекдотаў ды асабістых комплексаў. Праўда ў тым, што каб мець Бруге ці Порту, зусім не абавязкова іх пабачыць. Можа, нават лепш і не бачыць. Каб не сапсаваць тое кіно, што склалася сувымерна твайму таленту ды стылю. Літаратар у Парыжы – гэта выпрабаванне. Як для літаратара, так і для Парыжа.  

Новая кніга Альгерда Бахарэвіча “Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры” – прадпрыемства амбітнае і атракцыйнае. Аўтар з рэпутацыяй бескампраміснага інсайдара айчыннага культурнага працэсу выпраўляецца ў былую сталіцу свету, каб разлічыцца з бюракратычна-турыцска-правінцыйнай “парыжскасцю” літаратараў-суайчыннікаў розных генерацыяў. Аздобіўшы сваё фірмовыя наезды на сучаснікаў ды папярэднікаў добрай дозай прыватных імпрэсіяў ды інтымнага ліставання. Файная місія, добры мікс. Злы Бахарэвіч – гэта моцна. Пяшчотны Бахарэвіч – гэта кранальна. Разам можа выбухнуць як трэба. Зноў жа, Парыж: Шанз-Элізе, Сэн-Жэрмэн-дэ-Прэ, Гар-дзю-Нор, Сакрэ-Кёр… Чым менш у жыцці фану, тым больш хочаш Парыжа – бурбалак шампану ў твой келіх “Аліварыі”.

Кніжка свабоднага фармату і лёгкага настрою чытаецца, пэўна, як і пісалася – вольна і нязмушана. Бахарэвіч упэўнена трымае абраны курс на лірычнае літаратуразнаўства, кожны з кавалкаў-эсэ адбудаваны па агульнай схеме: зачэпка за каляпарыжскі тэксцік беларускага аўтара (пераважна не надта ўдалы), ланцужок аўтарскіх каментароў (звычайна іранічна-саркастычных), выхад на эмацыйна-прыватнае, усплёск пачуццяў і фінальнае афарыстычнае абагульненне.

Але розныя вымярэнні бясспрэчнага таленту Альгерда гэтым разам гучаць адначасова – і не надта сінхронна. Менавіта таму “Бэзавы і чорны” пакідае складанае ўражанне: мазаіка паэтычных пасажаў, літаратурных каментароў, факталагічных даведак, трапных заўвагаў, парадаксальных высноваў, прамоваў закаханага і побытавых нататак вымушае чытача несупынна пераключаць рэгістры ўспрымання. Толькі настроіўся на белліт – а вось табе пра Джойса! Добра, хай будзе Джойс – а зараз пра “Трох мушкецёраў”. Акей, Дзюма дык Дзюма – але не, цяпер пра асабістае-набалелае. І зноў пра Бураўкіна. І пра арабскага цырульніка.

Зразумела, што ў свядомасці аўтара ўсё так і жыве, непадзельна і арганічна. Аднак аўтарская шчырасць – а “Бэзавы і чорны”, магчыма, самая шчырая і асабістая кніга Бахарэвіча – пазбаўляе плынь аповеду дакладнай каляіны, ператвараючы олдскульны (ну добра, мадэрнісцкі) літаратурны тэкст у посткласічны гіпертэкст, бясконцую сістэму аднастайных спасылак. Парыж Бахарэвіча аказаўся захопленым беларускімі літаратарамі – бо нават у сэрцы горада аўтар бачыць пераважна прывіды суайчыннікаў і згадвае іх трыб’юты французскай сталіцы. Альгерд цягам 270 старонак спажывае збольшага не сам горад, а ягоныя адбіткі ў словах. Жывога Парыжа ў кніжцы амаль няма: паляўнічы на тэксты проста не надта ведае, што і як з ім рабіць.

Персанальнае перажыванне Парыжа тут працуе не натуральным падмуркам выказвання, а нагодай звароту да чужых фаліянтаў. Якіх відавочна зашмат. Кожны з рознакаліберных герояў выказваецца разгорнутымі цытатамі, амаль як у тэматычнай хрэстаматыі. І гэтыя чужыя галасы-суаўтары перакрываюць/перакрыкваюць арыгінальную прамову Бахарэвіча – калі не сваім розумам, дык сваёй лухтой. Крытычная дэканструкцыя правінцыйных комплексаў белліту знянацку аказалася сямейным аўтапартрэтам нашых у Парыжы, дзе аўтар губляецца сярод іншых літаратурных візіцёраў.

Відавочна эксперыментальны “Бэзавы і чорны” (які цягне параўнаць са славутым берлінскім раманам-ліставаннем Віктара Шклоўскага “Zoo, альбо Лісты не пра каханне”)  – нібыта тры кніжкі ў адной. Першая – лайтавы працяг “Гамбургскага рахунку”. Другая – сентыментальныя мемуары. Трэцяя – падарожныя лісты да каханай. Кожная паасобку магла б стаць падзеяй. Калі б не замінала іншым змястоўна ды стылістычна.

Магчымым выйсцем была б змена канцэпцыі: скарачэнне цытатнага корпусу, адмова ад літаратурацэнтрычнасці на карысць прафаннага досведу, вулічнай харэаграфіі, выпадковых кантактаў, кулінарных прыгодаў (хто сказаў “жабкі”?) ды спантанных моўных практык. Культурны фрыстайл і суразмерная перазагрузка стылю. Парыж супраць “парыжскасці”. Смак жыцця супраць ідэалагічна-эстэтычных фантомаў. Але Бахарэвіч пазбягае хаосу ўчынкаў. Ён нават у Парыжы застаецца там, дзе быў. Тым, кім ёсць. Жыхаром тэкстаў, чалавекам кнігі. Вандроўнікам па спасылках.

Ці патрабавала гэтая праца Парыжа? Ці патрабаваў яе Парыж? Як ні адкажаш, будзе спрэчна.

Але чытаць гэта варта. Бо кніга таленавітая, рызыкоўная ды шматслойная. Якая нават у сваёй непаслядоўнасці ды мазаічнасці вабіць пазначэннем вектара супольнага руху – праз інерцыйную “парыжскасць” да самадастатковай еўрапейскасці. Вецер у сэрцы, галава ў аблоках. І ніякай літасці гораду П.

 

 

Максім Жбанкоў

Tweet

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

Інфармацыйныя спецаперацыі супраць Беларусі ў заходніх СМІ

Аляксей Гайдукевіч робіць для budzma.by агляд замежнай прэсы Пра крывавыя падзеі жніўня ў Беларусі першымі даведаліся нашы суседзі. СМІ ў Літве, Польшчы, Чэхіі і іншых краінах рэгіёна ў рэжыме анлайн інфармавалі...

valiancina_shauchenka
Праект Кірыла Стаселькі "Можам"

«Выпадкаў несправядліва асуджаных у Беларусі вельмі шмат»

У сваім спецпраекце «Можам» Кірыл Стаселька гутарыць з аўтарамі пратэсных плакатаў, каб даведацца, хто гэтыя асобы і што хаваецца за кароткімі мэсіджамі на іх плакатах. У гэтым матэрыяле пра свой плакат, зніклых, забойства...

valiancina_shauchenka
Гісторыя

Знойдзены найстарэйшы малюнак Навабеліцы. Паглядзіце, як яна выглядала 200 гадоў таму

Знойдзен унікальны малюнак Беліцы 1845 года, паведамляюць Моцныя Навіны. Ён быў апублікаваны на сайце праекта Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі ў складзе карты Магілёўскай губерні першай паловы XIX стагоддзя. ...

valiancina_shauchenka
Афіша

Анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава — 20 студзеня

Кампанія «Будзьма!» запрашае 20 студзеня а 19-й гадзіне на анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава, падчас якога прагучаць песні з альбома «Песьні выгнаньня» (1995) на вершы паэтаў, якія былі вымушаны...

Апошнія навіны

    Грамадства
    Інфармацыйныя спецаперацыі супраць Беларусі ў заходніх СМІ
    Праект Кірыла Стаселькі "Можам"
    «Выпадкаў несправядліва асуджаных у Беларусі вельмі шмат»
    Гісторыя
    Знойдзены найстарэйшы малюнак Навабеліцы. Паглядзіце, як яна выглядала 200 гадоў таму
    Афіша
    Анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава — 20 студзеня
    Грамадства
    МУС: Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна аплачвалі штрафы затрыманых дэманстрантаў
    Літаратура
    Нарвежскі саюз пісьменнікаў: мы салідарныя з Беларуссю
    Грамадства
    Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый аб прызнанні палітвязнямі абвінавачаных па справе Прэс-клуба
    Грамадства
    Пісьменнік Саша Філіпенка напісаў другі адкрыты ліст Рэне Фазэлю
    Грамадства
    У «Дана Молл» выступіў «Вольны хор» з «Пагоняй» і вывесілі вялікі бчб-сцяг
    Грамадства
    Кнігараспаўсюднік Алесь Яўдаха не выходзіць на сувязь
    Грамадства
    Больш за 800 беларускіх навукоўцаў падпісалі ліст у падтрымку звольненых з Акадэміі навук калег
    Грамадства
    Вядоўца на заробак ад $100: дзяржСМІ спрабуюць закрыць дзясяткі вакансій
    Грамадства
    «Цудоўня» распачала працу ў новым месцы
    Грамадства
    Ці стаў прыезд Фазэля правалам?
    Грамадства
    «Новы Час» больш не будзе прадавацца ў шапіках «Белсаюздруку»

Афіша

  • 20.01 19:00Анлайн-канцэрт Андрэя Мельнікава
  • 21.01 19:00Літаратурна-музычнае мерапрыемства “Мой Багдановіч”
  • 06.05 20:00Народны альбом

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Віктар Марціновіч: А зараз вернемся да нармальнага жыцця?
    • Запісы Зайцава — справа расійскіх нафтавікоў
    • Як у свеце адрэагавалі на візіт Рэнэ Фазэля да Лукашэнкі
    • Ад пракату «Доваду» да закрыцця кінатэатраў. Падводзім вынікі 2020 года ў беларускай кінаіндустрыі
    • «Словы мацней»: Аляксандр Памідораў чытае твор Зямы Піваварава

Ахова спадчыны

  • Смуткуем…
  • Сумесныя кансервацыйныя працы
  • Новыя перспектывы супрацы
  • Другое жыццё твора мастацтва
  • Праблема Жыровічскага манастыра вырашана
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM