З паказу «Нулявуда» Джэймса Франка 19 верасня распачаўся новы праект відэасервісу VOKA і сеткі кінатэатраў Silver Screen Cinemas па агучцы «Тутэйшын Студыя». Ён створаны для таго, каб можна было паглядзець знакавыя прэм’еры сусветнага кіно у якасным перакладзе і на роднай мове адначасова з іх пракатам у іншых краінах.
У бліжэйшых планах «Тутэйшын Студыі» – паказваць апошнія навінкі па-беларуску да двух разоў на месяц у кінатэатрах VOKA CINEMA і Silver Screen. Першым там прадставілі гледачам фільм Джэймса Франка Zeroville, які пасля адаптацыі атрымаў назву «Нулявуд». Яго беларускамоўную версію «Тутэйшын Студыя» выпусціла ў пракат у дзень яго афіцыйнай прэм’еры ў нашай краіне.
Падзеі ў фільме пачынаюцца ў 1969 годзе: студэнт-семінарыст па мянушцы Пастар трапляе ў Галівуд, маючы толькі моцнае жаданне працаваць у кіно ды эфектную татуіроўку з Элізабэт Тэйлар і Мантгомэры Кліфтам на паголенай галаве. У гэты час ў Краіне Мрояў прыходзяць у заняпад легендарныя кінастудыі. Іх дарагія блакбастары кшталту “Клеапатры” не робяць касу, а танныя эксперыменты новых рэжысёраў збіраюць поўныя залы – нараджаецца Новы Галівуд. Пастар уладкоўваеца на здымачную пляцоўку дэкаратарам, паступова асвойвае мантаж – і ў выніку выходзіць на чырвоны дыванок у Венецыі, каб атрымаць узнагароду. Толькі гісторыя заканчваецца зусім не хэпі-эндам.
Адсылкі да культавых стужак тых часоў, прафесійны жаргон, жарты, лаянка (а фільм мае пазнаку 18+) – усё гэта захавалася і ў перакладзе на беларускую мову, каб гледачы змаглі атрымаць задавальненне ад прагляду. Дый увогуле ўсе асаблівасці кожнага фільма абавязкова будуць захоўвацца ў падрыхтоўцы дубляжу для ўсіх прэм’ер «Тутэйшын Студыі», каб беларусы смяяліся ці плакалі роўна ў тых жа момантах, што і людзі ў краіне, дзе было створана кіно.Для агучкі будуць запрашаць вядомых артыстаў, музыкантаў і тэлевядучых. Галасы ў «Нулявудзе», у прыватнасці, належаць акцёрам беларускіх тэатраў – Андрэю Мілюхіну, Святлане Цімохінай, Крысціне Дробыш, Алегу Гарбузу, Таццяне Ружаўскай, а таксама музыкантам – Аляксандру Памідораву, Святлане Бень, Іллі Чарапко, Дзядзю Ваню і вядучаму Уладзіміру Богдану.
«Адным з прыярытэтных кірункаў у рабоце VOKA з’яўляецца стварэнне якаснага і папулярнага беларускамоўнага кантэнту, бо з кожным годам патрэба нашай аўдыторыі ў ім адчуваецца ўсё больш. Мова жыве і развіваецца, калі ўзаемадзейнічае з іншымі. Таму зараз, калі акрамя анлайн-відэасервісу мы маем яшчэ і залу VOKA CINEMA, нам падаецца натуральным паказваць там тое ж, што ідзе ў шматлікіх іншых кінатэатрах. «Разам з усім светам па-нашаму» – такі слоган нашага праекта», бо мы перакананыя, што кожны атрымае вялікае задавальненне ад прагляду новага фільма ў трапным перакладзе і дакладнай агучцы менавіта на роднай мове», – адзначыў намеснік генеральнага дырэктара па лічбавых платформах і кантэнце кампаніі А1 Антон Бладзік.
Беларускамоўны дубляж фільма запісваецца ў фармаце 5.1, то бок адначасова з пяці напрамкаў, таму гледачу ў зале падаецца, што хтосьці гаворыць дзесьці побач з ім, і гэта толькі ўзмацняе для яго эфект прысутнасці.
«Silver Screen ставіць за мэту стварэнне асаблівай прасторы, дзе глядач можа атрымаць новы вопыт і адчуць незабыўныя эмоцыі. Для гэтага – і выкарыстанне найноўшых тэхналогій, і зручныя крэслы, і бадай найлепшы аб’ёмны гук. Але ў нас, безумоўна, ёсць амбіцыйныя планы займацца не толькі пракатам кіно, а і ствараць новы кантэнт для нашага гледача самастойна. Мы ж беларуская кампанія і найперш эксперты ў тым, як паводзіць сябе наша аўдыторыя. Занадта рана марыць пра ўласную кінастудыю, але студыя агучкі на дадзеным этапе – акурат тое, што трэба! Мы маем жаданне працаваць над якасным прадуктам, які будзе настолькі прывабным, што на яго пойдуць нават тыя, хто мала карыстаецца беларускай мовай у паўсядзённым жыцці. І для гэтага ёсць усе перадумовы – каманда, якая гарыць сваёй справай, выдатныя тэхнічныя рэсурсы. Мы настроеныя з кожным новым фільмам паляпшать якасць перакладу і агучкі. Хто ведае – магчыма, прыйдзе момант, калі глядач будзе выбіраць менавіта беларускую агучку з таго, што прапаноўваюць кінатэатры», – пракаментавала дырэктар па маркетынгу сеткі мультыкомплексаў Silver Screen Алена Жываглод.

Алена Жываглод